Галоўная

Факультэт

Ідэалагічная і выхаваўчая работа

Адукацыйны працэс

Студэнтам

Абітурыенту

Выбітныя навукоўцы ў гісторыі факультэта

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (02.06.1867-30.09.1934)

МИТРОФАН ВИКТОРОВИЧ ДОВНАР-ЗАПОЛЬСКИЙ (02.06.1867—30.09.1934)

Беларускі гісторык, этнограф, фалькларыст, эканаміст, заснавальнік беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, прафесар Беларускага, Маскоўскага, Кіеўскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў. М. В. Доўнар-Запольскі нарадзіўся ў павятовым г. Рэчыцы Мінскай губ. У 1893 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У 1895-1897 гг. працаваў памочнікам архіварыуса ў Маскоўскім архіве Міністэрства юстыцыі, настаўнікам прыватнай гімназіі ў Маскве. З 1899 г. - прыват-дацэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. У 1901 г. у Кіеўскім універсітэце абараніў магістарскую дысертацыю. З 1901 г. - прыват-дацэнт, загадчык кафедры рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта. У 1906 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Нарысы па арганізацыі заходнерускага сялянства ў ХVI ст.". У 1906 г. заснаваў прыватныя камерцыйныя курсы, ператвораныя ў 1907 г. у Кіеўскі камерцыйны інстытут, нязменным дырэктарам якога М. В. Доўнар-Запольскі з'яўляўся да 1917 г.

Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Мітрафан Віктаравіч з'язджае ва Украіну, затым - у Азербайджан. З 1917 г. актыўна ўключаецца ў працу беларускіх арганізацый у Кіеве, друкуецца ў газетах «Беларускае слова» і «Беларускае рэха», удзельнічае ў беларуска-ўкраінскіх дыпламатычных перамовах, стварае і ўзначальвае Беларускую гандлёвую палату ў Кіеве. У 1918 г. разам з акадэмікам Я. Ф. Карскім распрацоўвае мадэль стварэння Беларускага ўніверсітэта. У 1921 г. ён атрымаў запрашэнне ад першага рэктара БДУ У. І. Пічэты пераехаць на працу ў Менск, але прыняць яго не змог па стане здароўя.

У 1924 г., застаючыся ў Баку, М. В. Доўнар-Запольскі абіраецца правадзейным членам Інстытута беларускай культуры. Толькі у 1925 г. пасля запрашэння наркама асветы А. В. Баліцкага і старшыні Інстытута беларускай культуры С. М. Некрашэвіча Мітрафан Віктаравіч пераязджае ў Мінск, дзе пачынае працу ў Інстытуце беларускай культуры, а таксама ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў якасці прафесара кафедры гісторыі народнай гаспадаркі СССР і кафедры гісторыі гаспадарчага побыту Еўропы.

За вельмі кароткі прамежак часу вучоны рыхтуе да друку дзве маштабныя працы - «Народная гаспадарка Беларусі 1861-1914 гг.» і «Гісторыя Беларусі». Першая выйшла ў выдавецтве Дзяржплана БССР ў 1926 г. і атрымала станоўчыя рэцэнзіі як гісторыкаў, так і эканамістаў. Другой працы было наканавана праляжаць у закрытым фондзе партыйнага архіва каля 50 гадоў і стаць адной з прычын выправаджэння аўтара з Савецкай Беларусі.

Пасля «несанкцыянаванай» сустрэчы прафесара з адным з беларускіх паслоў у польскім сойме на закрытым пасяджэнні ЦК Кампартыі Беларусі было разгледжана «Справа Доўнар-Запольскага», у выніку чаго гісторык восенню 1926 г. вымушаны быў пакінуць Мінск. Ад'езд дазволіў Мітрафану Віктаравічу пазбегнуць лёсу сваіх паплечнікаў, асуджаных ў 1930 годзе па сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Аднак на працягу 1930-1934 гг. ўсе яго працы падвергліся жорсткай крытыцы. Апафеозам пагрому творчасці М. В. Доўнар-Запольскага стаў 1934 г., калі палітычныя абвінавачванні былі перанесены на ўсю яго школу. Ёй былі прыпісаны адначасова і ўкраінска-беларускі нацыяналізм, і «расійская вялікадзяржаўнасць», і нацыянал-фашызм. У разгар новай кампаніі крытыкі 30 верасня 1934 г. М. В. Доўнар-Запольскі памёр ад сардэчнага прыступу.

Навуковая спадчына вучонага ўключае больш за 200 прац па этнаграфіі, сацыяльна-эканамічнай і палітычнай гісторыі Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны і Польшчы. У сваіх працах ён падкрэсліваў існаванне беларускай нацыі з уласнай гісторыяй, выразнымі этнаграфічнымі рысамі, багатай народнай культурай і ўласнай беларускай мовай - прадуктам дыялектаў крывічоў і дрыгавічоў.

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105   konst   

Кантакты

220037, г. Мінск, вул. Мендзялеева, д. 36
тэл. +375 17 360-09-14
e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. План праезду

Графік працы:
панядзелак–пятніца 8.20–20.30
субота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика