На галоўную старонку

 
 
 
 
 

Оглавление
  

А. А. Гужалоўскі
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

МУЗЕІ БЕЛАРУСІ Ў ЧАС НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫі (1941–1944)

 

Напярэдадні нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз у БССР праводзілася рэарганізацыя і ўпарадкаванне музейнай сеткі, што было выклікана новым абласным адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. У рэспубліцы налічвалася 26 музеяў, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні Народнага камісарыята асветы. Да ліку буйнейшых музейных устаноў рэспублікі ў той час адносіліся Мінскі абласны сацыяльна-гістарычны музей, Дзяржаўная мастацкая галерэя, Віцебскі абласны сацыяльна-гістарычны музей, Гомельскі абласны гістарычны музей, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, Баранавіцкі абласны мастацкі музей, Слонімскі музей і некаторыя інш. [6].

Эвакуацыя музеяў праводзілася галоўным чынам сіламі музейных работнікаў згодна распараджэнняў упаўнаважаных Савета па эвакуацыі. Гэта работа праводзілася ў вялікай спешцы, з вялікімі цяжкасцямі, а ў асобных выпадках і з рызыкай для жыцця. Частка калекцый Віцебскага абласнога музея была пагружана ў вагон разам з фондамі Мастацкай галерэі Ю. М. Пэна і адпраўлена ў Куйбышаў, а потым – у Саратаў. Фондавыя калекцыі Гомельскага абласнога гістарычнага музея былі эвакуіраваны першапачаткова ў Сталінград, а потым у г. Камышын Сталінградскай вобласці. Амаль цалкам загінулі ўцалелыя пасля шматлікіх «перакідак» 1930-х гг. калекцыі Магілёўскага абласнога гістарычнага музея, будынак якога згарэў у першыя дні вайны. Найбольш важныя ў гісторыка-мастацкіх адносінах помнікі матэрыяльнай культуры засталіся ў старым будынку музея (былога земскага банка), у бранірованым пакоі-сейфе. У ліпені 1941 г. разам з гэтымі помнікамі бясследна знікла нацыянальная каштоўнасць беларускага народа – крыж Ефрасінні Полацкай [10, 230–232].

Музеі, якія знаходзіліся ў заходняй і цэнтральнай частках БССР, эвакуіраваць не паспелі. Найбольш цяжкі лёс напаткаў Дзяржаўную мастацкую галерэю ў Мінску. З галерэі ва Усходнюю Прусію было вывезена каля 170 твораў рускага і заходнееўрапейскага мастацтва. Калекцыі Мінскага сацыяльна-гістарычнага музея не ўратавала ад рабавання нават тое, што яны знаходзіліся ў складскім памяшканні. Ужо летам 1941 г. пагроза поўнага знішчэння навісла над Заалагічным музеем БДУ. Яго памяшканне ў галоўным корпусе універсітэта было занята пад лазарэт. Гэткі ж лёс напаткаў геолага-мінералагічны і гісторыка-археалагічны кабінеты БДУ. Паводле паведамлення прэзідэнта Акадэміі навук БССР К. В. Горава, немецкія войскі знішчылі заалагічны музей Акадэміі. Часткова знішчаны, а часткова вывезены ў Германію былі таксама фонды геалагічнага музея Акадэміі навук [9, 188, 215].

З Баранавіцкага абласнога мастацкага музея акупантамі былі выкрадзены «Партрэт старога» работы Рэмбранта, работы Матэйкі, каля 60 мініяцюр заходнееўрапейскіх мастакоў, беларускія абразы і драўляная скульптура XVII–XVIII ст., французскі габелен XIV ст., японскія вазы, каля 160 статуэтак заводаў Заходняй Еўропы, больш за 200 карцін савецкіх мастакоў, а таксама вялікая бібліятэка па гісторыі мастацтва. З Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў Беласток, а потым у Германію было вывезена каля 200 прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 4370 старажытных манет і медалёў, 626 кніг і 45 карцін. Акрамя таго, з Гродна забралі каля 20 асабістых рэчаў Э. Ажэшкі. З Пінскага абласнога гісторыка-краязнаўчага музея былі цалкам забраны аддзел нумізматыкі (каля 1100 адзінак), калекцыя шкла (123 адзінкі), а таксама дываны, мэбля, старажытная зброя, карціны (каля 150 адзінак). Полацкі музей пазбавіўся партрэтнай галерэі дзеячаў дамініканскага ордэна (47 адзінак), пяці слуцкіх паясоў, дзвюх рукапісных кніг ХV i XVI ст., некалькіх дрэварытаў і абразоў. Са Слонімскага музея вывезлі каштоўныя нумізматычныя і этнаграфічныя калекцыі. З Беластоцкага абласнога мастацкага музея – творы жывапісу і скульптуры. З Валкавыскага музея – старажытныя абразы, рукапісы, кнігі, карты [4].

Гвалтоўны вываз і бессэнсоўнае знішчэнне калекцый беларускіх музеяў стыкоўваліся з палітыкай заваёўвання сімпатый мясцовага насельніцтва шляхам пэўных устапак у галіне культуры, якая праводзілася генеральным камісарам Генеральнай акругі Беларусь В. Кубэ. Ён прасіў Міністэрства па справах усходніх абласцей «зрабіць захады перад адказнымі вайсковымі ўстановамі з тым, каб у будучым падобнае знішчэнне было спынена, а вінаватыя падвяргаліся цяжкім пакаранням». У Генеральным камісарыяце была ўведзена пасада шэфа культурных устаноў (спачатку яе займаў нейкі Куртц, потым – Шольц). Паралельна ў мінскай гарадской управе, якой кіраваў прафесар В. Л. Іваноўскі, быў створаны аддзел культуры і адукацыі, які ўзначальвалі па чарзе паэт У. Гуцька (Дудзіцкі) і дацэнт І. Жарскі. Тое, што засталося ад Дзяржаўнай мастацкай галерэі, было падпарадкавана аддзелу мастацтва мінскай гарадской управы, якую ўзначальваў пісьменнік М. К. Ільінскі. Гэтыя асобы і вырашалі лёс беларускіх музеяў у гады акупацыі [2, 14–15].

У акупіраваным Мінску адзіным цэнтрам захавання беларускай гісторыка-культурнай спадчыны быў Гістарычны музей. Яго стан змяніўся да лепшага напрыканцы жніўня 1941 г. пасля прызначэння «кіраўніком» музея настаўніка А. А. Шукелойця (у лютым 1944 г. ён узначаліў у складзе Беларускага культурнага згуртавання аддзел краязнаўства і музеяў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе ў Мінску [8, 7]), а мастаком-рэстаўратарам – Г. С. Віера (апошні займаў гэтую пасаду і да вайны). Штатным супрацоўнікам дапамагала мінская вучнёўская моладзь. У кастрычніку 1942 г. пад кіраўніцтвам вядомага паэта і краязнаўцы С. М. Новіка-Пеюна (ён займаў гэтую пасаду з 1940 г.) узнавіў сваю дзейнасць Слонімскі музей. З лета 1942 г. зноў адчыніў сваю экспазіцыю для наведвальнікаў Баранавіцкі мастацкі музей. Там можна было ўбачыць вялікую калекцыю касцельнай драўлянай скульптуры ХVI–XVII ст., а таксама работы сучасных беларускіх мастакоў [7, 9].

У чэрвені 1944 г. з Міністэрства па справах усходніх абласцей паступіў загад аб эвакуацыі фондаў Мінскага гістарычнага музея. Спачатку іх прывезлі ў г. Істэнбург (Прусія), а затым у замак Хёхштэт (Баварыя), дзе знаходзіліся культурныя каштоўнасці, нарабаваныя ў Расіі, Украіне, Польшчы.

У 1945 г. Хёхштэт быў акупіраваны амерыканскай арміяй. Калі амерыканцы знайшлі ў замку склады нарабаваных немцамі ўсходнееўрапейскіх каштоўнасцей, шмат з іх было значна пашкоджана. Да таго ж помнікі з розных музеяў перахоўваліся разам, што ўскладняла высвятленне іх дзяржаўнай прыналежнасці. Хутка пасля амерыканцаў у Хёхштэцкі замак прыбыла спецыяльная савецкая місія. Яе мэтаю была дастаўка ў СССР нарабаванага. Але спецыялістаў у складзе місіі не было, таму некаторыя музейныя прадметы беларускага паходжання трапілі ў сховішчы іншых савецкіх рэспублік.

Па-свойму склаўся лёс Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні, які паводле акупацыйнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу апынуўся на тэрыторыі Генеральнай акругі Літва. Пасля ўсталявання савецкай улады ў Вільні ў ліпені 1944 г. СНК Літоўскай ССР ухваліў рашэнне аб ліквідацыі музея і падзеле яго калекцый паміж Літоўскай ССР і Беларускай ССР. Спецыяльна створаная ліквідацыйная камісія, якая працавала да сярэдзіны чэрвеня 1945 г., перадала лепшыя калекцыі, у т. л., відавочна, беларускія матэрыялы, у Гісторыка-этнаграфічны музей АН Літоўскай ССР і яго філіялы, Літоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, а таксама бібліятэкі Віленскага універсітэта. У апошняй быў нават створаны спецыяльны беларускі фонд. Невялікая колькасць гісторыка-мастацкіх помнікаў меншай вартасці была падзелена паміж Дзяржаўным мастацкім музеем БССР і Дзяржаўным музеем БССР [1, 38].

Пасля вайны разам савецкая ваенная адміністрацыя ў Германіі перадала БССР каля 15 тысяч музейных прадметаў, якія былі змешчаны ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і Акадэмію навук БССР. Акрамя таго, вясной 1945 г. савецкія войскі знайшлі ў Кенігсбергу і перадалі ў Мінск частку вывезенай з Мастацкай галерэі нясвіжскай калекцыі карцін [3].

Паводле акта Беларускай рэспубліканскай камісіі садзейнічання рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая выяўляла памеры страт былога СССР у час з 1941 па 1944 гг., у БССР было разрабавана 11 музеяў. У Музеі рэвалюцыі, Доме-музеі І з’езда РСДРП і Мемарыяльным музеі А. Міцкевіча акупанты знішчылі будынкі. Шкода, панесеная ад страты будынкаў і калекцый, была вызначана камісіяй у 317 млн рублёў [9, 30]. Аднак гэтыя лічбы, безумоўна, далёка не поўныя. Як вядома, у чэрвені 1941 г. у БССР існавала 26 музеяў, і падчас акупацыі ў большай ці меншай ступені пацярпеў кожны з іх.

 
1. З успамінаў Я. Шутовіча // Спадчына. 1995. № 1.
2. Мы гэтак шмат страцілі: [Інтэрв’ю Ю. Хадыкі з А. Шукелойцам] // Літаратура і мастацтва. 1991. 26 ліп.
3. НАРБ. Ф. 790. Воп. 1. Спр. 68. Арк. 10.
4. Там жа. Арк. 13–21.
5. Там жа. Ф. 974. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 340.
6. Там жа. Воп. 2. Спр. 482. Арк. 41.
7. Новы шлях. 1943. №. 1.
8. Там жа. 1944.  № 8.
9. Преступления немецко-фашистских оккупантов Белоруссии. Документы и материалы. Мн., 1965.
10. Тоўсцік А. Куды быў вывезены крыж святой Ефрасінні? (Агляд друку) // Вяртанне – 3. Зб. артыкулаў і дакументаў. Мн., 1996.

 

 

 

 Rating All.BY