Дз. С. Самахвалаў
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Сістэматызацыя з’яўляецца характэрнай рысай чалавечага мыслення. Нават у паўсядзённым жыцці мы абапіраемся на тую карціну свету, якая прадугледжвае наяўнасць пэўнай структуры навакольных аб’ектаў і абапіраецца на тыпалагізацыю і аналіз іх функцыянальных адрозненняў. Прыкладам можа быць маленькае дзіця, якое распытвае маці: «А што гэта такое? Што яно робіць? Чаму яно гэта робіць?» І хаця чалавечая мова можа часам падацца сістэмным аналітыкам надзвычай простай ці наадварот складанай, яна заснавана менавіта на сістэматызацыі, што дазваляе чалавеку перадаваць падчас камунікацыі цэласныя вобразы [2, 659–669].
Гістарычная навука доўгі час абапіралася на звычайныя апісанні падзей мінулага. Але ўжо ў канцы ХІХ ст. пад уплывам сацыялогіі і рознага кшталту філасофскіх і эканамічных вучэнняў паўстала праблема больш шчыльных даследаванняў рэчаіснасці. Аднак у той час яшчэ не існавала пытання, што ёсць навуковая сістэматызацыя: магчымасць зазірнуць ва ўнутраны свет даследуемага аб’екту ці звычайная прэзентацыя гістарычных матэрыялаў, больш цэласная, а таму больш прывабная? Пытанне ўяўляецца больш складаным, чым можа падацца на першы погляд, бо фактычна закранае ўсю сферу гістарычнай метадалогіі. Ці сапраўды прапануемыя намі метады дапамагаюць выявіць рэчаіснасць мінулага, ці толькі паказваюць тую рэчаіснасць, якую мы як даследчыкі бачым?
Савецкі вучоны І. Дз. Кавальчанка быў схільны даваць станоўчы адказ на пытанне аб сістэмнай прыродзе свету. З яго пункту гледжання, сістэмнаму аналізу ўласціва накіраванасць на вывучэнне сістэмнага боку і прыроды аб’ектыўнай рэчаіснасці. Але ён заўважаў, што існуюць і іншыя бакі гэтай рэчаіснасці: ход падзей, сітуатыўнасць, дынаміка і г. д. Менавіта іх вывучэнне дазволіць выявіць цэласнасць гістарычных аб’ектаў [1, 165].
Але вызначаная І. Дз. Кавальчанкам мяжа ўжывання сістэмнага аналізу ніколькі не дае ўяўлення пра сутнасныя разыходжанні ў выяўленні спосабаў сістэматызацыі гістарычных аб’ектаў, перш за ўсё грамадства. На думку прадстаўнікоў вучэння аб цэласнасці свету (халізму), грамадства як сістэма існуе само па сабе і не залежыць ад характарыстык асобных элементаў. Рэдукцыяналістская схема пабудовы грамадства і свету абапіраецца на аналіз менавіта асобных элементаў, ад якасцей якіх залежыць сама структура. Такім чынам, спрэчка ідзе на ўзроўні ўяўленняў, а гэта моцна ўплывае на праблемы вызначэнняў, мовы і, нарэшце, вынікаў даследавання.
Апісаная вышэй тэарэтычная праблема стаіць і перад іншымі гуманітарнымі дысцыплінамі: філасофіяй, псіхалогіяй, у меньшай ступені – сацыялогіяй і лінгвістыкай, дзе традыцыйна дамінуюць халістычныя ўяўленні. Да сёй пары пытанне аб ўзаемадзейнасці «элемент – сістэма» там вырашаецца за кошт частковага ігнаравання праблем пабудовы структуры сістэмы і апоры на апісанне функцый розных элементаў. Але гісторыя мае сваю спецыфіку. Гісторык часцей за ўсё вырашае пытанні з загадзя вядомымі адказамі, таму выбар той ці іншай мадэлі сістэматызацыі залежыць хутчэй ад персанальных уяўленняў самога гісторыка.
Усё гэта выклікае расчараванне тых даследчыкаў, хто шукае ў метадалогіі і тэорыі гісторыі нейкія стандартныя адказы і стымулюе вяртанне да традыцыйнай апісальнасці і, наогул, ігнаравання ўжо назапашанай тэарэтычнай базы.
1. Ковальченко И. Д. Методы исторического исследования. М., 1987.
2. Novak H. J. Integrating a generation component into a natural language understanding system // Text understanding in LILOG: integrating computational linguistics and artificial intelligence. Final report on the IBM Germany LILOG-Project. Berlin, 1991.