Галоўная

Факультэт

Адукацыйны працэс

Кафедры

Студэнтам

Навука

Абітурыенту

Выпускнікам

Фотагалерэя

Гісторыя кафедры

Кафедра гісторыі Новага і Навейшага часу БДУ – найстарэйшы і самы буйны ў Беларусі цэнтр даследаванняў і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне новай і навейшай гісторыі замежных краін. У кастрычніку 2012 г. кафедра адзначыла 75-гадовы юбілей. За гады яе існавання падрыхтавана 7 дактароў і каля 60 кандыдатаў гістарычных навук.

Кафедра створана праз тры гады пасля адкрыцця гістарычнага факультэта ў БДУ. 29 кастрычніка 1937 г. быў падпісаны загад аб уступленні на пасаду загадчыка кафедры новай гісторыі (так яна называлася да 1950-х гг.) маладога аспіранта з Ленінграда Л. М. Шнэерсона. Першапачатковы склад кафедры - чацвёра супрацоўнікаў - заставаўся нязменным да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Асноўным напрамкам навуковай працы была знешняя палітыка еўрапейскіх дзяржаў у ХІХ – пачатку XX ст. Аднак сур'ёзных даследаванняў па гэтай праблематыцы у той час не праводзілася.

У 1936–1939 гг. ва ўніверсітэце прадпрымаліся спробы стварэння ўсходазнаўчай кафедры па новай гісторыі залежных і каланіяльных краін. З-за адсутнасці ў рэспубліцы неабходных спецыялістаў гэтыя спробы не скончыліся поспехам. З 1937 г. курс гісторыі Усходу на факультэце амаль цалкам забяспечваў сумяшчальнік з Ленінграда, будучы вядомы спецыяліст па гісторыі Кітая Г. В. Яфімаў.

У пасляваенны перыяд кафедра гісторыі Новага і Навейшага часу становіцца вядучым у рэспубліцы цэнтрам навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі спецыялістаў адпаведнага профілю. Агульнапрызнаны кірунак яе навуковай дзейнасці – вывучэнне гісторыі міжнародных адносін XIX–XX стст. Вялікі ўклад у даследаванне знешняй палітыкі еўрапейскіх дзяржаў апошняй трэці XIX ст. і падрыхтоўку навуковых кадраў ўнёс прафесар Л. М. Шнэерсон, які нязменна кіраваў кафедрай да 1989 г. Прычыны і дыпламатычную падрыхтоўку Першай сусветнай вайны глыбока і ўсебакова даследаваў прафесар М. П. Палетыка. Ім быў прадстаўленаы да выдання рукапіс манаграфіі, прысвечаны дзейнасці II Інтэрнацыяналу напярэдадні і ў гады Першай сусветнай вайны, якая так і не выйшла ў свет: канцэпцыя і многія высновы вучонага не супадалі з агульнапрынятым у савецкай гістарыяграфіі пунктам гледжання. Вынікам плённай дзейнасці прафесара Р. М. Трухнова з'явіўся цыкл манаграфій па гісторыі міжнародных адносін 1920–30-х гг. Вучоны пакінуў пасля сябе вялікую групу ўдзячных вучняў. Прыкметны ўклад у даследаванне германа-польскіх адносін паміж дзвюма сусветнымі войнамі унёс прафесар Д. С. Клімаўскі. Дацэнт М. Г. Елісееў даследаваў складаныя праблемы ўзаемаадносін паміж двума нямецкімі дзяржавамі ў перыяд халоднай вайны.

