Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

Ідэя ненасілля ў кантэксце рэфармацыйнай парадыгмы талеранцыі ў сацыяльна-палітычнай думцы ВКЛ і Польшчы XVI–XVII ст.

 

Скачать

І. А. Бортнік

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

XVI–XVII ст. – перыяд фарміравання парадыгмы талеранцыі ў еўрапейскай культуры. Каталізатарамі дадзенага працэсу з’яўляліся радыкалізацыя персаналісцкай інтэрпрэтацыі камунікатыўных адносін Бога і чалавека ў дыскурсе Рэфармацыі і пера­асэнсаванне негатыўнага вопыту рэлігійнай канфрантацыі. Асноўнай інтэнцыяй дадзенай парадыгмы выступала абгрунтаванне неабходнасці цярпімасці ў сферы міжканфесійных адносін. Разам з тым у адзначаным кантэксце актуалізуецца ідэя ненасілля. Сувязь катэгорый «ненасілле» і «талеранцыя» выяўляецца ў тым, што талеранцыя гістарычна з’яўляецца альтэрнатывай насіллю, замяшчае насілле ў канфліктах, якія абумоўлены супрацьлегласцю светапоглядных пазіцый, уяўляе з сябе негвалтоўны спосаб іх вырашэння. Разглядаючы ненасілле як супрацьвагу насіллю, «мы істотна набліжаемся да вызначэння талеранцыі – устанаўліваем яе родавае паняцце» [2, с. 235]. У параўнанні з іншымі падыходамі ў межах парадыгмы талеранцыі ідэя ненасілля характарызуецца адмаўленнем насілля ў любым кантэксце і сцвярджэннем абсалютнай і найвышэйшай каштоўнасці чалавечага жыцця самога па сабе.

У еўрапейскай культуры XVI ст. ідэя ненасілля прысутнічае ў двух асноўных варыянтах:

1) «"хрысціянскі гуманізм" Эразма Ратэрдамскага», у межах якога рэлігійная аргументацыя на карысць ненасілля спалучаецца з рацыяналістычнай і прагматычнай;

2) канцэпцыя прынцыповага абсалютнага ненасілля, якое сцвярджаецца як імператыўна зададзенае, зыходзячы з адпаведнай інтэрпрэтацыі новазапаветных тэкстаў, у вучэннях радыкальнай Рэфармацыі (швейцарска-паўднёвагерманскі анабаптызм, мараўска-чэшскі гутэрызм, галандскі менанізм).

У Польшчы і ВКЛ атрымаў пашырэнне другі варыянт ідэі ненасілля ў межах вучэння антытрынітарнага збору, які адыграў вырашальную ролю ў фарміраванні парадыгмы талеранцыі на дадзенай культурнай прасторы. У вырашэнні праблемы талеранцыі ў сацыяльна-палітычнай думцы «Польскіх і Літоўскіх братоў» можна вылучыць тры этапы:

1) 60–80-я гг. XVI ст. – перыяд дамінацыі ідэі прынцыповага ненасілля. Канцэптуальна яна рэпрэзентуецца ў творах Марціна Чаховіца «Rozmowy chrystyanskie» [3], Гжэгажа Паўла «Przeciwko zdaniu o wojnie Jakuba Paleołoga» [4], Яна Немаеўскага «Odpowiedz na potwarzy Wilkowskiego» [5];

2) 90-я гг. XVI ст. – пачатак XVII ст. – перыяд панавання дактрыны Фауста Соцына, у якой сцвярджаецца менш рыгарыстычная мадэль ненасілля (асноўныя яе палажэнні выкладзены ў працы «Теологические мысли в Ракове» [1]);

3) пачатак XVII ст. – 1662 г. – адмаўленне ідэй радыкальнай негацыі насілля большасцю прадстаўнікоў арыянскай сацыяльна-палітычнай думкі. У канцэпцыі талеранцыі адбываеца пераарыентацыя на канстытуіраванне мадэлі цярпімых адносін розных канфесійных груп у грамадстве. Актуалізацыя традыцыі ненасілля становіцца малаартыкулюемай з’явай (асноўны рэпрэзентант – праца Людвіка Вальцогена «Obowiązki chrystianina nie dadzą się nigdy pogodzic z obowiązkami obywatela» [6]).

Фундаментальнай асновай ідэі ненасілля, што акцэнтавалася ўсімі яе ідэолагамі, з’яўляецца дуалістычны падзел грамадства на «свет сапраўдных хрысціян» і «свет граха» («знешні свет»), якія сутнасна адрозніваюцца адзін ад другога. Галоўнай апорай «свету граха» абвяшчаюцца афіцыйныя грамадскія інстытуты, найперш дзяржава, для якіх насілле з’яўляецца штодзённай практыкай. «Свет сапраўдных хрысціян» павінен у сваёй жыццядзейнасці кіравацца выключна новазапаветнымі нормамі маралі, часткай якіх пастуліруюцца прынцыпы ненасілля. У дадзеным кантэксце старазапаветныя імператывы, якія ўваходзяць у супярэчнасць з евангельскім вучэннем, кваліфікуююца страціўшымі ўсялякі сэнс і каштоўнасць пасля падзеі Хрыста для «сапраўдных вернікаў» [3, 75; 4, 34, 38–39, 55]. Разам з тым «закон Старога Запавету нароўні з прававымі нормамі розных дзяржаў, якія выводзяцца з "натуральнага розуму", маюць значэнне для ўпарадкавання адносін "знешняга свету", каб "тыя, што Пана Бога не баяцца і жывуць у зле і сваволі...пастаўленага ўраду з мячом мусілі б баяцца"» [5, 188]. Таму дзяржаўнае насілле, калі яно мае на мэце спакой і дабрабыт у зямным жыцці, можа быць станоўча адзначана (толькі без удзелу ў ім «сапраўдных хрысціян» [6, 229–230]).

Частковая легітымізацыя структурнага насілля ў канцэпцыі «Польскіх і Літоўскіх братоў» звязана з адчуваннем немагчымасці рэалізацыі новазапаветных этычных норм у грамадскім жыцці. Альтэрнатывай выступае сектанцкая арыентацыя на мінімізацыю кантактаў са светам насілля і рыгарыстычнае выкананне евангельскіх імператываў. М. Чаховіц і Я. Немаеўскі падкрэсліваюць ідэю аддзялення «верных» ад «няверных» [3, 70; 5, 184–185].

У канстытуіраванні кодэксу жыцця «сапраўднага хрысціяніна» феномен ненасілля раскрываецца праз шэраг пастулатаў:

ідэя «нясення крыжа праз усё жыццё», пад якім разумеецца талерантнае перанясенне пакут, пераследаванняў і пагроз жыццю, здароўю і маёмасці [3, 61–62]. Дадзены пастулат павінен стаць пастаяннай рысай жыцця хрысціяніна і ўмовай яго выратавання;

адмаўленне помсты ў вырашэнні міжасабовых і сацыяльных канфліктаў як галоўнай псіхалагічнай прычыны насілля [3, 103; 6, 231];

адхіленне выкарыстання любых гвалтоўных сродкаў, нават у якасці самаабароны; апеляцыя да правідэнцыялісцкай апекі Бога над вернікам [3, 91–92; 6, 240–241];

забарона для «сапраўдных хрысціян» займаць дзяржаўныя пасады і апеляваць да дзяржаўных устаноў. На думку Г. Паўла, функцыянаванне дадзеных інстытутаў з’яўляецца непазбежнай крыніцай насілля [4, 134]. Пазней Л. Вальцоген некалькі змякчае падобную пазіцыю, легалізуючы зварот да дзяржаўных устаноў пры адсутнасці матываў помсты [6, 231];

недапушчальнасць для хрысціян удзелу ў войнах. М. Чаховіц асуджае нават фармальную прысутнасць на вайне як ганебны кампраміс са «светам граху» [3, 114]. У той жа час паводле Ф. Соцына дадзеная з’ява адносіцца да ліку т. зв. «нейтральных учынкаў» і з’яўляецца цалкам легітымнай; забойства на вайне, аднак, адмаўляецца ім у духу, блізкім рыгарыстычнаму вучэнню ранняга антытрынітарызму [1, 140–141];

радыкальнае адмаўленне сацыяльнай эксплуатацыі, адлюстраванае ў закліку Г. Паўла на Пелешніцкім сінодзе 1568 г.: «Вы не маеце права есці хлеб, здабыты потам вашых падданых, а самі павінны працаваць…Прадавайце вашыя маёнткі і маёмасць і здабытыя сродкі раздавайце бедным» [7, 233] (На пазнейшых этапах развіцця парадыгмы талеранцыі гэты пастулат быў элімініраваны з кантэксту ідэі ненасілля.);

проціпастаўленне рэаліям неталерантных узаемастасункаў у «свеце граха» ідэі «хрысціянскай вайны» – маральнай барацьбы супраць зла без ужывання насілля, зброяй якой з’яўляюцца вера, надзея, любоў, мір і іншыя хрысціянскія дабрадзейнасці [3, 89]. Дадзеная ідэя ў адзначаным кантэксце выступае як своеасаблівы праект пасіўнага супраціўлення.

Да сутнасных рыс ідэі ненасілля ў польска-ліцьвінскай рэфармацыйнай парадыгме неабходна аднесці: рэтраспектыўнасць, якая выяўляецца праз перманентны зварот да новазапаветнай традыцыі; рэцэптыўны характар у дачыненні да заходнееўрапейскай радыкальна-рэфармацыйнай дактрыны; этычны абсалютызм, часткова змякчаны ў сацыніянскай і постсацыніянскай мадэлях; утапізм; сацыяльны эскапізм як адлюстраванне негацыі іерархічна структураванай сацыяльнай рэальнасці, у аснове якой знаходзяцца механізмы прымусу і насілля.

Такім чынам, ідэя ненасілля ўяўляе з сябе найбольш радыкальны праект у кантэксце рэфармацыйнай парадыгмы талеранцыі ў сацыяльна-палітычнай думцы ВКЛ і Польшчы, для якога характэрна поўнае адмаўленне любых відаў насілля.

 

1. Социн Ф. Теологические мысли в Ракове // Польские мыслители эпохи Возрождения / Под ред. И. С. Нарского. М., 1960.
2. Толерантность: Материалы Летней школы молодых ученых «Россия – Запад: философские основания социокультурной толерантности»: В 2 ч. / Под ред. М. Б. Хомякова. Ч. 2. Екатеринбург, 2001.
3. Czechowic M. Rozmowy chrystyjanskie. Rozmowa XII / Literatura arianska w Polsce XVI wieku: Antologia – Warszawa, 1959.
4. Grzegorz Pawel z Brzezin Przeciwko zdaniu o wojnie Jakuba Paleologa / Literatura arianska w Polsce XVI wieku: Antologia – Warszawa, 1959.
5. Niemojewski J. Odpowiedz na potwarzy Wilkowskiego / Literatura arianska w Polsce XVI wieku: Antologia – Warszawa, 1959.
6. Wolzogen L. Obowiazki chrystianina nie dadza sie nigdy pogodzic z obowiazkami obywatela / Filozofia i mysl spoleczna XVII wieku – Warszawa, 1979.
7. Zachorowski S. Najstarsze synody arjan polskich // Reformacja w Polsce. R. 1. № 3.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh

gmiskonst

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика