Галоўная

Факультэт

Ідэалагічная і выхаваўчая работа

Адукацыйны працэс

Студэнтам

Абітурыенту

Кафедра гісторыі новага і навейшага часу

Гісторыя кафедры гісторыі новага і навейшага часу

Кафедра гісторыі Новага і Навейшага часу БДУ - старэйшы і самы буйны ў Беларусі цэнтр даследаванняў і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне новай і навейшай гісторыі замежных краін. У кастрычніку 2022 г. кафедра адзначыла 85-гадовы юбілей. За гады яе існавання падрыхтавана 7 дактароў і каля 60 кандыдатаў гістарычных навук.

Кафедра створана праз тры гады пасля адкрыцця гістарычнага факультэта ў БДУ. 29 кастрычніка 1937 г. быў падпісаны загад аб уступленні на пасаду загадчыка кафедры новай гісторыі (так яна называлася да 1950-х гг.) маладога аспіранта з Ленінграда Л. М. Шнэрсана. Першапачатковы склад кафедры - чацвёра супрацоўнікаў - заставаўся нязменным да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Асноўным напрамкам навуковай работы была знешняя палітыка еўрапейскіх дзяржаў у ХІХ - пачатку XX ст. Аднак сур'ёзных даследаванняў па гэтай праблематыцы ў той час не праводзілася.

У 1936-1939 гг. ва ўніверсітэце рабіліся спробы стварэння ўсходазнаўчай кафедры па новай гісторыі залежных і каланіяльных краін. З-за адсутнасці ў рэспубліцы неабходных спецыялістаў гэтыя спробы не мелі поспеху. З 1937 г. курс гісторыі Усходу на факультэце амаль поўнасцю забяспечваў сумяшчальнік з Ленінграда, у будучыні вядомы спецыяліст па гісторыі Кітая Г. В. Яфімаў.

У пасляваенны перыяд кафедра гісторыі Новага і Навейшага часу становіцца вядучым у рэспубліцы цэнтрам навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі адмыслоўцаў адпаведнага профіля. Агульнапрызнаны напрамак яе навуковай дзейнасці - вывучэнне гісторыі міжнародных адносін XIX-XX стст. Вялікі ўклад у даследаванне знешняй палітыкі еўрапейскіх дзяржаў апошняй трэці XIX ст. і падрыхтоўку навуковых кадраў унёс прафесар Л. М. Шнеерсон, які нязменна кіраваў кафедрай да 1989 г. Прычыны і дыпламатычную падрыхтоўку Першай сусветнай вайны глыбока і ўсебакова даследаваў прафесар М. П. Палетыка. Ім быў прадстаўлены да выдання рукапіс манаграфіі, прысвечанай дзейнасці II Інтэрнацыянала напярэдадні і ў гады Першай сусветнай вайны, якая так і не выйшла ў свет: канцэпцыя і многія высновы вучонага не супадалі з агульнапрынятым у савецкай гістарыяграфіі пунктам гледжання. Вынікам плённай дзейнасці прафесара Г. М. Трухнова з'явіўся цыкл манаграфій па гісторыі міжнародных адносін 1920–30-х гг. Навуковец пакінуў пасля сябе вялікую групу ўдзячных вучняў. Прыкметны ўклад у даследаванне германа-польскіх адносін паміж дзвюма сусветнымі войнамі ўнёс прафесар Д. С. Клімоўскі. Дацэнт М. Г. Елісееў даследаваў складаныя праблемы ўзаемаадносін паміж дзвюма нямецкімі дзяржавамі ў перыяд халоднай вайны.

Цяперашні склад кафедры, які сфарміраваўся ў 1970–90-х гг., прытрымліваецца лепшых традыцый сваіх настаўнікаў і папярэднікаў. Навуковыя інтарэсы кафедры звязаны з вывучэннем актуальных праблем сучаснасці, гісторыяй асобных краін і рэгіёнаў свету. Прафесар В. C. Кошалеў, загадчык кафедры з 1989 г., з'яўляецца спецыялістам па гісторыі арабскіх краін і сучаснага ісламу, даследуе метадалагічныя і тэарэтычныя праблемы сусветнай гісторыі. Дацэнты Е. Г. Колб і І. І. Шумскі даследуюць палітыку неакансерватараў ў Францыі і ЗША адпаведна. Навуковыя пошукі дацэнта Н. Я. Арловай прысвечаны гісторыі народнай адукацыі ў Вялікабрытаніі. Дацэнт Д. Г. Ларыёнаў даследуе гісторыю каталіцкай царквы пасля ІІ Ватыканскага сабора, а дацэнт П. Г. Космач – ролю рэлігійнага фактара ў грамадска-палітычным жыцці ЗША. Дацэнт Н. В. Кушнер вывучае гісторыю жаночага руху ў краінах Захаду, дацэнт А. А. Кандраль - грамадска-палітычную дзейнасць "Братоў-мусульман" у Егіпце.

Атрыманне Беларуссю статуса незалежнай суверэннай дзяржавы паставіла гісторыкаў перад неабходнасцю вырашэння складаных і адказных задач у галіне гістарычнай навукі і адукацыі. Прыйшлося пераадольваць састарэлыя стэрэатыпы, спрошчанасць і аднабаковасць марксісцкай метадалогіі ў яе гістматаўскім варыянце. Абнаўленне закранула лекцыйныя курсы, тэматыку курсавых, дыпломных і дысертацыйных работ. Па ініцыятыве кафедры на гістарычным факультэце ўведзена новая спецыялізацыя "Рэлігіі ў гісторыі чалавецтва". Сур'ёзнаму перагляду падвергнута перыядызацыя Новага часу: за пункт адліку ўзяты падзеі агульнасусветнага значэння - Вялікія геаграфічныя адкрыцці, эпоха Рэнесансу і Рэфармацыі, пачатак устанаўлення ўстойлівых сувязей паміж еўрапейскай і ўсходнімі цывілізацыямі. Змянілася і ўнутраная перыядызацыя Новага часу. У прыватнасці, буржуазныя рэвалюцыі ў Паўночнай Амерыцы і Францыі канца XVIII ст. вызначаюцца ў якасці рубежных падзей, якія адкрываюць прынцыпова іншы перыяд у гісторыі сучаснай цывілізацыі.

У 1990-2010-я гг. супрацоўнікі кафедры распрацавалі шэраг важных навуковых праектаў: "Беларуская гістарыяграфія ўсеагульнай гісторыі", "Палітычны іслам у ХХ ст.", "Заходнееўрапейская сацыял-дэмакратыя і "неакансерватыўная хваля" ў 1990-я гг.", "Ідэалогія і практыка палітычнага ісламу", "Эвалюцыя ідэй і практыкі дзяржаўнага рэгулявання ў вядучых краінах Заходняй Еўропы ў посткансерватыўны перыяд", "Эвалюцыя рэлігійных інстытутаў і сацыяльных дактрын заходняга хрысціянства (канец XIX – пачатак XXI стст.)".

У бягучым часе ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2021-2025 гг. "Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы" на кафедры рэалізуецца актуальны навуковы праект: "Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь у адносінах да краін Блізкага і Сярэдняга Усходу, Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі" (кіраўнік тэмы – д.г.н. У.С. Кошалеў).

Важным напрамкам у рабоце кафедры з'яўляецца падрыхтоўка праграм і вучэбнай літаратуры для сярэдняй школы і ВНУ рэспублікі. У апошнія гады кафедра прымае актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай праграмы па падрыхтоўцы школьнай вучэбнай літаратуры новага пакалення па сусветнай гісторыі і грамадазнаўстве. У 2015-2020 гг. былі выдадзены пад кіраўніцтвам У.С.Кошалева навучальныя дапаможнікі па сусветнай гісторыі для 7, 8, 9, 11 класаў, а таксама шматлікія вучэбна-метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў і навучэнцаў.

Кафедра падтрымлівае цесныя сувязі з шэрагам навуковых і навучальных устаноў Беларусі, Расіі, іншых краін СНД і Еўропы.

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105   konst   

Кантакты

220037, г. Мінск, вул. Мендзялеева, д. 36
тэл. +375 17 360-09-14
e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. План праезду

Графік працы:
панядзелак–пятніца 8.20–20.30
субота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика