Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў ХХІ ст.: парадоксы развіцця

 

Скачать

С. М. Ходзін

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Нарастаючыя працэсы інфарматызацыі і глабалізацыі выклікаюць усё большую ўвагу палітыкаў, навукоўцаў, усяго грамадства. У той час, як у заходнееўрапейскай навуковай і грамадскай думцы ўжо склаліся пэўныя погляды ў дачыненні да зместу і сэнсу названых працэсаў, на постсавецкай прасторы яшчэ працягваюцца спрэчкі наконт тэрміналогіі і вызначэння іх сэнсу. Аднак сітуацыя на ўсходнееўрапейскай тэрыторыі ўжо карэнным чынам адрозніваецца ад той, што склалася тут напрыканцы ХХ ст. Побач з постсавецкай, новамарксісцкай школамі зацвердзілася даволі грунтоўна спадчына паслядоўнікаў Л. Феўра і М. Блока, якую нягледзячы на паўвекавы ўзрост, магчыма яшчэ называць «новай гістарычнай навукай».

Узнікшы бы ерась, яна сама працягвае спараджаць ўсё новыя і новыя пошукі, якія не пакідаюць без клопату як прадстаўнікоў яе накірункаў, так і «традыцыйных» гісторыкаў. Сёння «новая гістарычная навука» прадстаўлена на постсавецкай прасторы цэлым спектрам буйных гістарыяграфічных плыняў, сярод якіх гісторыя паўсядзённасці, новая эканамічная і новая сацыяльная гісторыі, гісторыя ментальнасцяў, гістарычная дэмаграфія і мікрагісторыя. Нават калі дадаць сюды сінергетыку і асобныя, больш дробныя плыні, мы ўсё роўна не атрымаем уяўлення аб велізарнай разнастайнасці новага гістарычнага поля. І сёння ўжо трэба не спрачацца аб тым, прыжывецца гэта на нашай навуковай глебе ці не, а рэальна падводзіць першыя вынікі.

Прыкладна тое ж можна адзначыць і ў дачыненні да распаўсюджвання заходнееўрапейскіх мадэляў гістарычнай адукацыі. Падобна Заходняй Еўропе і ЗША, вышэйшая адукацыя становіцца ў нас з'явай масавай, а універсітэты губляюць сваю элітарную функцыю. Але ці не падмяняем мы і тут сутнасць займеннем формаў? Наколькі прымальнымі з'яўляюцца для нас такія формы, ці ўвогуле пытанне такога кшталту не мае сэнсу? Заўважна, што мы зараз пераходзім у іншую фазу, калі адказам на пытанні будуць не сцвярджаючыя выказванні, а новыя, больш глыбока сфармуляваныя пытанні.

Нельга адмаўляць адзінства сусвету і тое, што з'яўленне пакаленняў, не адчуўшых жаху вайны, прывяло напрыканцы 60-х гг. XX ст. да крызісу светапогляду ва ўсіх еўрапейскіх краінах, уключаючы значную частку тэрыторыі Усходняй Еўропы. І хоць «мадэрн» у перакладзе – «сучасны», такога кшталту крызіс нарратыву, метагісторыі ўжо не раз назіраўся ў еўрапейскай культурнай традыцыі. Дастаткова ўспомніць крызіс летапісна-хранікальнага жанру. Пасля глабальных канфліктаў ХVI–XVII ст. патрыятычны пафас летапісання і гісторыка-мемуарнага жанру змяніўся глабальным расчараваннем у спробах знайсці ў гісторыі дакладныя адказы на пытанні сучаснага жыцця. Беларуская мемуарыстыка XVIIІ ст. – гэта хутчэй матэрыял для таго, што зараз называюць мікрагісторыяй, псіхагісторыяй. Постмадэрн, які, па вызначэнні Дж. Тоша, «рэактыўная з’ява», адрознівае менавіта расчараванне ў агульных гісторыка-тэарэтычных пабудовах. Для Ф. Фукуямы ж сітуацыя постмадэрна – гэта «трыумф Захаду», перамога лібералізму як ідэі. Аднак апошняя не змагла запоўніць нават той вакуум, што ўзнік у выніку крызісу камуністычнай ідэалогіі, які прывёў да распаду СССР.

Нават павярхоўны позірк на гістарычнае поле замежжа (не заўсёды «далёкага» – да прыкладу Польшча) дазваляе заўважыць і яшчэ адну асаблівасць: амаль татальную распрацоўку матэрыялаў у архівасховішчах і публікацыях. У такіх умовах адбываецца пошук новых ракурсаў даследавання даўно вядомых, вывучаных і апісаных крыніц. Мы ж павінны канстатаваць, што уключэнне постсавецкіх гісторыкаў у навамодныя пошукі ажыццяўляецца яшчэ ў зусім іншых умовах. Адмаўленне архівам, архіўным фондам ў пэўнай аўтаномнасці, калі яны разглядаюцца як пэўная сінергетычная мадэль, прыводзіць да таго, што гісторыкі-«спажыўцы» ідуць у архівы «з мэтай вырываць (красці) факты» (па трапным вызначэнні Т. І. Хархордзінай). Такім чынам, павінен адбывацца не толькі рух архівіста да гісторыка, але і гісторыка да архівіста.

Тут мы маем магчымасць перайсці да таго феномена ў гістарыяграфіі, які называюць «антрапалагічным паваротам у гісторыі». Заўважана, што ў дачыненні да гуманітарнай навукі (яе цэласнага адзінства), якая займаецца чалавекам па вызначэнні, лозунг антрапалагізму ці «чалавечнасці» парадаксальны, з прымессю таўталогіі. Мы можам разглядаць гэтую з'яву менавіта з пункту гледжання пашырэння поля гісторыі, якое яна страціла ў выніку дэцэнтралізацыі гуманітарыстыкі. Нашымі калегамі ў Расійскім гуманітарным універсітэце распрацавана цэлая канцэпцыя аб крыніцазнаўстве як аснове полідысцыплінарнага гуманітарнага сінтэзу. Тэрміналогія гэтага сінтэзу па-ранейшаму застаецца малараспрацаванай, што істотна замаруджвае працэсы міждысцыплінарнай інтэграцыі. Грунтоўнасць азначанай праблемы мы адчуваем тым больш, калі праз выкарыстоўваемую тэрміналогію, праз тэрміналагічны апарат выяўляюцца розныя тэорыі гістарычнага працэсу, розныя метадалагічныя падыходы. Так, можна заўважыць, што новая нацыянальная канцэпцыя гісторыі пісалася ў нас з выкарыстаннем старой марксісцкай тэрміналогіі.

Пераход да новых ракурсаў даследавання адбываўся пад крытыку пазітывісцкай, марксісцкай школ як выключна апісальных (гісторыі «нажніц і клея», па вызначэнні Дж. Калінгвуда). Але і «дыялог дзвюх эпох» часам назіраецца ў форме маналога. Прадстаўнікі новай гістарычнай школы часта даследуюць мінулае праз катэгорыі сучаснага, забываючы, што «людзі ў мінулым» – са своеасаблівым светаўспрыманнем, не толькі прадстаўнікі іншай эпохі, але і пэўных сацыяльных груп, аўтары са сваёй індывідуальнай псіхалогіяй. Перанос псіхалагічных доследаў XIX–XX ст. на эпоху XVI ст. нічым не адрозніваецца ад таго, як прадстаўнікі марксісцкай школы выяўлялі класы ў антычным грамадстве.

Аналагічнага кшталту праблемы ўзнікаюць пры больш уважлівым вывучэнні суадносін макра- і мікрагісторыі. Пры ўсёй цікавасці і першапачатковай навізне мікрагістарычнага вывучэння яго прадстаўнікі застаюцца ў старым тэрміналагічным полі, не прапанаваўшы новага зразумелага спосабу эксплікацыі макрагістарычнага кантэксту.

Узнікаюць і новыя парадоксы, звязаныя з паскарэннем працэсаў інфарматызацыі. Прыкладам можа быць павелічэнне колькасці электроннага дакументазвароту і крыніц на электронных носьбітах увогуле: перапіска, друк, нават мемуары. Прыхільнікі «новай інтэллектуальнай гісторыі» заклікаюць да вывучэння чарнавікоў. Але калі яны ўвогуле адсутнічаюць?!

Азначаныя вышэй праблемы асабліва адчувальныя ў працэсе выкладання, калі сутыкаюцца погляды розных пакаленняў. У Вялікай хартыі універсітэтаў адным з важнейшых прынцыпаў пазначана непарыўнасць адукацыйнага і навуковага працэсаў. Узнікае істотная праблема: як ва ўмовах масавай адукацыі універсітэты могуць гэты прынцып выконваць? Асабліва набалелай яна становіцца там, дзе моцная традыцыя старой нямецкай гімназічнай адукацыі з выключнай перавагай лекцыйнай формы. На працягу стагод­дзяў апошняя забяспечвала адзінства адукацыі, выхавання і даследавання. Наколькі новыя падыходы з акцэнтам на самастойную работу могуць канкурыраваць з гэтай сістэмай? Пакуль пытанняў усё ж больш, чым адказаў. Але можна дакладна акрэсліць, што прынцып «рабі, як я», практыка аднаўлення ведаў спрацоўваюць эфектыўна ў больш-менш устойлівых сістэмах з абмежаваным доступам да інфармацыі. Калі ж грамадства знаходзіцца ў кропцы біфуркацыі, асобы, якія не здольны выпрацаваць самастойны пункт гледжання на новую сітуацыю, становяцца толькі будаўнічым матэрыялам для ажыццяўлення асобных, не заўсёды карысных чалавецтву тэорый.

Зразумела, што тут узнікае цэлы шэраг новых пытанняў аб ролі і функцыях гісторыі. Перанасычаныя савецкім вопытам, мы даволі скептычна ставімся да ідэалагічнай функцыі гісторыі. Наколькі яна стасуецца з іншымі функцыямі і прынцыпамі, якімі могуць быць шляхі іх ажыццяўлення? Усё больш скептыцызму наконт прызнання за гісторыяй функцыі прагнастычнай. У розныя часы такія сумненні ўзнікалі, але зараз яны пераважаюць нават сярод тых, хто не бачыць праблемы ў крызісе нарратыву. Ці захоўваецца павучальная функцыя і ці з'яўляюцца новымі пошукі «новых» герояў? Патрабуе дэталізацыі і тое, як рэальна ажыццяўляецца інтэграцыя гуманітарыяў у межах гістарычнага факультэта БДУ і ва універсітэце ў цэлым.

Нават акрэсліць усе названыя пытанні ў межах вызначанага аб'ёму публікацыі немагчыма.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105konst   

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика