На гістарычным факультэце адбылося святкванне Дня Народзінаў вялікага беларускага класіка У. Караткевіча! У межах "Тыдня Караткевіча" суполка ТБМ "Варта" зладзіла шэраг мерапрыемстваў. Гэта, найперш, Круглы стол, на якім у цесным сяброўскім коле адбывалася абмеркаванне творчасці і жыцця пісьменніка, кожны меў магчымасць расказаць пра месца Караткевіча ў сваім жыцці. У завяршэнне ўсіх чакаў сюрпрыз - смачны торт, свечкі на якім задулі ўсім сяброўскім калектывам.
На наступны дзень, 25 лістапада, адбылася акцыя "Магічны капялюш":студэнты і выкладчыкі мелі магчымасць атрымаць параду-цытату Караткевіча, а ў дадатак - цукерку. Завяршыўся "Тыдзень Караткевіча" эпічнымі падзеямі — першай п'есай на гістфаку "Млын на Сініх Вірах" і выступам цудоўнай беларускай спявачкі Кацярыны Ваданосавай.
21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. Не абмінула гэта падзея і наш факультэт. У панядзелак, з самага ранку, студэнтаў сустракалі на ўваходзе віншаваннямі. Факультэт знутры быў упрыгожаны рознакаляровымі шарыкамі, на дзвярах аўдыторый былі размешчаны выказванні знакамітых людзей пра родную мову. На перапынках студэнты мелі магчымасць атрымаць прызы, дэманструючы свае веды па беларускай мове і літаратуры, адказваючы на пытанні сяброў факультэцкай суполкі Таварыства беларускай мовы. А яскравым завяршэннем свята стаў выступ лідара гурта “Leibonik” Сяргея Башлыкевіча і салісткі гурта Ганны Рубчэні. Часам сур’ёзныя і ўзнёслыя, часам жартаўлівыя і вясёлыя песні Leibonik-аў не пакінулі нікога з аўдыторыі раўнадушным.
26 лістапада ў галоўным корпусе БДУ адбыўся вечар памяці Уладзіміра Караткевіча. Вершы, песні, неверагодная атмасфера... Удзел у імпрэзе прымалі і шмат гістфакаўцаў, да таго ж, даволі паспяхова (на крайнім здымку, нажаль, не ў поўным складзе прадстаўлены ўдзельнікі ад нашага факультэта). Падзякі за выступ атрымалі: Аляксандр Духан, Кастусь Цаўлоўскі, Алег Гапоненка, Ганна Шчэбетава, Іван Цвірко, Андрэй Кімбар. Віншуем выступоўцаў! А таксама ўсіх вас са святам!