Бібліяграфічны паказальнік складзены ў дапамогу студэнтам, магістрантам, аспірантам для заняткаў па шэрагу курсаў спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гістарычна- культурнай спадчыны”, а таксама “Музеязнаўства. Кансервацыя і рэстаўрацыя гістарычна-культурных аб’ектаў”. Выданне будзе таксама карысна выкладчыкам профільных кафедраў ВНУ, музейным супрацоўнікам, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблемамі музейнай справы.
Музеялогія – гэта навуковая і вучэбная дысцыпліна, якая даследуе спецыфічныя адносіны чалавека да рэчаіснасці, што ўвасабляюцца ў мэтанакіраваным збіранні, захаванні, вывучэнні, а таксама папулярызацыі матэрыяльнай і нематэрыяльнай прыроднай і культурнай спадчыны. Развіццё музеялагічнай веды адлюстроўваецца не толькі ў практыцы работы розных музеяў, але і ў спецыяльнай літаратуры – навуковай, даведачна- энцыклапедычнай, вучэбнай. Пра гэта сведчыць прапануемы паказальнік, прысвечаны адной з найбольш актуальных праблем сучаснай беларускай музеялогіі – вывучэнню яе бібліяграфчнага набытку. Выбар дадзенай праблематыкі адпавядае таму напрамку музеялагічных даследаванняў, які вядомы музейны дзеяч, прафесар Зб. Странскі вызначыў, як “метамузеялогія”, г. зн. музеялагічнае даследаванне звернутае непасрэдна на сябе, саму навуковую дысцыпліну. Наяўнасць бібліяграфіі побач з уласнымі прадметам, спецыфічнымі метадамі, мовай, а таксама тэарэтычнай сістэмай з’яўляецца неабходнай умовай існавання любой самастойнай навуковай і вучэбнай дысцыпліны.
З кожным годам колькасць кніг і артыкулаў, дзе разглядаецца музейная праблематыка ў нашай краіне павялічваецца. Наспеў час падсумаваць беларускія тэарэтычныя здабыткі ў галіне музеялогіі за першыя два дзесяцігоддзя незалежнасці краіны. Акрамя таго, укладальнікам гэтага паказальніка рухалі чыста практычныя меркаванні. Аўтары шэрагу айчынных работ па музеялогіі дрэнна ведаюць працы сваіх калег нават у межах уласнай краіны (пра што сведчыць у тым ліку змест гэтага паказальніка). Паглыбленыя ў сваі разважанні ў абранай галіне, яны не бяруць пад увагу ідэі і гіпотэзы іншых даследчыкаў. Між тым, апошнія маглі б скарэктаваць, зрабіць больш грунтоўнымі іх уласныя высновы.
Увесь матэрыял у бібліяграфічным паказальніку пададзены адпаведна структуры музеялогіі як навукі – гістарычная музеялогія (гісторыя музейнай справы), а таксама тэарэтычная і прыкладная музеялогія (тэорыя і методыка музейнай справы). Тэарэтыка-метадычны раздзел з меркаванняў зручнасці карыстання падзелены адпаведна асноўным напрамкам музейнай дзейнасці – навукова-фондавай, экспазіцыйна-выставачнай і культурна-адукацыйнай (селекцыі, тэзаўрацыі, камунікацыі). У асобны раздзел былі аб’яднаны шматлікія публікацыі, прысвечаныя музею як сацыяльна-культурнаму інстытуту. Таксама ўласнага раздзелу патрабавала спецыфічная дзейнасць, якую ў музеі ажыццяўляюць рэстаўратары і кансерватары. Падчас збору і апрацоўкі матэрыялу з’явілася думка пра неабходнасць стварэння яшчэ трох самастойных раздзелаў, якія павінны таксама паспрыяць інстытуцыялізацыі і прафесіяналізацыі айчыннай музеялогіі. Адзін з іх прысвечаны інфармацыйным тэхналогіям у музеі. Другі – людзям музейнага свету. Трэцці – падрыхтоўцы музейнага персаналу. Унутры кожнага раздзела бібліяграфічныя запісы змешчаны ў алфавітным парадку аўтараў альбо назваў.
Падчас укладання першага нацыянальнага бібліяграфічнага паказальніка па музеялогіі было шэраг складанасцяў тэарэтыка- метадалагічнага і тэхнічнага характару. Да іх ліку трэба аднесці розную ступень вывучанасці асобных перыядаў гісторыі музейнай справы. Асноўныя напрамкі дзейнасці сучаснага музея (селекцыя, тэзаўрацыя, камунікацыя) адлюстраваны ў працах даследчыкаў на розным прафесійным узроўні і ў розным аб’ёме. У нацыянальных каталогах адсутнічаюць публікацыі беларускіх аўтараў, надрукаваных за мяжой. Выспявае патрэба стварэння ў паказальніку новых самастойных раздзелаў, якія б адлюстроўвалі выкарыстанне новых тэхналогій у музеі, такіх, як “Музейны менеджмент”, “Музейны маркетынг” і інш.
Бібліяграфічны паказальнік “Беларуская музеялогія” не трэба разглядаць як скончаную працу. З аднаго боку, у каталожных запісах бібліятэк штодня з’яўляюцца новыя аўтары, тэмы, тэрміны, геаграфічныя назвы. Гэта патрабуе працягу працы па збіранні і сістэматызацыі матэрыялу. З другога боку, сабраны і сістэматызаваны па раздзелах матэрыял патрабуе наступнага кроку – яго аналізу з мэтай стварэння агульнай карціны развіцця беларускай музеялагічнай веды. У далейшым плануецца ўкладанне дапаможных паказальнікаў, а таксама пашырэнне магчымасцяў пошуку па іншых палях бібліяграфічных запісаў.
Кожная навука, яе структурныя кампаненты ствараюцца шырокім колам аднадумцаў. Бібліяграфія не з’яўляецца выключэннем. Укладальнік хацеў бы выказаць падзяку сваім паплечнікам і памагатым – студэнтам, магістрантам і аспірантам музейнага аддзялення гістарычнага факультэта БДУ, на якіх лёг увесь цяжар тэхнічнай працы па падрыхтоўцы паказальніка.
А. А. Гужалоўскі доктар гістарычны навук,
прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