Галоўная

Факультэт

Ідэалагічная і выхаваўчая работа

Адукацыйны працэс

Студэнтам

Абітурыенту

Гісторыя кафедры

Гісторыя кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў

У пачатку 1920-х гг. утвараўся і рабіў першыя крокі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Дзякуючы намаганням яго першага рэктара прафесара У.І. Пічэты, ва ўніверсітэцкай адукацыі ганаровае месца занялі такія дысцыпліы, як гісторыя Беларусі, гісторыя народнай гаспадаркі БССР, гісторыя рускага і беларускага права. У цэнтры гэтай працы, акрамя рэктара, стаялі М.В. Доўнар-Запольскі, У.М. Ігнатоўскі, Ф.Ф. Турук, Д.А. Дудкоў, К.І. Кернажыцкі, В.Д. Дружчыц, М.М. Шчакаціхін, аб якіх з цяплом і ўдзячнасцю ўзгадвалі першыя студэнты сацыяльна-гістарычнага аддзялення педфака.

Пасля фарміравання ў 1934 г. асобнага факультэта з адзінай кафедры ўсеагульнай гісторыі ў 1936 г. вылучылася кафедра гісторыі СССР і БССР, на якой працавалі А.П. П’янкоў, Д.А. Дудкоў, Ц.С. Гарбуноў. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у 1940 г. была створана першая ўніверсітэцкая праграма курса «Гісторыя Беларусі», выкладчыкі прынялі ўдзел у падрыхтоўцы дапаможніка «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». У 1939 г. на гістфаку адбылася абарона першай кандыдацкай дысертацыі. У пасляваенныя гады айчынная гісторыя развівалася і заняла сваё трывалае месца ў сістэме ўніверсітэцкай адукацыі. У лістападзе 1958 г. пад кіраўніцтвам Л.С. Абэцэдарскага была створана і эфектыўна дзейнічала кафедра гісторыі БССР. Пасля страты вядомага вучонага ў 1975 г. кафедру ўзначальвалі дактары гістарычных навук, прафесары В.У. Чапко, І.В. Царук, А.П. Ігнаценка.

У гэты час з’яўляюцца значныя вучэбныя навукова-метадычныя работы: «Хрестоматия по истории Белоруссии. С древнейших времен до 1917 г.» (Мн., 1977), складальнікамі якой з’яўляліся прафесары А.П. Ігнаценка і У.Н. Сідарцоў. Пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук А.П. Ігнаценкі ў 1984 г. выйшла першая частка «Гісторыі БССР». Аднак у вышэйназваных працах мелі адчувальны ўплыў канцэптуальна-метадалагічныя палажэнні, якія былі закладзены ў «Тэзісах аб асноўных пытаннях гісторыі БССР» (ч. 1, 1948), згодна з якімі гісторыя беларусаў зводзілася да «імкнення народных масаў Беларусі да Маскоўскай дзяржавы». Гіпертрафіраваны класавы падыход практычна выключаў магчымасць з’яўлення ў беларускай гістарыяграфіі 1950–1980-х гг. грунтоўных работ па гісторыі дзяржавы і права, шляхецкага саслоўя, царкоўна-рэлігійнай тэматыцы.

У чэрвені 1994 г. у сувязі з пашырэннем і паглыбленнем вывучэння курса айчыннай гісторыі як на гістарычным, так і на іншых факультэтах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кафедра падзялілася на дзве: кафедру гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў (загадчык – П.А. Лойка, з 2006 г. – загадчык Ю.Л. Казакоў) і кафедру гісторыі Беларусі новага і навейшага часу (загадчык – П.І. Брыгадзін, з 1999 г. загадчык – А.Г. Каханоўскі).

Грамадска-палітычныя пераўтварэнні адкрылі для грамадства, і ў першую чаргу для студэнтаў, раней затабуіраваныя праблемы мінулага Беларусі: праблемы палітычнай гісторыі, развіцця дзяржаўнага ладу, ваеннай гісторыі, уплыву на становішча соцыума пратэстанцкай і ўніяцкай цэркваў, шматграннасці культуры ў ХVI–ХVIII стст., нарэшце, поліэтнічнасці і поліканфесійнасці Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, якое прайшло шлях ад ваенна-абарончага саюза балцкіх і ўсходнеславянскіх зямель ХIII–ХIV стст. да агульнадзяржаўнай кансалідацыі ў адзіную Айчыну ХV–ХVI стст.

На практыцы гэта ўвасобілася ў выданні 25 вучэбных дапаможнікаў для сярэдніх школ і вышэйшых навучальных устаноў, дзе ўсебакова разглядалася гісторыя Беларусі. Кафедральнымі супрацоўнікамі былі апублікаваны навуковыя манаграфіі па розных праблемах гісторыі ВКЛ: П.А. Лойка «Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVI–ХVIII ст.» (Мн., 1991) і «Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы ХVI–першай трэці ХVII ст.» (Мн., 2002), У.П. Емельянчык «Паланез для касінераў (з падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі на Беларусі)» (Мн., 1994), У.А. Сосна «Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы ХVIII–першай палове ХIХ ст.» (Мн., 2000), Ю.М. Бохан «Узбраенне войска ВКЛ другой паловы ХIV–канца ХVI ст.» (Мн., 2002).

З’яўленне новай кафедры выклікала перабудову асноўнага курса, які стаў праводзіцца для студэнтаў-гісторыкаў на працягу трох семестраў, і істотны перагляд спецыялізацыі. Кафедра цалкам пераключылася на спецыялізацыю «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага» і з 1994 г. забяспечвала таксама выкладанне дысцыплін «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі», «Гісторыя культуры Беларусі». Асноўнымі напрамкамі навукова-даследчай работы кафедры сталі праблемы эвалюцыі саслоўнай структуры грамадства і працэсаў дзяржаўнага будаўніцтва, сацыяльныя супярэчнасці ў беларускім грамадстве ў эпоху Сярэдневечча і ранняга Новага часу. Супрацоўнікі кафедры прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы навуковых праграм «Палітычны крызіс і дзяржаўныя рэформы ў Беларусі ў еўрапейскім кантэксце (другая палова ХVII–ХVIII ст.)» (навуковы кіраўнік – П.А. Лойка), «Стратыфікацыя беларускага грамадства на фоне агульнаеўрапейскіх працэсаў ХVI–першай паловы ХIХ стст.)» (навуковы кіраўнік – Ю.Л. Казакоў). Вынікам праведзеных даследаванняў стала выданне каля 300 навуковых работ, у тым ліку пяці манаграфій, вялікай колькасці падручнікаў і дапаможнікаў, артыкулаў і навукова-метадычных распрацовак.

На сучасным этапе кафедра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў з’яўляецца адзінай універсітэцкай кафедрай, якая спецыялізуецца на вывучэнні гісторыі беларускіх зямель IX–XVIII стст. (у 2016–2017 г. загадчыкам кафедры з’яўляўся П.І. Брыгадзін, з 2017 г. кафедру ўзначальвае У.А. Падалінскі). У цэнтры навуковай увагі яе супрацоўнікаў знаходзяцца першыя гістарычныя формы беларускай дзяржаўнасці: Полацкае, Тураўскае і іншыя княствы IX–XIII стст., Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая. Разнастайным з’яўляецца і поле навуковых інтарэсаў выкладчыкаў кафедры: прадстаўнічыя інстытуты ўлады і палітычныя эліты, сельская абшчына і сацыяльна-эканамічныя працэсы, гісторыя дынастый і ўрбаністыка, Рэфармацыя і грамадска-палітычная думка, сялянскае пытанне і інстытуты самакіравання, праваслаўныя манастыры і міжканфесіянальныя адносіны, станаўленне сярэднявечнай дзяржаўнасці і гістарыяграфія гісторыі Беларусі, культура і міждзяржаўныя дачыненні. Выкладчыкі публікуюць вынікі сваіх даследаванняў як у калектыўных, так і аўтарскіх навуковых манаграфіях: У.А. Падалінскі «Прадстаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага на Люблінскім сойме 1569 года: удзел у працы першага вальнага сойма Рэчы Паспалітай» (Мн., 2017), Дз.В. Скварчэўскі «Навука звяздарская: астраномія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV–XVII ст.» (Мн., 2022).

На кафедры дзейнічае навуковая школа, закладзеная яе першым загадчыкам П.А. Лойкам. Супрацоўнікі, у тым ліку і яго вучні, працягваюць паглыбленае вывучэнне палітычнай гісторыі і сацыяльных адносін на беларускіх землях XIII–XVIII стст. За гады існавання кафедры яе выпускнікі абаранілі шэраг кандыдацкіх дысертацый, прысвечаных разнастайным праблемам айчыннай гісторыі перыяду Сярэднявечча і ранняга Новага часу: В. Аніпяркоў, М. Волкаў, А. Дзянісава, А. Любы, А. Любая, Л. Мікалаева, У. Падалінскі, А. Самусік, Дз. Скварчэўскі, А. Скеп’ян, Н. Скеп’ян, Н. Стахно, Т. Нарэйка, В. Цішчанка, М. Шніп і інш. Працягваецца распрацоўка навуковых тэм, у тым ліку ў межах праектаў Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. У 2016–2018 гг. на кафедры быў выкананы навуковы праект БРФФД «Палітычныя эліты ўсходнебеларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага ў сітуацыі памежжа (1569–1606 гг.)» (навуковы кіраўнік У.А. Падалінскі). У 2018 г. пад кіраўніцтвам Ю.Л. Казакова была праведзена навуковая работа «Еўеўскі буквар 1618 г.: сусветная і гісторыка-культурная спадчына». Выконваецца кафедральная навуковая тэма «Эвалюцыя сацыяльна-палітычных адносін на беларускіх землях у XIII–XVIII стст.». З 2021 г. у межах дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы” на кафедры распрацоўваецца падзаданне “Шляхецкае саслоўе Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVII стст.: прававое становішча, сацыяльная актыўнасць, канфесійны склад” (навуковы кіраўнік У.А. Падалінскі).

Выкладчыкі кафедры забяспечваюць выкладанне шырокага кола дысцыплін на I-й і II-й ступені атрымання вышэйшай адукацыі на гістарычным факультэце БДУ, у першую чаргу звязаных з гісторыяй Беларусі IX–XVIII стст. Чытаюцца такія дысцыпліны, як «Гісторыя Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў», «Гісторыі Беларусі Новага часу», «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі». Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, вызначальную ролю ў сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці якога адыгрывалі беларускія землі, складае аснову ў выкладанні спецыяльных дысцыплін па кафедры. Яны прысвечаны праблемам гістарыяграфіі і крыніцазнаўства, аграрнай і гарадской тэматыцы, знешнім і ўнутрыпалітычным адносінам, прадстаўнічым інстытутам улады, інтэлектуальнай гісторыі, пытанням рэлігійнага і культурнага жыцця. Сярод дысцыплін па выбары студэнтаў падрыхтаваны курсы «Арганізацыя дзейнасці канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага», «Гісторыя дакументальнага забеспячэння дыпламатычнай службы ў Беларусі», «Прававая культура Беларусі ў XIV–XVIII стст.». Таксама выкладчыкі кафедры забяспечваюць выкладанне вучэбнай дысцыпліны « Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» на іншых факультэтах БДУ. На II-й ступені атрымання вышэйшай адукацыі выкладаюцца дысцыпліны, якія паглыблена разглядаюць праблемы сацыяльных канфліктаў, месца Беларусі ў сістэме міжнародных адносін, дынастычных і палітычных эліт беларускіх зямель, навацый у выкладанні айчыннай гісторыі і інш. Для прафілізацыі «Беларускія і славянскія даследаванні» распрацаваны і выкладаюцца дысцыпліны на англійскай мове (У.А. Падалінскі, Дз.В. Скварчэўскі).

Кафедра актыўна бярэ ўдзел у вучэбна-метадычнай і прафарыентацыйнай рабоце. У значнай ступені намаганнямі выкладчыкаў кафедры была падрыхтавана першая частка вучэбнага дапаможніка для студэнтаў гістарычнага факультэта: Гісторыя Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.: Вучэбны дапаможнік. – Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст. / Пад рэдакцыяй П.І. Брыгадзіна, А.Г. Каханоўскага, С.М. Ходзіна. – Мінск: БДУ, 2018. Аўтарамі школьных падручнікаў па гісторыі Беларусі з’яўляюцца дацэнты У.А. Сосна, А.У. Любы і А.Р. Дзянісава. Усё больш актыўна да навучання на кафедры прыцягваюцца замежныя студэнты (на ўсіх ступенях атрымання вышэйшай адукацыі). А.Р. Дзянісава з’яўляецца куратарам «Школы юнага гісторыка» на гістарычным факультэце БДУ, дзейнасць якой накіравана на вывучэнне школьнікамі айчыннай і сусветнай гісторыі, на знаёмства з жыццём і дзейнасцю факультэта. З 2104 г. на кафедры дзейнічае навуковы семінар «Seminarium: Прастора ВКЛ» (адказны А.У. Любы), дзе адбываюцца сустрэчы студэнтаў з вядучымі навукоўцамі ў галіне вывучэння гісторыі Беларусі. Выпускнікнікі кафедры працуюць на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, у навуковых інстытутах, музеях, архівах, бібліятэках, рэалізуюць сябе і ў іншых, самых розных сферах дзейнасці.

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105   konst   

Кантакты

220037, г. Мінск, вул. Мендзялеева, д. 36
тэл. +375 17 360-09-14
e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. План праезду

Графік працы:
панядзелак–пятніца 8.20–20.30
субота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика