С. Л. Казлова
Рэспубліка Беларусь, г. Мiнск
Фонд № 370 Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь складаецца з 6 вопісаў, у склад якіх уваходзяць сотні спраў на нямецкай, беларускай і рускай мовах. Па характару дакументы можна падзяліць на тры катэгорыі: 1) указуючыя (распарадчыя); 2) матэрыялы справаздачнага характару; 3) па асабістым складзе. Па зместу гэта матэрыялы: 1) з эканамічнай характарыстыкай глебавых асаблівасцяў па раёнах; 2) па земляробству па аднаасобным гаспадаркам; 3) па земляробству па дзяржаўным маёнткам; 4) па жывёлагадоўлі; 5) па падаткавай сістэме на вёсцы; 6) прапагандысцкія матэрыялы; 7) па сельскагаспадарчых школах і курсах.
Восенню 1941 г. нямецкімі захопнікамі былі апісаны глебавыя і геаграфічныя асаблівасці Генеральнай акругі Беларусь. Рабілася гэта згодна з генеральным планам «Ост», па якому пасля заканчэння ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі павіны былі засяліцца нямецкія каланісты. Падрабязна фіксавалася эканамічная характарыстыка сельскай гаспадаркі, рабіўся аналіз найбольш характэрных для дадзенага рэгіёну Беларусі сельскагаспадарчых культур.
Матэрыялы па земляробству ўяўляюць сабой, з аднаго боку, службовыя распараджэнні, з другога – дакументы справаздачнага і кадравага характару. Гэта статыстычныя звесткі аб пасяўной плошчы, ураджайнасці, наяўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі, справаздачы акруговых камісараў аб стане сельскай гаспадаркі.
У першым вопісе фонду № 370 Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь існуе цэлы пласт дакументаў па дзейнасці дзяржаўных маёнткаў. Гэтыя дакументы маюць у асноўным характар справаздач. Існуюць таксама матэрыялы па асабістым складзе.
У фондзе № 370 мы знаходзім таксама справаздачы дзяржаўных маёнткаў аб фінансавай дзейнасці за ліпень 1942 – люты 1943 г. У іх адзначаны зарплаты працуючых па месяцах, выплаты прадуктамі, а таксама зафіксавана ўся дзейнасць дзяржаўных маёнткаў: па рамонце дарог, продажу прадуктаў харчавання. Навуковую вартасць мае і «Пастанова аб урэгуляванні ўмоў працы сельскагаспадарчых працоўных дзяржаўных маёнткаў ў Рэйхскамісарыяце Остланд». У дадзеным дакуменце прыводзіцца падзел працоўных на группы, распісваецца працоўны час па месяцах, а таксама грашовыя і прадуктовыя выплаты.
Дакументы па жывёлагадоўлі маюць характар справаздач і указанняў службовага характару. Існуе цэлы шэраг распараджэнняў па правілах дагляду за жывёлай. Гэта прапановы па кармленні жывёл, інструкцыі па іх выпасу і ўтрыманні, а таксама інструкцыі па ветэрынарным даглядзе за жывёлай. Цікавасць для даследчыка дадзенай тэмы мае цэлая серыя дакументаў, датаваных 31 студзеня 1943 г., калі у Генеральнай акрузе Беларусь праводзіўся перапіс жывёлы.
Архіўныя матэрыялы, якія тычацца прапаганды, уключаюць інструкцыі, адозвы, артыкулы ў газетах. Даследуючы іх, можна выявіць асноўныя накірункі і тэндэнцыі нямецкай прапаганды у аграрнай сферы.
Без сумнення, навуковую цікавасць вызываюць архіўныя матэрыялы, якія тычацца арганізацыі дзейнасці сельскагаспадарчых школ і агранамічных курсаў на тэрыторыі заходняй часткі ГАБ. У большасці сваёй гэтыя матэрыялы носяць характар справаздач. З гэтых дакументаў мы даведваемся, што ў сакавіку 1942 г. у Генеральнай акрузе Беларусь праводзіліся сельскагаспадарчыя курсы, якія наведвалі беларускія аграномы. Існуе інфармацыя пра дакладны вучэбны план гэтых курсаў нават прозвішчы людзей, якія чыталі лекцыі. Акрамя агранамічных курсаў функцыянавалі таксама сельскагаспадарчыя школы. Захаваліся архіўныя дакументы, у якіх падрабязна апісаны навучальныя праграмы гэтых школ.