Галоўная

Факультэт

Ідэалагічная і выхаваўчая работа

Адукацыйны працэс

Студэнтам

Абітурыенту

Кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славян

Гісторыя кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян

У 1992 г. на базе кафедры гісторыі ССCР савецкага перыяду (з'явілася ў 1974 г. пасля падзелу кафедры гісторыі СССР) была створана кафедра гісторыі славянскіх краін Навейшага часу. У выніку яе перапрафіліравання ў 1998 г. узнікла класічная кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славян. Загадчыкам з 1988 г. з'яўляецца кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Пятровіч Салькоў. У розныя гады на кафедры працавалі акадэмік АН БССР І. М. Ігнаценка, прафесары А. А. Круглоў, В. І. Мянькоўскі, У. Н. Сідарцоў, М. Э. Часноўскі, К. У. Шаўчэнка, дацэнты С. С. Александровіч, К. Б. Бенчава, А. І. Буча, В. В. Брыгадзіна, М. С. Даўгялла, Л. А. Козік, В. М. Кухарэнка, І. А. Літвіноўскі, Л. А. Міхайлоўскі, Л. Л. Міхайлоўская, В. В. Рэпін, Е. Ф. Саўчук, В. А. Сімакова, Н. А. Царук, старшы выкладчык Дз. І. Лазарава.

Склаліся спрыяльныя ўмовы для выкладання кафедральных дысцыплін. «Гісторыя паўднёвых і заходніх славян» праводзіцца чатыры семестры. Таксама чытаўся курс (1998–2010) «Гісторыя культуры паўднёваславянскіх і заходнеславянскіх народаў» (два семестры) як частка агульнафакультэцкай дысцыпліны «Теорыя і гісторыя культуры». Традыцыйным кафедральным прадметам з'яўляецца «Методыка выкладання гісторыі», кіраўніцтва педагагічнай практыкай. Кафедра працуе практычна на ўсіх спецыяльнасцях факультэта, уключаючы (з 2021) «рэгіёназнаўства», дзе праводзіць тры дысцыпліны.

У 2005–2020 гг. кафедрай упершыню ў гісторыі вышэйшай школы на еўрапейскай і постсавецкай прасторы ажыццяўляўся ўнікальны эксперымент — сістэматычнае выкладанне гісторыі ўсіх замежных славянскіх краін і народаў у якасці асобных спецкурсаў. У 2007–2014 гг. адзіная спецыялізацыя была падзелена на дзве самастойныя, па гісторыі і паўднёвых, і заходніх славян, з аб'ёмам 474 аўдыторных часа для кожнай на працягу пяці/шасці семестраў. Працавалі міжкафедральныя (сумесна з кафедрай гісторыі Расіі) спецыялізацыі – «Славянскі свет і еўрапейская цывілізацыя» (1998–2008), «Гісторыя знешняй палітыкі Расіі і славянскіх краін» (2008–2013). У сувязі з пераходам на 4-гадовы перыяд навучання аб'ем гадзін па блоку «Дысцыпліны спецыялізацыі» рэзка скараціўся. Тым не менш, кафедра на працягу амаль 10 гадоў паспяхова рэалізоўвала канцэпцыю ўніверсальнай па храналагічнаму і праблемна-тэматычнаму ахвату краіназнаўчай сістэмы спецкурсаў, ажыццяўляючы гісторыка-славяназнаўчую, навукова-адукацыйную падрыхтоўку некалькіх пакаленняў студэнтаў. З 2003 г. супрацоўнікі і аспіранты кафедры абаранілі 11 кандыдацкіх дысертацый па славянскай і балканскай тэматыцы.

Дзве славісцкія кафедры – гісторыі Расіі, гісторыі паўднёвых і заходніх славян – у 2004–2016 гг. реалізавалі ідэю першага ў краіне спецыялізаванага гісторыка-славяназнаўчага перыядычнага навуковага выдання. Гэтая ідэя ўвасобілася ў 11 выданнях штогадовага зборніка навуковых прац «Расійскія і славянскія даследаванні» (А.П. Салькоў, А.А. Яноўскі – адказныя рэдактары; В.В. Рэпін – адказны сакратар) аб'ёмам каля 30 п.л. кожны. Па свайму навуковаму ўзроўню і мастацка-паліграфічнаму рашэнню, профілю і маштабу, структуры і рубрыкацыі матэрыяла ён набыў рэпутацыю аднаго з лепшых беларускіх навуковых выданняў у гуманітарнай галіне. З 2008 г. уключаны ВАК Рэспублікі Беларусь у Пералік навуковых выданняў для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў.

Супрацоўнікі кафедры дамагліся поспехаў у навукова-метадычным забеспячэнні вучэбна-выхаваўчага працэса. Быў выданы шэраг першых у Беларусі вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў. Важнейшай сферай з'яўляецца навукова-даследчая работа. Супрацоўнікі кафедры былі ўдзельнікамі некалькіх сотняў міжнародных навуковых канферэнцый. Кафедра і сама з'яўлялася арганізатарам шэрагу міжнародных навуковых форумаў. Сярод іх – канферэнцыя «Нацыянальна-тэрытарыяльны фактар ў гісторыі Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў ХХ стагоддзі і Расія (СССР)» (красавік 2003), навукова-грамадскае мерапрыемства «Балгарскі тыдзень» з удзелам паслоў славянскіх краін (май 2006), акцыі да 130-годдзя незалежнасці Балгарыі (сакавік 2008), гадавіне бітвы 1444 г. пры Варне (лістапад 2009), навуковыя семінары «Баснійскія землі ў XIII–XIV стст.: да 550-годдзя пачатку асманскага заваявання» (сакавік 2013) і «Кірыла-Мефодзіеўская традыцыя ў гісторыі славянскіх краін» (верасень 2013), дзве беларуска-французскія канферэнцыі (сумесна з Сарбонскім універсітэтам Дэні Дзідро / Парыж 7) – «Цэнтральная Еўропа ў савецка-французскіх адносінах у міжваенны перыяд і дыпламатычнае прызнанне цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі Савецкага Саюза ў 1934 г.» (Парыж, лістапад 2013) і «Сярэдняя Еўропа паміж Францыяй і СССР: прызнанне Захадам Савецкага Саюза ў 1924 г. і пазіцыя краін Сярэдняй Еўропы» (Мінск, кастрычнік 2014), круглы стол да 70-годдзя Славацкага нацыянальнага паўстання (снежань 2014), канферэнцыя «Людавіт Веліслаў Штур і Йозеф Міласлаў Гурбан – ідэолагі славацкага Нацыянальнага Адраджэння і рэфарматары славацкай мовы (да 200-годдзя з дня нараджэння)» (лістапад 2016), дзве беларуска-чэшскія канферэнцыі (сумесна з пасольствам) – «Беларуска-чэшскія культурныя, грамадскія і навуковыя сувязі ў XIX–XX стст.» (верасень 2016) і «Чэшска-беларускія культурныя, грамадскія і навуковыя сувязі: ад Францыска Скарыны да сучаснасці» (кастрычнік 2017), круглы стол «Палітычнае развіццё Чэхіі і Славакіі ў складзе федэрацыі (лістапад 1989 – студзень 1993)» (лістапад 2019, з дакладамі паслоў дзвюх краін), I–III Славянскія і балканскія чытанні кафедры – «Мюнхенская рэструктурызацыя межаў і нацыянальна-дзяржаўныя трансфармацыі ў Цэнтральнай Еўропе (да 80-годдзя Мюнхенскага пагаднення 1938 г.)» (май 2018), «Ялцінска-Патсдамская міжнародна-прававая сістэма і Цэнтральна-Усходняя Еўропа сярэдзіны 1940-х гг. – першай чвэрці XXI ст.» (снежань 2020), «Трансфармацыйныя працэсы ў славянскіх краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў канцы  XX – першай чвэрці XXI ст.: рэгіянальная аднастайнасць и нацыянальныя асаблівасці» (снежань 2022).

Кафедра усталявала навуковае супрацоўніцтва з профільнай кафедрай МДУ, Інстытутам славяназнаўства РАН, шэрагам універсітэтаў славянскіх краін. Важным імпульсам стала развіццё прадукцыйнага супрацоўніцтва з кафедрай антрапалогіі філасофскага факультэта Заходне-Чэшскага ўніверсітэта (ЗЧУ) у г. Пльзень. Гэта дазволіла наладзіць у 2014–2018 гг. пад кіраўніцтвам В.В. Рэпіна пяць 30-дзённых навукова-адукацыйных стажыровак у ЗЧУ для 15 студэнтаў кафедры. Яны слухалі лекцыі па праблемах этнічнай ідэнтычнасці, атрымлівалі майстар-класы і кансультацыі вядучых чэшскіх гісторыкаў, працавалі ў бібліятэках, музеях і архівах.

Маладыя вучоныя і аспіранты кафедры з'яляліся ўдзельнікамі шматлікіх праграм абмену, стажыровак і навуковых камадзіровак. Кафедра і сама станавілася пляцоўкай для шэрагу стажыровак еўрапейскіх гісторыкаў-славістаў.

Вялікую ўвагу кафедра надае развіццю студэнцкай навукі. Маецца вялікі спіс студэнцкіх публікацый у навуковых зборніках і матэрыялах канферэнцый. Пры кафедры працавалі курсы па вывучэнню балгарскай, польскай, чэшскай моваў (1998–2008), функцыяніраваў навуковы гурток «Актуальныя праблемы гістарычнай славістыкі» (2007–2013), багемічны гурток (2013–2019), СНДЛ «Славянскія і Цэнтральна-Еўрапейскія даследаванні» (з 2019 па цяперашні час).

Кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славян БДУ уяўляе сабой суцэльны калектыў вопытных гісторыкаў і маладых даследчыкаў, які гатовы да выклікаў часу ў сферы вышэйшай адукацыі і навуковай работы. Супрацоўнікі кафедры праяўляюць высокую грамадскую і акадэмічную актыўнасць. Поспехі профільнай спецыялізацыі студэнтаў і падрыхтоўцы навуковых кадраў, даследчая работа і выдавецкая дзейнасць зрабілі кафедру заўважным і аўтарытэтным навуковым і навукова-педагагічным цэнтрам славістыкі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105   konst   

Кантакты

220037, г. Мінск, вул. Мендзялеева, д. 36
тэл. +375 17 360-09-14
e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. План праезду

Графік працы:
панядзелак–пятніца 8.20–20.30
субота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика