Галоўная

Факультэт

Ідэалагічная і выхаваўчая работа

Адукацыйны працэс

Студэнтам

Абітурыенту

Гісторыя кафедры

Гісторыя кафедры гісторыі Расіі

Вытокі: 19201930-я гады. З дня ўрачыстага адкрыцця Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (30 кастрычніка 1921 г.) у навучальных аўдыторыях першага беларускага ўніверсітэта выкладалася гісторыя Расіі. У 20-я гг. ХХ ст. і да сярэдзіны 1930-х гг. не існавала кафедр у цяперашнім іх выглядзе, – як арганізацыйна-навучальна-навуковых структур факультэта. З пачатку станаўлення вышэйшай школы замест іх новая рэвалюцыйная ўлада вызначыла прадметныя камісіі па гуманітарных і прыродазнаўчых дысцыплінах з усёй паўнатой кіравання навучальным працэсам. Навучальныя планы першых факультэтаў БДУ (грамадскіх навук, педагагічны і рабочы) былі насычаны курсамі сусветнай гісторыі – Старажытнага свету, Новай і Найноўшай. Расійская гісторыя, разам з айчыннай беларускай, была важным складнікам выкладання. Адпаведныя курсы чыталі прафесары-гісторыкі, з высокай навуковай рэпутацыяй, якія сталі першапраходцамі ўніверсітэцкага ўзроўню выкладання гісторыі Расіі ў савецкай Беларусі. У першую чаргу, у 1920-я гг. гэты ўзровень увасабляў першы рэктар БДУ, вядомы гісторык з шырокім дыяпазонам пазнання, прафесар У.І. Пічэта. Побач з ім чытаў лекцыі буйны спецыяліст па праблемах уніяцтва ва Украіне і рускай культуры XVI–XVIII стст. А.А. Савіч, знаўца расійскай гісторыі XVIII–XIX стст. Дз.А. Жарынаў. Адметна, што на пачатковым этапе гісторыі БДУ пераважна вывучалася расійская гісторыя ХІХ ст., хаця У.І. Пічэта і Дз.А. Жарынаў прыкладалі шмат намаганняў да таго, каб вучэбныя праграмы падрыхтоўкі гісторыкаў «паглыбіліся ў старажытнасць», а прадметам дапытлівага розуму студэнтаў стала беларуская і расійская гісторыя больш ранніх эпох. Аднак характэрнай рысай тых гадоў была фіксацыя «старажытнасці» усяго толькі на XVII стагоддзі.

Можна казаць пра тое, што вялізную ролю ў станаўленні расіязнаўства і ўкраіназнаўства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адыграла навуковая інтэлігенцыя з Расіі. І ўраджэнцы Беларусі, якія ўсталі за прафесарскія кафедры ў БДУ, як правіла, атрымалі сваю высокую навуковую кваліфікацыю ва ўніверсітэтах дарэвалюцыйнай Расіі і там жа адбыліся як спецыялісты.

У.І. Пічэта, як сведчаць архіўныя дакументы, «займаў кафедры» на факультэце грамадскіх навук (ФГН). Гэта значыць, у разуменні таго часу, выкладаў пэўныя агульныя курсы – гісторыі народнай гаспадаркі Расіі і Беларусі, гісторыі расійскага і літоўска-беларускага права. Ягоны калега Дз.А. Жарынаў «займаў кафедру» расійскай гісторыі спачатку на ФГН, а затым на педагагічным факультэце. Па яго ініцыятыве ва ўніверсітэце з 1924 г. пачалося выкладанне гісторыі Расіі XIX ст. і гісторыі Расіі «эпохі прыгоннай гаспадаркі» ХVII–XVIII стст. Ён жа стаў першым, хто чытаў курсы па методыцы выкладання гісторыі і грамадазнаўства ва ўніверсітэце і школах. Тады ж М.В. Доўнар-Запольскі «заняў кафедру» гісторыі народнай гаспадаркі Расіі на факультэце права і гаспадаркі. У 1920-я ж гады «займалі кафедры» (г.зн. вялі выкладанне асобнага курса) такія вядомыя гісторыкі, як: У.М. Ігнатоўскі, Ф.Ф. Турук, А.М. Ясінскі, В.Д. Дружчыц, Дз.І. Даўгяла, М.М. Шчыкаціхін, І.А. Сербаў і інш. Яны ў сваіх лекцыях па беларускай гісторыі, этнаграфіі, крыніцазнаўству, мастацтвазнаўству і іншых дысцыплінах абавязкова зыходзілі з расійскай канстанты.

З канца 1920-х гадоў і на працягу наступных перадваенных гадоў курсы расійскай гісторыі (зразумела, зараз ужо ў падачы праз гісторыю СССР) чыталі ў БДУ У.Ю. Гесэн, М.А. Поташ, М.С. Югаў, І.Т. Пшанічны, А.П. П’янкоў, Д.А. Дудкоў, І.Ф. Лочмель, Я.І. Карнейчык і інш. Непасрэдна перад «разбуйненнем» універсітэта, у 1929 г., з Масквы, як сведчаць урыўкавыя архіўныя дадзеныя, прыязджаў «чытаць рускую гісторыю» пастаянны аўтар (як і М.С. Югаў) часопіса «Гісторык-марксіст» С.А. Піянткоўскі, а крыху пазней – маскоўскія і ленінградскія гісторыкі-расіязнаўцы А.І. Малышаў, П.І. Анатоліеў, С.У. Бахрушын, В.М. Бачкароў, М.Г. Сядоў, Я.А. Марахавец і інш.

У 1920-я гг. у кароткачасовую эпоху першай хвалі беларусізацыі нараджалася нацыянальная беларуская гістарыяграфія. Першапачаткова беларуская гісторыя ў навучальных курсах таго часу разглядалася як частка гісторыі Расіі, паступова набываючы самастойны статус навучальнай дысцыпліны, самастойную вобласць гістарычных даследаванняў. Але ужо з другой паловы 1930-х г. яна зноў стала разглядацца непадзельнай часткай агульнай «гісторыі народаў СССР», што выявілася перш за ўсё ў адсутнасці ва ўніверсітэце да канца 1950-х гг. самастойнай кафедры гісторыі Беларусі (БССР). Праўда, у першыя пасляваенныя гады на кароткі час такая кафедра ў БДУ была створана пад кіраўніцтвам сакратара ЦК КП(б)Б па ідэалогіі Ц.С. Гарбунова. Неўзабаве выкладанне айчыннай гісторыі зноў вярнулася ва «улонне» кафедры гісторыі народаў СССР.

Разам з тым, нягледзячы на адносную ліберальнасць, 1920-я гг. не адрозніваліся стабільнасцю ў выкладанні: пастаянна мяняўся склад прадметных камісій, адбываўся пошук аптымальнага набору і зместу навучальных курсаў. Гэтыя працэсы былі асабліва балючыя ва ўмовах эвалюцыі структуры ўніверсітэта. Пазней, у кастрычніку 1931 г., умоўная «кафедральнасць» у выкладанні гісторыі Расіі была аформлена ў арганізацыйную структуру сучаснага тыпу – кафедру гісторыі народаў СССР. І амаль адразу, у сувязі з раздзелам БДУ ў 1930–1931 гг. на некалькі самастойных інстытутаў, выкладанне расійскай і ўкраінскай гісторыі перамясцілася ў сцены новаўтворанага педагагічнага інстытута. У рамках новага інстытута гэтыя курсы былі адчувальна скарочаныя. Як і раней, акцэнт рабіўся на вывучэнні менавіта гісторыі рэвалюцыі 1917 г. і рэвалюцыйных пераўтварэнняў.

Узнікненне ў «разбуйненым» БДУ кафедры з задачамі выкладання гісторыя Расіі і Украіны, як асаблівага падраздзялення ўніверсітэта, якая вяла падрыхтоўку студэнтаў у рамках пэўнай спецыялізацыі, адносіцца да сярэдзіны 1930-х гг. Вядома, што 15 мая 1934 г. пастановай СНК Савецкага Саюза і ЦК ВКП(б) аб «выкладанні грамадзянскай гісторыі ў школах» быў узяты курс на падрыхтоўку настаўніцкіх кадраў і навуковых супрацоўнікаў, заснаваны камісіі для стварэння новых падручнікаў па сусветнай гісторыі і гісторыі СССР. Былі дакладна вызначаны 5 навучальных курсаў па гісторыі, у тым ліку гісторыі СССР. Ужо 25 чэрвеня 1934 г. пастановай СНК БССР і ЦК КП(б)Б была пастаўлена задача стварэння гістарычнага факультэта ў БДУ. Новая факультэцкая структура спарадзіла адкрыццё, а дакладней – аднаўленне ранейшай кафедральнай структуры ўніверсітэта, але з улікам новых абставін.

Вядома, што з 1936/1937 навучальнага года ва ўніверсітэце пачала дзейнічаць кафедра гісторыі народаў СССР і гісторыі БССР. Пасля яна на вельмі кароткі тэрмін была падзелена на дзве кафедры, у тым ліку асобную кафедру гісторыі народаў СССР. Фармальна (паколькі знаходзіўся ў Маскве і толькі эпізадычна прыязджаў у Мінск) кафедру ўзначаліў пазней шырока вядомы расійскі гісторык У.В. Маўродзін. Але толькі з прыездам у Мінск пермскага гісторыка Аляксея Пятровіча П’янкова можна казаць аб пачатку сістэмнай арганізацыі кафедральнай дзейнасці ў выкладанні гісторыі Расіі (у кантэксце агульнай гісторыі народаў СССР) як навучальна-навуковага падраздзялення БДУ. Ён доўгі час з’яўляўся не толькі дэканам гістарычнага факультэта, але і ўзначальваў дадзеную кафедру (у 1938–1950-х гг., за выключэннем перыяду 1944–1946 гг., калі ў складаных ваенных і пасляваенных умовах кафедрай загадваў Аляксандр Антановіч Савіч).

У тагачасных палітычных умовах гісторыя народаў СССР разумелася шырока і ўвасабляла, уласна кажучы, гісторыю Русі–Расіі–савецкай Расіі, якая згуртавала вакол сябе «саюз брацкіх народаў». Характэрна, што курс «гісторыя народаў СССР» трансфармаваўся ў проста «гісторыя СССР» толькі ў пачатку 1950-х гадоў. Але заўсёды ён прызнаваўся «найважнейшай гістарычнай дысцыплінай», выкладанне якой ажыццяўлялася ў розных аб'ёмах амаль на ўсіх факультэтах БДУ.

Ва ўсе часы кафедра мела ў сваім складзе яркіх выкладчыкаў, якія  і дагэтуль увасабляюць яе сутнасць і дух. Можна паўтарыцца і зноў назваць імёны тых, хто ў 1936–1941 гг. у БДУ выкладаў гісторыю народаў СССР. Гэта штатныя супрацоўнікі кафедры А.П. П’янкоў, Д.А. Дудкоў, І.Ф. Лочмель, І.Ц. Пшанічны, Я.І. Карнейчык, як і тыя, хто прыязджаў з Масквы і Ленінграда – расійскія гісторыкі П.І. Анатоліеў, К.В. Базілевіч, С.У. Бахрушын, В.М. Бачкароў, А.І. Малышаў, Я.А. Марахавец, М.Г. Сядоў і інш.

Вялікая Айчынная вайна была цяжкім перыядам для БДУ і гістарычнага факультэта і кафедры. Многія студэнты і выкладчыкі пайшлі на фронт і змагаліся за незалежнасць сваёй Радзімы. Некаторыя загінулі ў сусветнай бітве (напрыклад, Іосіф Фадзеевіч Лочмель). У перыяд працы ўніверсітэта ў эвакуацыі (1943–1944) на падмаскоўнай станцыі Сходня яркія лекцыі па гісторыі СССР беларускім студэнтам чыталі Б.Дз. Грэкаў, М.М. Дружынін, А.М. Панкратава, І.І. Палосін і інш.

Інстытуцыяналізацыя кафедры гісторыі СССР у структуры БДУ. 19501980-я гг. Пасля вяртання БДУ ў жніўні–верасні 1944 г. у Мінск пачалося паступовае яго аднаўленне. На мяжы 1940–1950-х гг. на кафедру гісторыі народаў СССР прыйшло працаваць пакаленне выкладчыкаў, падрыхтаванае самім гістарычным факультэтам БДУ. Сярод іх не было тых, каго б не закранула сваім вогненным дыханнем Вялікая Айчынная вайна: Л.С. Абэцэдарскі, М.П. Баранава, Ц.С. Гарбуноў, У.М. Кун, М.Д. Мельцэр, С.М. Раўнаполец, П.З. Савачкін, А.І. Сідарэнка, М.Б. Фрыдман і інш. Гадамі пазней да іх далучыліся таксама франтавікі або якія спазналі нягоды ваеннага ліхалецця: Ф.І. Адашчык, Ю.І. Драгун, І.М. Ігнаценка, А.І. Кажушкаў, Л.А. Міхайлоўскі, Я.П. Навуменка, С.Г. Скапцоў, У.А. Ціток, В.У. Шаціла і інш.

