Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

Замежныя камандзіроўкі гісторыкаў БДУ: творчыя здабыткі і зломы лёсаў

 

Скачать

А. А. Яноўскі

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Падрыхтоўка прафесійных гісторыкаў і грамадазнаўцаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце была распачата з першага дня яго дзейнасці – з 30 кастрычніка 1921 г. Беларусі пашанцавала, што да выкладання гістарычных курсаў прыступілі выдатныя вучоныя былых расійскіх імператарскіх універсітэтаў, добра вядомыя як у Расіі, так і ў многіх еўрапейскіх краінах. Узровень прафесійнай кваліфікацыі У. І. Пічэты, М. М. Нікольскага, У. М. Перцава, Дз. А. Жарынава, М. В. Доўнар-Запольскага і многіх іншых першых прафесараў і дацэнтаў БДУ дазваляў ім чытаць лекцыі і займацца навукай нават ва ўмовах страшэннай галечы і амаль поўнай адсутнасці вучэбна-навуковай базы. Яны карысталіся сваімі багатымі ведамі, вопытам выкладчыцкай працы, а таксама магчымасцю папаўняць свой прафесійны багаж за кошт камандзіровак за мяжу і ў навуковыя цэнтры СССР. Гэты шлях для рэспублікі быў вельмі затратны, але ўрад БССР асэнсавана падтрымліваў творчую актыўнасць універсітэцкіх прафесараў і дацэнтаў, бо разумеў яго эфектыўнасць і выдзяляў неабходнае фінансаванне. І кантраляваў выніковасць паездак.
Праўленне універсітэта не было правадзейным у вырашэнні пытанняў, звязаных з прадастаўленнем камандзіровак сваім выкладчыкам. Для таго каб накіраваць за мяжу ці то рэктара, ці радавога дацэнта, неабходна было хадайніцтва перад урадавымі інстанцыямі, перш-наперш перад Галоўпрафадукацыяй, з абгрунтаваннямі мэтазгоднасці паездкі. Цікава, што Праўленне ў сваіх аргументах наконт неабходнасці камандзіровак і выдзялення грошай, можна сказаць, легкадумна заявіла, што iх мэтай з'яўляецца «далучэнне навуковых работнікаў да апошніх дасягненняў навукі Захаду» [3; 4]. У хуткім часе такія абгрунтаванні сталі выкарыстоўвацца ў якасці доказаў дзейнасці універсітэцкіх вучоных на карысць інтарэсаў Захаду.

А пакуль што ў сярэдзіне 1920-х гг. рэктар БДУ У. І. Пічэта з’ездзіў у Польшчу, Чэхаславакію, Германію, Літву – для «азнаямлення з навуковымі ўстановамі» гэтых краін [5; 6]. Прарэктар С. З. Кацэнбоген азнаёміўся з навінкамі сацыялагічнай літаратуры і выданнямі па гісторыі першабытнай культуры ў Германіі. Вынікам гэтай паездкі сталі дзве кнігі нямецкіх аўтараў, якія ў яго перакладзе выдаў «Белтрэстдрук». У. І. Пічэта ра­зам з В. Д. Друшчыцкім па запрашэнні ўдзельнічаў у рабоце з’езда польскіх гісторыкаў у Познані. Прафесар М. М. Нікольскі атрымаў запрашэнне на летні з'езд біблеістаў у Оксфардзе [8, 89]. Ужо ў тыя гады ён быў шырока вядомы як знаўца біблейскіх тэкстаў.

Гэтыя паездкі мелі завяршэнне ў вечарах, «посвященных Западной культуре», на якіх прафесары БДУ як бы рабілі справаздачы перад мінскай публікай аб убачаным за мяжой. Адначасова яны перадавалі ў кампетэнтныя органы пісьмовыя справаздачы. Абедзве формы «справаздач» павінны былі быць выверанымі ў ідэалагічным сэнсе. Таму У. І. Пічэта, напрыклад, выступаючы на ўсесаюзным з'ездзе навуковых работнікаў, акцэнтаваў увагу не на навуковых варунках камандзіровак у Польшчу, а на сацыяльнай і нацыянальнай (зразумела, антынароднай) палітыцы польскага ўрада ў Заходняй Беларусі.

Замежныя сувязі БДУ і яго вядучых вучоных, трэба прызнаць, былі дастаткова стыхійнымі, у многім залежалі ад асабістых кантактаў універсітэцкіх навукоўцаў, хаця з 1926 г. існавала Таварыства культурных сувязей Савецкай Беларусі з замежжам, якое кантралявала гэты накірунак дзейнасці БДУ. Калі ў 1929 г. нямецкі аўтарытэтны прафесар-хімік К.-А. Вінклер звярнуўся да У. І. Пічэты з прапановай арганізаваць у Кёнігсбергу «беларускі тыдзень» і ўзаемныя паездкі дэлегацый дзеячаў навукі і культуры, то рэктар вымушаны быў перадаць гэтую прапанову «на решение» таварыства (у частцы магчымасці паездкі беларускай дэлегацыі ў Кёнігсберг) [9, 218].

Летам 1928 г. У. І. Пічэта ў складзе савецкай дэлегацыі прымаў удзел у рабоце су­светнага з’езда гісторыкаў у Нарвегіі. Гэта быў першы афіцыйны кантакт гісторыкаў СССР з сваімі замежнымі калегамі на такім высокім узроўні. Увогуле ўвесь 1928 г. для рэктара БДУ быў вельмі насычаны замежнымі паездкамі. Па рашэнні Наркамасветы ён выязджаў у Германію «для чытання лекцый па гісторыі Беларусі», разам з У. М. Ігнатоўскім – у Осла. Адначасова меў магчымасць наведаць Францыю, Бельгію, Швецыю.

Імкненне навукоўцаў БДУ пабываць за мяжой у некаторых выпадках не было нічым абгрунтавана. Таму Праўленне універсітэта і асабіста рэктар вельмі ўважліва адносіліся да разгляду такога роду пытанняў. У асобных выпадках нават выносіліся вельмі жорсткія заключэнні. Так, У. І. Пічэта быў вымушаны даць у прэсе своеасаблівую водпаведзь маладому выкладчыку, які, акрамя некалькіх артыкулаў у часопісах, не меў ніякіх навуковых здабыткаў, але настойліва патрабаваў для сябе замежны ваяж. Гэтыя паводзіны рэктар ахарактарызаваў як «новы від спекуляцыі», заявіўшы на ўсю рэспубліку, што «БДУ не біржа і прахадны двор для кар’ерыстаў» [11].

Адной з форм міжнароднага супрацоўніцтва гісторыкаў БДУ былі кнігаабмены. У большасці гэта быў аднабаковы рух – калегі з-за мяжы дасылалі ў Мінск літаратурныя навінкі часцей, чым атрымлівалі з Мінска. Так, устанаўленне кантактаў з таварыствамі гісторыкаў Львова, Кракаўскай акадэміі навук дазволіла некаторы час атрымоўваць свежыя нумары польскіх часопісаў.

Найбольш актыўна гісторыкі БДУ кантактавалі з калегамі з савецкіх рэспублік, асабліва з ВНУ і НДУ Масквы, Ленінграда, Кіева, Харкава. І не дзіўна, бо большасць з іх прыехала ў Мінск менавіта адтуль, там у многіх засталіся не толькі творчыя сувязі, але і нават сем’і. Сам рэктар У. І. Пічэта ўсе гады працы ў БДУ пражыў у невялікім пакойчыку ў вучэбным корпусе «Дома № 1 БДУ» на вуліцы Чырвонаармейскай, дзе і размяшчалася Праўленне універсітэта. Таму ён рэгулярна (1–2 разы на месяц) наведваўся ў Маскву да жонкі і дзяцей і адначасова выкарыстоўваў паездкі для папаўнення свайго навуковага багажу.

Такія камандзіроўкі даволі рэгулярна атрымлівалі прафесары БДУ, што афіцыйна было зацверджана праз рашэнне Праўлення. Між тым паездкі ў Маскву ці Ленінград рабіліся і ў сувязі з канкрэтнай неабходнасцю. Так, С. З. Кацэнбоген, накіраваны ў Ленінград, прывёз з Эрмітажу, па сутнасці, цэлы гістарычны музей – 350 экспанатаў, якія адлюстроўвалі рэлігію Егіпта і народаў Усходу, а з Акадэміі навук – матэрыялы па археалогіі Беларусі. М. В. Доўнар-Запольскі і Дз. У. Даўгяла вывучалі матэрыялы па гісторыі рэвалюцыі 1905 г. у архівах Кіева і Смаленска. М. М. Шчакаціхін у мастацкіх фондах музеяў Масквы і Ленінграда выяўляў экспанаты для гісторыка-археалагічнай і археаграфічнай выставы. Пасля вяртання камандзіраваныя, як правіла, выступалі перад рознымі аўдыторыямі (БДУ, Дом рабасветы, клуб імя К. Маркса і інш.) і ў рэспубліканскай прэсе з сваімі справаздачамі і ўражаннямі аб паездках. Зразумела, для таго часу такія па­дзеі мелі велізарны і навуковы, і адукацыйны, і палітычны, і выхаваўчы сэнс. Гэта ўздымала прэстыж не толькі БДУ, але і ўсёй рэспублікі.

Даволі часта супрацоўнікі універсітэта запрашаліся на афіцыйныя мерапрыемствы саюзнага маштабу ў якасці членаў аргкамітэтаў канферэнцый, экспертаў і г. д. Так, калі вясной 1926 г. дацэнт педфака І. І. Краскоўскі быў накіраваны ў Ленінград для ўдзелу ў рабоце пленума камісіі Дзяржплана СССР, то рэктар У. І. Пічэта паехаў у Смаленск на акруговую канферэнцыю ваенна-навуковага таварыства [7, 75,87]. Цікава, што ў тым жа годзе рэктар прыняў удзел у яшчэ адным «ваенізаваным мерапрыемстве» – у сакавіку ён быў камандзіраваны ў Маскву на ўсесаюзную канферэнцыю армейскіх арганізацый. А вясной 1928 г. ён разам з дэканам медфака М. Б. Кролем удзельнічаў у арганізацыйным з’ездзе ВАРНИТСО (Усесаюзная асацыяцыя работнікаў навукі і тэхнікі для садзейнічання сацыялістычнаму будаўніцтву ў СССР). Выступленне У. І. Пічэты на гэтым з’ездзе было ўспрынята ўладамі як праяўленне надзвычайнай смеласці і нават вальнадумства. А ён ўсяго толькі выказаў свой погляд на палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Замежныя камандзіроўкі, справаздачы аб іх выніках, навуковая прынцыповасць і аўтарытэт і, як вынік, незалежная і аргументаваная пазіцыя, якую займала большасць «старых спяцоў», вызывалі спачатку недавер з боку ўлад, а потым і рашучыя меры па абмежаванні і знішчэнні такога роду апазіцыі, дакладней – апанентаў тых дзеянняў, якія павінны былі не абмяркоўвацца, а слепа праводзіцца ў жыццё. Калі ў першыя гады дзейнасці БДУ яго навукоўцы, якія пабывалі ў камандзіроўках, проста пісалі ў «органы» дэталёвыя справаздачы, а там накоплівалася іх персанальнае «дасье», то дзесьці з 1928 г. адпаведны аналіз стаў выносіцца на суд грамадства. Інфармацыя гэтых «дасье» стала агучвацца як прыклады варожай, антысавецкай сутнасці былых камандзіраваных.

У. І. Пічэту нагадалі факты амаль першых яго дзён працы ў БДУ, першых камандзіровак. Напрыклад, па выніках сваёй камандзіроўкі ў Германію ў 1923 г. У. І. Пічэта прачытаў даклад на пасяджэнні краязнаўчага таварыства, у якім зрабіў аналіз тагачаснай прускай школы і правёў паралель паміж вышэйшай школай Германіі і СССР: і тая, і другая атрымалі імпульс у сваім развіцці з-за рэвалюцыйных падзей у абедзвюх краінах. Такія параўнанні былі пададзены прафесару адпаведнымі органамі як не толькі прыклад заніжэння савецкіх прыярытэтаў, але і спроба ўнушыць беларускай студэнцкай моладзі заходнія каштоўнасці, г. зн. антысаветызм. І гэта нягледзячы на тое, што вынікі сваёй камандзіроўкі ён публічна асвятляў шмат разоў і зусім дакладна перад вялікай аўдыторыяй слухачоў заяўляў, што «… мы будем свидетелями всемирной революции. Победа в этой революции будет за тем, за кем будущее, т. е. за пролетариатом. Близок тот час, когда идеи Соединенных Штатов Советской России, Германии и других государств станут реальным фактом человечества» [10].

Але для следчых АДПУ ў 1930 г., якія вялі «дело» прафесара У. І. Пічэты, захапленне ідэямі сусветнай рэвалюцыі было другарадным у параўнанні з устаноўкай даказаць несумненную арганічную варожасць старых «спецов» да савецкай сістэмы, да яе ідэалагічных пастулатаў, сацыяльнай практыкі, зацвярджаемых адносін паміж дзяржавай і грамадствам.

Аргументаў на карысць такіх установак хапала, бо У. І. Пічэта дастаткова часта ездзіў за мяжу, у тым ліку ў Германію. Апошнія яго паездкі ў 1927 і 1928 гг. па маршруту Варшава – Берлін – Прага, падчас якіх ён не толькі займаўся навуковай працай, але і чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі, былі дэталёва даследаваны следчымі на прадмет выяўлення ўдзелу рэктара ў «міжнароднай змове» супраць СССР. Яму, пасаджанаму за краты, прыйшлося на дзесятках старонак апісваць свае сустрэчы, дзеянні і нават думкі, якія адносіліся да тых, здавалася, радавых камандзіровак [2, 159–185]. Тым больш, што свае ўражанні ён, як звычайна, дзесяткі разоў ужо агучыў перад рознымі аўдыторыямі.

У. І. Пічэта апынуўся ў эпіцэнтры траўлі беларускай навуковай інтэлігенцыі. У пачатку 1929 г. за подпісам «И. Славин» (у спісе работнікаў БДУ гэта Ілля Славін, які рашэннем Праўлення БДУ ад 15. 09. 1929 г. быў зволены з пасады дацэнта ў сувязі з «пераходам на іншую работу» [1, 6]) у часопісе «Революцыя и культура» (1929, № 6) з’явіўся артыкул «Национал-демократизм и правая опасность», у якім рэктар БДУ, па сутнасці, упершыню быў абвінавачаны як прадстаўнік «правай» прафесуры. Раптам яму сталі прыпісваць і «следование западной ориентации», і «непонимание классовой борьбы», і «замаскированный отказ от идеологической борьбы», і нібыта тое, што рэктар проціпаставіў беларускую навуку маскоўскай, бо першая больш запатрабавана ў Львове і Празе, чым у Маскве, і пакінуў у вучэбных планах БДУ «различного националистического барахла» тыпу курса гісторыі заходніх славян, і дакладна яго выступленне на сусветнай канферэнцыі ў Осла, і г. д.

Апошняй універсітэцкай камандзіроўкай У. І. Пічэты ўжо ў якасці радавога прафесара, а не рэктара стала паездка ў пачатку 1930 г. у Маскву і Ленінград, дазвол на якую дало Праўленне БДУ. Гэта было новае Праўленне, з новым рэктарам. Кіруючыся ўстаноўкамі ўлад, яно вынесла спецыяльную «рэзалюцыю» ад 11 кастрычніка 1929 г., у якой цалкам адхіліла і зняважыла напрацоўкі і здабыткі сваіх папярэднікаў. Тых, хто заснаваў і падняў БДУ, хто надаў яму абрысы сапраўднага класічнага універсітэта, залажыў моцныя падмуркі для далейшага росту.

І тым не менш У. І. Пічэта атрымаў дазвол на камандзіроўку, нягледзячы на тое, што за ім пільна сачылі адпаведныя органы. Узнікае пытанне: чаму? Адказ на яго даюць лісты, напісаныя пад следствам самім прафесарам. Яму проста яшчэ раз далі магчымасць праехаць па маскоўскіх і ленінградскіх адрасах, сустрэцца з расійскімі калегамі, якія, як і У. І. Пічэта, былі на «кручку» АДПУ. Такім чынам дазбіралі апошнія, свежыя «факты» па задуманай органамі бяспекі «справе С. Ф. Платонава».

А ўжо 13 верасня 1930 г. У. І. Пічэта, пазначаны ў «Ордере № 2» сакрэтна-аператыўнага ўпраўлення АДПУ як «гражданин», а не рэктар ці прафесар, быў арыштаваны [2, 111]. I павінен быў на працягу доўгіх месяцаў следства даказваць, што яго замежныя камандзіроўкі ставілі толькі адну мэту – узбагачэнне навуковых ведаў з тым, каб перадаць здабыткі пакаленням савецкай студэнцкай моладзі і падтрымаць высокі ўзровень савецкай навукі. Але гэтыя аргументы не цікавілі следчых, якія мелі канрэтныя даручэнні высокіх інстанцый…

У далейшым, у 30-я гг., замежныя камандзіроўкі для гуманітарыяў БДУ сталі не толькі выключнай з'явай: зусім прапала імкненне да іх. Вопыт папярэднікаў падказваў «не высоўвацца». Тым больш, што і замежжа мала што магло даць новаму пакаленню савецкіх беларускіх гісторыкаў, узброеных ідэалагічна выверанай сістэмай навуковых поглядаў і перакананняў. Але калі прыйшоў 1939 г. і Заходняя Беларусь стала часткай БССР, то ўзнікла вострая неабходнасць у гістарычнай аргументацыі тых палітычных і тэрытарыяльных перамен, якія адбыліся і адбываліся ўжо ва ўмовах Другой сусветнай вайны.

Адной з форм работы з насельніцтвам Заходняй Беларусі стала выязная сесія АН БССР у Беластоку. Удзел у ёй прынялі рэшткі той кагорты гісторыкаў і грамада­знаўцаў БДУ, якія змаглі ўцалець і на «крутым пераломе», і ў жорнах 1933–1937 гг. У дакладах «Беларускі народ у барацьбе за сваё вызваленне» (У. І. Пічэта), «Навука і рэлігія» (М. М. Нікольскі), «Навука сталінскай эпохі» (С. Я. Вальфсон) яны імкнуліся быць пераканаўчымі і шчырымі, выступаючы перад насельніцтвам былой буржуазнай Польшчы, а цяпер Савецкай Беларусі, куды ўжо не было патрэбы браць замежную камандзіроўку…

1. Архіў Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Вопіс. Асабістыя справы і працоўныя кніжкі прафесарска-выкладчыцкага…складу.
2. Архіў Упраўлення федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі па Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці. Справа № 17 – 65245. Т. 9.
3. Звезда. 1925. 21 марта.
4. Там жа. 16 мая.
5. Там жа. 5 авг.
6. Там жа. 20 сент.
7. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 205. Воп. 1. Спр. 171.
8. Там жа. Спр. 222.
9. Полымя. 1929. № 6.
10. Савецкая Беларусь. 1923. 4 кастр.
11. Там жа. 1928. 25 верас.

 

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh

gmiskonst

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика