Дзейнасць кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ пачалася ў 1936 г., калі на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта была створана кафедра гісторыі старажытнага свету і гісторыі сярэдніх вякоў. Праз тры гады яна была падзелена на дзве самастойныя кафедры, кожная з якіх адразу была ўключана ў сістэму падрыхтоўкі навуковых кадраў праз аспірантуру.
Кафедру гісторыі старажытнага свету ўзначальваў акадэмік М. М. Нікольскі, кафедру гісторыі сярэдніх вякоў – акадэмік У. М. Перцаў. У 1959 г. абедзве кафедры былі аб’яднаныя ў адзіную кафедру гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, загадчыкам якой стаў У. М. Перцаў. У 1960–1977 гг. кафедру ўзначальваў прафесар‑антыказнаўца Ф. М. Нячай, чые даследаванні былі прысвечаны галоўным чынам гісторыі Старажытнага Рыма; яму належаць манаграфіі «Рым і італікі» і «Утварэнне рымскай дзяржавы». Яго вучнямі сталі К. А. Равяка, В. І. Ханкевіч, В. А. Фядосік, М. І. Мініцкі.
Фарміраванне навуковых школ
У тыя ж гады перад кафедрай востра паўстала задача падрыхтоўкі спецыялістаў па гісторыі Старажытнага Усходу і старажытнай Грэцыі. Паколькі сфарміраваць іх у Мінску тады не ўяўлялася магчымым, таленавітыя аспіранты былі накіраваны на навучанне ў Ленінград: В. Н. Рабцэвіч і Г. І. Даўгяла – ў аспірантуру пры Эрмітажы, М. С. Корзун – у аспірантуру Ленінградскага ўніверсітэта. Аб’яднанне намаганняў вучоных Маскоўскага, Ленінградскага, Беларускага ўніверсітэтаў і Эрмітажа забяспечыла кафедры трывалую аснову для далейшага самастойнага развіцця і станаўлення навуковых школ па антыказнаўстве, медыевістыцы і ўсходазнаўстве.
З 1977 г. кафедру ўзначальваў прафесар Д. С. Клімовскі, які заўчасна пайшоў з жыцця ў 1982 г. У 1982–1988 гг. кафедрай кіравала дацэнт Н. А. Гусакова, вядомы беларускі спецыяліст‑медыевіст. У 1988–2020 гг. загадчыкам кафедры быў вучань прафесара Ф. М. Нячая – прафесар В. А. Фядосік, адзін з вядучых у краіне антыказнаўцаў і медыевістаў, аўтар шэрагу манаграфій, энцыклапедычных і навукова‑папулярных выданняў («Таінствы без таямніц. Узнікненне і сацыяльная сутнасць першых хрысціянскіх таінстваў», 1979; «Крытыка багаслоўскіх канцэпцый сутнасці хрысціянскага катэхуменату», 1983; «Касцёл і дзяржава: крытыка багаслоўскіх канцэпцый», 1988; «Кіпрыян і антычнае хрысціянства», 1991; «Юдэйская вайна» (1991) і «Юдэйскія старажытнасці» (1994), «Сем цудаў свету», «Антычнасць вачыма Сярэднявечча», «Сярэднявечны свет», «Старажытны свет. Культура, мастацтва, гісторыя», «Нарысы гісторыі хрысціянскай царквы ў Еўропе» і інш.); усяго ім апублікавана больш за 320 навуковых і навукова‑метадычных прац.
У 2020–2023 гг. кафедру гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ ўзначальваў прафесар А. А. Прохараў. У гэты перыяд былі істотна пашыраны навуковыя і адукацыйныя сувязі з універсітэтамі Кітая: на гістарычны факультэт БДУ прыязджаюць вучыцца кітайскія магістранты і аспіранты, развіваецца акадэмічная мабільнасць і сумесныя праекты. Па ініцыятыве А. А. Прохарава кафедра стала адным з арганізатараў міжнароднай магістарскай праграмы гістарычных факультэтаў БДУ і МДУ імя М. В. Ламаносава «Гісторыя беларускай дыяспары» (2019).
З 2024 г. кафедру ўзначальвае дацэнт Н. У. Кошалева, кандыдат гістарычных навук, выпускніца гістарычнага факультэта БДУ. Яна спецыялізуецца ў галіне ўсходазнаўства і ісламазнаўства; яе навуковыя інтарэсы звязаны з гісторыяй ісламу, міжцывілізацыйным і міжрэлігійным узаемадзеяннем. Н. У. Кошалева – аўтар больш як 120 навуковых і вучэбных публікацый, у тым ліку вучэбных дапаможнікаў і кнігі «Гісторыя Карэі з найстаражытнейшых часоў да нашых дзён» (у сааўтарстве), а таксама артыкулаў па ісламу і мусульманскай цывілізацыі. Пад яе кіраўніцтвам кафедра развівае даследаванні па асноўных навуковых галінах кафедры, умацоўвае міжнародныя кантакты і ўдзельнічае ў навукова‑адукацыйных праектах.
Навуковыя напрамкі і падрыхтоўка кадраў
Кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў з’яўляецца вядучым спецыялізаваным навуковым цэнтрам Беларусі ў галінах антыказнаўства, медыевістыкі, гісторыі Старажытнага Ўсходу і гісторыі рэлігіі. Тут распрацоўваюцца праблемы гісторыі Старажытнага Рыма і цывілізацыі Старажытнай Грэціі, антычнага і раннясярэдневяковага хрысціянства, познеантычнай і сярэдневяковай ментальнасці, германскага Сярэднявечча. Пры кафедры дзейнічаюць аспірантура і дактарантура; большасць кандыдатаў і дактароў навук у Беларусі па антыказнаўстве, медыевістыцы, усходазнаўстве і рэлігіязнаўстве падрыхтаваны менавіта на гістарычным факультэце БДУ. Сучасны калектыў кафедры цалкам сфарміраваны з выпускнікоў гістарычнага факультэта БДУ.
У розныя гады на кафедры працавалі доктар гістарычных і доктар філасофскіх навук, прафесар Г. М. Лівшыц, спецыяліст па антыказнаўстве і іудаіцы; дацэнт Р. А. Нікольская – антыказнаўца і рэлігіязнаўца; прафесар‑медыевіст Ю. Я. Івонін; дацэнт‑хетолаг Г. І. Даўгяла; прафесар К. А. Равяка, спецыяліст па Пунічных войнах Рыма. Тут выкладалі знаныя лаціністы прафесар Н. А. Ганчарова, С. І. Пільман, Б. А. Мельцэр і інш.
На кафедры сфарміраваліся ўласныя навуковыя школы па антыказнаўстве і ўсходазнаўстве, індаеўрапейскай старажытнасці, гісторыі антычнага і сярэдневяковага хрысціянства, рэлігіязнаўстве, германістыцы. Ад акадэміка М. М. Нікольскага пачынаецца лінія развіцця беларускага ўсходазнаўства; у 1960‑я гг. дзякуючы працам дацэнта Г. І. Даўгялы, вучонага‑хетолага і індаеўрапеіста, які пісаў дысертацыю пад кіраўніцтвам І. М. Дз’яканaва, беларускае антыказнаўства атрымала новы імпульс. Інтарэс да індаеўрапейскай старажытнасці і ўсходазнаўства ён перадаў сваім вучням А. А. Прохараву і А. В. Перзашкевічу, якія працягваюць развіваць гэтыя напрамкі ў БДУ.
Даследаванне гісторыі старажытнай Грэцыі на кафедры развівалі вучні М. М. Нікольскага У. І. Шаўчэнка і Р. А. Нікольская, а таксама прафесар М. С. Корзун. Ля вытокаў распрацоўкі гісторыі Старажытнага Рыма стаяў прафесар Г. М. Лівшыц, аўтар манаграфіі «Класавая барацьба ў Іудзеі і паўстанні супраць Рыма». Прафесар К. А. Равяка працягнуў традыцыі кафедры ў вывучэнні гісторыі Старажытнага Рыма. Яго манаграфія «Пунічныя войны» стала класічнай для савецкай навукі. Пытанні сацыяльна‑палітычнай гісторыі і дзяржаўна‑прававога ладу Старажытнага Рыма даследавала В. І. Ханкевіч. У наш час традыцыі антыказнаўства працягвае развіваць дацэнт А.У. Казленка, які надае асаблівую ўвагу ваенна‑палітычнай гісторыі Старажытнага Рыма.
З імёнамі М. М. Нікольскага, аўтара «Гісторыі Рускай царквы», і Г. М. Ліўшыца, аўтара серыі манаграфій пра рэлігію, атэізм і вальнадумства ў розныя эпохі, звязана фарміраванне на кафедры рэлігіязнаўчага напрамку. Уласную школу вывучэння антычнага і раннесярэдневяковага хрысціянства стварыў прафесар В. А. Фядосік; па гэтай тэматыцы яго вучні абаранілі сем кандыдацкіх і адну доктарскую дысертацыю. У цяперашні час на кафедры актыўна развіваюцца даследаванні па гісторыі рэлігій. А. А. Прохараў вывучае рэлігійныя вераванні славян, хрысціянства і іудаізм, а таксама рэлігіі Усходу; санскрытолаг А. В. Перзашкевіч канцэнтруе свае даследаванні на рэлігійных традыцыях Азіі, найперш Індыі. Н. У. Кошалева спецыялізуецца ў галіне ісламазнаўства, надаючы ўвагу і іншым усходнім рэлігіям.
Даследаванне гісторыі сярэдніх вякоў на кафедры пераважна арыентавана на германістыку, аснову якой заклаў акадэмік У. М. Перцаў. Гісторыяй сярэдневяковай Германіі займалася дацэнт Л. П. Сушкевіч. Традыцыі германістыкі і англасаксаністыкі, што склаліся ў сценах БДУ, развівае прафесар І. А. Еўтухоў, чые навуковыя інтарэсы звязаны з вывучэннем заходнееўрапейскай ментальнасці позняй антычнасці і ранняга Сярэднявечча. Праблемамі Познега Сярэднявечча занимается доцент Е. Д. Смирнова, которая дацэнт А. Дз. Смірнова, якая асаблівую ўвагу надае даследаванню гісторыі паўсядзённасці. Сярод антыказнаўцаў і медыевістаў іншых універсітэтаў Беларусі большасць складаюць выпускнікі аспірантуры кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў. Педагагічнай дзейнасцю на кафедры займаюцца яе выпускнікі‑сумяшчальнікі: дацэнт Н. А. Пашкоў (выпускнік аспірантуры), старшы выкладчык Н. А. Гуль, выкладчыкі Ю. С. Кухарчык і М. М. Слабажанін.
Міжнароднае супрацоўніцтва
Калектыў кафедры падтрымлівае цесныя навуковыя сувязі з універсітэтамі Масквы, Санкт‑Пецярбурга, Смаленска, Казані і іншых гарадоў, а таксама з калегамі з КНР, Казахстана, Індыі, і іншых краін. Значны ўклад у міжнароднае супрацоўніцтва ўносіць А. В. Перзашкевіч, які ўваходзіць у кіраўніцтва таварыстваў дружбы «Беларусь – Індыя» і «Беларусь – Іран» і супрацоўнічае з шэрагам міжнародных навуковых арганізацый.
Публікацыі, падручнікі і канферэнцыі
Штогод супрацоўнікі кафедры выдаюць манаграфіі і артыкулы па гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў у беларускіх і замежных часопісах, у тым ліку ў выданнях вядучых навуковых цэнтраў Расіі, краін СНД і Азіі. Акрамя манаграфій і артыкулаў, калектыў актыўна рыхтуе падручнікі і вучэбныя дапаможнікі для ВНУ і школ па дысцыплінах, якія забяспечвае кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ. Традыцыя навучальнага кнігавыдання бярэ пачатак з прац акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава: яшчэ ў 1912 г. у Маскве выйшаў гімназічны падручнік У. М. Перцава па гісторыі старажытнай Грэцыі, а ў 1952 г. пад рэдакцыяй У. М. Дз’якава і М. М. Нікольскага быў выдадзены падручнік па гісторыі старажытнага свету для настаўніцкіх інстытутаў.
У ўмовах незалежнай Беларусі кафедра забяспечыла напісанне школьных падручнікаў па гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, а таксама шэрагу дапаможнікаў і курсаў лекцый па гісторыі Старажытнага Усходу, старажытнай Грэцыі, сярэдневяковай Еўропы і гісторыі рэлігій. У памяць пра заснавальнікаў – акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава – з канца 1990‑х гг. кафедра раз на два гады праводзіць міжнародныя навуковыя чытанні «Лістападаўскія сустрэчы». Гэта аўтарытэтная канферэнцыя для антыказнаўцаў, усходазнаўцаў і медыевістаў з Беларусі, Расіі, краін СНД і Азіі; матэрыялы чытанняў друкуюцца ў зборніках, профільных часопісах і размяшчаюцца ў электроннай бібліятэцы БДУ.






