Галоўная

Факультэт

Ідэалагічная і выхаваўчая работа

Адукацыйны працэс

Студэнтам

Абітурыенту

Кафедра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў

Гісторыя кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў

Кафедра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў была створана на гістарычным факультэце БДУ ў чэрвені 1994 г. і з’яўляецца пераемніцай кафедры гісторыі Беларусі, заснаванай у 1958 г. Між тым пачатак вывучэння і выкладання праблематыкі, звязанай з найстаражытнейшай і сярэднявечнай гісторыі Беларусі, супадае з пачаткам самога дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзякуючы намаганням яго першага рэктара прафесара У.І. Пічэты ва ўніверсітэцкай адукацыі пачэснае месца занялі такія дысцыпліны, як гісторыя Беларусі, гісторыя народнай гаспадаркі БССР, гісторыя рускага і беларускага права. Нараўне з рэктарам пазначанай праблематыкай актыўна займаліся М. В. Доўнар-Запольскі, У. М. Ігнатоўскі, Ф. Ф. Турук, Дз. А. Дудкоў, К. І. Кернажыцкі, В. Д. Дружчыц, М. М. Шчакаціхін, пра якіх з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспаміналі першыя студэнты.

Пасля стварэння ў 1934 г. асобнага факультэта з адзінай кафедры ўсеагульнай гісторыі ў 1936 г. вылучылася кафедра гісторыі СССР і БССР, на якой працавалі А. П. П’янкоў, Дз. А. Дудкоў, Ц. С. Гарбуноў. Нягледзячы на складаныя ўмовы, у 1940 г. была створана першая ўніверсітэцкая праграма курса «Гісторыя Беларусі», выкладчыкі гістарычнага факультэта прынялі ўдзел у падрыхтоўцы дапаможніка «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». У 1939 г. на факультэце адбылася абарона першай кандыдацкай дысертацыі. У пасляваенныя гады айчынная гісторыя развівалася і заняла дастойнае месца ў сістэме універсітэцкай адукацыі. У лістападзе 1958 г. пад кіраўніцтвам Л. С. Абецадарскага была створана і прадуктыўна працавала кафедра гісторыі БССР. Пасля сыходу з жыцця вядомага вучонага ў 1975 г. узначальвалі кафедру доктара гістарычных навук, прафесара В. У. Чапко, І. В. Царук, А. П. Ігнаценка. Тым часам з’яўляюцца значныя навучальныя навукова-метадычныя працы: «Хрэстаматыя па гісторыі Беларусі. Са старажытных часоў да 1917 г.» (Мінск, 1977), складальнікамі якой былі прафесары А. П. Ігнаценка і У. Н. Сідарцоў. Пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук А. П. Ігнаценка ў 1984 г. выйшла першая частка «Гісторыі БССР». Нягледзячы на тое, што ў названых работах мелі адчувальны ўплыў канцэптуальна-метадалагічныя палажэнні, закладзеныя ў «Тэзісах аб асноўных пытаннях гісторыі БССР» (ч. 1, 1948), паводле якіх гісторыя беларусаў зводзілася да «імкнення народных мас Беларусі да Маскоўскай дзяржавы», іх неабходна разглядаць як пэўны этап у асэнсаванні гісторыі Беларусі. Класавы падыход і прыярытэт сацыяльна-эканамічнай праблематыкі практычна выключалі магчымасць з’яўлення ў беларускай гістарыяграфіі 1950–1980-х гг. фундаментальных работ па гісторыі дзяржавы і права, шляхецкага саслоўя, царкоўна-рэлігійнай тэматыцы.

Нарэшце, у чэрвені 1994 г. у сувязі з пашырэннем і паглыбленнем вывучэння курса айчыннай гісторыі як на гістарычным, так і на іншых факультэтах БДУ кафедра гісторыі Беларусі была падзелена на дзве: кафедру гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў (загадчык – П. А. Лойка), і кафедру гісторыі Беларусі новага і навейшага часу (загадчык – П. І. Брыгадзін, з 1999 г. загадчык – А. Г. Каханоўскі).

Першым кіраўніком кафедры быў выдатны спецыяліст па гісторыі Беларусі XVII–XVIII стст. Павел Алегавіч Лойка. Пры ім была сфарміравана канцэпцыя спецыяльных курсаў кафедральнай спецыялізацыі, ажыццёўлены адбор кадраў для дыдактычнага і метадычнага забеспячэння падрыхтоўкі спецыялістаў па айчыннай гісторыі XI–XVIII стст. У першае дзесяцігоддзе XXI ст. кафедра ўнесла значны ўклад у вывучэнне гісторыі Беларусі, стварэнне вучэбна-метадычнай літаратуры і падрыхтоўку спецыялістаў для навукі і адукацыі Беларусі. Супрацоўнікамі кафедры былі апублікаваныя навуковыя манаграфіі па розных праблемах гісторыі ВКЛ: П. А. Лойка «Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVI–ХVIII ст.» (Мінск: Навука i тэхніка, 1991), П. А. Лойка (Мінск: БДУ, 2002), У. П. Емяльянчык «Паланез для касінераў (з падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі на Беларусі)» (Мінск: Беларусь, 1994), У. А. Сосна (Мінск: БДУ, 2000), Ю. М. Бохан «Узбраенне войска ВКЛ другой паловы ХIV – канца ХVI ст.» (Мінск: Экаперспектыва, 2002). У той жа час намаганнямі супрацоўнікаў кафедры была створана серыя вучэбных дапаможнікаў, што садзейнічала станаўленню айчыннай сістэмы гістарычнай адукацыі. За кароткі час было падрыхтавана і выдадзена 25 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, у якіх шматбакова ў еўрапейскім геапалітычным аспекце разглядаецца гісторыя беларускіх земляў.

З’яўленне новай кафедры запатрабавала перабудовы асноўнага навучальнага курса, які пачаў чытацца для студэнтаў-гісторыкаў толькі ў яе рамках на працягу трох семестраў, і істотнага перагляду спецыялізацыі. Кафедра цалкам пераключаецца на спецыялізацыю «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага» і з 1994 г. забяспечвае таксама курсы «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» і «Гісторыя культуры Беларусі».

Асноўнымі напрамкамі навукова-даследчай работы кафедры сталі праблемы эвалюцыі саслоўнай структуры грамадства і працэсаў дзяржаўнага будаўніцтва на беларускіх землях у эпоху Сярэднявечча і Новага часу, сацыяльных супярэчнасцей у беларускім грамадстве ХV – першай паловы ХIХ ст. Супрацоўнікі кафедры прымалі таксама асноўны ўдзел у распрацоўцы наступных навукова-даследчых работ: «Палітычны крызіс і дзяржаўныя рэформы ў Беларусі ў еўрапейскім кантэксце (другая палова ХVII–ХVIII ст.)» (навуковы кіраўнік – П. А. Лойка); «Стратыфікацыя беларускага грамадства на фоне агульнаеўрапейскіх працэсаў ХVI – першай паловы ХIХ ст.» (навуковы кіраўнік – Ю. Л. Казакоў), «Шляхецкае саслоўе Вялікага Княства Літоўскага ў XVI – XVII стст.: прававое становішча, сацыяльная актыўнасць, канфесійны склад» (навуковы кіраўнік – А. У. Любы). Вынікам праведзеных даследаванняў стала выданне каля 300 навуковых прац, у тым ліку пяці манаграфій, некалькіх дзясяткаў падручнікаў, вялікай колькасці артыкулаў і навукова-метадычных распрацовак. Акрамя таго, выкладчыкі кафедры займаюцца даследаваннем асобных тэм па індывідуальным плане.

Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, вызначальную ролю ў сацыяльна-эканамічным, культурным жыцці якога адыгрывалі беларускія землі, складае аснову ў выкладанні спецыяльных курсаў па кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў. Яны прысвечаны праблемам гістарыяграфіі і крыніцазнаўства, сярод якіх асобныя – па Метрыцы ВКЛ, аграрнай і гарадской тэматыцы, знешніх і ўнутрыпалітычных адносінах, канфліктах і спробах іх вырашэння, ваеннай справе і мастацтве, эвалюцыі сацыяльнай структуры вялікакняжацкага грамадства, пытаннях рэлігійнага і культурнага жыцця. Усяго было распрацавана каля 30 спецыяльных курсаў і курсаў па выбары.

З 2006 да 2016 г. пасаду загадчыка кафедры займаў Ю. Л. Казакоў, у 2016–2017 г. – П. І. Брыгадзін, з 2017 да 2023 г. – У. А. Падалінскі, з кастрычніка 2023 г. – С. М. Цемушаў.

За 30 год існавання кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў была створана навуковая школа па вывучэнні гісторыі ВКЛ. Абаронены кандыдацкія дысертацыі па гісторыі адукацыі ў ВКЛ (А. Ф. Самусік), мастацтва (А. А. Скеп’ян), міждзяржаўных адносін і ўнутрыпалітычных праблем (Л. В. Нікалаева, Г. В. Прыбытка, А. В. Любы, А. Б. Доўнар, У. А. Падалінскі, Т. І. Нарэйка (Палікоўская)), ускраіных рэгіёнаў ВКЛ – Смаленскай і Полацкай зямлі (Г. А. Ластоўскі, В. А. Варонін). За апошнія трыццаць гадоў на кафедры падрыхтавана і абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый. На працягу свайго існавання кафедра падрыхтавала кадры вышэйшай кваліфікацыі для навуковых (НАНБ, НГАБ) і адукацыйных устаноў Рэспублікі Беларусь (БДУ, Ліцэй БДУ, ПДУ, БНТУ, БДАМ, БДУІР, БДЭУ), а таксама блізкага замежжа.

Цягам апошніх трох дзесяцігоддзяў на кафедры працягваецца навуковая дзейнасць у галіне даследаванняў сацыяльна-эканамічнай гісторыі, што з’яўляецца працягам традыцый кафедры гісторыі Беларусі 1970–1980-х гг. (А. П. Ігнаценка – У. А. Сосна). У 1990-я – 2000-я гг. цалкам склалася школа сацыяльна-палітычнай гісторыі П. А. Лойкі, якая мела працяг у навуковай дзейнасці яго вучняў у 2010-х гг. У 2000–2010-я гг. з’яўляюцца даследаванні па ўнутрыпалітычных канфліктах у Беларусі (А. У. Любы, М. А. Шніп) і канфесійнай гісторыі (А. Р. Дзянісава). З 2019 г. на кафедры вялася падрыхтоўка дактарантаў па праблемах этнічнай гісторыі, гісторыі парламентарызму і гістарыяграфіі гісторыі Беларусі. Апублікаваны манаграфіі і зборнікі навуковых матэрыялаў па навуковай праблематыцы кафедры.

У пачатку XXI ст. супрацоўнікі кафедры прымалі актыўны ўдзел у напісанні нацыянальнага гістарычнага наратыву («Гісторыя Беларусі» ў 6 т., «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» ў 5 т. і інш.). Выкладчыкі кафедры прымалі ўдзел у стварэнні вучэбных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, пачынаючы ад першых нацыянальных падручнікаў суверэннай Беларусі (П. А. Лойка, У. А. Сосна) да сучасных падручнікаў новага пакалення (С. М. Цемушаў, Ю. М. Бохан, А. У. Любы, А. Р. Дзянісава). У 2019 г. калектывам кафедры падрыхтаваны і выдадзены вучэбны дапаможнік для гістарычных факультэтаў па гісторыі Беларусі (т. 1). Таксама загадчыкі кафедры розных гадоў – П. І. Брыгадзін і С.М. Цемушаў – прынялі ўдзел у напісанні вучэбнага дапаможніка для ўстаноў вышэйшай адукацыі па вучэбнай дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».

З 2010 г. кафедра рэгулярна праводзіць навуковыя мерапрыемствы (круглыя сталы, Боханаўскія і Лойкаўскія чытанні), якія з’яўляюцца значнымі і вядомымі ў рэспубліцы дыскусійнымі пляцоўкамі па праблемах гісторыі Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага.

Вядзецца актыўная работа са студэнцкім актывам: студэнты кафедры бяруць удзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах навуковых работ, вядуць актыўную публікацыйную дзейнасць. Сярод найбольш значных дасягненняў студэнтаў – публікацыя факсіміле архангельскага спісу «Евангелля» Васіля Цяпінскага. З 2014 г. на рэгулярнай аснове функцыянуе навуковы семінар па праблемах гісторыі Беларусі эпохі Сярэднявечча і ранняга Новага часу «Seminarium. Прастора ВКЛ» (куратар А. У. Любы), а з 2023 г. і студэнцкі клуб па гістарычнай картаграфіі «Гісторыя на карце (картаграфаванне гісторыі)» (куратар С. М. Цемушаў).

Кафедра актыўна далучаецца да прафарыентацыі школьнікаў праз удзел у алімпіядным руху. Акрамя таго, дацэнт кафедры А. Р. Дзянісава з’яўляецца стваральнікам і куратарам «Школы маладога гісторыка», якая дзейнічае на гістарычным факультэце БДУ ўжо больш за дзесяць гадоў.

На працягу трох дзесяцігоддзяў кафедра падтрымлівала і працягвае развіваць навуковыя сувязі як з унутрырэспубліканскімі, так і з замежнымі цэнтрамі па вывучэнні гісторыі Сярэднявечча і ранняга Новага часу рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105   konst   

Кантакты

220036, г. Мінск, вул. Чырвонаармейская, д. 6
тэл. +375 17 259-72-23
e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. План праезду

Графік працы:
панядзелак–пятніца 8.20–20.30
субота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика