дэкан гістарычнага факультэта
ў 1936—1937 гг.
Нарадзіўся ў 1904 г. у в. Еўлічы Слуцкага раёна Бабруйскай (зараз — Мінскай) вобласці ў сялянскай сям’і. Да жніўня 1917 г. працаваў у бацькоўскай гаспадарцы. Пасля вучыўся ў беларускай земскай гімназіі ў г. Слуцку. І. С. Чымбург неаднаразова падкрэсліваў, што пакінуў вучобу ў гімназіі выключна з-за адсутнасці сродкаў для аплаты за навучанне. Ва ўсякім разе ў 1919—1921 гг. зноў працаваў разам з бацькам. З 1923 г. вучыўся ў БДУ, а пасля ў Саратаўскім дзяржаўным універсітэце. У 1927—1931 гг. працуе ў органах следства і пракуратуры. З 1931 г. — на выкладчыцкай працы: у Варонежскім зоаветінстытуце, а пасля аспірантуры — загадчык кафедры сацыяльна-эканамічных дысцыплін БДУ. У сваёй аўтабіяграфіі пазначыў, што прыкладна ў 1936—1937 гг. працаваў і дэканам гістарычнага факультэта. Але іншымі дакументамі гэты факт яго біяграфіі не пацвярджаецца.
З ліпеня 1941 г. — на фронце: палітрук, намеснік камандзіра роты, інструктар прапаганды палітупраўлення палка.
Пасля дэмабілізацыі зноў вяртаецца ў БДУ загадчыкам кафедры марксізму-ленінізму. У 1947 г. прызначаецца дырэктарам Інстытута гісторыі партыі ЦК КП(б)Б.