Н. М. Здасюк
Республика Беларусь, г. Минск
Навуковае камплектаванне фондаў прадугледжвае планамерную і мэтанакіраваную дзейнасць музея па выяўленні прадметаў музейнага значэння, адпавядаючых профілю музея, іх набыццю і сістэматызацыі ў фондах музея. Бессістэмнае, стыхійнае папаўненне музейных фондаў, характэрнае для даволі працяглага перыяду існавання беларускіх музеяў, прыводзіць не да фарміраваня музейных калекцый па накірунках, а да засмеччання і разбаўлення навуковай вартасці музейнага матэрыялу. Упершыню савецкія музейныя спецыялісты звярнулі ўвагу на праблему камплектавання музейных фондаў у 1960-х гг. У наступныя гады гэта пытанне не страчвала актуальнасці і працягвала актыўна абмяркоўвацца і вывучацца. Без сумненняў, на прынцыпах камплектавання музейных фондаў у тыя часы адлюстраваліся адносіны да музея як да асветніцкай, ідэалагічнай установы [1]. Гэта тэндэнцыя ўзмацнілася на пачатку 1980-х гг., калі ЦК КПСС прыняў палажэнне «Аб паляпшэнні ідэйна-выхаваўчай працы музеяў» [2]. Канцэнтрцыя намаганняў музея на прапагандзе сацыялістычнага вобраза жыцця вяла да таго, што ўсе іншыя функцыі музея, у першую чаргу камплектаванне музейных калекцый, былі падначалены прапагандзе. Вынікам такой палітыкі стаў склад музейных фондаў, большасць з якога – да 60 % – складалі матэрыялы па гісторыі сацыялістычнага будаўніцтва [3]. Нічога дрэннага ў збіранні адзначаных матэрыялаў няма, яны таксама з’яўляюцца сведкамі нашай гісторыі, але па-за ўвагай музейшчыкаў заставалася тысячагадовая гісторыя краіны. Негатыўна на складзе музейных калекцый адбілася і залішняя ўвага да колькасных паказчыкаў. Імкненне музеяў папоўніць у кароткія тэрміны свае фонды адлюстроўвалася на якасці збіраемага матэрыялу, яго апісанні. У выніку экспазіцыі шматлікіх музеяў ператварыліся ў кабінеты палітасветы, якія будаваліся на пісьмовых крыніцах, табліцах, дыяграмах, ператвараліся ў ілюстрацыі да падручнікаў.
У другой палове 1980-х гг. пытанне камплектавання музейных фондаў набыло асаблівую актуальнасць. Неабходнасць змянення экспазіцый музеяў, арганізацыі выставак па актуальных праблемах гісторыі і культуры рэспублікі падкрэсліла, што большасць музеяў не мае ў сваіх фондах адпаведных крыніц. Звязана гэта было з шматгадовай дзяржаўнай палітыкай у музейнай справе, у выніку чаго ўсё тое, што заставалася за рамкамі афіцыйнай гістарычнай навукі, не трапляла і ў музейныя зборы.
Адзін з галоўных шляхоў вырашэння вызначанай праблемы спецыялісты-музейшчыкі бачылі ў змяненні падыходаў да камплектавання музейных фондаў. Вельмі агульны характар планаў камплектавання, без улiку спецыфiкi i профiля канкрэтнага музея, негатыўна адбіўся на складзе музейных збораў. Адсутнасць навукова абаснаванага мэтанакіраванага плана прыводзiла не да фарміравання поўнай музейнай калекцыі, а да засмечвання і распылення навуковай значнасці музейнага матэрыяла. Таму вядучым музеям рэспублiкi i аддзелу музеязнаўства Мiнiстэрства культуры БССР было даручана ў 1990–1991 гг. распрацаваць навукова абгрунтаваныя крытэрыi адбору музейных матэрыялаў па якасным паляпшэнні стану фондавых калекцый для ўсiх музеяў адпаведнай тэматычнай накiраванасцi [7].
Першым крокам на шляху паляпшэння якаснага стану музейных збораў было прапанавана правядзенне якаснай ацэнкі стану фондавых калекцый кожнага музея. У якасцi яе крытэрыяў вызначалiся наступныя: удасканаленне каштоўнасцi кожнай рэчы для больш дакладнага аднясення яе да асноўнага фонду; удакладненне складу iснуючых калекцый i вызначэнне сярод iх традыцыйна склаўшыхся; ацэнка якасцi кожнай калекцыi [8]. Дадзеныя мерапрыемствы былi накiраваны на пераадоленне таго факта, калі часам самi музейшчыкi не ведалi, якiмi зборамi валодае музей i ў якiм стане яны знаходзяцца. Атрыманыя вынiкi адзнакi стану фондавых калекцый былi пакладзены ў аснову складаемых у музеях у гэты ж перыяд комплексных праграм камплектавання музейных фондаў. Галоўны прынцып, якi быў пакладзены ў аснову праграм камплектавання большасцi музеяў, гэта пакалекцыйны збор прадметаў.
Адной з тэндэнцый у камплектаваннi музейных збораў азначанага перыяду было рэзкае скарачэнне на пачатку 1990-х гг. колькасцi збiраемых матэрыялаў. Прычын таму было шмат. Гэта i невысокiя фiнансавыя магчымасцi музеяў, з-за якiх скарацiлася колькасць экспедыцый; i адсутнасць жорсткiх патрабаванняў на павелiчэнне год ад году колькасцi збiраемых матэрыялаў; i тое, што ў гэты час толькi пачалася праца па распрацоўцы навуковых канцэпцый развiцця ўсiх напрамкаў дзейнасцi музеяў, у тым лiку i перспектыўных планаў камплектавання фондаў, што таксама запаволiла тэмпы збору музейных прадметаў. У той жа час адзначаецца, што ў сярэдзiне 1990-х гг. у параўнаннi з паказчыкамi сярэдзiны 1980-х, нягледзячы на скарачэнне паступленняў у фондавыя калекцыi, iх якасць паднялася на значна вышэйшы ўзровень.
1. Пищулин Ю .П. // Музейное дело в СССР. М., 1976.
2. Музей – очаг воспитания // Правда. 1982. 20 авг. С. 1.
3. Архіў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ф. 974, воп. 1, спр. 1858.
4. Бычкова Ю .А. // Музей и современность: Сб. науч. тр. № 114. М., 1982..
5. Михалюк А. Чем богаты? // Перестройка: твоя позиция. 1989. № 3.
6. Архіў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ф. 974, воп. 1, спр. 1954, л. 6.
7. Там жа. Ф. 974, воп. 1, спр. 1955, л. 13.
8. Гродзенскi гiсторыка-археалагiчны музей. Бягучы архiў. Прыкладны варыянт падыходу да адзнакi якасцi фондавых калекцый. 1993.