Галоўная

Факультэт

Адукацыйны працэс

Кафедры

Студэнтам

Навука

Абітурыенту

Выпускнікам

Фотагалерэя

Гісторыя кафедры

З таго самага дня, як быў урачыста адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (30 кастрычніка 1921 г.) у вучэбных аўдыторыях першага беларускага ўніверсітэта выкладалася гісторыя Расіі. У 20-я гг. ХХ ст. і да сярэдзіны 1930-х гг. не існававала кафедраў у сучасным іх выглядзе, – як арганізацыйных структураў факультэта. Новая рэвалюцыйная ўлада скасавала кафедру як спецыялізаваны аддзел, і выкладанне вялося ў рамках прадметных камісій. Вартая ўвагі тая акалічнасць, што вучэбныя планы першых факультэтаў БДУ (факультэт грамадскіх навук, педагагічны і рабочы факультэты) былі насычаны курсамі старажытнай, новай і навейшай гісторыі, а расійская гісторыя была важнай складаючай навучальнага працэсу. Адпаведныя і арыгінальныя курсы чыталі ўже сталыя, з высокай навуковай рэпутацыяй гісторыкі, што сталі першапраходцамі выкладання гісторыі Расіі ў вну Беларусі. Так, у 1920¬-я гг. гэты высокі ўзровень увасаблялі першы рэктар БДУ, вядомы гісторык-славіст прафесар У.І. Пічэта, буйны спецыяліст па праблемам вуніяцтва і культуры XVI—XVIII стст. А.А. Савіч, знаўца расійскай гісторыі XVIII–XIX стст. Д.А. Жарынаў. Можна казаць аб тым, што вялізную ролю ў станаўленні расіязнаўства і ўкраіністыкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адыграла навуковая інтэлігенцыя з Расіі (у тым ліку і ўражэнцы Беларусі, што ўсталі за прафесарскія кафедры ў БДУ і, як правіла, атрымалі сваю высокую навуковую кваліфікацыю ва ўніверсітэтах дарэвалюцыйнай Расіі і там жа рэалізаваліся як спецыялісты).

У.І. Пічэта, як сведчаць архіўныя дакументы, «займаў кафедры» на факультэце грамадскіх навук (ФГН), — гэта значыць, паводле разумення таго часу, выкладаў пэўныя агульныя курсы — гісторыі народнай гаспадаркі Расіі і Беларусі, гісторыі расійскага і літоўска-беларускага права. Яго калега Д.А. Жарынаў «займаў кафедру» расійскай гісторыі спачатку на ФГН, а затым — на педагагічным факультэце. Па яго ініцыятыве ва ўніверсітэце з 1924 г. пачалося выкладанне гісторыі Расіі XIX ст. і гісторыі Расіі эпохі прыгоннай гаспадаркі ХVII–XVIII стст. Тады ж М.В. Доўнар-Запольскі «заняў кафедру» гісторыі народнай гаспадаркі Расіі на факультэце права і гаспадаркі. У 1920-я ж гады «займалі кафедры» ва ўніверсітэце (г.зн. вялі выкладанне асобнага курса) такія вядомыя гісторыкі, як: У.М. Ігнатоўскі, Ф.Ф. Турук, А.Н. Ясінскі, В.Д. Дружчыц, Д.І. Даўгяла, М.М. Шчакаціхін, І.А. Сербаў і інш. З канца 1920-х гадоў і на працягу наступных перадваенных і пасляваенных гадоў курсы расійскай гісторыі (вядома ж, у выглядзе часткі гісторыі СССР) чыталі ў БДУ У.Ю. Гесэн, М.А. Поташ, М. Югаў, І.Т. Пшанічны, Я.І. Карнейчык, М.Д. Мельцар, С.М. Раўнаполец і інш. Непасрэдна перад «раздзелам» універсітэта, у 1929 г., з Масквы, як сведчаць фрагментарныя архіўныя даныя, прыязжалі «чытаць рускую гісторыю» заўсёдныя аўтары (як і М. Югаў) часопіса «Гісторык-марксіст»: С.А. Піянткоўскі, М. Малышаў, нехта Анатольеў і інш.

У 1920-я гг. у эпоху беларусізацыі зараджалася нацыянальная беларуская гістарыяграфія. Першапачаткова беларуская гісторыя ў вучэбных курсах таго часу разглядалася як частка гісторыі Расіі і паступова набывала самастойны статус вучэбнай дысцыпліны, станавілася самастойнай вобласцю гістарычных даследаванняў. Праўда, ужо з другой паловы 1930-х г. яна зноў стала разглядацца як непадзельная частка агульнай «гісторыі СССР», што ўвасобілася найперш у адсутнасці ва ўніверсітэце да канца 1950-х гг. самастойнай кафедры гісторыі Беларусі (БССР). Варта заўважыць, што на пачатковым этапе гісторыі БДУ пераважна вывучалася расійская гісторыя XIX в., хоць У.І. Пічэта і Д.А. Жарынаў прыкладалі нямала высілак для таго, каб вучэбныя праграмы гісторыкаў «паглыбіліся ў старажытнасць», а прадметам запытальнага розуму студэнтаў стала беларуская і расійская даўніна. Аднак характэрнай рысай тых гадоў была фіксацыя «старажытнасці» ўсяго толькі на XVII стагоддзі.
Поруч з тым, і нягледзячы на адносную ліберальнасць, 1920-я гг. не адрозніваліся стабільнасцю ў выкладанні: увесь час змяняўся склад прадметных камісій, адбываўся пошук аптымальнага набору вучэбных курсаў, змянялася структура ўніверсітэта, не гаворачы ўжо пра змест і склад вучэбных курсаў. Пазней, у кастрычніку 1931 г., умоўная «кафедральнасць» у выкладанні гісторыі Расіі была аформлена ў арганізацыйную структуру сучаснага тыпу — у кафедру гісторыі народаў СССР. І амаль адразу ж, у сувязі з падзелам БДУ у 1930–1931 гг. на некалькі самастойных інстытутаў, выкладанне расійскай і ўкраінскай гісторыі перамесцілася ў сцены толькі што створанага педагагічнага інстытута. У рамках новага інстытута згаданыя курсы былі адчувальна скарочаны; тады наймацнейшы акцэнт рабіўся на вывучэнні менавіта гісторыі рэвалюцыі і рэвалюцыйных пераўтварэнняў.

Узнікненне ў «распадзеленым» БДУ кафедры, на якой выкладалася гісторыя Расіі, кафедры як асобага аддзелу ўніверсітэта, што вядзе падрыхтоўку студэнтаў у межах пэўнай спецыялізацыі, адносіцца да сярэдзіны 1930-х гг. Вядома, што 15 мая 1934 г. пастановаю СНК Савецкага Саюза і ЦК УКП(б) аб «выкладанні цывільнай гісторыі ў школах» быў узяты курс на падрыхтоўку настаўніцкіх кадраў, былі заснаваны камісіі для стварэння новых падручнікаў па сусветнай гісторыі і гісторыі СССР. Былі адназначна акрэслены 5 вучэбных курсаў па гісторыі, у т.л. гісторыі СССР. Той жа пастановаю з 1 верасня 1934 г. засноўваліся гістарычныя факультэты ў Маскоўскім і Ленінградскім універсітэтах. Ужо 25 чэрвеня 1934 г. пастановаю СНК БССР і ЦК КПБ(б) была пастаўлена задача па стварэнню гістарычнага факультэта ў БДУ. Новая факультэцкая структура пацягнула за сабой стварэнне, а дакладней — аднаўленне, колішняй кафедральнай структуры ўніверсітэтаў.

Вядома, што ў 1936/1937 вучэбным годзе ва ўніверсітэце існавала кафедра гісторыі народаў СССР і гісторыі БССР, затым яна на вельмі кароткі час была падзелена на дзве кафедры, у т.л. кафедру гісторыі СССР. Фармальна (па-колькі знаходзіўся ў Маскве і толькі эпізадычна прыязжаў у Мінск) кафедру ачольваў шырока вядомы ў будучым расійскі гісторык У.В. Маўродзін. Аднак толькі з прыездам у Мінск пермскага гісторыка Аляксея Пятровіча П’янкова можна казаць пра пачатак сістэмнай кафедральнай працы ў якасці вучэбна-навуковага аддзелу БДУ. Аляксей Пятровіч доўгі час з’яўляўся не толькі дэканам гістарыченага факультэта, але і ачольваў кафедру гісторыі СССР (у 1938–1950-х гг., за выключэннем перыяду 1944—1946 гг., калі ў складаных ваенных і пасляваенных умовах кафедру ачольваў Аляксандр Антонавіч Савіч).

У абставінах 1930—1950-х гг. гісторыя СССР разумелася шырока і ўвасабляла сабой, уласна кажучы, гісторыю Расіі – Савецкай Расіі, якая засяродзіла вакол сябя «саюз братэрскіх народаў». Характэрна, што тады курс «гісторыі народаў СССР» трансфармаваўся проста ў курс «гісторыі СССР» і прызнаваўся «самай важнай гістарычнай дысцыплінай», выкладанне якой ажыццяўлялася ў розных аб’ёмах на ўсіх факультэтах БДУ.

У цяперашнім выглядзе кафедра гісторыі Расіі была створана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце 8 чэрвеня 1998 г. Да гэтага выкладанне і вывучэнне расійскай і ўкраінскай гісторыі адбывалася на кафедрах БДУ, што мелі іншыя назвы, і ўзыходзяць да 1936 г.:

– кафедра гісторыі народаў СССР і гісторыі БССР (1936—1937 гг.);
– кафедра гісторыі народаў СССР (1937—1953 гг.);
– кафедра гісторыі СССР (1953 г. — верасень 1974 г.);
– кафедра гісторыі СССР дасавецкага перыяду (верасень 1974 г. — жнівень 1991 г.);
– кафедра гісторыі СССР эпохі сацыялізму (верасень 1974 г. — жнівень 1991 г.): у жніўні 1991 г. яна была пераўтворана ў кафедру навейшай гісторыі славянскіх краінаў, на аснове якой у ліпені 1998 г. была створана кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славянаў;
– кафедра расійскай гісторыі (жнівень 1991 г. — студзень 1992 г.);
– кафедра расійскай і славянскай гісторыі (студзень 1992 г. — чэрвень 1998 г.);
– кафедра гісторыі Расіі (з 8 чэрвеня 1998 г.).

Як адмысловы спецыялізаваны аддзел універсітэта кафедра гісторыі Расіі паставіла сабе за мэту ісці ўслед за ідэямі і задумамі першага рэктара БДУ прафесара У.І. Пічэты, які на пачатку дваццатага стагоддзя у якасці прыват-дацэнта выкладаў у Імператарскім Маскоўскім універсітэце менавіта расійскую гісторыю, і са сваім бліскучым запасам ведаў у 1921 г. увайшоў у аўдыторыю першага беларускага ўніверсітэта.

Ва ўсе часы кафедра мела ў сваім складзе яркіх выкладчыкаў, якія і дагэтуль увасабляюць яе сутнасць і дух. Так, у 1936—1941 гг. у БДУ гісторыю народаў СССР вялі штатныя супрацоўнікі кафедры А.П. П’янкоў, Д.А. Дудкоў, І.Ф. Лочмель, І.Ц. Пшанічны, Я.І. Карнейчык і інш., што прыязжалі з Масквы і Ленінграда, таксама – расійскія гісторыкі В.М. Бачкароў, К.В. Базілевіч, Я.А. Марахавец і інш. У перыяд работы ўніверсітэта ў эвакуацыі на станцыі Сходня пад Масквой яркія лекцыі чытаў Б.Д. Грэкаў, А.М. Панкратава, М.М. Дружынін, А.П. П’янкоў. Вялікая Айчынная вайна была цяжкімм перыядам для БДУ і гістарычнага факультэта і кафедры. Многія студэнты і выкладчыкі пайшлі на фронт і змагаліся за сваю Радзіму. Многія з іх загінулі ў сусветнай бойцы.

Пасля вяртання БДУ у жніўні — верасні 1944 г. у Мінск пачалося паступовае аднаўленне ўніверсітэта. На мяжы 1940—1950-х гг. на кафедру прыйшло працаваць пакаленне выкладчыкаў, што было падрыхтавана самім гістарычным факультэтам БДУ. Сярод іх не было таго, каго не закранула б сваім вогненным дыханнем Вялікая Айчынная вайна: А.І. Кажушкоў, С.Г. Скапцоў, В.В. Шацыла, А.І. Сідарэнка, Ю.І. Драгун, П.З. Савачкін, І.М. Ігнаценка, Л.С. Абэцэдарскі, М.П. Баранава, М.Б. Фрыдман, Л.А. Міхайлоўскі, Я.П. Навуменка, Ф.І. Адашчык, У.А. Ціток і інш.

После возвращения БГУ в августе — сентябре 1944 г. в Минск началось постепенное восстановление университета. На рубеже 1940–1950-х гг. на кафедру пришло работать поколение преподавателей, подготовленное самим историческим факультетом БГУ. Среди них не было того, кого бы не затронула своим огненным дыханием Великая Отечественная война: А.И. Кожушков, С.Г. Скопцов, В.В. Шацилло, А.И. Сидоренко, Ю.И. Драгун, П.З. Савочкин, И.М. Игнатенко, Л.С. Абецедарский, М.П. Баранова, М.Б. Фридман, Л.А. Михайловский, Я.П. Науменко, Ф.И. Адащик, В.А. Титок и др.

З 1950-х гадоў кафедра ўвесь час папаўнялася сваімі выпуснікамі, што паспяхова ўступалі ў навуку, абаранялі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, пісалі навуковыя работы. Не перапыняўся і прыток новай навуковай «крыві» з іншых месцаў. Так, у 1976 г. у БДУ з тагачаснага горада Горкі (сучасны Ніжні Ноўгарад) прыехаў і пачаў сваю плённую працу вучань П.А. Зайанчкоўскага, вядомы даследчык грамадска-палітычнай гісторыі Расіі XIX ст., ураджэнец Мінска Ігар Вацлававіч Аржахоўскі. Хутка, пасля смерці П.З. Савачкіна, ён узначаліў кафедру. Новы загадчык здолеў стварыць творчую атмасферу, дзяліўся сваімі ведамі і вопытам, трывалымі навуковымі кантактамі з расійскімі гісторыкамі (у асаблівасці – з Масквы і Ленінграда). Пры яго падтрымцы і дабразычлівым стаўленні прайшлі абароны кандыдацкіх дысертацый М.Ф. Чудаева, В.В. Сяргеенкавай, Л.Л. Міхайлоўскай, Ю.А. Блашкова, В.А. Сімаковай, М.Я. Клепікава. І ў наступным кафедра папаўнялася як за рахунак уласных выпуснікоў, так і выпуснікоў іншых вну. Так, на мяжы ХХ—ХХІ стст. да складу кафедры далучыліся Г.А. Болсун — выпусніца Кастрамскога дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.А. Некрасава, і С.Л. Лугаўцова — выпусніца Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Танка.

У 1970—1980-я гг. выкладанне расійскай гісторыі як кірунка ў выкладанні і навуковых даследаваннях увасаблялі дзве новыя кафедры, што былі створаны ў 1974 г. У найбольшай ступені ўласна расійская гісторыя выкладалася і даследавалася на кафедры гісторыі СССР дасавецкага перыяду. У той час на ёй працавалі дацэнты Фёдар Іванавіч Адашчык, Марыя Парфір’еўна Баранава, Юры Іосіфавіч Драгун, Ірына Ўладзіміраўна Каменская, Анатоль Іосіфавіч Кажушкоў, Ядвіга Паўлаўна Навуменка, Сяргей Вадзімавіч Пазняк, Вольга Аляксееўна Сімакова, Мікалай Міронавіч Цімахоўцаў, а таксама выкладчыкі Аляксандр Усцінавіч Калымага і Жана Барысаўна Чэпа. Другой кафедрай, што працягвала традыцыі агульнай кафедры гісторыі СССР (Расіі), стала кафедра гісторыі СССР эпохі сацыялізму. На працягу 1974—1988 гг. ёю кіраваў дацэнт Іван Афанасьевіч Літвіноўскі. На кафедры працавалі таксама: Пётр Кузьміч Краўчанка, Леў Антонавіч Міхайлоўскі, Канстанцін Іванавіч Восіпаў, Ева Фёдараўна Саўчук, Анатоль Пятровіч Салькоў, Уладзімір Нікіфаравіч Сідарцоў, Мечыслаў Эдвардавіч Часноўскі.

1980-я – пачатак 1990-х гг. былі заўважнымі ў гісторыі кафедры ў двух аспектах: па-першае, «перабудова» і «галоснасць» адкрылі новыя магчымасці, актыўна пачалі дыспутавацца складаныя пытанні, змяніўся сам характар выкладання дысцыплін, змянялася змястоўнае напаўненне вучэбных курсаў; па-другое, – услед за структурнымі пераўтварэннями змяняўся склад выкладчыкаў кафедры, але не на шкоду традыцыям і пераемнасці. У 1990-я гг. кафедра знаходзілася ў стане пошука сваёй нішы ў беларускай суверэннай гістарычнай навуцы. У той час беларуская гісторыя, што стала па-сапраўднаму айчыннай, выйшла на першыя пазіцыі, а расійская і славянская мусілі яе забяспечваць шырокім фактычным і сэнсавым кантэкстам. З часам, аднак, стала бачна, што расійская, украінская і славянская гістарычная складаючыя вельмі розныя. Так, надзвычай адрозніваюцца гістарычныя лёсы расійскага шматэтнічнага народа, што заўсёды меў сваю ўласную магутную дзяржаўнасць і культуру. Асаблівы гістарычны шлях прайшлі, напрыклад, славенцы (як і іншыя паўднёваславянскія народы), што да самага апошняга часу не мелі ўласнай дзяржаўнасці і існавалі ў прынцыпова адрозных гісторыка-культурных умовах. Па-гэтаму вельмі паслядоўным было стварэнне ў чэрвені 1998 г. асобнай кафедры гісторыі Расіі – адначасна са стварэннем кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славянаў. Тым самым беларускія гісторыкі выразілі сваю глыбокую павагу да творчай спадчыны Ўладзіміра Іванавіча Пічэты. Усё гэта зняла тыя супярэчнасці ў выкладанні і навуковай спецыялізацыі, што раней меліся ў кангламераце злучанай расійска-славянскай гісторыі. Склад новай кафедры гісторыі Расіі на першых парах быў сфармаваны з выкладчыкаў ранейшых кафедраў. Так, яе членамі сталі прафесар Ігар Вацлававіч Аржахоўскі, дацэнты Вольга Васільеўна Брыгадзіна, Іван Афанасьевіч Літвіноўскі, Вячаслаў Іванавіч Менькоўскі, Ева Фёдараўна Саўчук, Ірына Ўладзімараўна Каменская, Сяргей Вадзімавіч Пазняк, Міхаіл Фёдаравіч Чудаеў, Сяргей Барысавіч Жарко, Мікалай Міронавіч Цімахоўцаў, Вера Васільеўна Сергеенкава, Юрый Андрэевіч Блашкоў, старэйшы выкладчык Жана Барысаўна Чэпа. Узначаліў новую кафедру дэкан гістарычнага факультэта дацэнт Алег Антонавіч Яноўскі.

У апошні час вучэбна-метадычныя высілкі кафедры гісторыі Расіі засяродзіліся на стварэнні вучэбных курсаў і забеспячэнні выкладання з апорай на ўласныя вучэбна-метадычныя матэрыялы. Асаблівасцю кафедры гісторыі Расіі БДУ стала тое, што ад самага пачатку сваёй дзейнасці яна звярнулася да распрацоўкі вучэбных матэрыялаў па гісторыі Ўкраіны, і па яе ініцыятыве ў Беларусі ў вышэйшай школе неўзабаве быў уведзены агульны курс «гісторыя Расіі і Ўкраіны». На самой жа кафедры поруч з гэтым курсам (ён выкладаўся студэнтам-гісторыкам на працягу пяці семестраў) у рамках спецыялізацыі даецца таксама шэраг спецыяльных курсаў па праблемах украінскай гісторыі. Ужо ў 2002 г. дацэнт С.В. Пазняк распрацаваў і выдаў «Курс лекцый па гісторыі Ўкраіны (IX — першая трэць XVII ст.)». Важнейшымі дасягненнямі кафедры за апошнія гады стала выданне вучэбных дапаможнікаў, аўтарамі якіх сталі амаль усе выкладчыкі кафедры. У гэтых дапаможніках адлюстравана ўся гісторыя Русі–Расіі і Русі–Ўкраіны са старажытных часоў да сённяшняга часу. Так, у 2005 г. пад рэдакцыяй В.І. Менькоўскага і А.А. Яноўскага ў выдавецтве Рэспубліканскага Інстытута вышэйшай школы выйшла з грыфам Міністэрства адукацыі РБ вучэбны дапаможнік «Гісторыя Расіі. XX стагоддзе». Затым у 2008 і 2010 гг. у маскоўскім выдавецтве «Эксма» пад рэдакцыяй А.А. Яноўскага была выдадзены фундаментальныя вучэбныя дапаможнікі (да іх падрыхтоўкі кафедра прыцягвала сваіх калег з Інстытута гісторыі НАН Беларусі) «Усеагульная гісторыя Расіі са старажытных часоў да канца XVIII ст.» і «Гісторыя Расіі: Новы і Навейшы час». Яшчэ болей была ўдакладнена «ўкраінская складаючая» вучэбнага курса, што чытала кафедра, у вучэбным дапаможніку з грыфам вучэбна-метадычнага аб’яднання Рэспублікі Беларусь «Гісторыя Расіі і Ўкраіны (XIX — пачатак ХХ ст.)» (пад рэдакцыяй А.А. Яноўскага і В.В. Сергеенкавай), што выйшла ў выдавецтве БДУ у двух частках у 2008 і 2010 гг. У 2012 г. у тым жа выдавецтве рыхтуецца да выдання калектыўны вучэбны дапаможнік з грыфам ВМА Беларусі па гісторыі Расіі і Ўкраіны з ІХ ст. да канца XVIII ст. Новым словам не толькі для беларускіх гісторыкаў і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў стала выданне вучэбнага дапаможніка (з грыфам ВМА) па распрацаванаму прафесарам А.А. Яноўскім курсе «Універсітэтазнаўства». Гэты курс выкладаецца на большасці факультэтаў БДУ і ставіць за задачу ўвядзенне першакурснікаў, па-першае, у спецыяльнасць, а па-другое — у вялізны ды дзівосны свет Універсітэта. Адзначым і тое, што амаль усе выкладчыкі кафедры гісторыі Расіі за апошняе дзесяцігоддзе падрыхтавалі і выдалі сваі аўтарскія вучэбныя дапаможнікі па агульных і спецыяльных курсах, што імі чытаюцца, а таксама вучэбна-метадычныя комплексы, хрэстаматыі, манаграфіі, сотні навуковых артыкулаў у самых прэстыжных выданнях Беларусі, бліжняга і далёкага замежжа.

Яндекс.Метрика