дэкан гістарычнага факультэта
ў 1934—1936 гг.
Нарадзіўся 27 лютага 1898 г. у в. Дуброўка Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У г. Рагачове В. К. Шчарбакоў уключыўся ў падпольную барацьбу супраць нямецкіх акупантаў, пачаў сур’ёзна займацца палітычнай дзейнасцю. У 1918 г. уступіў ў партыю бальшавікоў. У час грамадзянскай вайны абараняў савецкую ўладу на яе франтах. У 1923 г. скончыў Харкаўскую вышэйшую партыйную школу і ў 1930 г. прызначаны загадчыкам секцыі навукі і асветы ЦК КП(б)Б. У 1931 г. В. К. Шчарбакоў быў абраны акадэмікам Беларускай акадэміі навук і цалкам прысвяціў сябе навуковай і арганізацыйна-навуковай дзейнасці.
У 1931—1935 гг. Васіль Карпавіч становіцца віцэ-прэзідэнтам, у 1935—1937 гг. — сакратаром Акадэміі навук, з 1931 па 1936 г. — намеснікам дырэктара, а потым дырэктарам Інстытута гісторыі АН БССР (1936—1937). У 1934 г. на падставе пастановы СНК СССР «Аб вучоных ступенях і званнях» В. К. Шчарбакову было прысвоена званне доктара гістарычных навук. У 1931—1934 гг. ён працаваў прафесарам у Вышэйшай сельскагаспадарчай школе Беларусі, Мінскім педагагічным інстытуце, Беларускім дзяржаўным універсітэце. Васіль Карпавіч быў першым дэканам гістарычнага факультэта БДУ ў 1934 г.
В. К. Шчарбакоў апублікаваў каля 30 навуковых работ, у тым ліку некалькі манаграфій па гісторыі сялянскага руху ў перыяд феадалізму, гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі, крыніцазнаўству, гістарыяграфіі і некаторых іншых праблемах. Адным з першых паспрабаваў на падставе фармацыйнага падыходу комплексна паказаць гісторыю Беларусі са старажытнага часу да XVIII ст. Навуковая дзейнасць і жыццё В. К. Шчарбакова заўчасна былі перарваны рэпрэсіямі: 21 чэрвеня 1937 г. яго арыштавалі. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 29 чэрвеня 1938 г. у Мінску. Рэабілітаваны 25 ліпеня 1957 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР.