М. А. Шніп
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Важным здарэннем на абшарах Усходняй Еўропы XVI ст. стаў мяцеж, узняты ў 1508 г. у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) князем Міхалам Глінскім. Сам князь і яго дзейнасць, бясспрэчна, былі з’явамі агульнаеўрапейскага маштабу. Таму невыпадкова, што выступ Глінскага трапіў на старонкі многіх гістарычных твораў ВКЛ, Польшчы і Рускай дзяржавы XVI ст.
Аднак творы тагачасных гісторыкаў часта адрозніваюцца пэўнай тэндэнцыйнасцю ў асвятленні дзейнасці М. Глінскага. Утрымліваюць яны шэраг сумнеўных, а часам проста выдуманых звестак, сукупнасць якіх з цягам часу стала ўстойлівай гістарыяграфічнай традыцыяй, што пратрымалася да XX ст.
Міхал Глінскі сапраўды займаў высокае становішча ў ВКЛ у часы Аляксандра Ягелона, але супрацьпастаўленне яго панам-радзе Вялікага княства, паводле «Хронікі Быхаўца», «Хронікі» Стрыйкоўскага, «Хроники Литовской и Жмойтской» не адлюстроўвае рэальнага стану рэчаў. Пры двары Аляксандра не існавала дакладна акрэсленых магнацкіх партый, што пацвярджаюць акты Метрыкі ВКЛ [1, № 702, 706]. Час княжання Аляксандра можам назваць адным з этапаў барацьбы паноў-рады за пашырэнне сваіх правоў. Таму часта ў крыніцах адносіны вялікага князя з раднымі панамі маюць канфрантацыйны характар. Але да складу апазіцыйнай групоўкі з упэўненасцю можна аднесці толькі віленскага біскупа Войцэха Табара і маршалка земскага Яна Забярэзінскага.
Польскія храністы Мацей Мехавіта, Людвік Дэцый і Бярнард Вапоўскі, чые хронікі з’яўляюцца найбольш раннімі з усяго масіву наратыўных крыніц, што датычацца мяцяжу, прыпісваюць Глінскаму імкненне захапіць вялікакняжацкі трон [11, 28; 13, 276; 15, 58]. І калі ў Дэцыя і Вапоўскага заявы гэтыя можам назваць асцярожнымі, то паводле Мехавіты злачынныя намеры Глінскі меў яшчэ ў 1506 г., за два гады да мяцяжу.
Усе беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі прыпісваюць Міхалу Глінскаму ініцыятыву ва ўсталяванні кантактаў з маскоўскім князем і расцэньваюць гэта як здраду. Так, згодна з Вапоўскім, Стрыйкоўскім і «Хроникой Литовской и Жмойтской» пагадненне Глінскіх з маскоўскім князем адбылося яшчэ да забойства Забярэзінскага [8, 102; 14, 343, 346; 15, 77]. У той жа час дадзеныя «Русского временника» па Румянцаўскаму спісу, «Первой Софийской летописи» дазваляюць сцвярджаць, што Глінскія перайшлі на маскоўскі бок толькі пасля таго, як стала зразумела, што перамовы з Жыгімонтам і панамі-радай ВКЛ бесперспектыўныя [4, 53; 5, 70–71]. Прычым маскоўскі князь першым выслаў сваіх прадстаўнікоў да Глінскага з прапановай перайсці да яго на службу.
Згодна з хронікамі М. Стрыйкоўскага, М. Бельскага, А. Гваніні (калі прыняць яго аўтарства), «Литовской и Жмойтской», «Евреиновской летописью» і «Русским временником», на бок Глінскага і маскоўскіх ваяводаў перайшлі князі Друцкія. Але калі паводле рускага летапісу, а таксама хронік Дэцыя і Вапоўскага і пасольстваў Жыгімонта І, гэта было бадай што адзіным поспехам мяцежнікаў, то астатнія названыя хронікі пашыраюць спіс заваяваных Глінскім з дапамогай маскоўскіх войскаў гарадоў. Так, яны прыпісваюць ім узяцце Оршы, Крычава, Гомеля, а таксама паведамляюць аб пераходзе на бок Глінскіх мсціслаўскага князя Міхаіла Заслаўскага [2, 167; 8, 103; 9, 458; 12, 77; 14, 346]. Між тым Гомель яшчэ ў 1500 г. быў заваяваны маскавітамі, а князь Мсціслаўскі і Крычаў часова перайшлі пад уладу Васіля ІІІ толькі ў 1514 г. [3, 124].
У хроніках другой паловы XVI ст., такіх як Хроніка Стрыйкоўскага, Марціна Бельскага, «Евреиновская летопись», выступ Глінскага адлюстроўваецца як рух праваслаўнай знаці, незадаволенай сваім становішчам у ВКЛ. Часта М. Бельскі і А. Гваніні ў сваіх гістарычных творах прыводзяць звесткі з «Хронікі» Стрыйкоўскага. Сам М. Стрыйкоўскі паўтарыў і развіў некаторыя, хаця і неканкрэтныя выказванні Дэцыя і Вапоўскага. Так, Бярнард Вапоўскі, не ўзгадваючы, што Міхал Глінскі быў каталіком, падкрэслівае, што «русіны грэцкага абраду трымалі бок Глінскага, і сярод яго кліентаў і прыхільнікаў найбольшая частка былі русіны» [15, 76]. Дэцый крыху ў іншым святле адлюстраваў такое становішча: «Міхал Глінскі шмат шляхты рускай абяцаннямі і падарункамі, а таксама надзеяй на перамогу на свой бок прыцягнуў» [11, 34].
Але М. Стрыйкоўскі дадае i сваю, арыгінальную, версію матываў дзеянняў Глінскага. У прыватнасці, ён лічыў, што Глінскія імкнуліся стварыць самастойнае Рускае княства і перанесці вялікае княжанне з Вільні ў Кіеў і такім чынам адрадзіць Кіеўскую манархію [14, 346–347]. Гэтым жа Стрыйкоўскі тлумачыць і аблогу Глінскім Слуцка – князь нібыта спадзяваўся прымусіць Анастасію Слуцкую ўзяць з ім шлюб, што давала б яму правы прэтэндаваць на Кіеўскае княжанне, бо правы такія фармальна мелі князі Слуцкія.
Не трэба выключаць магчымасці, што ў версіі аб «Кіеўскай манархіі», якая ўзнікла ў канцы 70-х гг. XVI ст., маглі знайсці месца пагалоскі прапановы Менглі-Гірэям Кіева Глінскім, калі б яны перайшлі на яго бок. Нельга забываць і аб тым, што сам аўтар, М. Стрыйкоўскі, знаходзіўся пэўны час пад уплывам магнатаў Хадкевічаў, якія былі яго мецэнатамі і мелі роднасныя і палітычныя сувязі з Алелькавічамі-Слуцкімі [6, 75]. Стрыйкоўскі нават жыў некаторы час у Слуцкіх, наведваў ваколіцы іх уладанняў, месца бітвы пад Клецкам. Такім чынам, тая частка яго хронікі, што апісвае падзеі, звязаныя з аблогай Слуцка і рабаваннем ваколіц горада войскамі М. Глінскага і маскоўскага князя, магла быць напісана пад моцным уплывам саміх князёў Слуцкіх, якія пацярпелі ад князя-мяцежніка. У той жа час ёсць падставы казаць, што Міхал Глінскі, каб прыцягнуць на свой бок больш прыхільнікаў, абвясціў сябе абаронцам праваслаўя і гэтым тлумачыў усе свае дзеянні.
Многія ўзгаданыя вышэй гістарычныя творы паўсталі пры двары Жыгімонта Старога альбо ў асяродку магнатэрыі ВКЛ. У прыватнасці «Chronica polonorum» М. Мехавіты выйшла ў свет у 1519 г. Але ўвесь тыраж першага выдання «Хронікі» быў канфіскаваны па загаду арцыбіскупа Я. Ласкага, былога кароннага канцлера, і старонкі 287, 347–372 былі заменены на тэндэнцыйна адрэдагаваныя самім Ласкім [6, 68]. І хаця не ўсе праўкі паходзілі менавіта ад яго, тыя, што адносяцца да дзейнасці Глінскага, смерці Аляксандра і абрання Жыгімонта, бясспрэчна, напісаныя Янам Ласкім [10, 45–46].
Наступнікі Мехавіты Л. Дэцый і Б. Вапоўскі займалі пасады каралеўскіх сакратароў і гістарыёграфаў пры Жыгімонце І, таму і іх творы мусілі падаваць дзейнасць Глінскага ў святле афіцыйнага і пануючага меркавання.
Творамі Мехавіты, Дэцыя і Вапоўскага карысталіся практычна ўсе пазнейшыя храністы, такія як Кромер, Стрыйкоўскі, Бельскі і інш. Таму многія факты з ранніх хронік проста пераходзілі ў пазнейшыя і з цягам часу не падвяргаліся сумненню, тым больш, калі не розніліся з агульнай гістарыяграфічнай традыцыяй.
Хроніка Быхаўца абрываецца на 1506 г., хаця ў запісе пад 1500 г., калі Аляксандр надаў Глінскаму маршалкоўства, аўтар абяцае аб ім «много дивного» напісаць [7, 167]. Напэўна, пад гэтымі словамі крыецца не толькі бітва пад Клецкам, а і падзеі мецяжу. Знікненне апошніх старонак хронікі магло мець і невыпадковы характар, калі падзеі ў ёй асвятляліся інакш, чым у польскамоўных хроніках.
Усе вышэй узгаданыя крыніцы былі створаны пасля мяцяжу Глінскага і яго пераходу ў Маскоўскае падданства, таму вобраз князя-здрадніка добра стасоўваўся ў гістарычных творах з тымі злачыннымі намерамі яшчэ ў часы кіравання вялікага князя Аляксандра, якія яму прыпісвалі храністы.
1. Акты Литовской Метрики. Т. 1. Вып. 2. Варшава, 1897.
2. Евреиновская летопись // Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). Т. 35. М., 1980.
3. Кром М. М. Меж Русью и Литвой. М., 1995.
4. Первая Софийская летопись // Полное собрание русских летописей, изданное по высочайшему повелению Археографическою комиссиею. Т. 6. Спб., 1853.
5. Русский временник: Зимин А. А. Новое о восстании М. Глинского в 1508 г. // Советские архивы. М., 1970. № 5.
6. Семянчук А. А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. Гродна, 2000.
7. Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32. М., 1975
8. Хроника Литовская и Жмойтская // ПСРЛ. Т. 32. М., 1975.
9. Bielski M. Kronika Marcina Bielskiego niegdyś w Krakowie drukowana teraz z nowu z doprowadzeniem aż do Augusta III przedrukowana // Zbiór dziejopisów polskich we czterech tomach zawarty. T. 1. Warszawa, 1764.
10. Bostel F. Zakaz Miechowity. Lwów, 1884.
11. Jodok Ludwik Decjusz. Księga o czasch króla Zygmunta. Warszawa, 1960.
12. Gwagnin A. Kronika Sarmacjey Europskiej. Kraków, 1611.
13. Lectiones variantes primae editionis (anni 1519) Matthiae de Miechow Chronicae Polonorum // Wapowski B. Kroniki Bernarda Wapowskiego z Radochoniec. Część ostatnia, czasy podługoszowskie obejmująca (1480–1535). Kraków, 1874.
14. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, żmudska i wszystkiej Rusi. T. II. Warszawa, 1846.
15. Wapowski B. Kroniki Bernarda Wapowskiego z Radochoniec. Część ostatnia, czasy podługoszowskie obejmująca (1480–1535). Kraków, 1874.