Новую генерацыю выкладчыкаў упершыню ўзначаліў у верасні 1950 г. выпускнік самой жа кафедры, франтавік Л.С. Абэцэдарскі. Ён змяніў А.П. П’янкова, які з’ехаў у Магілёў. У той час кафедра ажыццяўляла не толькі падрыхтоўку спецыялістаў па расійскай гісторыі (гісторыі народаў СССР), але і гісторыі БССР (толькі ў 1958 г. была створана асобная кафедра гісторыі БССР). Да 1956 г. загадчыкам з’яўляўся будучы акадэмік АН БССР І.М. Ігнаценка. Потым кафедру гісторыі СССР узначаліў дэкан гістарычнага факультэта П.З. Савачкін. Патэнцыял кафедры ўзрастаў, усё больш яе выпускнікоў прыходзіла ў навуковае жыццё, станавілася грамадскімі дзеячамі. У кастрычніку 1974 г. кафедра гісторыі СССР, вялікі і дзеяздольны калектыў, згуртаваны пасляваенным пакаленнем гісторыкаў на чале з П.З. Савачкіным, была падзелена на дзве кафедры, што адпавядала паглыбленню спецыялізацыі: асобнымі напрамкамі стала гісторыя СССР у дасавецкі перыяд і ў савецкі час.

З 1950-х гадоў кафедра ўвесь час папаўнялася сваімі выпускнікамі, якія паспяхова ўступалі ў навуку, абаранялі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, пісалі навуковыя працы. Не спыняўся прыток новай навуковай «крыві» і звонку. Так, у 1976 г. у БДУ з тагачаснага горада Горкі (сучасны Ніжні Ноўгарад) пераехаў і пачаў сваю паспяховую працу вучань П.А. Заянчкоўскага, вядомы даследчык грамадска-палітычнай гісторыі Расіі XIX ст., ураджэнец Мінска Ігар Вацлававіч Аржахоўскі. Неўзабаве, пасля смерці П.З. Савачкіна, ён узначаліў кафедру. Новы загадчык здолеў стварыць творчую атмасферу, дзяліўся сваімі ведамі і досведам, трывалымі навуковымі кантактамі з расійскімі гісторыкамі (асабліва Масквы і Ленінграда). Пры яго падтрымцы і добразычлівых адносінах прайшлі абароны кандыдацкіх дысертацый М.Ф. Чудаева, В.В. Сяргеенкавай, Л.Л. Міхайлоўскай, Ю.А. Блашкова, В.А. Сімаковай, М.Я. Клепікава, А.А.Яноўскага і інш. І надалей кафедра папаўнялася як з ліку ўласных выпускнікоў, так і выпускнікамі іншых ВНУ.

У 1970–1980-я гг. выкладанне расійскай гісторыі як напрамку вывучэння і навуковых даследаванняў увасаблялі дзве новыя кафедры, створаныя ў 1974 г. У найбольшай ступені ўласна расійская гісторыя вывучалася і даследавалася на кафедры гісторыі СССР дасавецкага перыяду. У той час на ёй працавалі дацэнты Фёдар Іванавіч Адашчык, Марыя Парфіраўна Баранава, Юрый Іосіфавіч Драгун, Ірына Уладзіміраўна Каменская, Анатоль Іосіфавіч Кажушкоў, Ядвіга Паўлаўна Навуменка, Сяргей Вадзімавіч Пазняк, Вольга Аляксееўна Сімакова, Мікалай Міронавіч Цімахоўцаў, ст. выкладчык Жанна Барысаўна Чэпа. Другой кафедрай, якая працягвала традыцыі агульнай кафедры гісторыі СССР, стала кафедра гісторыі СССР эпохі сацыялізму. На працягу 1974–1988 гг. ёю загадваў дацэнт Іван Апанасавіч Літвіноўскі. На кафедры працавалі Пётр Кузьміч Краўчанка, Леў Антонавіч Міхайлоўскі, Канстанцін Іванавіч Осіпаў, Ева Фёдараўна Саўчук, Анатоль Пятровіч Салькоў, Уладзімір Нікіфаравіч Сідарцоў, Мечыслаў Эдвардавіч Часноўскі.

1980-я – пачатак 1990-х гг. былі адметныя ў гісторыі дзвюх кафедр гісторыі СССР: па-першае, «перабудова» і «галоснасць» адкрылі новыя магчымасці, актыўна сталі дыскутавацца складаныя пытанні, змяніўся сам характар выкладання дысцыплін, змянялася змястоўнае напаўненне навучальных курсаў; па-другое, – услед за структурнымі пераўтварэннямі мяняўся склад выкладчыкаў кафедры, але не на шкоду традыцыям і пераемнасці. Да пачатку 1990-х гг. кафедра знаходзілася ў стане пошуку сваёй нішы ў беларускай сувярэннай гістарычнай навуцы. У той час беларуская гісторыя, якая стала па-сапраўднаму айчыннай, выйшла на першыя пазіцыі, а расійская і славянская павінны былі яе забяспечваць шырокім фактычным і сэнсавым кантэкстам. З часам, аднак, стала відавочна, што расійскі, украінскі і славянскі гістарычныя складнікі вельмі розныя. Так, вельмі адрозніваюцца гістарычныя лёсы расійскага шматэтнічнага народа, які заўсёды меў сваю магутную рускую дзяржаўнасць і культуру. Асаблівы гістарычны шлях пройдзены ўкраінскім народам, таксама даволі поліэтнічным на час дзяржавастваральных палітычных працэсаў. Патрабуюць свайго ўважлівага прачытання старонкі шматлікіх паўднёваславянскіх народаў, як і заходніх славян.

Кафедра гісторыі Расіі - 25 гадоў плённай дзейнасці. У цяперашнім сваім арганізацыйным і сэнсавым стане (на 2023 год) кафедра гісторыі Расіі была створана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце 8 чэрвеня 1998 г. І створана на падставе папярэдняга накопленага вопыту выкладання і правядзення навуковых даследаванняў, а тым больш – папярэдніх адпаведных кафедральных інстытуцый. Можна падсумаваць эвалюцыю кафедральных назваў амаль што за сто гадоў. Да 1998 г. выкладанне і вывучэнне расійскай і ўкраінскай гісторыі праходзіла на кафедрах БДУ, назвы якіх узыходзяць да 1936 г.:

– кафедра гісторыі народаў СССР і гісторыі БССР (1936–1937 гг.);

– кафедра гісторыі народаў СССР (1937–1953 гг.);

– кафедра гісторыі СССР (1953 г. – верасень 1974 г.);

– кафедра гісторыі СССР дасавецкага перыяду (верасень 1974 г. – жнівень 1991 г.);

– кафедра гісторыі СССР эпохі сацыялізму (верасень 1974 г. – жнівень 1991 г.) – у жніўні 1991 г. дадзеная кафедра была перафарміравана ў кафедру найноўшай гісторыі славянскіх краін, на аснове якой у чэрвені 1998 г. была створана кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славян;

– кафедра расійскай гісторыі (жнівень 1991 г. – студзень 1992 г.);

– кафедра расійскай і славянскай гісторыі (студзень 1992 г. – чэрвень 1998 г.);

– кафедра гісторыі Расіі (з 8 чэрвеня 1998 г.).

Як асобнае спецыялізаванае падраздзяленне ўніверсітэта кафедра гісторыі Расіі з моманту свайго стварэння паставіла мэту трымацца ідэй і практыкі першага рэктара БДУ прафесара У.І. Пічэты, які ў пачатку XX ст. як прыват-дацэнт выкладаў у Імператарскім Маскоўскім універсітэце якраз расійскую гісторыю і з гэтым выдатным багажом ведаў у 1921 г. увайшоў у аўдыторыі першага беларускага ўніверсітэта. Лагічным было стварэнне ў чэрвені 1998 г. як асобнай кафедры гісторыі Расіі, так і адначасова кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян. Гэтым беларускія гісторыкі выказалі сваю глыбокую ўдзячнасць творчай спадчыне Уладзіміра Іванавіча. Усё гэта зняло тыя супярэчнасці ў выкладанні і навуковай спецыялізацыі, якія раней меліся ў кангламераце агульнай расійска-славянскай гісторыі. Склад новай кафедры гісторыі Расіі на першую пару быў сфарміраваны з выкладчыкаў ранейшых кафедр. Яе членамі сталі прафесар Ігар Вацлававіч Аржахоўскі, дацэнты Вольга Васільеўна Брыгадзіна, Іван Апанасавіч Літвіноўскі, Вячаслаў Іванавіч Мянькоўскі, Ева Фёдараўна Саўчук, Ірына Уладзіміраўна Каменская, Сяргей Вадзімавіч Пазняк, Міхаіл Фёдаравіч Чудаеў, Сяргей Барысавіч Жарко, Мікалай Міронавіч Цімахоўцаў, Юрый Андрэевіч Блашкоў, старшы выкладчык Жанна Барысаўна Чэпа. Узначаліў новую кафедру дэкан гістарычнага факультэта дацэнт Алег Антановіч Яноўскі. На мяжы ХХ–ХХІ стст. у склад кафедры ўліліся Галіна Аляксандраўна Болсун – выпускніца Кастрамскога дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. М.А. Някрасава, Святлана Леанідаўна Лугаўцова – выпускніца Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. М. Танка. Пасля паспяховых абарон сваіх кандыдацкіх дысертацый кафедра папоўнілася маладымі дацэнтамі, выпускнікамі сваёй аспірантуры, – Віктарам Адамавічам Кахновічам, Рыгорам Аляксеевічам Петачэнка, Сцяпанам Мікалаевічам Цемушавым, Марынай Аляксееўнай Шабасавай, Аленай Казіміраўнай Шымак.

У наступны час вучэбна-метадычныя намаганні кафедры гісторыі Расіі засяродзіліся на стварэнні навучальных курсаў і забеспячэнні выкладання ўласнымі вучэбна-метадычнымі матэрыяламі. Асаблівасцю кафедры гісторыі Расіі БДУ стала тое, што з самага пачатку сваёй дзейнасці яе калектыў звярнуўся да распрацоўкі навучальных матэрыялаў па гісторыі Украіны. Па яе ініцыятыве ў Беларусі ва ўніверсітэцкім выкладанні ўжо неўзабаве быў уведзены агульны курс «гісторыя Расіі і Украіны», распрацаваны адпаведны Тыпавы навучальны план. На самой жа кафедры нараўне з гэтым курсам (ён выкладаецца студэнтам-гісторыкам на першай ступені адукацыі на працягу пяці семестраў, у цяперашні час – чатырох) у рамках другой ступені адукацыі (магістратура) выкладаюцца шэраг аўтарскіх курсаў па праблемах як расійскай, так і ўкраінскай гісторыі. Яшчэ ў 2002 г. дацэнт С.В. Пазняк распрацаваў і выдаў «Курс лекцый па гісторыі Украіны (IX – I-я трэць XVII ст.)». Найважнейшымі дасягненнямі кафедры за апошнія гады можна лічыць выданне навучальных дапаможнікаў, аўтарамі якіх сталі большасць выкладчыў. У гэтых дапаможніках адлюстравана ўся гісторыя Русі–Расіі і Украіны з найстаражытных часоў да цяперашняга часу. Так, у 2005 г. пад рэдакцыяй В.І. Менькоўскага і А.А. Яноўскага ў выдавецтве Рэспубліканскага Інстытута вышэйшай школы выйшаў з грыфам Міністэрства адукацыі навучальны дапаможнік «История России. XX век». Потым у 2008 і 2010 гг. у маскоўскім выдавецтве «Эксмо» пад рэдакцыяй А.А. Яноўскага былі выдадзены фундаментальныя навучальныя дапаможнікі (да іх напісання кафедра прыцягнула сваіх калег з Інстытута гісторыі НАН Беларусі) «Всеобщая история России с древнейшего времени до конца XVIII в.» і «История России: Новое и Новейшее время». Яшчэ больш быў канкрэтызаваны «ўкраінскі складнік» чытанага кафедрай навучальнага курса ў навучальным дапаможніку з грыфам вучэбна-метадычнага аб’яднання Рэспублікі Беларусь «История России и Украины (XIX – начало ХХ в.)» (пад рэдакцыяй А.А. Яноўскага і В.В. Сяргеенкавай), якое выйшла ў выдавецтве БДУ ў дзвюх частках у 2008 і 2010 гг. У 2012 г. універсітэцкае выдавецтва выпусціла калектыўны навучальны дапаможнік з грыфам УМА Беларусі па гісторыі Расіі і Украіны з ІХ ст. да канца XVIII ст. У 2013–2014 гг. у выдавецтве РІВШ выдадзены трохтомнік «Кортеж российской власти», які быў задуманы як навучальны дапаможнік па ўсім агульным курсе «гісторыя Расіі і Украіны». У яго падрыхтоўцы прынялі ўдзел усе без выключэння выкладчыкі кафедры. Нарэшце, у 2019 г. С.Л. Лугаўцова, В.А. Кахновіч і С.М. Цемушаў сталі аўтарамі першага навучальнага дапаможніка па гісторыі Украіны на беларускай мове: «Гісторыя Украіны ад старажытных часоў да пачатку XX ст.». Ён змяшчае не толькі багатую фактычную інфармацыю і аўтарскі погляд на сутнасць грамадска-палітычных, культурных працэсаў, але і сучасны вучэбна-метадычны аппарат.

Новым словам не толькі для беларускіх гісторыкаў і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў стала выданне навучальнага дапаможніка (з грыфам УМА) па распрацаваным прафесарам А.А. Яноўскім курсе «Універсітэтазнаўства». Зноў жа – гэта стала магчымым пры аб’яднанні намаганняў і вопыту выкладання большасці выкладчыкаў кафедры. Дадзены курс выкладаецца на розных факультэтах БДУ. Ён забяспечвае ўвядзенне першакурснікаў і ў спецыяльнасць, і ў вялізны і дзіўны свет Універсітэта, усёй вышэйшай школы свету і краіны. Адначасова амаль усе выкладчыкі за чвэрць стагоддзя працы кафедры гісторыі Расіі падрыхтавалі і выдалі свае аўтарскія навучальныя дапаможнікі па агульных і спецыяльных курсах, вучэбна-метадычныя комплексы, хрэстаматыі. Кафедра можа ганарыцца дзясяткамі грунтоўных манаграфій, сотнямі навуковых артыкулаў у самых прэстыжных выданнях Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.

Такі працяглы экскурс у гісторыю і сучасны стан кафедры гісторыі Расіі можна завяршыць канстатацыяй: усе гады сваёй дзейнасці кафедра ў эпіцэнтры вырашаемых задач ставіла падрыхтоўку змены беларускіх расіязнаўцаў і ўкраіназнаўцаў. За 25 гадоў паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі каля 30 аспірантаў і суіскальнікаў, а тры супрацоўнікі кафедры (Вячаслаў Іванавіч Менькоўскі, Аляксей Віктаравіч Мартынюк і Сцяпан Мікалаевіч Цемушаў) – доктарскія. Усе дысертацыі, як правіла, прысвечаны даследаванню менавіта расійскай і ўкраінскай гісторыі. У адрозненне ад таго,  што практыкавалася ў папярэднія дзесяцігоддзі, – амаль выключна гісторыі Беларусі. На працягу чвэрць стагоддзя супрацоўнікі кафедры ўдзельнічалі ў выкананні кожныя пяць гадоў двух-трох заданняў у рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў, апублікаваўшы многія сотні навуковых артыкулаў, некалькі манаграфій, метадычных распрацовак. Сёння (сакавік 2023 года) на кафедры гісторыі Расіі працуюць: загадчык кафедры, кандыдат гістарычных навук, прафесар А. А. Яноўскі; доктар гістарычных навук, прафесар В. І. Мянькоўскі; доктар гістарычных навук, дацэнт С. М. Цемушаў; кандыдаты гістарычных навук, дацэнты – Ю. А. Блашкоў, В. В. Брыгадзіна, В. І. Яршова, В. В. Сяргеенкава, М. А. Шабасава, А. К. Шымак; выкладчык І. А. Яфрэменка; вядучы спецыяліст па забеспячэнні навучальнага працэсу Н. А. Гантарэнка.

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105   konst   

Кантакты

220037, г. Мінск, вул. Мендзялеева, д. 36
тэл. +375 17 360-09-14
e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. План праезду

Графік працы:
панядзелак–пятніца 8.20–20.30
субота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика