Уладзімір Іванавіч ПІЧЭТА — першы рэктар БДУ
Уладзімір Іванавіч Пічэта нарадзіўся 9 (21) кастрычніка 1878 г. у Палтаве ў сям’і выкладчыка, а потым рэктара духоўнай семінарыі. Яго бацька Іаан Хрыстафоравіч, родам з Сербіі і па нацыянальнасці герцагавінец, яшчэ юнаком прыехаў у Расію і атрымаў духоўную адукацыю. Знамянальна, што ён некаторы час быў рэктарам семінарыі ў Віцебску, што дазволіла падлетку-сыну ўпершыню пазнаёміцца з Беларуссю і палюбіць гэтую зямлю і яе жыхароў.
Уладзімір Пічэта бліскуча скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, дзе пад кіраўніцтвам вядомага рускага гісторыка Васіля Осіпавіча Ключэўскага распачаў першыя навуковыя даследаванні. Узятага накірунку ён прытрымліваўся ўсё жыццё. З 1903 г., калі была надрукавана яго першая навуковая праца, і на працягу 44 гадоў напружанага даследчага пошуку У.І. Пічэта напісаў больш за 500 кніг, артыкулаў, рэцэнзій. Пераважная большасць іх датычылася гісторыі Расіі, Беларусі, Украіны, Польшчы і іншых славянскіх краін і народаў. Амаль чвэрць усіх навуковых даследаванняў гісторык здзейсніў пад час сваёй працы ў Беларусі. Па сутнасці, ён стаяў ля вытокаў беларускай навукова-гістарычнай школы, быў адным з арганізатараў вышэйшай адукацыі ў нашай рэспубліцы.
Да 1911 г. Уладзімір Пічэта выкладаў славянскую і расійскую гісторыю ў Маскоўскім універсітэце, потым — у народных універсітэтах і школах многіх гарадоў Расіі. За манаграфію “Аграрная рэформа Жыгімонта-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве” гісторыку ў 1918 г. былі прысуджаны вучоныя ступені магістра і доктара.
З 1918 г. Уладзімір Іванавіч распачаў курс лекцый па гісторыі Беларусі ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Ён быў абраны старшынёй Беларускага навукова-культурнага таварыства.
У.І. Пічэта прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы стварэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. Ён узначаліў па прапанове ўрада ССРБ Маскоўскую камісію па арганізацыі ўніверсітэта ў Мінску і 9 ліпеня 1921 г. быў прызначаны яго першым рэктарам.
Станаўленне БДУ было выключна цяжкім. Рэктар у той нялёгкі час з вядомага вучонага-прафесара пераўтварыўся ледзь не ў снабжэнца: навуковага абсталявання, кніг, вучэбных памяшканняў, кватэр для выкладчыкаў і інтэрнатаў для студэнтаў. Напрыклад, дакладная запіска ў адрас Наркамасветы РСФСР, якую накіраваў Уладзімір Іванавіч у пачатку 1922 г., дазволіла дабіцца выдзялення для БДУ аднаго экзэмпляра ўсіх выданняў, якія выходзілі ў Расіі. Шмат увагі Уладзімір Іванавіч удзяляў стварэнню і развіццю універсітэцкай бібліятэкі. Не без яго ініцыятывы ў верасні 1922 г. Саўнаркам БССР сваёй пастановай абавязаў усе тыпаграфіі і літаграфіі рэспублікі накіроўваць па 2 экземпляры сваіх выданняў ва ўніверсітэцкую бібліятэку, якая да таго ж набыла новы статус — стала называцца “Беларуская Дзяржаўная і Універсітэцкая бібліятэка”.
Апантаная праца рэктара была адзначана Старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК) ССРБ Аляксандрам Чарвяковым: ён паставіў Уладзіміра Іванавіча ў прыклад усім, ахарактарызаваў яго як «цалкам аддаўшагася адказнай і цяжкай справе…».
Успрыняцце ўніверсітэта беларускім грамадствам як інтэлектуальнага і культурнага цэнтра маладой краіны ішло ў ва многім праз асобу рэктара, які ва ўсіх сваіх выступленнях, пачынаючы з прамовы на 3-м з’ездзе Саветаў і скончваючы публічнымі лекцыямі перад насельніцтвам, прапагандаваў ідэю і сутнасць універсітэта ў Беларусі і для беларусаў. Ужо ў 1922 г. сярод 70 членаў ЦВК ССРБ быў і беспартыйны рэктар БДУ У.І. Пічэта. Уладзіміра Іванавіча ў снежні 1922 г. абралі дэлегатам на Усебеларускі з’езд Саветаў ад Мінскага гарсавета.
Адной з форм уздзеяння універсітэта на шырокія колы грамадства па прапанове У.І. Пічэты сталі публічныя лекцыі. Сам рэктар, нягледзячы на процьму спраў, рэгулярна ўдзельнічаў у іх правядзенні. Так, разам з прафесарамі Д.П. Канчалоўскім, С.Я. Вальфсоном, А.Н. Вазнясенскім, І.М. Салаўёвым ён прачытаў цыкл лекцый, усе сборы ад якіх пайшлі на карысць галадаючых. Ён выступаў з дакладамі на публічных пасяджэннях, прысвечаных творчасці М. Багдановіча, Я Купалы, Ф. Дастаеўскага, М. Някрасава і інш. Гэты накірунак дзейнасці ўніверсітэцкіх прафесароў натуральна прывёў іх да стварэння статута Навуковага таварыства БДУ як цэнтра, які павінен аб’яднаць духоўныя сілы Мінска і ўсёй Беларусі.
У. І. Пічэта прымаў самы актыўны ўдзел у абмеркаванні і вырашэннні вострых пытанняў стварэння адпаведнай базы для дзейнасці вельмі затратнага, дарагога для разбуранай краіны, але так патрэбнага медыцынскага факультэта. Ён клапаціўся аб вырашэнні праблем універсітэцкіх фізікаў, хімікаў, біёлагаў. Напрыклад, Уладзімір Іванавіч падтрымаў ідэю прафесара М. М. Андрэева аб стварэнні пры БДУ Фізічнага інстытута. У кароткі тэрмін, адбылося абсталяванне Анатамічнага тэатра, хімічнай лабараторыі прафесара Б. М. Беркенгейма, пачала рэалізоўвацца ідэя стварэння Заалагічнага інстытута.
Найбольшую ўвагу Уладзімір Іванавіч удзяляў кадравым пытанням. Ад таго, якія выкладчыкі прыходзілі ў аудыторыі універсітэта, залежыла галоўнае — якаснасць падрыхтоўкі першых спецыялістаў для краіны. Аўтарытэт і шырокая вядомасць У. І. Пічэты сярод вучоных і прафесароў універсітэтаў былой Расійскай імперыі былі адным з пераканальных аргументаў на карысць прызначэння яго рэктарм БДУ. У Мінск ехалі тыя, хто не толькі шукаў сродкі і магчымасць выжыць у страшэнны час паслярэвалюцыйнай і ваеннай галечы, але імкнуўся знайсці магчымасць для свайго творчага росту, рэалізацыі навуковых і педагагічных планаў. Імя Пічэты было гарантам здзяйснення гэтых планаў. У цэнтры гэтых планаў, яго рэалізатарамі павінны былі быць людзі з найвышэйшай прафесійнай кваліфікацыяй — прафесары. Напрыклад, у 1921 г. на працу ва універсітэт было прынята 50 прафесараў і 59 выкладчыкаў.
З 49 прафесараў, прыехаўшых на працу ў БДУ у 1921 г., 32 не змаглі вытрымаць цяжару ўмоў працы і побыту ў разбураным Мінску і пакінулі ўніверсітэт. Разам з рэктарам заставаліся толькі тыя, хто змог выстаяць, хто, як ён, быў адданы ідэі стварэння Беларускага ўніверсітэта. Так, лекцыі ў БДУ чыталі Народны камісар асветы Усевалод Ігнатоўскі і яго намеснік Саламон Кацэнбогін, сакратар Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусіі Вільгельм Кнорын.
Пры гэтай напружанай арганізацыйнай працы У. І. Пічэта знаходзіў час для плённай навуковай дзейнасці: каля 150 прац і даследаванняў па гісторыі Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Літвы, па гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі былі напісаны ім у часы рэктарства. Акрамя таго ён друкаваў дзесяткі сваіх артыкулаў у газетах (“Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Рабочы” і інш.) і грамадска-палітычных часопісах БССР (“Савецкае будаўніцтва”, “Наш край”, “Плуг” і інш.), амаль што штодзённа выступаў на рознага па маштабу сходах (ад студэнцкіх вечарын і пасяджэнняў Савета БДУ да з’ездаў Саветаў БССР і міжнародных навуковых канферэнцый).
Універсітэт пры У. І. Пічэце рабіўся сапраўды беларускім: у І927 г. у сярэднім каля 50% вучэбных гадзін чыталіся па-беларуску. І гэта пры тым, што мовамі навучання, акрамя беларускай, былі яўрэйская, польская і руская; існавалі польскае і яўрэйскае аддзяленні. Сам рэктар выдатна валодаў беларускай мовай, на ёй ён чытаў свае лекцыі і друкаваў навуковыя працы, выступаў перад насельніцтвам Беларусі.
Пэўныя вынікі дзейнасці БДУ былі падведзены на агульным універсітэцкім сходзе, прысвечаным пяцігадоваму юбілею — 31 кастрычніка 1926 г. Да гэтага юбілею быў далучаны яшчэ адзін, не меньш сімвалічны і важкі — калектыў універсітэта, а болей таго — уся рэспубліка — адзначылі 25-годдзе навуковай і педагагічнай дзейнасці Уладзіміра Іванавіча Пічэты. Адзначылі і пяцігоддзе яго рэктарства. З усіх бакоў, ад самых высокіх інстанцый ішлі віншаванні, гучалі самыя высокія словы адзнакі арганізатарскай, педагагічнай, навуковай апантанай працы У. І. Пічэты на Беларусі і для Беларусі. У фондах музея гісторыі БДУ сёння захоўваюцца выкананыя з мастацкім густам, адпаведным таму часу, прывітальныя адрасы да юбіляра. Унікальным па свайму характару можна лічыць і ганаровае званне “Заслужанага прафесара БССР”, якое спецыяльна да гэтай даты зацвердзілі пастановай Народным камісарыятам асветы і прысвоілі Уладзіміру Іванавічу.
На вялікі жаль, гэта быў не толькі юбілей універсітэта і яго рэктара. Гэта быў рубеж, пасля якога пачалося новае, іншае пяцігоддзе іх існавання і дзейнасці. “Стары спец-прафесар” У. І. Пічэта, як не намагаўся ён прыстасавацца да новых палітычных рэалій, якія ўкараняліся сталінскім рэжымам, не меў шансаў на гэта. Больш за тое, кожны яго крок, кожная ініцыятыва толькі накоплівалі фактычны матэрыял для будучай адпаведнай інтэрпрэтацыі следчымі органамі Народнага камісарыята ўнутраных спраў.
Ад 31 кастрычніка 1926 г. да 13 верасня 1930 г., калі быў выдадзены ордэр для правядзення “вобыску і арышту грамадзяніна Пічэты Уладзіміра Іванавіча”, заставалася роўна чатыры гады. З гэтых чатырох гадоў У. І. Пічэта яшчэ тры гады працаваў рэктарам і адзін — прафесарам БДУ.
Потым распачалося следства па “акадэмічнай справе” гісторыкаў. Уладзімір Пічэта вымушаны быў пакінуць універсітэт пад ціскам ілжывых абвінавачванняў: ён быў арыштаваны ў верасні 1930 г. “по делу академика С. Ф. Платонова”.
Па якіх прычынах Уладзімір Іванавіч апынуўся за кратамі, а потым быў сасланы ў Вятку, з-за чаго яму прыйшлося сцярпець столькі пакут, не аднойчы перажыць у думках сваё жыццё — на гэты конт існуюць сярод даследчыкаў шмат версій і аргументацый.
Стварыўшы ўніверсітэт літаральна на пустым месцы, Уладзімір Іванавіч пакінуў яго ў складзе 4-х факультэтаў (без рабочага): медыцынскага, права і гаспадаркі, хіміка-тэхналагічнага і педагагічнага (з аддзяленнямі прыродазнаўчым, сацыяльна-гістарычным, літаратурна-лінгвістычным, фізіка-матэматычным), на якіх працавалі больш за 50 прафесараў, 53 дацэнты, 84 асістэнты, 88 выкладчыкаў, 24 ардынатары, 6 лабарантаў і вучылася больш за 2600 студэнтаў.
У 1930—1940-я гады Уладзімір Іванавіч працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР, чытаў лекцыі як прафесар і загадчык ім заснаванай кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. У І946 г. ён разам з акадэмікам Б.Д. Грэкавым заснаваў Інстытут славяназнаўства, быў абраны акадэмікам АН СССР і ўзноўлены ў высокім званні акадэміка АН БССР. Уладзімір Іванавіч аўтар больш за 500 навуковых прац па гісторыі славянскіх народаў СССР і замежных краін.
Памёр Уладзімір Іванавіч Пічэта 23 чэрвеня 1947 года і пахаваны на Новадзевічых могілках у Маскве.
Яноўскі А.А., Прохараў А.А.