А. У. Карач
(Гродна, Беларусь)
Адметнасцю фінансава-грашовых стасункаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XV–XVI ст. з’яўляецца паняцце «лічба». Гэты тэрмін не мог не з’явіцца на тэрыторыі ВКЛ, бо ў гэты перыяд у грашовым абарачэнні адначасова былі ўласна літоўскія эмісіі і розныя іншаземныя манеты — найперш пражскія грошы і каронныя манеты. У шэрагу выпадкаў «лічба» і «манета» выступаюць у якасці сінонімаў (Метрыка, 2008, с. 68–69).
«Лічба», якая грунтавалася на манеце ВКЛ, сустракаецца ў некалькіх варыянтах: «манета» і «лічба літоўская» (ЛДГА, 1282-5-42, арк. 1), «літоўская лічба» (ЛДГА, 1282-4-7, арк. 2). Адзначаныя ў В. Н. Рабцэвіча (Рябцевич, 1995, с. 177–178) і вельмі рэдка ўжываныя «дробная» і «полугрошковая» лічбы нясуць на сябе змест таго, якімі манетамі павінен весціся разлік.
«Польская лічба» (АЛМ, 1896, с. 61; Метрыка, 2008, с. 102, 166) таксама мела і іншыя сінанімічныя назвы, напрыклад, «лядская» і «вузкая» (Рябцевич, 1995, с. 177–178). Апошні тэрмін выкарыстоўваўся толькі як супрацьлегласць літоўскай (т. зв. «шырокай») лічбе.
Паняцце шырокая лічба адносіцца да пражскага гроша, які ў дакументах фігуруе менавіта, як «шырокі» (Lietuvos Metrika, 1997, с. 170–171; Метрыка, 2008, с. 74). Згодна з В. Н. Рабцэвічам, з’яўленне «шырокай лічбы» адносіцца да пачатку XVI ст. (Рябцевич, 1995, с. 179). Аднак, існуе дакумент, які дазваляе «амаладзіць» шырокую лічбу мінімум на чвэрць стагоддзя (AkLS, 1887, с. 68). «Шырокая лічба», як паняцце, праіснавала прыкладна стагоддзе. Гэта звязана са змяншэннем той ролі, якую адыгрываў пражскі грош у грашовым абарачэнні ВКЛ.
Апрача згаданых «лічбаў», можна меркаваць аб магчымым выкарыстанні «маскоўскай лічбы» на тэрыторыі ВКЛ, пра што сведчыць адна з кніг Літоўскай метрыкі (Lietuvos Metrika, 1997, с. 189–190).
Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга № 30 (1480–1546): кніга запісаў № 30 / падрыхт. В. С. Мянжынскі. Мінск, 2008.
Рябцевич, В. Н. Нумизматика Беларуси. Минск, 1995.
Lietuvos Metrika (1522–1530). 4-oji Teismų bylų knyga. Spaudai parengė S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius, 1997.





