Знакаміты савецкі беларускі гісторык-усходазнавец, акадэмік АН БССР і член-карэспандэнт АН СССР. М. М. Нікольскі нарадзіўся ў Маскве ў сям'і вядомага ўсходазнаўца, заснавальніка асірыялогіі ў Расіі М. В. Нікольскага. У 1900 г. скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, потым выкладаў у гімназіі. Мікалай Міхайлавіч аб'яднаў вакол сябе групу перакладчыкаў (у ліку якіх быў і У. М. Перцаў) для выдання серыі кніг «Рэлігія і царква ў свеце навуковай думкі і свабоднай крытыкі». У серыю ўвайшлі творы буйных нямецкіх навукоўцаў: В. Врэдэ, А. Гарнака, Ю. Вельгаузена, А. Юліхера, Р. Кнопфа, О. П. Пфлейдэрера, М. Брыкнера, Д. Д. Штраўса.
Паралельна М. М. Нікольскі займаўся вывучэннем гісторыі старажытнага Ізраіля. З апошнім былі звязаны яго першыя навуковыя публікацыі: «Цар Давід і псалмы» (1906), «Ізраіль і Вавілон» (1910), «Старажытны Ізраіль» (1911).
Цікавасць да міжрэчча гісторык пранёс праз усё жыццё. Апошняя яго праца, «Культура Старажытнай Вавілоніі» (1959), таксама была прысвечана гэтаму рэгіёну.
Акрамя гісторыі Старажытнага Усходу Мікалай Міхайлавіч займаўся вывучэннем гісторыі Рускай праваслаўнай царквы. Упершыню ён звярнуўся да гэтай тэмы ў 1909-1912 гг. Ім былі напісаны пяць частак для 5-томнай «Расійскай гісторыі», усе яны былі звязаны з гісторыяй царквы.
М. М. Нікольскі стаў шырока вядомым у расійскай навуковай супольнасці пачатку ХХ ст. як усходазнавец і свецкі гісторык царквы. Дзякуючы гэтай вядомасці ў 1918 г. ён быў запрошаны ў Смаленскі ўніверсітэт на пасаду прафесара кафедры гісторыі рэлігіі.
Некалькі гадоў праз, у 1922 г., прафесара М. М. Нікольскага запрасілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Ён стаў дэканам педагагічнага факультэта і прафесарам кафедры старажытнай гісторыі.
Мікалай Міхайлавіч двойчы наведваў Нямеччыну ( 1925 і 1928 гг.). Тры яго манаграфіі былі апублікаваныя там у перакладзе на нямецкую мову. У 1931 г. выйшла ў свет самая вядомая кніга М. М. Нікольскага - «Гісторыя Рускай царквы», адно з найбольш аб'ектыўных даследаванняў па дадзенай тэме, напісанае свецкім аўтарам. У тым жа годзе ён быў абраны акадэмікам БАН.
У 1934 г. у БДУ быў адкрыты гістарычны факультэт, дзе прафесар Нікольскі чытаў курс старажытнай гісторыі. Пасля стварэння ў 1936 г. асобнай кафедры гісторыі Сярэдніх вякоў і старажытнай гісторыі прафесар ўзначаліў яе. У 1937 годзе М. М. Нікольскі стаў дырэктарам Інстытута гісторыі АН БССР.
Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны гісторык застаўся ў захопленым Мінску. Акупацыйныя ўлады прапанавалі М. М. Нікольскаму супрацоўнічаць з імі і напісаць гісторыю Беларусі ў выгадным для іх святле. Гэта прапанова была адхілена з усёй катэгарычнасцю.
Праз два гады Мікалая Міхайлавіча з жонкай пераправілі ў партызанскі атрад. Там ён працягнуў навуковую працу. Яшчэ да вайны Інстытут гісторыі АН БССР уключыў у план выданне двух яго манаграфій. Выкананне сваіх навуковых абавязкаў М. М. Нікольскі заўсёды ставіў на першае месца, тым больш, што ён не сумняваўся ў будучай перамозе і вызваленні Беларусі. З партызанскага атрада вучонага вывезлі на самалёце на Вялікую зямлю.
У 1944 г. прафесар вярнуўся ў Мінск і працягнуў сваю дзейнасць у БДУ (узначаліў кафедру гісторыі Старажытнага свету) і Акадэміі навук БССР. Разумеючы, што гістарычнаму факультэту пасля вызвалення ад акупацыі не будзе хапаць навуковых кадраў, ён садзейнічаў пераводу з Чувашскага педагагічнага інстытута ў БДУ дацэнта Ф. М. Нячая.
У 1946 г. М. М. Нікольскі быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР.
Здароўе Мікалая Міхайлавіча пагаршалася. У красавіку 1953 года ён пакінуў пасаду дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР. На наступны год адышоў ад кіраўніцтва кафедрай гісторыі Старажытнага свету. Выкананне абавязкаў загадчыка было ўскладзена на дацэнта Ф. М. Нячая.
Тым не менш Мікалай Міхайлавіч працягваў навуковую дзейнасць. Ён завяршыў працу над кнігай «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці», якая была выдадзена ў 1956 г.
У прадмове да кнігі М. М. Нікольскі напісаў: «Тая цвёрдасць, з якой працоўны беларускі народ <...> захоўваў сваю мову, свае норавы, звычаі і абрады, у тым ліку вясельныя, сведчыць пра сілу яго нацыянальнай самасвядомасці, пра яго цвёрдую і нязменную волю да барацьбы за свае чалавечыя і нацыянальныя правы, пра яго нянавісць да прыгнятальніка».