Главная

Факультет

Учебный процесс

Кафедры

Студентам

Наука

Абитуриенту

Главная
  • PK 2021 2
  • История факультета

    Исторический факультет Белорусского государственного университета имеет сложившиеся традиции в области подготовки специалистов-историков. Эти традиции были заложены первым ректором БГУ Владимиром Ивановичем Пичетой задолго до официального открытия факультета в 1934 г. Подробнее...

 

Нікольскі Мікалай Міхайлавіч (1877–1959) –
заснавальнік вывучэння старажытнай гісторыі і гісторыі рэлігій у БДУ

Никольский Н.М.

 

Мікалай Міхайлавіч Нікольскі самым непасрэдным чынам удзельнічаў у станаўленні Беларускага дзяржаўнага універсітэта і яго гістарычнага факультэта як буйнейшага цэнтра гістарычнай навукі і гістарычнай адукацыі на Беларусі. Асабліва ўплыў гэтай велічнай у айчыннай навуцы постаці відавочны ў развіцці той галіны гістарычнай навукі, што традыцыйна прынята называць класічнай – гісторыі старажытнасці. Створаная М.М. Нікольскім кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ з’яўлялася і з’яўляецца адзіным у Беларусі навуковым цэнтрам па старажытнай арыенталістыцы, антыказнаўству, медыявістыцы, кузняй навукова-педагагічных кадраў для вну па тых класічных дысцыплінах, без якіх немагчыма падрыхтоўка сапраўдных гісторыкаў-прафесіяналаў. Нават у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, які канцэнтруе намаганні на даследаваннях беларускай гісторыі, старажытная гісторыя замежжа вывучалася, бадай што, толькі самім М.М. Нікольскім, калі ён ўзначальваў гэты Інстытут.

У пэўным сэнсе сімвалічна, што першую лекцыю пры адкрыцці БДУ прачытаў менавіта па старажытнарымскай гісторыі прафесар Д.П. Канчалоўскі, роўна праз год – 30 кастрычніка 1922 г. на ўрачыстым сходзе БДУ выступіў з дакладам М.М. Нікольскі. Яго даклад быў прысвечаны рэлігіі як прадмету гістарычнай навукі. М.М. Нікольскі, у прыватнасці, сказаў: “Нешматлікім у нас вучоным, якія раней займаліся гісторыяй рэлігіі прыватным чынам, дадзена магчымасць паглыбіцца самім у новую навуку і падрыхтаваць у яе галіне новых спецыялістаў... у спакойнай, упэўненай атмасферы навуковага даследавання... І я не магу ўстрымацца, каб не выказаць з гэтай нагоды свае асабістыя пачуцці. Я бязмежна шчаслівы, што мне выпала на долю быць адным з гэтых піянераў навукі аб рэлігіі ў Расіі, што хоць другую, больш кароткую палову майго жыцця я магу нарэшце прысвяціць той справе, якой я марыў прысвяціць сабе яшчэ са студэнцкай лаўкі... Я шчаслівы, што лёс зрабіў мяне ўдзельнікам... новага... універсітэта... Нам многае дадзена, з нас будзе і многа спытана”.

Нарадзіўся Мікалай Міхайлавіч Нікольскі ў лістападзе 1877 г. у Маскве. Бацька яго – Міхаіл Васільевіч быў вядомым арыенталістам з сусветным прызнаннем за працы па гісторыі старажытнай Асірыі. Мікалай Міхайлавіч скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага універсітэта. Там ён захапіўся вывучэннем гісторыі старажытнага Усходу, перш за ўсё Палесціны. У 1901 г. была апублікавана яго дыпломная работа “Іудзея пры Макавеях і Асманеях” па гісторыі Іудзеі. Цікавасць да гісторыі старажытнай Палесціны абумовіла ў М.М. Нікольскага і яго імкненне даследаваць першапачатковае хрысціянства і іншыя рэлігіі гэтага рэгіёна. На пачатку ХХ ст. выходзяць яго працы “Цар Давід і псалмы”, “Старажытны Ізраіль”, “Ранняе хрысціянства”, “Вавілон і Біблія”. Тады ж ён пачынае даследаваць і гісторыю старажытных Вавілона і Егіпта. У 1918 г. была надрукавана адна з найбольш вядомых яго работ “Ісус і першыя хрысціянскія абшчыны”.

Пасля 1917 г. – настаўнік савецкай працоўнай школы, выкладчык Сацыялістычнай акадэміі грамадскіх навук. З 1918 г. зрабіўся прафесарам Смаленскага ўніверсітэта, а ўжо ў 1919 г. – яго рэктар.

З часу заснавання Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў 1921 г. навуковы лёс Мікалая Нікольскага назаўсёды быў звязаны з Мінскам і з гістарычнай навукай у Беларусі. У верасні 1921 г. Вучоным Саветам БДУ М.М. Нікольскі быў зацверджаны на пасаду прафесара па кафедры гісторыі рэлігіі (трэба заўважыць, што пад “кафедрай” на той час мелася на ўвазе не звыклае нам сучаснае структурнае універсітэцкае падраздзяленне, а паняцце больш блізкае да класічнага сярэдневяковага). М.М. Нікольскі быў ужо знакамітым вучоным-гісторыкам і рэктарам Смаленскага ўніверсітэта, у якім працаваў з 1918 г. Цяпер ён пераехаў у Мінск.

У 1922 г. выходзіць буйная праца М.М. Нікольскага па гісторыі ранняга хрысціянства “Сусветны і сацыяльны пераварот па ўяўленнях ранняга хрысціянства” – бліскучы аналіз раннехрысціянскай эсхаталогіі (вучэння аб канцы свету). Ісус у ёй – гістарычная асоба, храналогія кніг Новага запавету – сапраўдная. Але галоўнае ў кнізе – Нікольскі рэалізоўвае ў ёй тое, да чаго заклікаў іншых даследчыкаў у вышэйзгаданай прамове ў БДУ у тым жа годзе, і тое, чаго ён чакаў ад абвешчанага матэрыялістычнага погляду на гісторыю – даследаванне рэлігіі як “сацыяльнай з’явы, якая групіруе людзей, звязаных непарыўнымі сувязямі з усёй сукупнасцю эканамічных, сацыяльных і палітычных адносін у дадзеным грамадстве і ў дадзеную эпоху”.

У сваёй прамове 30 кастрычніка 1922 г. у БДУ М.М. Нікольскі выказваў захапленне новымі магчымасцямі для даследчыкаў вывучаць рэлігію як з’яву сацыяльную, падкрэсліваючы, што “цэнтр цяжару багаслоўскага вывучэння ляжыць заўсёды не ў даследаванні, а ў дагматыцы, не ў крытыцы, а ў апалогіі”.

У 1920-я і на пачатку 1930-х гадоў М.М. Нікольскі выдаў шэраг сваіх работ па гісторыі хрысціянства і іудзейскай рэлігіі. Але паказальна, што яго кніга “Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі” была выдадзена ў Мінску у 1931 г. на беларускай мове, а вось на рускую мову ўпершыню была перакладзена толькі ў 1974 г. у серыі “Навукова-атэістычная бібліятэка”. З 1930-х гадоў М.М. Нікольскі фактычна перастаў даследаваць праблемы ранняга хрысціянства. Гэта супала з выданнем яго кнігі “Гісторыя рускай царквы”.

Абраны ў 1931 г. акадэмікам АН БССР М.М. Нікольскі сканцэнтраваўся на вывучэнні праблем гісторыі старажытнага Усходу. З самага пачатку стварэння гістарычнага факультэта БДУ ён узначаліў кафедру гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, а пасля яе падзелу ў 1938 г. – кафедру гісторыі старажытнага свету. Шмат увагі надаваў працы з аспірантамі, студэнтамі. Ён стварыў падручнік па гісторыі старажытнага свету для школы, потым разам з С.І. Кавалёвым і А.В. Мішуліным яшчэ адзін, якім карысталіся ў савецкіх школах некалькі дзесяцігоддзяў, і які па сваім узроўні нашмат пераўзыходзіў наступныя падручнікі.

З 1937 па 1953 гг. М.М. Нікольскі узначальваў Інстытут гісторыі Акадэміі навук.

У 1930–50-я гады М.М. Нікольскі (у 1938 г. ён атрымаў званне Заслужанага дзеяча навукі Беларусі, а ў 1946 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР) плённа даследаваў праблемы абшчыннага ладу, рабства, культуры старажытнага Двурэчча. У дыскусіі сярод савецкіх навукоўцаў аб рабаўладальніцкім ладзе на старажытным Усходзе акадэмік не пайшоў па, так бы мовіць, лёгкаму на той час шляху фармацыйнага падыходу з яго штампам унікальнасці рабаўладальніцкага ладу для ўсіх цывілізацый старажытнасці – як Захаду, так і Усходу. Ён карпатліва даследуе сацыяльную гісторыю Двурэчча, Фінікіі, асабліва праблему ўласнасці на зямлю. І яго вывады аб дзяржаўнай уласнасці на зямлю ў асобе правіцеля на Старажытным Усходзе дэманстравалі прынцыповае адрозненне ад прыватнай зямельнай уласнасці ў Грэцыі і Рыме. Як, дарэчы, і паміж рабствам у антычных і ва ўсходніх цывілізацыях старажытнасці. Выдадзеная ў 1948 г. манаграфія М.М. Нікольскага “Эцюды па гісторыі фінікійскіх абшчынных і земляробчых культаў”, рукапіс якой ён вывез у партызанскі атрад з акупіраванага Мінска ў 1943 г., была прысвечана не столькі рэлігіям Фінікіі, колькі асаблівасцям сацыяльнага ладу гарадоў Фінікіі.

Акадэмік М.М. Нікольскі заснаваў навуковую школу гісторыкаў БДУ. Канешне, ён не быў заснавальнікам беларускай арыенталістыкі і антыказнаўства. Так ужо склалася гісторыя, што выдатныя беларускія арыенталісты і антыказнаўцы да таго (ды і шмат пасля) працавалі па-за межамі Радзімы. Выдатны беларускі санскрытолаг і даследчык старажытнаперсідскіх надпісаў палачанін Каэтан Касовіч працаваў у ХІХ ст. у Маскве, Харкаве, Пецярбургскім універсітэце. Таксама ва ўніверсітэце Пецярбурга выпускнік Віленскага універсітэта прафесарам кафедры ўсходніх моў Восіп Сянкоўскі (вядомы і пад літаратурным псеўданімам “Барон Брамбеўс”). А заснавальнікам пецярбургскай (тады сталічнай) навуковай школы антыказнаўства называюць у Расіі прафесара Міхаіла Сямёнавіча Кутаргу, ураджэнца Магілёўшчыны. А ў сваю чаргу масквіч М.М. Нікольскі ўзяў самы актыўны ўдзел у стварэнні БДУ і ў развіцці беларускай гістарычнай навукі.

Але менавіта Мікалай Міхайлавіч Нікольскі стаў на чале кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, дзе і была сфарміравана навуковая школа вывучэння старажытнай гісторыі і гісторыі рэлігій, якая дагэль з’яўляецца галоўным цэнтрам у гэтай галіне ў Рэспубліцы Беларусь.

Створаная М.М. Нікольскім навуковая школа ў БДУ па сутнасці мела два накірункі: ранняе хрысціянства і Старажытны Усход. У навуковай творчасці акадэміка абодва накірункі былі цесна звязанымі. Затым яны пачалі раздзяляцца і зараз існуюць фактычна як асобныя навуковыя школы, хоць іх інтарэсы і праблематыка іншы раз перакрыжоўваюцца і спалучаюцца.

Дарэчы, тытул навуковай школы па антычнаму хрысціянству ў БДУ паходзіць не з Беларусі – упершыню нам яго далі калегі-антыказнаўцы з Маскоўскага універсітэта на пачатку 1990-х гадоў. Гэта можна лічыць міжнародным прызнаннем школы і кафедры разам з запрашэннямі нашых спецыялістаў для выканання навуковых даследаванняў і чытання лекцый у вядучыя універсітэты ЗША, Польшчы, Украіны, Германіі.

У гонар акадэмікаў М.М. Нікольскага і У.М. Перцава, пачынаючы з 1995 г., кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў раз у два гады праводзіць міжнародную навуковую канферэнцыю. Яна пачынаецца 13 лістапада – у дзень нараджэння М.М. Нікольскага, таму і назва яе – “Лістападаўскія сустрэчы”. Адбылося ўжо восем “Лістападаўскіх сустрэч” даследчыкаў старажытнай і сярэдневяковай арыенталістыкі, антыказнаўства, гісторыі рэлігіі, медыявістыкі.

Навуковая школа М.М. Нікольскага – гэта сапраўды ўніверсітэцкая навуковая школа, якая была створана і развіваецца ў БДУ і, як паказаў час, унесла свой уклад у міжнароднае прызнанне навуковай дзейнасці вядучага ўніверсітэта Беларусі.

На кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ, якую калісьці заснаваў Мікалай Нікольскі, памятаюць і добра ўсведамляюць словы акадэміка; якія прагучалі ў далёкім ужо 1922 годзе: “Нам многае дадзена, з нас многа і будзе спытана”.

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus   ips

bsu ru w

Контакты

220030 г. Минск, ул. Красноармейская, 6
тел. +375 17 209-55-98
факс +375 17 260-55-16
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

Яндекс.Метрика