Вядомы савецкі гісторык, медыявіст і германіст У. М. Перцаў нарадзіўся ў г. Курску ў сям'і стацкага саветніка.
Пасля заканчэння рэальнага вучылішча ў 1895 г. Уладзімір працягнуў вучобу ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, затым у Варшаўскім ветэрынарным інстытуце. Аднак тэхнічныя і натуральныя дысцыпліны яго не прыцягвалі. Выбар быў зроблены на карысць гуманітарнай адукацыі. У 1897 г. У.М. Перцаў паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, адкуль яго двойчы адлічвалі за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях, таму ён быў вымушаны працягнуць навучанне за мяжой (у Вене і Берліне). Тым не менш Уладзімір Мікалаевіч скончыў Маскоўскі ўніверсітэт ў 1903 г. і пачаў працаваць у сярэдніх навучальных установах. У 1907 г. ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную нямецкаму філосафу-асветніку Іягану Гердэру. У 1908 г. У. М. Перцаў у суаўтарстве з Е. А. Яфімавай апублікаваў «Нарысы ўсеагульнай гісторыі. Новы час», якія выдаваліся яшчэ двойчы: у 1912 і 1918 гг. У тым жа 1908 г. Уладзімір Мікалаевіч пераклаў з нямецкай мовы «Паходжанне і развіццё хрысціянскіх вераванняў ў замагільным жыцці» Р. Кнопфа. Кніга выйшла ў серыі «Рэлігія і царква ў свеце навуковай думкі і свабоднай крытыкі», якая выдавалася па ініцыятыве М. М. Нікольскага.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, вучоны ўсяляк прыцягваў увагу да агрэсіўнага характара германскага мілітарызму і асвятляў гэтую праблему ў вялікай колькасці артыкулаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсе гэтыя публікацыі былі сабраныя ў кнізе «Гогенцолерны».
У 1918 г. У. М. Перцава абралі прафесарам у толькі што адкрыўшымся Смаленскім універсітэце. У 1921 г. Уладзімір Мікалаевіч быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на пасаду прафесара кафедры ўсеагульнай гісторыі. Праз дзесяць гадоў ён перайшоў у Мінскі педагагічны інстытут, дзе загадваў кафедрай гісторыі Захаду.
У гэты перыяд навуковыя інтарэсы прафесара былі сфакусаваныя на сацыяльна-эканамічнай гісторыі еўрапейскіх краін Новага часу. У свет выйшла яго кніга «Эканамічнае развіццё Англіі ў XIX стагоддзі".
У 1934 г. у БДУ быў адкрыты гістарычны факультэт, дзе прафесар Перцаў пачаў чытаць курс гісторыі Сярэдніх вякоў.
У 1935 г. У. М. Перцаву была прысуджана вучоная ступень доктара гістарычных навук. У 1940 г. яго абралі акадэмікам Акадэміі навук БССР.
Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Мікалаевіч быў эвакуіраваны: спачатку ў Курск, затым у Сарапул і, нарэшце, у Іжэўск, дзе ён працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры гісторыі Удмурцкага педагагічнага інстытута. У 1943 г. вярнуўся ў БДУ, які ў той час працаваў на станцыі Сходня (каля Масквы), і ўзначаліў кафедру гісторыі Сярэдніх вякоў на гістарычным факультэце. У 1944 г. Уладзімір Мікалаевіч прыехаў у Мінск і працягнуў навуковую дзейнасць у БДУ і АН БССР.
У 1945 г. у ЗША У. М. Перцаў ў якасці члена дэлегацыі БССР падпісаў Статут ААН.
У 1955 г. кафедра гісторыі Старажытнага свету і кафедра гісторыі Сярэдніх вякоў былі аб'яднаны ў адну. Прафесар Перцаў стаў яе загадчыкам. Адначасова ён працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, дзе даследаваў развіццё беларускай гістарыяграфіі з самых старажытных часоў да ХХ ст.
У 1959 г. навукоўцам было забаронена сумяшчэнне працы на поўную стаўку ў АН БССР і БДУ. Перад У. М. Перцавым паўстаў выбар паміж пасадамі сакратара-акадэміка Аддзялення грамадскіх навук АН БССР і загадчыка кафедры гісторыі Старажытнага свету і Сярэдніх вякоў БДУ. Уладзімір Мікалаевіч абраў кафедру і напісаў заяву аб сыходзе з Акадэміі навук.
Галоўная гістарычная праца прафесара Перцава як медыявіста прысвечана гісторыі Старажытнай Прусіі. Па гэтай тэме ім было напісана некалькі буйных артыкулаў, пакладзеных у аснову кнігі. Але манаграфія так і не выйшла ў свет. Прычынай стала рэцэнзія з Масквы, дзе было адзначана, што гісторык недастаткова валодае сталінскай метадалогіяй аналізу матэрыялу.