Галоўная

Факультэт

Адукацыйны працэс

Кафедры

Студэнтам

Навука

Абітурыенту

Выпускнікам

Фотагалерэя

Кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін

Кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін з’яўляецца правапераемніцай кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін, створанай 13 кастрычніка 1973 г. Яе першым загадчыкам быў доктар гістарычных навук прафесар Э.М. Загарульскі. Гэта першая ў Беларусі кафедра, якая распачала паглыбленую падрыхтоўку спецыялістаў у галіне археалогіі і этнаграфіі. Сярод яе выпускнікоў 5 дактароў і каля 20 кандыдатаў навук.

У розныя гады на кафедры стала працавалі спецыялісты ў галіне археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін: прафесары В.Н. Рабцэвіч і А.Г. Калечыц, дацэнт М.М. Чарняўскі, старшы выкладчык А.А. Стуканаў, выкладчыкі В.С. Касмылёў і В.С. Абухоўскі.

У цяперашні час на кафедры працуюць 4 штатныя выкладчыкі і 6 выкладчыкаў па сумяшчальніцтву, з іх 2 доктары і 6 кандыдатаў навук. Кіруе кафедрай доктар гістарычных навук дацэнт А.А. Егарэйчанка. Штатнымі супрацоўнікамі кафедры з’яўляюцца: дацэнт А.М. Ваганава, старшы выкладчык А.У. Вайтовіч, выкладчык У.А. Плавінскі. У 2014 г. пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адкрыты філіял кафедры, у які ўваходзяць 5 супрацоўнікаў Інстытута – кандыдатаў гістарычных навук. Да чытання лекцый штогод запрашаюцца вядучыя спецыялісты Інстытута гісторыі, а таксама БДУ.

Супрацоўнікі кафедры чытают курсы для студэнтаў, якія навучаюцца па спецыяльнасцям “Гісторыя (па накірунках)”, “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (па накірунках)”, “Гісторыка-архівазнаўства”, “Дакументазнаўства (па накірунках)”. Вядзецца паглыбленая падрыхтоўка спецыялістаў першай ступені вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Гісторыя (Археалогія)”. Штогод ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў другой ступені вышэйшай адукацый па спецыяльнасці “Археалогія”, адкрыта аспірантура па гэтай спецыяльнасці.

Кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін забяспечвае выкладанне шэрага агульных і спецыяльных курсаў. Агульныя курсы прадстаўлены дысцыплінамі: Археалогія, Гісторыя першабытнага грамадства, Гістарычнае краязнаўства, Палеаграфія, Нумізматыка; спецыяльныя курсы – дысцыплінамі: Метадалогія археалогіі, Палявая археалогія, Тэарэтычныя асновы археалогіі, Археалагічнае матэрыялазнаўства, Тапаграфія ў археалогіі, Рэстаўрацыя і кансервацыя, Каменны век Беларусі, Бронзавы век Беларусі, Жалезны век Беларусі, Раннесярэднявечная археалогія Беларусі, Археалогія Беларусі перыяда позняга сярэднявечча, Гістарыяграфія археалогіі Беларусі, Асновы антрапалогіі, Сучасная геральдыка Беларусі, Фалерыстыка, Вексілалогія.

Э.М. Загарульскі першым на факультэце распрацаваў і ўкараніў сістэму научальных і кантралюючых тэставых праграм на машынах КІСІ-5, а пазней і на кампутарах.

Кафедра штогод арганізуе выязную вучэбную археалагічную практыку студэнтаў гістарычнага факультэта, падчас якой рэалізуюцца навуковыя і вучэбна-метадычныя задачы. У 1979 г. пры даследаванні Вішчынскага раннефеадальнага замка Э.М. Загарульскім быў знойдзены ўнікальны грашова-рэчавы скарб XII–XIII ст.ст. Археалагічнымі экспедыцыямі гістарычнага факультэта БДУ былі даследаваны: помнікі каменнага і бронзавага вякоў Кавальцы, Дразды, Асавец, гарадзішчы жалезнага веку Зазоны, Івань, Кісцені, Малышкі, Падварынка, Рацюнкі, Укля; гарады Мінск, Копысь, Івань, Рагачоў; курганныя могільнікі X–XIII ст.ст.: Гадзілавічы, Ветачка, Вішанькі, Наўры, Навасёлкі, Сеніца, Цагельня, Харчычы і інш.

У выніку археалагічных раскопак былі атрыманы шматлікія артэфакты, якія характарызуюць розныя аспекты і перыяды старажытнай гісторыі Беларусі. Яны склалі падмурак калекцыі археалагічнай залы вучэбнай лабараторыі гістарычнага факультэта. Яшчэ адна зала, нумізматычная, з’явілася дзякуючы таму, што В.Н. Рабцэвіч падараваў ўніверсітэту асабістую калекцыю манет IV–XVIII ст.ст. Сёння гэта адзін з найбуйнейшых у Еўропе нумізматычных кабінетаў сярод вышэйшых навучальных устаноў. Экспазіцыя і фонды вучэбнай лабараторыі актыўна выкарыстоўваюцца як пры распрацоўцы навуковых праблем, так і ў навучальным працэсе.

Студэнты, якія спецыялізуюцца на кафедры, прымалі актыўны ўдзел у раскопках на тэрыторыі Расіі, Польшы, Швецыі. З 2004 г. пры кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін дзейнічае студэнцкі Археалагічны гурток. У магістратуры і аспірантуры пры кафедры вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. У цяперашні час праходзяць навучанне і працуюць над кандыдацкімі дысертацыямі 5 аспірантаў, адзін з якіх – грамадзянін Ірака. У 2010 г. паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі яшчэ два іракскія аспіранты: М. Ракан і М. Махан. Першы з іх ужо ўзначальвае кафедру археалогіі ўніверсітэта аль-Кадзісія у г. аль-Дзіванія. Студэнты, магістранты і аспіранты кафедры прымаюць удзел ва ўніверсітэцкіх, рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях. Некаторыя з іх з’яўляюцца лаурэатамі Рэспубліканскага конкурса студэнцкіх навуковых работ.

Сфера навуковых інтарэсаў супрацоўнікаў кафедры ахоплівае шырокі спектр праблем: каменны і бронзавы вякі Беларусі, жалезны век і ранняе сярэднявечча Беларусі, этнагенез і ранняя гісторыя славян, нумізматыка, палеаграфія, сфрагістыка, геральдыка і інш.

Апублікаваны шэраг навуковых манаграфій і вучэбных дапаможнікаў: “Археология Белоруссии” (1965), “Древняя история Белоруссии. Очерки этнической истории и материальной культуры (до IX в.)” (1977), “Возникновение Минска” (1982), “Заходняя Русь IX–XIII стст.”, “Вищинский замок XII–XIII вв.” (2004), “Славяне. Происхождение и расселение на территории Беларуси” (2012), “Белая Русь с середины I тыс. до середины XIII в.” (2014) Э.М. Загарульскага; “Историческое краеведение Белоруссии” (1980) калектыва аўтараў; “О чем рассказывают монеты” (1977), “Нумизматика Беларуси” (1995), “Российско-“польские” монетные эмиссии эпохи Петра I” (1995) В.Н. Рабцэвіча; “Древнейшие городища Белорусского Полесья (VI в. до н. э. – II в. н. э.)” (1996), “Культуры штрихованной керамики” (2006) А.А. Егарэйчанкі; “Знаходкі крамянёвых і каменных вырабаў ад палеаліту да ранняга жалезнага веку з тэрыторыі Беларусі” (2003) В.С. Абухоўскага; “Беларуская кірылічная палеаграфія” (2006) А.И. Грушы; “Каменны век Беларусі” (2011) М.М. Чарняўскага і інш.

Выкладчыкі кафедры падтрымліваюць цесныя кантакты з калегамі з навукова-даследчых цэнтраў і вну Расіі, Украіны, Польшы, Швецыі, Літвы, Ірака.

Яндекс.Метрика