Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ Ў 1430–1440-х гг. У ПОЛЬСКАЙ І ЎКРАІНСКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІЯХ: ПАРАЎНАЎЧЫ АНАЛІЗ

 

Скачать

А. У. Любы

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Гісторыкі, якія гуртаваліся вакол украінскамоўных часопісаў «Записки наукового товариства імени Шевченка» і «Руслан» (М. Грушэўскі, Б. Бучынскі, Б. Барвінскі) [1; 2; 3; 4; 5], разглядалі ўнутрыпалітычную сітуацыю праз прызму «незалежніцкай палітыкі», якую праводзіў вялікі князь Свідрыгайла, адстойвалі палітычна-прававую самастойнасць ВКЛ (у першую чаргу праз прыклад украінскіх земляў Валыні і Ўсходняга Падолля).

Частка Львоўскага навуковага асяродка гуртавалася вакол польскамоўнага «Kwartalnika historycznego» (A. Прахаска, A. Малецкі, A. Капысцяньскі). У палеміках на іх баку ўдзельнічалі і прадстаўнікі іншых польскіх навуковых цэнтраў – Кракава (А. Левіцкі, О. Халецкі) і Варшавы (А. Ябланоўскі) [6; 8; 9; 12; 13; 14]. Яны адстойвалі погляд на гістарычныя працэсы ў ВКЛ як выводныя, запазычаныя ад Кароны Польскай, праводзілі думку, што антыпольскі характар падзей 30-х гг. XV ст. навязаны літоўскаму грамадству прыватнай палітычнай дзейнасцю вялікага князя Свідрыгайлы, а потым вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча і ўплывам знешнепалітычнага фактара (палітыкай імператараў Жыгімонта Люксембургскага і Альбрэхта ІІ) [11], разглядалі (Прахаска, Левіцкі) працэс выбрання вялікага князя Казіміра на польскі трон як непазбежнасць захавання межаў для ВКЛ [6, 123; 13, 267; 14], вызначалі палітычна-прававы характар стасункаў у падзеях 1444–1446 гг. [6, 127].

Украінскія гісторыкі ацэньвалі перыяд знакавым этапам у станаўленні свое­асаблівага становішча рускіх зямель-княстваў у складзе ВКЛ, а потым (характэрна для ўкраінскіх земляў) і у складзе Кароны Польскай. Польскія калегі больш увагі надавалі развіццю шляхецкага саслоўя Княства (да прыклада можна прывесці палеміку, што разгарнулася ў «Квартальніку за 1898 г. па пытанні паходжання і ролі надання літоўскім нобілям польскіх гербоў [8; 12]). Лёс легітымнасці польскай сярэднявечнай палітыкі ў дачыненні да рускіх земляў (як Падолля і Валыні, так і інш.), іх пераход пад польскі кантроль і паступовая інкарпарацыя нарадзілі шэраг працаў, прысвечаных рэгіянальным праблемам дзяржаваўладкавання ВКЛ [6; 7; 10; 13]. Рысавызначальным фактарам кожнай з працаў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. з’яўляецца падбор крыніц, які, зразумела, адбіваўся на раскрыцці тэмы, што было адзначана аўтарам рэцэнзіі на кнігу Левіцкага «Паўстанне Свідрыгайлы» (рэцэнзія ўказвае на прускі акцэнт працы) [5, 169].

Рознасць у поглядзе на характар падзей не замінала гісторыкам бачыць заканамернасці развіцця грамадства ВКЛ на працягу 1430–1440-х гг. Працэс надання прававоў усім нобілям Княства, не зважаючы на канфесійную прыкмету, палітыка на цэнтралізацыю зямель дзяржавы і фарміраванне прававой базы ўзаемаадносін вялікага князя і зямель; палітыка кампрамісу і змякчэння дыскрымінацыйнага становішча праваслаўнага насельніцтва (у першую чаргу набілітэта) у адносінах да каталіцкага – усё гэта вынікала з падзей і палітычных хадоў унутрыпалітычнай барацьбы. Падзеі выбрання вялікага князя Казіміра Ягайлавіча на караля, перамовы, заключэнне брэсцка-парчоўскай уніі і прававое значэнне яе для адносін Польшчы і ВКЛ дазваляюць сцвердзіць знакавасць моманту ў пытанні ўнійнага дзяржаваўтварэння.

Праз Львоўскі навуковы асяродак мы атрымалі абагульняючыя працы па персаналіях Жыгімонта Кейстутавіча і Міхаіла Жыгімонтавіча [1; 9]. Як азначалася ў рэцэнзіі Б. Бучынскага на гэтыя дзве працы, аўтары здолелі па магчымасці поўна сабраць матэр’ял, хаця аўтарскія выказванні бракуюць асабістым прачытаннем. І Барвінскі і Капысцяньскі здолелі зрабіць партрэты апошніх Кейстутавічаў, адмовіць у «выпадковасці» іх з’яўлення на палітычнай арэне 30-х гг. XV ст. (пастулат народжаны рэмаркай Яна Длугаша).

Станаўленне нацыянальнай гістарыяграфіі польскай і ўкраінскай школ звязана са сцвярджэннем наяўнасці ўласнай дзяржаўнасці ў рэгіёне ВКЛ. Дадзены аспект стымуляваў у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. творчы інтарэс да падзей XV ст. абедзьвух нацыянальных школ. Яскрава гэта бачна на прыкладзе горада Львова, дзе кожная з частак навуковага асяродка, скіраванага на вывучэнне праблем гістарычнага развіцця ВКЛ, шукала свой нацыянальны шлях у рэаліях канца ХІХ – пачатку ХХ ст. праз фарміраванне грамадскай пазіцыі на падзеі дзяржаваўтварэння Кароны Польскай і ВКЛ. Таму нецяжка прачуць тон крытычных заўваг і характарыстык, ў першую чаргу з боку ўкраінскіх калег (зварот рэцэнзента да Левіцкага) [5, 165], але і польскіх (зварот Ябланоўскага да Пекасіньскага) [8, 553–559].

Працы Львоўскага навуковага асяродку даюць нам цэласны погляд на кірункі да­следавання тэмаў, звязаных з вывучэннем ВКЛ у 1430–1440-х гг. Праведзеная апрацоўка актавых крыніц дазваляе шырэй глядзець на ўзаемадачыненні асобаў гістарычнага працэсу і выкарыстоўваць назапашаны вопыт. Разгляд палемікі дае магчымасць пазбегнуць недарэчных камянёў, звязаных з грамадскай пазіцыяй даследчыка і традыцыяй успрымання падзей.


1. Барвіньский Б. Жігімонт Кейстутовіч велікій князь літовско-рускій. Жовква‚ 1905.
2. Бучинський Б. Кілька причинків до часів великого князя Свидригайла (1430–1433) // Записки наукового товариства імени Шевченка. Кн. II. T. LXXVI. 1907.
3. Бучинський Б. Кнігі да гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV ст. // Записки наукового товариства імени Шевченка. Кн. I. T. LXXV.1907.
4. Грушевський М. Iсторія Украіни-Руси (XIV–XVI віки–відносини політичні). Т. IV. Київ; Львів‚ 1907.
5. Корженко І. Війна Литви з Польщею за Свидригайла (Заміткі на Lewicki A. Powstanie Świdrygello. Kraków, 1892) // Записки наукового товариства імени Шевченка. Т. II. 1893.
6. Frieberg J. Recenzye i sprawozdania // Kwartalnik historyczny. R. XIX. 1905.
7. Helecki O. Ostatnie lata Świdrigełło i sprawa Wolońska za Kazimiram Jagełłonom. Kraków, 1915.
8. Jabłonowski A., Piekosiński F. W sprawie środnowiecznoj heraldyki litewsko-ruskiej // Kwartalnik historyczny. R. XII. 1898.
9. Kоpystiańki A. Ksiąźę Michał Zygmuntowicz // Kwartalnik historyczny. R. XX. 1906.
10. Lewicki A. Powstanie Swidrygiełły. Ustęp z dziejów unii Litwy z Koroną. Kraków, 1892.
11. Lewicki A. Przymierze Zygmunta w. Ks. Litewskiego z królem rzymskim Albrechtem II // Rozprawy Akad. Umiejętności. Wydział hist.-filozofi... Serya II, T. XIII. Kraków, 1899.
12. Małecki A. Znaczenie unii horodzelskiej w roku 1413, z punktu widzenia heraldycznego // Kwartalnik historyczny. R. XII. 1898.
13. Prochaska A. Kazimierz Jagiełłończyk a Inflanty. 1440–1450 // Kwartalnik historyczny. R. XII. 1898.
14. Prochaska A. O rzekomej unii z 1446 r. // Kwartalnik historyczny. 1904. XVIII. R.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105konst   

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика