Галоўная

Факультэт

Адукацыйны працэс

Кафедры

Студэнтам

Навука

Абітурыенту

Выпускнікам

Фотагалерэя

Кафедра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў

З моманту стварэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вялікае значэнне ў сістэме адукацыі набыла айчынная гісторыя. Дзякуючы пазіцыі першага рэктара БДУ прафесара У. І. Пічэты ўжо ў 1920-я – пачатку 1930-х гг. ва ўніверсітэце чыталіся курсы па гісторыі Беларусі, гісторыі народнай гаспадаркі БССР, гісторыі беларускага і рускага права. Гэтымі навуковымі напрамкамі акрамя рэктара займаліся М. В. Доўнар-Запольскі, У. М. Ігнатоўскі, Ф. Ф. Турук, Д. А. Дудкоў, К. І. Кернажыцкі, В. Д. Дружчыц, М. М. Шчакаціхін. Студэнты сацыяльна-гістарычнага аддзялення педагагічнага факультэта ўспаміналі аб гэтых выкладчыках з падзякай.

У 1934 г. адкрыўся гістарычны факультэт з адзінай кафедрай ўсеагульнай гісторыі. У 1936 г. з'явілася яшчэ адна кафедра - гісторыі СССР і БССР, на якой працавалі А. П. П’янкоў, Д. А. Дудкоў, Т. С. Гарбуноў. У выніку ў 1940 г. была створана першая ўніверсітэцкая праграма курса «Гісторыя Беларусі», выкладчыкі кафедры прынялі ўдзел у падрыхтоўцы зборніка «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». У пасляваенныя гады айчынная гісторыя працягвала развівацца і заняла пачэснае месца ў сістэме ўніверсітэцкай адукацыі.

У лістападзе 1958 г. пад кіраўніцтвам Л. С. Абецэдарскага была створана і пленна працавала кафедра гісторыі БССР. Пасля смерці вядомага навукоўца яе ўзначальвалі доктара гістарычных навук, прафесары В. У. Чапко, І. В. Царук, А. П. Ігнаценка. З'явіліся грунтоўныя вучэбныя дапаможнікі і значныя навуковыя працы. Апублікавана «Хрэстаматыя па гісторыі Беларусі. Са старажытных часоў да 1917 г.» (1977), складальнікамі якой сталі прафесары А. П. Ігнаценка і. У Н. Сідарцоў. Пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук А. П. Ігнаценкі выйшла ў свет першая частка падручніка «Гісторыя БССР» (1984). У названых працах істотны ўплыў мелі канцэптуальна-метадалагічныя ідэі, закладзеныя ў «Тэзісах аб асноўных палажэннях гісторыі БССР» (ч. 1, 1948), згодна з якімі айчынная гісторыя зводзілася да «імкнення народных мас Беларусі да Маскоўскай дзяржавы». Гіпертрафаваны класавы падыход практычна выключаў магчымасць з'яўлення ў беларускай гістарыяграфіі асноватворных прац па гісторыі дзяржавы і права, шляхецкага саслоўя, царкоўна-рэлігійнай праблематыцы.

У чэрвені 1994 г. у сувязі з паглыбленнем вывучэння курса айчыннай гісторыі як на гістарычным, так і на іншых факультэтах БДУ кафедра падзялілася на дзве: кафедру гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў і кафедру гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу.

На кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў паспяхова працавалі А. Л. Абецэдарская, У. П. Емяльянчык, Л. А. Жэлуновіч, А. П. Ігнаценка, П. А. Лойка і інш. Педагагічную і навуковую дзейнасць кафедры працягваюць Ю. Л. Казакоў, Ю. М. Бохан, В. А. Варонін, В. Ф. Голубеў, І. Л. Грыбко, А. В. Дземідовіч, А. Р. Дзянісава, А. У. Любы, У. А. Падалінскі, У. А. Сосна, Ю. В. Функ. Кафедра звярнула ўвагу на распрацоўку праблем грамадска-палітычнай і дзяржаўнай эвалюцыі, уплыву на стан соцыўма пратэстанцкай і ўніяцкай цэркваў, праблемы гісторыі культуры, нарэшце, шматнацыянальнасці і шматканфесійнасці Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, якое прайшло шлях ад ваенна-абарончага саюзу балтаўсходнеславянскіх зямель XIII–XIV стст. да агульнадзяржаўнай кансалідацыі ў адзіную краіну XV–XVI стст.

Кафедра выдала больш за 20 навучальных дапаможнікаў для сярэдніх школ і вну, дзе ўсебакова, у еўрапейскім геапалітычным аспекце, разглядаецца гісторыя беларускіх зямель.

У юбілейным 2014 годзе на кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў працавалі 2 прафесары, 8 дацэнтаў, 2 старэйшых выкладчыка. У аснове вучэбнага працэсу вызначальную ролю займае старажытная і сярэднявечная гісторыя Беларусі. Развіваючы назапашаныя традыцыі, калектыў кафедры ў выкладанні асноўных і спецыяльных курсаў, курсаў па выбару вялікую ўвагу надае сацыяльна-эканамічнай, палітычнай гісторыі, а таксама гісторыі культуры. За гады свайго існавання кафедра падрыхтавала больш за 20 кандыдатаў навук. Сярод іх: М. А. Шніп – дырэктар Ліцэя БДУ, Л. В. Мікалаева – загадчык кафедры гуманітарных навук БДУІР, А. А. Скеп'ян – дацэнт Карлавага ўніверсітэта (г. Прага), В. В. Аніперкаў, В. А. Варонін, А. Р. Дзянісава, А. І. Доўнар, У. А. Падалінскі, А. У. Любы і інш. На кафедры скончылі дактарантуру і абаранілі доктарскія дысертацыі Ю. М. Бохан і А. М. Краўцэвіч.

Навуковыя інтарэсы супрацоўнікаў звернутыя да пытанняў гістарыяграфіі і крыніцазнаўства, аграрнай і гарадской тэматыцы, знешняй і ўнутранай палітыцы, вайсковай справе і мастацтву, эвалюцыі сацыяльнай структуры грамадства, пытанням рэлігійнага і культурнага жыцця. У 2011-2013 гг. выкладчыкі кафедры апублікавалі 4 манаграфіі, 10 вучэбных дапаможнікаў, 75 навуковых артыкулаў. Адначасова яны з'яўляюцца сувыканаўцамі Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў.

Супрацоўнікі кафедры прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы навучальных дапаможнікаў і падручнікаў для сярэдняй школы і вну Рэспублікі Беларусь. З іх можна адзначыць падручнікі па гісторыі Беларусі для 7-га і 9-га класаў П. А. Лойкі, Ю.М.Бохана і У. А. Сосны, курс лекцый па гісторыі Беларусі (ч. 2, 2002).

Рэгулярныя працоўныя кантакты падтрымліваюцца з шэрагам замежных універсітэтаў і акадэмічных устаноў. Прыкладам можа служыць шматгадовая сумесная праца з Інстытутам гісторыі Вроцлаўскага ўніверсітэта. Кафедра супрацоўнічае таксама з Варшаўскім, Кракаўскім і Познаньскім універсітэтамі, Віленскім універсітэтам і Інстытутам гісторыі Літвы, універсітэтам Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, Інстытутам славяназнаўства РАН, кафедры гісторыі славянскіх краін Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, Інстытутам гісторыі Украіны НАН Украіны, Кіеўскім і Львоўскім нацыянальнымі ўніверсітэтамі. Выкладчыкі, аспіранты і студэнты штогод бяруць удзел у замежных навуковых канферэнцыях, працуюць у архівах.

Яндекс.Метрика