Главная

Факультет

Учебный процесс

Кафедры

Студентам

Наука

Абитуриенту

Новости факультета

Вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага як часткі беларускай нацыянальнай гісторыі распачынаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце з яго заснаваннем і паступовым пераездам у межы Беларусі такіх знакавых даследчыкаў ва Усходняй Еўропе як Уладзімір Пічэта і Мінтрафан Доўнар-Запольскі. У 1920-1930-ыя гг. выпускнікамі БДУ – у будучым выбітнымі гісторыкамі – быў і Мікалай Улашчык. Аднак захапленне гісторыяй XVI–XVIII ст. у міжваенны перыяд было выклікана не столькі сістэмнымі даследаваннямі вызначанага перыяду гісторыі Беларусі, колькі персанальнымі навуковымі школамі і асабістым уплывам настаўнікаў. Асобная кафедра гісторыі Беларусі стала засноўваецца толькі ў 1958 г. І ў 1960-1970-я гг. знаходзіцца пад уплывам Лаўрэнція Абэцэдарскага. У 1970-1980-ыя гг. актыўна праводзяцца даследаванні сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі дасавецкага перыяду. За першыя дзесяцігоддзі інстытуцыяналізацыі беларускай гісторыі праблематыка даследаванняў была вельмі завужана да культурніцкіх і сацыяльных трансфармацый.

У 1990-ыя гг. у навучальнай і дыдактычнай прасторы Беларусі адбываюцца значныя змены і структурныя пераўтварэнні. Фарміраванне і адкрытае агучванне канцэпцыі нацыянальнай гісторыі, стварэнне новых курсаў па айчыннай гісторыі, напісанне нацыянальнага гістарычнага наратыва, падрыхтоўка навуковых і педагагічных кадраў новай генерацыі запатрабавалі ад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заснаванне структурных падраздзяленняў новага ўзроўню.

У 1994 г. на базе рэарганізаванай кафедры гісторыі БССР была ўтворана кафедра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў. Сярэднявечная гісторыя і гісторыя ранняга Новага часу пачалі выкладацца асобнымі блокамі для гісторыкаў-спецыялістаў.

Гэтыя і іншыя аспекты былі адзначаны падчас пленарнага паседжання ў аўдыторыі імя Уладзіміра Пічэты 6 чэрвеня 2019 г.

Канферэнцыя праходзіла ў аўдыторыях будынку №1 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на вул. Чырвонаармейскай. Сабрала ўдзельнікаў з розных універсітэцкіх і даследчыцкіх цэнтраў Беларусі (акрамя супрацоўнікаў БДУ, прынялі ўдзел прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта г. Пінска, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы), а таксама замежныя госці з Латвіі, Польшчы і Расіі.

Пад час канферэнцыі былі закрануты розныя пытанні сацыяльнай гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага XIV – пачатку ХІХ ст. Увага была нададзена гістарыяграфіі і крыніцам па гісторыі Вялікага Княства, сацыяльным катэгорыям грамадства Беларусі Сярэднявечча і ранняга Новага часу; царкоўным і свецкім уплывам на культуру Усходняй Еўропы.

У першы дзень – 6 чэрвеня 2019 г. – праводзіліся две секцыі. Секцыя “Гістарыяграфія, метадалогія і наратыў Вялікага Княства Літоўскага з пункту гледжання гістарычнай навукі Беларусі ХХІ ст.”, мадэратарамі ў якой выступілі дацэнт гістарычнага факультэта А.М. Латушкін і загадчык навукова-даследчага адзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А.М. Сцебурака. І секцыя “Палітычны народ, рэгіянальныя эліты і інстытуты ўлады Вялікага Княства Літоўскага XVI–XVII ст.” – мадэратары У.А. Падалінскі і старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат юрыдычных навук Дзербіна Г.В.

Сярод дакладаў, прысвечаных сярэднявечнай гісторыі Беларусі, варта адзначыць выступленні дацэнт кафедры гісторыі Расіі БДУ С.М. Цемушава “Старажытнаруская спадчына ў сацыяльнай структуры Вялікага Княства Літоўскага: традыцыі і навацыі”; загадчыка аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі і дацэнта кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў БДУ В.А. Вароніна “Постаць Вітаўта ў айчынных і замежных крыніцах XV–XVI стст. (параўнаўчы аспект)”; дацэнта кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Р.Б. Гагуа “Генрых фон Плоцке і Давыд Гарадзенскі ў супрацьстаянні Вялікага Княства Літоўскага і Тэўтонскага ордэна падчас пахода крыжакоў на Наваградак восенню 1314 г.”; вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі А.І. Дзярновіча “Штурм замка Піленай у 1336 г.: нямецкая хранікарная традыцыя, калектыўны суіцыд і раннедзяржаўныя структуры ў Жамойці XIV ст.”. Праблематыка Сярэднявеча і яе папулярызацыя ў гістарыяграфіі была прааналізавана ў выступленні магістара гістарычных навук С.П. Емельянава.

Прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Д.У. Карева выступіў з праблемным дакладам “Вялікае Княства Літоўскае: грамадства і дзяржава ва ўсходнеславянскіх гістарыяграфічных традыцыях навейшага часу”. Пра навацыі і класіку метадалагічных падыходаў у прымяненні да тэматыкі айчыннай гістарыяграфіі распавёў дацэнт кафндры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы А.І. Евстратьев.

Пра асаблівасці пошуку крыніц па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага распавяді дацэнт кафедры крыніцазнаўства А.М. Латушкін “Арыгіналы актаў добраахвотнага падпарадкавання ўладароў зямель Усходняй Еўропы вялікім князям літоўскім у XV ст.: архіўны лёс і сучаснае месца захоўвання” і загадчык навукова-даследчага адзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А.М. Сцебурака “Рукапісныя крыніцы па палітычным і сацыяльна-эканамічным працэсам ў Вялікім Княстве Літоўскім у зборы навукова-даследчага адзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. Таксама цікавасць выклікаў даклад старшы навуковы супрацоўнік аддзелу нумізматыкі, археалогіі і зброі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь Р.І. Крыцука “Скарб літоўскіх грыўняў з пад в. Турэйск Шчучынскага раёну з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь” і адказы на пытанні дакладчыка.

Нельга не адзначыць выступленне студэнта гістарычнага факультэта БДУ А.А. Паршанкова з паведамленнем “Прытча пра таленты ў самапрэзентацыі усходнеславянскіх перапісчыкаў і друкароў кірылічных кніг”

З другой секцыі хацелася б адзначыць даклады загадчыка сектара рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Я.С. Глінскі “Уключэнне баяр і мяшчан у зямянскую супольнасць маёнтка Магільна Новагародскага ваяводства ў XVII–XVIII ст.”. Таксама паведамленні магістра медыявістыкі С.М. Салея “Гародня ў ліпені 1567 года: цэнтр ці перыферыя?” і старшага выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта В.У. Чараўко “Сацыяльны аспект пахавальнай абраднасці насельніцтва Паўночнай Беларусі ХIV–ХVIII ст.”

На наступны дзень 7 чэрвеня 2019 г. адбыліся пасяджэнні ячэ двух секцый. Секцыю “Сацыяльныя структуры, стратэгіі і карпарацыі ранняга Новага часу на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага” мадэрыравала наша калега з Інстытута гісторыі Латвіі Латвійскага універсітэта Т.У. Багдановіч. Секцыя “Царкоўная палітыка і сацыяльныя стратэгіі на землях Вялікага Княства Літоўскага” адбывалася пад кіраўніцтвам А.У. Любага.

Вылучым наступныя даклады старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніврсітэта, кандыдат гістарычных навук А.У. Казакова “Міграцыя маскоўскіх служылых людзей у Вялікае Княства Літоўскае з перспектывы push-pull тэорыі”; выкладчык кафедры класічнай філалогіі БДУ А.У. Давыдавай “Канструяванне сімвалічнай прасторы ў дыярыушы Г. Пельгрымоўскага”; магістра гістарычных навук А.А Пруднікава “Этнасацыяльныя супольнасці ў гарадах і мястэчках каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII – XVIII ст.”; магістранта кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў БДУ П.Л. Дзям'яна “Адаптыўныя стратэгіі насельніцтва ВКЛ ў перыяд вайны 1654–1667 гг.: формы і матывацыя”. Якія раскрылі розныя аспекты эвалюцыі сацыяльнай структуры грамадства Вялікага Княства Літоўскага ў ранні Новы час.

У чацвертай секцыі дамінавала царкоўная праблематыка, прысвечаная аналізу дзейнасці царкоўных структур у гарадской прасторы і аналіз узаемаўплываў свецкай і царкоўнай культуры. Так прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я Купалы С.В. Марозава зрабіла разгорнутае паведамленне пра праблему паўстання і заняпаду арганнай культуры уніяцкай царквы на Беларусі; вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Н.В. Гарковіч выступіла з паведамленнем “Межы цярпення і літасці да нядбайных святароў дэкана кс. Б. Гуторскага, афіцыйнага вуніяцкага візітатара Падляскага дэканата ў другой палове XVIII ст.”; дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Інстытута менеджменту спорту і турызму П.Ю Булаты распавёў пра месца касцёла ў гарадскім асяроддзі Ляхавічаў другой паловы XVIII ст. У працы канферэнцыі і секцыі прыняла ўдзел студэнтка гістарычнага факультэта БДУ К.М. Апончык.

Завершыліся секцыйныя пасяджэнні дакладамі навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Латвіі Т. Багдановіч “Этнічная самасвядомасць нямецкага дваранства ў кантэксце паланізацыі Княства Інфлянцкага XVII–XVIII ст.” і выпускніка кафедры кандыдат гістарычных навук Д.В. Віцько з дакладам на тэму “Галоўны Трыбунал ВКЛ 1699 г.”.

На закрыцці канферэнцыі былі падведзены вынікі працы канферэнцыі, агучаны прапановы па ўдасканаленні працы па пошуку і апрацоўцы крыніц па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Агучаны прывітальныя лісты з віншаваннем кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў са знакавай датай ў чвэрць стагоддзя працы па вывучэнню, выкладанню і папулярызацыі гісторыі Беларусі Сярэднявечча і ранняга Новага часу.

Асабліва хочацца адзначыць, што поруч з вядомымі спецыялістамі ўдзельнічалі і маладыя даследчыкі – магістранты і нават студэнты гістарычнага факультэта БДУ. Іх выступленні і прачытаныя даклады дазваляюць спадзявацца на хуткае падрастанне кваліфікаваных даследчыкаў у галіне беларускай ВКЛістыкі.

А.У. Любы

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

Контакты

220030 г. Минск, ул. Красноармейская, 6
тел. +375 17 209-55-98
факс +375 17 327-30-14
e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. План проезда

Яндекс.Метрика