Прафесійная дзейнасць вядомага беларускага гісторыка-архівіста і археографа Д. І. Даўгяла ажыццяўляе «генетычную» сувязь паміж архіўнымі, музейнымі і бібліятэчнымі ўстановамі, у якіх вучоны ў розны час, але аднолькава паспяхова працаваў. Па ўласным прызнанні вучонага, вялікі ўплыў на фарміраванне яго як гісторыка і археографа аказалі працы выдатнага расійскага славіста акадэміка В. І. Ламанскага і «віцебскага летапісца», выдаўца «Віцебскай даўніны» А. П. Сапунова.
Д. І. Даўгяла нарадзіўся ў в. Казьяны Гарадоцкага павета (цяпер Шумілінскі р-н) Віцебскай губ. у сям'і праваслаўнага святара. Пасля заканчэння Віцебскай духоўнай семінарыі, рэктарам якой у той час быў бацька будучага першага рэктара БДУ протаіерэй І. Х. Пічэта, Д. І. Даўгяла паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую паспяхова скончыў у 1894 г., атрымаўшы навуковую ступень кандыдата багаслоўя . Паралельна ў якасці вольнага слухача ён прайшоў курс навучання ў мясцовым Археалагічным інстытуце, які рыхтаваў спецыялістаў у галіне археалогіі, археаграфіі, архівазнаўства.
Пасля заканчэння акадэміі вярнуўся ў Віцебск, дзе выкладаў у духоўнай семінарыі, у мужчынскай гімназіі. У 1897 г. быў прызначаны архіварыусам (загадчыкам) першага гістарычнага архіва Беларусі - Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг, з'яўляючыся адначасова складальнікам і рэдактарам серыйнага зборніка дакументаў «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы, вынятыя з актавых кніг губерняў Віцебскай і Магілёўскай", які выдаваўся архівам.
З аб'яднаннем ў 1903 г. Віцебскага архіва з аналагічным Віленскім і перамяшчэннем першага ў Вільню Д. І. Даўгяла пераязджае туды разам з архівам. Ён рэдагуе «Запiскi», якія выдаюцца Паўночна-Заходнім аддзелам Рускага геаграфічнага таварыства, з'яўляецца членам мясцовай Археаграфічнай камісіі, а з 1913 г. узначальвае апошнюю, рэдагуючы «Акты», якія выдаюцца ёю.
Напярэдадні акупацыі горада кайзераўскімі войскамі ў верасні 1915 г. Дзмітрый Іванавіч эвакуіруецца ў г. Магілёў. У сакавіку 1919 г. ён прызначаецца ўпаўнаважаным Глаўархіва Расіі па Магілёўскай губерні, якая ўваходзіла тады ў склад РСФСР, і адначасова робіцца загадчыкам губернскім архівам. Паралельна з працай у архіве Дзмітрый Іванавіч узначальвае створаны па яго ініцыятыве губернскі музей. Дзякуючы яго сапраўды значнай дзейнасці былі захаваныя шматлікія архіўныя, бібліятэчныя і музейныя зборы Магілёўшчыны.
У 1925 г. па запрашэнні Інбелкульта Д. І. Даўгяла пераязджае ў Мінск, дзе працуе ў якасці вучонага сакратара яго Гісторыка-археалагічнай (Археаграфічнай) камісіі. З кастрычніка таго ж года выкладае на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ распрацаваны ім комплексны курс «Гістарычныя крыніцы па гісторыі Беларусі», які, па сутнасці, быў першым курсам па гістарычнаму крыніцазнаўству. Сумесна з калегамі па Інбелкульце М. В. Доўнар-Запольскім, У. І. Пічэтай, М. М. Шчакаціхінім ім была ініцыявана падрыхтоўка шэрагу навучальных дапаможнікаў і хрэстаматый для студэнтаў педагагічнага факультэта.
На жаль, выкладчыцкая дзейнасць Д. І. Даўгялы ў БДУ працягвалася нядоўга: у 1928 г. пад ціскам камуністычнай фракцыі ён быў адхілены ад чытання лекцый па ідэалагічных матывах як «палітычна сумніўны».
Працягваючы навуковую дзейнасць у Інбелкульце, а затым у Беларускай акадэміі навук (з кастрычніка 1929 г. - вучоным сакратаром Інстытута гісторыі, з 1931 г. - дырэктарам акадэмічнай бібліятэкі), Д. І. Даўгяла падтрымліваў сувязь з БДУ. Асаблівае значэнне мела яго праца сумесна з акадэмікам В. К. Шчарбаковым і дацэнтам К. І. Кернажыцкім па падрыхтоўцы дакументальнага зборніка « Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах » (т. 1, 1936), прызначанага з прычыны адсутнасці падручнікаў па гісторыі Беларусі служыць такім для студэнтаў факультэта, а таксама для выкладчыкаў гісторыі сярэдніх школ. Гэтымі ж складальнікамі быў падрыхтаваны і 2-й том зборніка, аднак ён выйдзе толькі ў 1940 г. і пад іншымі прозвішчамі.
10 снежня 1937 г. Д. І. Даўгяла быў арыштаваны. Яму інкрымінавалі шпіянаж, контррэвалюцыйную дзейнасць і г.д. Вымушаны пад пагрозамі фізічнага ўздзеяння прызнаць іх, навуковец затым адмовіўся ад прад'яўленых абвінавачванняў. Тым не менш Д. І. Даўгяла быў прызнаны вінаватым у «засмечанні контррэвалюцыйнай літаратурай» бібліятэкі Акадэміі навук і асуджаны да высылкі тэрмінам на 5 гадоў у адзін з раёнаў Казахстана. Знаходзячыся ў кішлаку Пахта Арал (Паўднёвы Казахстан), па дакументальна непацверджаных звестках, памёр у красавіку 1942 г. Рэабілітаваны ў 1964 г.