Цяперашні склад кафедры, які сфармаваўся ў 1970-90-х гг., працягвае лепшыя традыцыі сваіх настаўнікаў і папярэднікаў. Навуковыя інтарэсы кафедры звязаны з вывучэннем актуальных праблем сучаснасці, гісторыяй асобных краін і рэгіёнаў свету. Прафесар У. C. Кошалеў, загадчык кафедры з 1989 г., з'яўляецца спецыялістам па гісторыі арабскіх краін і сучаснага ісламу, даследуе метадалагічныя і тэарэтычныя праблемы сусветнай гісторыі. Прафесар П. А. Шупляк і дацэнт В. М. Пісараў спецыялізуюцца ў галіне германскай гісторыі. Дацэнт В. І. Сініца абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі балканскай палітыкі Расіі ў другой палове XIX ст. Дацэнты Я. Г. Колб і І. І. Шумскі даследуюць палітыку неакансерватараў ў Францыі і ЗША адпаведна. Навуковыя пошукі дацэнта Н. Я. Арловай прысвечаны гісторыі народнай адукацыі ў Вялікабрытаніі. Дацэнт Я. А. Красулін спецыялізуецца на гісторыі дакалумбавых цывілізацый. Дацэнт Дз. Г. Ларыёнаў даследуе гісторыю каталіцкай царквы пасля II Ватыканскага сабора, а дацэнт П. Г. Космач – ролю рэлігійнага фактару ў гісторыі заснавання ЗША. Старшы выкладчык Н. В. Кушнер вывучае гісторыю жаночага руху ў краінах Захаду, выкладчык А. А. Кондраль – грамадска-палітычную дзейнасць «Братоў-мусульман» у Егіпце. Выкладчык В. А. Андрэева спецыялізуецца ў галіне заходнегерманскай гістарыяграфіі.

Набыццё Беларуссю статусу незалежнай суверэннай дзяржавы паставіла гісторыкаў перад неабходнасцю рашэння складаных і адказных задач у галіне гістарычнай навукі і адукацыі. Прыйшлося пераадольваць састарэлыя стэрэатыпы, спрошчанасць і аднабаковасць марксісцкай метадалогіі ў яе істматаўскім варыянце. Абнаўленне кранула лекцыйныя курсы, тэматыку курсавых, дыпломных і дысертацыйных работ. Па ініцыятыве кафедры на гістарычным факультэце ўведзена новая спецыялізацыя «Рэлігіі ў гісторыі чалавецтва». Сур'ёзнаму перагляду падвергнута перыядызацыя Новага часу: за кропку адліку ўзятыя падзеі агульнасусветнага значэння – Вялікія геаграфічныя адкрыцці, эпоха Рэнесансу і Рэфармацыі, пачатак устанаўлення ўстойлівых сувязяў паміж еўрапейскай і ўсходнімі цывілізацыямі. Змянілася і ўнутраная перыядызацыя Новага часу. У прыватнасці, буржуазныя рэвалюцыі ў Паўночнай Амерыцы і Францыі канца XVIII ст. вызначаюцца ў якасці рубежных падзей, якія адкрываюць прынцыпова іншы перыяд у гісторыі сучаснай цывілізацыі. У 1990-я гг. супрацоўнікі кафедры распрацавалі шэраг важных навуковых праектаў: «Беларуская гістарыяграфія ўсеагульнай гісторыі», «Палітычны іслам у ХХ ст.», «Заходнееўрапейская сацыял-дэмакратыя і “неакансерватыўная хваля” ў 1990-я гг.».

У цяперашні час у рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016–2020 гг. «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» на кафедры рэалізуюцца тры актуальныя праекты: «Тэорыя і практыка палітычнага ісламу» (кіраўнік тэмы – д.г.н. У. C. Кошалеў); «Эвалюцыя ідэй і практыкі дзяржаўнага рэгулявання ў вядучых краінах Заходняй Еўропы ў посткансерватыўны перыяд (канец XX – пачатак XXI стст.)» (кіраўнік тэмы – к.ф.н. П. А. Шупляк); «Эвалюцыя рэлігійных інстытутаў і сацыяльных дактрын заходняга хрысціянства (канец XIX – пачатак XXI стст.)» (кіраўнік тэмы – к.г.н. Дз. Г. Ларыёнаў). Важным напрамкам у рабоце кафедры з'яўляецца падрыхтоўка праграм і вучэбнай літаратуры для сярэдняй школы і ВНУ рэспублікі.

Кафедра падтрымлівае цесныя сувязі з шэрагам навуковых і навучальных устаноў Беларусі, Расіі, іншых краін СНД і Еўропы.

Яндекс.Метрика