В. У. Чапко нарадзілася ў г. Мінску ў сям'і міліцыянта. У гады сталінскіх рэпрэсій яе бацька быў выключаны з партыі як вораг народа, былы царскі афіцэр і польскі шпіён. Каб пазбегнуць непазбежнага арышту, Уладзімір Чапко застрэліўся.
У 1940 г. Валянціна скончыла сярэднюю школу і паступіла на вучобу ў Ленінградскі караблебудаўнічы інстытут. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны заспеў яе ў Ленінградзе. Яна была параненая пры абстрэле і вывезена з блакаднага горада зiмой 1942 г. У 1943 г. Валянціна Уладзіміраўна пайшла добраахвотнікам на фронт. Служыла ў роце сувязі разам са сваёй маці, фельчарам. У складзе 27-й арміі Валянціна Уладзіміраўна прайшла ўсю Украіну, Малдову, Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію, Аўстрыю. Пазней 27-я армія была перакінутая на Далёкі Усход для ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць Японіі. У Маньчжурыі Валянціна Уладзіміраўна дайшла да Мукдэна. Дэмабілізавалася ў лістападзе 1945 г. i вярнулася ў Мінск.
На вучобу ў Ленінград яна вырашыла не вяртацца, тым больш што практычна ўсе яе аднакурснікі загінулі падчас вайны. Валянціна Уладзіміраўна засталася ў Мінску і паступіла на гістарычны факультэт БДУ.
Студэнткай 3-га курса яе ў першы раз абралі дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Усяго ж Валянціна Уладзіміраўна была дэпутатам на працягу 12 гадоў, працавала ў камісіі па народнай адукацыі.
У 1950 г. В. У. Чапко скончыла БДУ і паступіла ў аспірантуру, дзе вучылася да 1953 г.
У 1954 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Грамадская і культурная дзейнасць Георгія Скарыны». Яе навуковым кіраўніком быў акадэмік У. М. Перцаў, па рэкамендацыі якога Валянціну Уладзіміраўну прынялі на працу ў Інстытут гісторыі АН БССР, дзе яна працавала да 1972 г. У 1956 г. ёй было прысвоена званне старэйшага навуковага супрацоўніка.
В. У. Чапко даследавала сацыяльна-эканамічныя працэсы ў Беларусі ў першай палове XIX ст., вывучала пытанні аграрнай гісторыі Беларусі, гісторыю беларускіх гарадоў канца XVIII - першай паловы ХIХ ст., творчасць Францыска Скарыны, гістарыяграфію Беларусі эпохі феадалізму.
Валянціна Уладзіміраўна ўваходзіла ў склад аўтарскіх калектываў 2-томнай «Гісторыі БССР», 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР», падабрала, падрыхтавала і апублікавала дакументы для 3-га і 4-га тамоў зборніка «Беларусь у эпоху феадалізму».
Сабраны і прааналізаваны фактычны матэрыял лёг у аснову манаграфіі "Сельская гаспадарка Беларусі ў першай палове XIX ст.", якая выйшла ў 1966 г. а ўжо праз тры гады Валянціна Уладзіміраўна абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Раскладанне феадальна-прыгонніцкай сістэмы і фарміраванне капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі ў першай палове XIX стагоддзя »пры Інстытуце гісторыі АН БССР.
У 1970 г. узнагароджана ордэнам Знак Пашаны.
З 1972 па 1978 года працавала загадчыцай кафедры ўсеагульнай гісторыі ў Мінскім педагагічным інстытуце ім. А. М. Горкага. У 1972 г. выдала манаграфію «Класавая барацьба ў беларускай вёсцы ў першай палове XIX стагоддзя». Працягвала займацца гісторыяй Сярэдніх вякоў: чытала па гэтым прадмеце агульны курс лекцый.
З 1975 па 1983 г. загадвала кафедрай гісторыі БССР у БДУ. У 1976 г. Валянціне Уладзіміраўне было прысвоена званне прафесара. У 1981 годзе выйшла ў свет манаграфія В. У. Чапко «Гарады Беларусі ў першай палове XIX стагоддзя: эканамічнае развіццё». У 1983 г. перайшла на кафедру гісторыі Старажытнага свету і Сярэдніх вякоў БДУ. Тут В. У. Чапко чытала курс па гісторыі Сярэдніх вякоў і спецкурс «Італьянскае Адраджэнне».