В. М. Сідаровіч
(Мінск, Беларусь)
Пад час навуковай інвентарызацыі фондавых калекцый Нумізматычнага кабінета БДУ быў выяўлены трохграшовік Стэфана Баторыя чаканкі Рыжскага манетнага двара, аналагі якога не прадстаўлены ў аніводным з аўтарытэтных каталогаў.
Спосаб паступлення манеты ў калекцыю невядомы. Можна меркаваць толькі, што яна не належыць да якога-небудзь скарба і паступіла не пазней за канец 1970-х гг.
Апісанне манеты: Ав.: Пагрудная выява Стэфана Баторыя, управа. Кругавая легенда •STEP•D•G•RE X•PO•M•DL• падзелена ўнізе наміналам «ІІІ» у авальнай абводцы, а ўверсе — каронаю; Рэв.: •»Арол» — «Пагоня»• / GROS•ARG / TRIP•CIVI / RIG EИ / •8 малы герб Рыгі 1•
Мар’ян Гумоўскі дае апісанне падобнай манеты (Gumowski, 1914, № 1581), але ў адрозненне ад нашага экзэмпляра намінал «ІІІ» пададзены ў аздобнай, г. зн. фігурнай абводцы. У экзэмпляра з НК БДУ абводка авальная. Януш Курпеўскі таксама дае такі ж, як М. Гумоўскі, варыянт, называючы яго унікатам (Kurpiewski, 1994, № 440).
Аверс манеты выкананы ў «віленскім» стылі. Манеты з падобным аверсам чаканіліся на Віленскім манетным двары ў 1580 і 1581 гг., але поўных адпаведнікаў няма. Схема размяшчэння легенды рэверса таксама адпавядае хутчэй віленскім траякам, чым «класічным» рыжскім трохграшовікам. Звычайным для віленскіх траякоў 1580–1581 гг. з’яўляецца і размяшчэнне ўверсе рэверса гербаў (без намінала), у т. л. з кропкамі па бакох (гл. Iger: V.80.3, V.80.5, V.81.1). На рыжскіх траяках гербы Рэчы Паспалітай увогуле адсутнічаюць, таксама як і малы герб Рыгі.
Можна выказаць некалькі версій па інтэпрэтацыі гэтай манеты. Па першай з іх, траяк з’яўляецца пробнай манетай, якая была адчаканена на гарадскім манетным двары Рыгі на самым пачатку яго дзейнасці, як аднаго з эмісійных цэнтраў РП. За ўзор для яе былі ўзятыя, хутчэй за ўсё, траякі Віленскага манетнага двара. Па другой версіі, гэтая манета — антыкварная падробка ХIХ ст. Нельга выключаць і варыянт імітацыі Новага часу.
Gumowski M. Podręcznik numizmatyki polskiej. Kraków, 1914
Iger T. Katalog trojaków polskich. Warszawa, 2008
Kurpiewski J. Katalog monet polskich 1576-1586 (Stefan Batory). Warszawa, 1994.