Галоўная

Факультэт

Ідэалагічная і выхаваўчая работа

Адукацыйны працэс

Студэнтам

Абітурыенту

Гісторыя кафедры

Гісторыя кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін

Кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін з'яўляецца правапераемніцай кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін, утворанай 13 кастрычніка 1973 г. Аднак пачатак вывучэння і выкладання археалогіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце начынаецца ў першыя гады працы alma mater.

1921–1931 гг. 30 лістапада 1921 г. пачаў адлік сваёй дзейнасці «новы расаднік вышэйшай адукацыі» – БДУ. Педагагічны састаў только што створанага ўніверсітэта ўключыў у першыя вучэбныя планы факультэта грамадскіх навук розныя курсы археалагічнага профіля: першабытную археалогію, археалогію Беларусі, археалогію Старажытнага Усхода, археалогію Польшчы. Было таксама запланавана адкрыццё «кафедры археалогіі» і «кафедры першабытнай культуры». Аднак выкананню намечаных планаў перашкаджала адсутнасць кваліфікаваных кадраў.

Разам з тым, першыя студэнты БДУ не былі пазбаўлены магчымасці вывучаць археалогію і гісторыю першабытнага грамадства. Археалагічная складаючая прысутнічала ў цэлым шэрагу курсаў, якія былі прачытаны на педагагічным факультэце і, у меньшай ступені, факультэце грамадскіх навук. Праблемы археалогіі і старажытнейшых этапаў этнічнай гісторыі Беларусі закранаў у сваіх абагульняючых працах, якія з'яўляліся таксама і ўніверсітэцкімі падручнікамі, першы рэктар БДУ, гісторык-славіст У. І. Пічэта. Пытанні генезіса матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва ўваходзілі у праграму курса «Генетычная сацыялогія», распрацаваную сацыёлагам і філосафам С. З Кацэнбогенам. Гістарыяграфія археалогіі Беларусі разглядалася архівістам і археографам Д. І. Даўгяллам ў рамках заняткаў па крыніцазнаўству айчыннай гісторыі. Важнае месца ў вучэбных планах займала і гісторыя першабытнай культуры, якую выкладаў С. З Кацэнбоген, а пасля яго ад'езду ў Маскву — біблеіст і ўсходазнаўца М. М. Нікольскі.

У складаных матэрыяльна-тэхнічных умовах 1920-х гг. вучэбныя археалагічныя практыкі не праводзіліся. Тым не менш супрацоўнікі і студэнты БДУ змаглі ўнесці немалы ўклад у археалагічнае вывучэнне тэрыторыі Беларусі. Самай яркай старонкай у гісторыі ўніверсітэцкай археалогіі таго часу, безумоўна, з'яўлялася дзейнасць Краязнаўчага навукова-даследчага таварыства БДУ. Гэта таварыства, якое арганізацыйна аформілася ў 1925–1927 гг., узначаліў сам рэктар У. І. Пічэта. На працягу 1926–1928 гг. удзельнікі краязнаўчага руху арганізавалі шэраг экспедыцый, у ходзе якіх было праведзена археалагічнае абследаванне басейна ракі Свіслач, абследаванне Тураўскага раёна Мазырскай акругі, а таксама комплекснае вывучэнне Ушачскага раёна Полацкай акругі і Дубровенскага раёна Аршанскай акругі. Вынікі працы былі апублікаваны ў шэрагу навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, а сабраныя матэрыялы (у тым ліку шматлікія археалагічныя артэфакты) неаднакроць дэманстраваліся пад час розных афіцыйных універсітэцкіх мерапрыемстваў.

У новых грамадска-палітычных умовах канца 1920-х гг. краязнаўчы рух у БДУ пайшоў на спад. Да таго ж з вучэбных планаў цалкам зніклі ўсе дысцыпліны, якія закраналі археалагічную праблематыку.

1934–1941 гг. У 1934 г. у БДУ быў адкрыты гістарычны факультэт. Вучэбны план, які прадугледжваў падрыхтоўку выключна спецыялістаў-гісторыкаў, уключаў цэлы шэраг дысцыплін археалагічнага профіля. Студэнты павінны былі праслухаць агульны курс па гісторыі дакласавага грамадства і, у залежнасці ад будучай спецыяльнасці, адзін з курсаў па выбару: «Гісторыю археалагічных адкрыццяў», «Русскую археалогію», «Беларускую археалогію», «Вывучэнне рэчавых помнікаў сярэднявечнай Еўропы”. Аднак недахоп кваліфікаваных кадраў не садзейнічаў паспяховаму наладжванню вучэбнага працэса, і на працягу 1934–1938 гг. на гістарычным факультэце БДУ выкладалася толькі дысцыпліна «Гісторыя дакласавага грамадства”. У 1934–1937 гг. яе чытаў загадчык секцыі археалогіі Інстытута гісторыі Беларускай акадэміі навук А. М. Ляўданскі, запрошаны на пасаду дацэнта, а затым прафесара кафедры агульнай гісторыі. У 1937 г. А. М. Ляўданскі быў рэпрэсіраваны, пасля чаго курс па гісторыі першабытнага грамадства перайшоў да прафесара М. М. Нікольскага.

У 1938 г. быў зацверджаны новы вучэбны план спецыяльнасці «Гісторыя», у адпаведнасці з якім аж да 1941 г. студэнты гістарычнага факультэта вывучалі дзве дысцыпліны археалагічнага профіля: «Гісторыю дакласавага грамадства і Старажытнага Усхода» і «Асновы археалогіі». Чытанне першага з названых курсаў было даручана М. М. Нікольскаму, аднак ён перадаў гэтую нагрузку сваім аспірантам. Выкладанне другога курса ажыццяўляў спецыяліст у галіне антычнай рэлігіі, дацэнт кафедры старажытнага часу і сярэдніх вякоў У. І. Шаўчэнка.

Менавіта У. І. Шаўчэнка давялося арганізовываць першую археалагічную практыку ў гісторыі БДУ. У 1939 г. ён узначаліў групу студэнтаў гістарычнага факультэта, камадзіраванных у гісторыка-археалагічныя музеі Феадосіі, Керчы і Херсанеса. Экспедыцыя прайшла надзвычай паспяхова як для студэнтаў-практыкантаў, так і кіраўніка практыкі. У прыватнасці, крымскія музеі перадалі ў падарунак будучаму Гісторыка-археалагічнаму музею БДУ, утварэннем якога таксама займаўся У. І. Шаўчэнка, разнастайныя антычныя старажытнасці.

1943–1944 гг. Паступальнае развіццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта было абарвана 22 чэрвеня 1941 г. Аднак у тым жа месяцы СНК БССР прыняў пастанову аб аднаўленні БДУ. Універсітэт афіцыйна аднавіў сваю дзейнасць 11 кастрычніка 1943 г. на чыгуначнай станцыі Сходня пад Масквой. Вучэбны працэс наладжваўся з вялікай цяжкасцю.  Штатных супрацоўнікаў не хапала, беларускім спецыялістам дапамагалі іх маскоўскія калегі. Ва ўмовах недахопу кадраў вучэбны план быў значна скарочаны. Тым не менш будучыя гісторыкі змаглі праслухаць курс “Асновы археалогіі”, які чытаў прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, вядомы археолаг Барыс Аляксандравіч Рыбакоў.

1944–1973 гг. Адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў пачалася рээвакуцыя БДУ у Мінск. Нягледзячы на складанасці ваенага, а затым і пасляваеага часу, паступова наладжваўся вучэбны працэс, у тым ліку і выкладанне  дысцыплін археалагічнага профіля. Аднак аж да 1973 г. спецыялізацыя ў галіне археалогіі ва ўніверсітэце адсутнічала.

Выкладанне археалагічных дысцыплін ажыццяўлялі штатныя супрацоўнікі і сумяшчальнікі кафедры гісторыі старажытнага часу (з сярэдзіны 1950-х гг. – кафедры старажытнага часу і сярэдніх вякоў). У другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. знаёмства студэнтаў з асновамі археалогіі забяспечваў дацэнт В. Р. Тарасенка. У 1954/1955 вучэбным годзе гэты курс перайшоў да дацэнта А. Р. Мітрафанава, а ў 1962 г. – да дацэнта, у далейшым прафесара, Э.М. Загарульскага. Чытанне дысцыпліны «Гісторыя першабытнага грамадства» у першыя пасляваенныя гады было даручана гісторыку-антыказнаўцы дацэнту Ф. М. Нячаю. З канца 1940 і да канца 1960-х гг. гэтую дысцыпліну вяла дацэнт Р.А. Нікольская (Пассе).

Першая археалагічная практыка была арганізавана толькі летам 1954 г. Студэнты гістарычнага факультэта прынялі ўдзел у раскопках гарадзішча жалезнага века ў вёсцы Волкавічы Мінскага раёна, якімі кіраваў А. Р. Мітрафанаў – супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР.

У канцы 1950-х гг. група студэнтаў гістарычнага факультэта ўдзельнічала ў раскопках старажытнага Мінска, арганізаваных Э. М. Загарульскім, які працаваў у сектары археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР. У 1963 г., ужо з'яўляючыся супрацоўнікам БДУ, гэты выдатны археолаг заснаваў археалагічную экспедыцыю, якая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вывучала помнікі жалезнага века і ранняга сярэднявечча. Да ліку найбольш маштабных і значных у навуковым плане работ, якія ажыццявіліся ў 1960-х гг. – пачатку 1970-х гг., неабходна аднесці даследаванне сярэдневечных гарадскіх і сельскіх паселішчаў Верхняга Падняпроўя.

Значны ўклад у развіццё ўніверсітэцкай археалогіі ўнёс гісторык і археолаг Ю І. Драгун. Выкладчык кафедры гісторыі СССР, у 1963 г. ён узначаліў археалагічны атрад БДУ, які займаўся раскопками гарадзішчаў, селішчаў і курганаў Міншчыны і Віцебшчыны.

У пачатку 1960-х гг. будучым гісторыкам была прадстаўлена магчымасць атрымаць уяўленне і аб спецыфіцы класічнай археалогіі. У 1961 г. па ініцыятыве прафесара Ф. М. Нячая студэнты-практыканты прынялі ўдзел у раскопках грэчаскіх калоній в Херсанесе і Пантыкапеі. Экспедыцыя прайшла надзвычай плённа, калекцыі, сабраныя на помніках Керчынскага паўвострава, папоўнілі фонды музея БДУ.

Паступовае ўскладненне вучэбных праграм і вучэбнага працэса прывяло да таго, што ў пачатку 1970-х гг. кіраўніцтва гістарычнага факультэта сутыкнулася з неабходнасцю стварэння цэнтра, які б каардынаваў выкладанне спецыяльных дысцыплін: археалогіі, этнаграфіі, гістарычнай геаграфіі, палеаграфіі, нумізматыкі, музеязнаўства і інш. Акрамя таго, у краіне выспела аб'ектыўная патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах-археолагах і этнографах, падрыхтоўка якіх, у сваю чаргу, патрабавала адпаведных спецыялізацый.

1973–2001 гг. 13 кастрычніка 1973 г. на гістарычным факультэце была створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін, загадчыкам якой быў прызначаны Э. М. Загарульскі.

Таленавіты вучоны і арганізатар навукі падабраў бліскучы склад выкладчыкаў. У першапачатковы штат кафедры, разам з загадчыкам, буйным спецыялістам у галіне сярэднявечнай археалогіі і ранняй гісторыі славян, увайшлі такія вядомыя даследчыкі, як дацэнт М. Ф. Піліпенка — этнограф, у будучым — член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дацэнт В. Н. Рабцэвіч — вучоны з сусветным імем, заснавальнік беларускай нумізматычнай навукі. Выкладчыцкі калектыў дапоўнілі знаўцы палеаграфіі, нумізматыкі і іншых дапаможных дысцыплін: старшы выкладчык А. А. Стуканаў і выкладчык В. С. Касмылёў. У наступныя гады ў кафедральнае жыццё актыўна ўключыліся дацэнт А. М. Ваганава, вучаніца Э. М. Загарульскага, якая працягнула традыцыі вывучэння раннесярэднявечных помнікаў; дацэнт А. А. Егарэйчанка, у будучым прафесар, археолаг, работы якога па вывучэнню жалезнага века Беларусі атрымалі міжнароднае прызнанне; выкладчык А. М. Плавінскі, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё спецыяльных гістарычных дысцыплін. У розныя гады на кафедры пачыналі сваю актыўную акадэмічную кар'еру многія спецыялісты ў галіне этнаграфіі і культурнай спадчыны, у тым ліку дацэнт П. У. Церашковіч, дацэнт У. І. Медзянік, дацэнт Т. А. Навагродскі, выкладчыкі І. С. Махоўская і А. А. Кілбас, якія у далейшым перайшлі на кафедру этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў.

Практычна адразу пасля свайго ўтварэння кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін набыла высокі навуковы аўтарытэт як у рэспубліцы, так і далёка за яе межамі. Безумоўная заслуга ў гэтым належала загадчыку, які праявіў сябе сапраўдным лідэрам.

З імем Э. М. Загарульскага звязана цэлая эпоха ў гісторыі археалагічнага вывучэння беларускай сталіцы. Актыўныя палявыя работы ён праводзіў у 1958–1961 гг., але ў далейшым неаднакроць звяртаўся да праблемаў часу, месца і шляхоў узнікнення Мінска. Э. М. Загарульскі шмат гадоў прысвяціў археалагічнаму вывучэнню падняпроўскіх гарадоў і замкаў старажытнарускай эпохі: Копысі, Свіслачы, Стрэшына і інш. Сярод гэтых работ асаблівай увагі заслугоўваюць раскопкі Вішчынскага замка пад Рагачовым, якія праводзіліся на працягу 1976–1985 гг. У 1979 г. на гэтым помніку, які існаваў у в ХII–ХIII стст, быў выяўлены ўнікальны па свайму складу і навуковай значнасці грашова-рэчавы скарб. Напрыканцы 1960-х гг. Э.М. Загарульскі прыступіў да вывучэння праблем славянскага этнагенеза. Ён распрацаваў арыгінальную канцэпцыю ранняй гісторыі славянскага свету, асноўныя палажэнні якой выклаў у шэрагу публікацый, у тым ліку ў манаграфіі 1977 г., і ў доктарскай дысертацыі, абароненай ў МДУ у 1984 г.

Не менш важную ролю ў дзейнасці кафедры на працягу больш трыццаці гадоў адыграў дацэнт, у далейшым прафесар В. Н. Рабцэвіч. У цэнтры навуковых інтарэсаў даследчыка — нумізматыка і гісторыя грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі. Аднак на працягу ўсяго свайго навуковага жыцця В. Н. Рабцэвіч пастаянна звяртаўся да археалагічнай праблематыцы. У другой палове 1970-х гг. ён разам з А. М. Плавінскім разгарнуў даследаванне старажытнарускіх курганоў на Рагачоўшчыне, а пасля Чарнобыльскай катастрофы перайшоў да вывучэння пахавальных помнікаў на тэрыторыі Мінскай і Віцебскай абласцей.

У 1988 г. на кафедру быў запрошаны А. А. Егарэйчанка — навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, які доўгі час вывучаў археалагічныя помнікі Беларускага Палесся. На новым месцы працы даследчык заняўся разглядам праблем жалезнага века цэнтральнай і паўночна-заходняй Беларусі. Адразу пасля прыходу ў БДУ ён арганізаваў экспедыцыю, якая некалькі дзесяцігоддзяў праводзіла раскопкі ўмацаваных пасяленняў на тэрыторыі Мінскай і Віцебскай абласцей. У 1997 г. аўтарытэтны вучоны перайшоў на пасаду загадчыка кафедры.

2001 г. – цяперашні час. 30 чэрвеня 2001 г. у выніку рэарганізацыі кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін была створана кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. У першапачатковы штатны склад адноўленай кафедры, якую ўзначаліў А. А. Егарэйчанка, увайшлі Э. М. Загарульскі, В. Н. Рабцэвіч, А. М. Ваганава, А. А. Стуканаў. У наступныя гады кафедральны калектыў неаднойчы папаўняўся новымі супрацоўнікамі, як вучонымі з імем (В. С. Абухоўскі, М. М. Чарняўскі, В. Г. Белявец), так і маладымі даследчыкамі (А. У. Вайтовіч (Зуева), У. А. Плавінскі, У. В. Грыб). У 2020 г. пасаду загадчыка кафедры заняла кандыдат гістарычных навук, дацэнт П. С. Курловіч.

У розныя гады агульныя курсы і дысцыпліны спецыялізацыі для будучых археолагаў чыталі такія прызнаныя даследчыкі, як А. В. Вайцяховіч, М. М. Ялінская, А. У. Іов, А. Г. Калечыц, Л. У. Калядзінскі, І. Н. Колабава, У. І. Кошман, В. Л. Ліпніцкая, М. М. Крывальцэвіч, В. У. Марфіна, М. М. Памазанаў, Т. С. Скрыпчанка, Л. І. Цегака, Макс. М. Чарняўскі і інш. Лагічным вынікам такога шчыльнаг супрацоўніцтва ўніверсітэцкай, акадэмічнай і музейнай навукі стала адкрыццё ў 2014 г. пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі філіяла кафедры, у які ўвайшлі 5 супрацоўнікаў вядучай археалагічнай установы рэспублікі.

Працягваючы раней распачатую працу па вывучэнню гарадзішчаў Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй Беларусі, А. А. Егарэйчанка сфармуляваў прынцыпова новую канйэпцыю культурнага развіцця рэгіёна ў эпоху позняга бронзавага — жалезнага вякоў. Вынікі шматгадовых палявых і камеральных даследаванняў сталі асновай манаграфіі «Культуры штрыхаванай керамікі», выданай у 2006 г., і доктарскай дысертацыі, абарона якой адбылася ў 2008 г.

Аж да выхаду на пенсію ў 2015 г. не спыняў навуковых даследаванняў прафесар Э. М. Загарульскі. У 2004 г. выйшла з друку манаграфія «Вішчынскі замак», у якой даследчык прадставіў вынікі раскопак вядомага раннефеадальнага замка, надаўшы асобую ўвагу характарыстыцы скарбу срэбных грашовых зліткаў і ўпрыгожванняў. Крыху раней вучоны апублікаваў дзве кнігі: «Славяне: происхождение и расселение на территории Беларуси» (2012 г.) и «Белая Русь с середины I тыс. до середины XIII в.» (2014 г.). У 2020 г. убачыў свет аўтарскі курс лекцый Э. М. Загарульскага «Археология».

Да апошняга дня свайго жыцця задаваў тон навуковай дзейнасці кафедры выбітны нумізмат, прафесар В. Н. Рабцэвіч. У 2011 г., ужо пасля яго смерці, выйшла з друку манаграфія «Брылёўскі скарб», прысвечаная манетна-рэчаваму скарбу эпохі вікінгаў і напісаная ў сааўтарстве з археолагамі М. А. Плавінскім і А. У. Іовым.

У 2004 г. паўнапраўным супрацоўнікам кафедры стаў В. С. Абухоўскі. Магістр археалогіі, незадоўга да прыходу на гістарычны факультэт апублікаваў каталог  «Obuchowski, W. Zabytki krzemienne i kamienne od paleolitu do wczesnej epoki żelaza z terenów Białorusi w zbiorach Państwowego Muzeum Archeologicznego w Warszawie» (2003 г.), ён адразу ўключыўся ў кафедральнае навуковае жыццё. У цэнтры даследчых інтарэсаў вучонага знаходзілася праблема асваення тэрыторыі Заходняй Беларусі ў эпоху палеаліта і мезаліта. В. С. Абухоўскі ўзначаліў экспедыцыю БДУ, якая вывучала археалагічных комплекс у вёскі Кавальцы Гродзенскага раёна. Заўчасны зыход з жыцця не дазволіў таленавітаму археолагу завяршіць распачатыя працы.

У 2007 г. для забеспячэння спецыялізацыі па каменнаму і бронзаваму вякам на кафедру былі запрошаны адметныя акадэмічныя археолагі А. Г. Калечыц і М. М. Чарняўскі. Прафесар А. Г. Калечыц, прызнаны спецыяліст у галіне палеагеаграфіі, палеаэкалогіі і першабытнай археалогіі, працавала ва ўніверсітэце да 2010 г. На працягу трох палявых сезонаў яна праводзіла археалагічныя раскопкі старажытнейшых пасяленняў Мотальскага мікрарэгіёна (Іванаўскі раён). Дацэнт М. М. Чарняўскі да апошніх дзён свайго жыцця займаўся вывучэннем каменнага і бронзавага вякоў Паўночна-Заходняй Беларусі. З яго імем звязана арганізацыя ўніверсітэтскіх экспедыцый, якія вывучалі тарфяныя стаянкі Крывінскага мікрарэгіёна (Бешанковічскі раён) и крэмнездабываючыя помнікі Паросся (Валкавысскі раён).

У 2011 г. выкладчыцкую дзейнасць пачала А. У. Вайтовіч. На працягу некалькіх гадоў яна праводзіла археалагічныя работы ў Панямонні. Найбольш значным вынікам палявых даследаванняў стала выяўленне на пасяленні Дразды 12 (Стаўбцоўскі раён) пахавання эпохі позняга неаліту — пачатковага перыяда бронзавага века. У 2015 г. штат кафедральнага калектыва папоўніў яшчэ адзін выпускнік аспірантуры — выкладчык У. А. Плавінскі, у сферу навуковых інтарэсаў якога ўваходзіць зброя далёкага бою на тэрыторыі Беларусі. З 2016 г. на кафедры працуе кандыдат гістарычных навук П. С. Курловіч. Спецыялізуючыся на археалогіі вытворчых комплексаў, малады вучоны арганізавала археалагічную экспедыцыю БДУ па вывучэнню гуты сярэдзіны XVIII – пачатку XIX стст. у аграгарадку Ілля Вілейскага раёна. У цяперашні час П. С. Курловіч даследуе археалагічныя помнікі сярэдзіны – другой паловы I тыс. н.э. на тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі. У 2018 г. супрацоўнікам кафедры стаў дацэнт В. Г. Белявец — спецыяліст у галіне археалогіі жалезнага века. Пасля прыходу ва ўніверсітэт ён узначальваў экспедыцыю, якая даследавала помнік рымскага перыяду і эпохі Вялікага перасялення народаў — Яскавічы 1 пад Салігорскам.

Выкладчыкі кафедры рэгулярна прымаюць удзел у падрыхтоўцы і працы розных канферэнцый, семінараў, круглых сталоў. Важнай складаючай навуковага жыцця кафедры з'яўляецца і студэнцкая навука. Будучыя археолагі штогод прымаюць удзел ва ўніверсітэцкіх, рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях. Магістранты і аспіранты праводзяць самастойныя палявыя археалагічныя даследаванні, вынікі якіх прадстаўляюць у вядучых навуковых выданнях. Многія выхаванцы кафедры з’яўляюцца лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурса студэнцкіх навуковых работ. Важную ролю ў справе павышэння прафесійнага ўзроўня студэнтаў, якія захапляюцца археалогіяй, адыгрывае Археалагічны гурток, заснаваны ў 2004 г. В. С. Абухоўскім. Заахвочванне студэнтаў да ўдзелу у археалагічных разведках і раскопках, правядзенне заняткаў па камеральнай апрацоўцы артэфактаў, арганізацыя майстар-класаў і разгорнутых лекцый айчынных і замежных спецыялістаў — гэта няпоўны спіс напрамкаў дзейнасці гэтай «школы» пачатковых даследчыкаў.

Перыяд канца ХХ ст. – пачатку XXI ст. стаў часам інтэнсіўнага развіцця міжнародных сувязяў кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Кафедра актыўна супрацоўнічае з вядучымі ўніверсітэтамі і навуковымі цэнтрамі блізкага і далёкага замежжа. Устаноўлены кантакты з калегамі з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Швецыі, Ірака. Многія выкладчыкі і студэнты-археолагі праходзілі стажыроўкі ў вядучых навукова-адукацыйных установах Еўропы: Готландскім універсітэце (Швецыя), Ягеллонскім універсітэце, Варшаўскім універсітэце (Польшча). Такая дастаткова шырокая геаграфія кантактаў тлумачыцца актуальнасцю навуковых даследаванняў кафедры, але і таксама ў немалой ступені сведчыць і аб прызнанні навуковай супольнасцю прафесійнага ўзроўню супрацоўнікаў БДУ.

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105   konst   

Кантакты

220037, г. Мінск, вул. Мендзялеева, д. 36
тэл. +375 17 360-09-14
e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. План праезду

Графік працы:
панядзелак–пятніца 8.20–20.30
субота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика