І. М. Ігнаценка - адзін з найбольш вядомых беларускіх гісторыкаў, якія сфармаваліся прафесійна ў гады савецкай улады. Асобным радком у яго біяграфію ўпісаны факты вучобы і працы ў БДУ, яго кіраўніцтва кафедрай гісторыі СССР. Менавіта ў БДУ І. М. Ігнаценка склаўся як неардынарны вучоны і арганізатар адукацыі і навукі.
Іларыён Мяфодзьевіч нарадзіўся ў в. Домамеркі Лоеўскага р-на (цяпер у складзе Брагінскага) Гомельскай вобл. у сялянскай сям'і. Пачатак жыццёвага шляху будучага знакамітага гісторыка было характэрным для крэатыўных сельскіх хлопцаў, якія шукалі сваё месца ва ўмовах эйфарыі сацыялістычнага будаўніцтва, усеагульнай ваенізацыі, відавочных і схаваных рэпрэсій. Пасля заканчэння сямігодкі юнак вучыўся ў Клімавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме (1935-1939). Працоўную дзейнасць пачаў заатэхнікам на Далёкім Усходзе. Потым амаль на 7,5 гадоў (1939-1947) быў прызваны ў Чырвоную Армію і спазнаў усе нягоды і героіку першых гадоў Вялікай Айчыннай вайны, быўшы мараком Ціхаакіянскага флоту. Відавочны для камандавання высокі інтэлектуальны ўзровень матроса-беларуса вызначыў яго кірунак у 1942 г. на вучобу ў ваенна-марское палітычнае вучылішча. Затым баявая служба працягвалася ў Азоўскай флатыліі і на Чарнаморскім флоце ў якасці парторга. І. М. Ігнаценка быў абраны членам Севастопальскага гаркама партыі.
Пасля дэмабілізацыі Іларыён Мяфодзьевіч рэзка змяніў сферу прымянення сваіх здольнасцяў. Папрацаваўшы некаторы час інструктарам Гомельскага абкама КП (б) Б, ён з'ехаў у Ленінград на гадавыя курсы Пракуратуры СССР і з 1948 г. стаў працаваць пракурорам г. Гомеля. Адначасова вучыўся на гістарычным факультэце Гомельскага педагагічнага інстытута. У 1950 годзе атрымаў дыплом гісторыка і паставіў перад сабой мэту глыбока заняцца навукай.
Гэтае рашэнне і прывяло І. М. Ігнаценку ў БДУ, дзе ў аспірантуры за 1951-1953 гг. ён падрыхтаваў і паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Жыццёвы вопыт і веды гісторыка былі запатрабаваныя падчас камандзіроўкі ў г. Будапешт у самыя палітычна напружаныя гады (1955-1956). У Венгрыі ён узначаліў кафедру гісторыі СССР у Інстытуце ім. У. І. Леніна. Пасля вяртання ў БДУ І. М. Ігнаценка да 1959 г. кіраваў кафедрай, на якой пасля абароны дысертацыі да камандзіроўкі ў Венгрыю працаваў старшым выкладчыкам, а потым дацэнтам. Кафедра гісторыі СССР за пасляваенныя гады змяніла не толькі сваю назву (у 1937-1953 гг. - кафедра гісторыі народаў СССР), але і некалькіх загадчыкаў (А. А. Савіч, А. П.П’янкоў, Л. С. Абэцэдарскі). У той час кафедра ажыццяўляла падрыхтоўку спецыялістаў як па гісторыі СССР, так і па гісторыі БССР (у 1958 г. была створана кафедра гісторыі БССР).
Гісторык двойчы абіраўся сакратаром парткама ўніверсітэта, а ў канцы 1950-х гг. працаваў сакратаром Мінскага гаркама КП (б) Б і «курыраваў» ідэалогію. Але навука і педагогіка ўсё ж канчаткова захапілі, хоць доўгія гады былі цесна пераплецены з высокімі адміністрацыйнымі пасадамі. У БДУ Іларыён Мяфодзьевіч ў пачатку 1960-х гг. узначаліў падрыхтоўчы факультэт для замежных грамадзян, потым (з 1963 г.) - новую кафедру юрыдычнага факультэта (гісторыі дзяржавы і права) і на кароткі час (1964-1965) - юрыдычны факультэт. У 1962 годзе выйшла ў свет манаграфія «Беднейшае сялянства - саюзнік пралетарыяту ў барацьбе за перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі (1917-1918 гг.)», падрыхтаваная яшчэ падчас кіраванне кафедрай гісторыі СССР у БДУ. На яе аснове ў 1964 г. гісторык абараніў доктарскую дысертацыю.
У 1969 г. І. М. Ігнаценка абіраецца членам-карэспандэнтам, у 1974 г. - акадэмікам АН БССР; ў 1969-1975 гг. ён - дырэктар Інстытута гісторыі АН БССР; у 1966-1969 і ў 1975-1980 гг. - дырэктар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ; ў 1980-1991 гг. - загадчык сектара; у 1995- 1997 гг. - саветнік пры дырэкцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, з 1997 г. - галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута; у 1975-1986 гг. - дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Акадэмік І. М. Ігнаценка з'яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых прац па праблемах беларускай гісторыі XX ст. Ён падрыхтаваў больш за 20 дактароў і звыш 50 кандыдатаў гістарычных навук.