
Нарадзіўся 31 мая 1963 г. у в. Путчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Падчас навучання ў Чырвонаслабодскай СШ Салігорскага раёна праявіў схільнасць да матэматыкі, але перамагла цікавасць да гісторыі.
У 1980 г. быў залічаны на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цікавіўся гісторыяй антычнасці, удзельнічаў у рабоце гуртка пад кіраўніцтвам дацэнта К. А. Равяка (цяпер прафесар), з другога курсу гістарычнага факультэта і па сённяшні дзень займаецца пераважна праблемамі гісторыі Беларусі і крыніцазнаўства. Скончыў навучанне з дыпломам з адзнакай, быў размеркаваны ў Слуцкі раён. Падчас працы настаўнікам гісторыі Доктаравіцкай СШ Капыльскага раёна (1986 г.) паступіў у аспірантуру па гісторыі Беларусі на завочную форму навучання.
У 1988 г. з пасады дырэктара школы пераведзены ў БДУ на кафедру гісторыі БССР выкладчыкам. Чытаў курс па гісторыі Беларусі ХХ ст. для студэнтаў завочнай формы навучання. У 1990 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай вёскі міжваеннага перыяду (навуковы кіраўнік - прафесар І. В. Царук). З 1992 г. - дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, з 1995 г. - дацэнт кафедры крыніцазнаўства і музеязнаўства. Распрацаваў шэраг падручнікаў па тэорыі і гісторыі крыніцазнаўства, крыніцазнаўству гісторыі Беларусі. Аўтар каля 100 публікацый.
У кастрычніку 2000 абраны дэканам гістарычнага факультэта. Адначасова з 2001 г. - загадчык кафедры крыніцазнаўства.





