Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

КРЫНІЦЫ ПА ГІСТОРЫІ СЯЛЯНСКАЙ АБШЧЫНЫ (ГРАМАДЫ) Ў ДЗЯРЖАЎНЫХ УЛАДАННЯХ БЕЛАРУСІ Ў ХVІ – ХVІІІ ст.

 

Скачать

В. Ф. Голубеў

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Найбольш паказальнымі для ХVІ ст. крыніцамі са звесткамі аб дзейнасці грамады з’яўляюцца гаспадарскія граматы, адрасаваныя насельніцтву тэрытарыяльных абшчын – воласцей, ці дзяржаўцам, старостам, велікакняжацкім намеснікам, выдадзеныя ў адказ на скаргі насельніцтва. Менавіта граматы сведчаць, што насельніцтва, якое ўваходзіла ў склад валасной грамады, называлася «мужамі», «людзьмі», «валашчанамі». З іх вядома, што ўзначальваў грамаду старац, які выбіраўся абшчыннікамі. Тэксты грамат змяшчаюць розную інфармацыю аб жыцці грамады, аб характары землекарыстання, збору падаткаў, узаемаадносінах грамады з дзяржаўнымі чыноўнікамі і інш.

Звесткі аб дзеянні важнейшага элемента абшчыннай арганізацыі – копнага суда, які дзяржава не толькі прызнала, але і замацавала заканадаўча, утрымліваюцца ў Статуце ВКЛ 1588 г. Цікавы дакумент на гэтую тэму маецца ў актавай кнізе Гарадзенскага земскага суда за 1590–1592 гг. [4]. Статут ВКЛ 1588 г. нават распісваў, як павінна збірацца капа: «А естли бы укривжоный злодейством хотел шкоды своее доходити копою, тогды вси в той околицы вокол на милю со всих чотырех сторон мають казати подданым своим на копу сходитися, а то ся маеть розумети вперед на тые местца, где досихмест копы не бывали, которые коповища кождый подкоморий в повете своем назначити и села тых, хто ся там становити будет, описати маеть» [3, 337].

Важнай крыніцай па гісторыі сялянскай грамады з'яўляюцца таксама інвентары феадальных уладанняў. Але трэба адзначыць, што інвентары, як правіла, не змяшчаюць прамых указанняў на існаванне грамады. Звычайна гэта больш «падказкі» пра тое, што яна існавала, калі адзначалася, што сяляне агулам узялі зямлю, агулам складваюцца і плацяць за яе [5].

Бываюць выпадкі, хаця і рэдкія, калі ў інвентары распісваецца сам парадак распараджэння абшчыннымі землямі ці вызначаецца парадак раскладкі («разруба») павіннасцей і поплатаў унутры грамады. У асноўным такія звесткі змешчаны ў інвентарах сярэдзіны ХVІІ–ХVІІІ ст., у час эканамічных заняпадаў, калі землеўласнік нават сам стымуляваў дзейнасць грамады ў вёсцы. Вельмі змястоўныя інвентары са звесткамі такога характара маюцца па ўладаннях Віленскага каталіцкага біскупства Стрэшын і Горваль [6].

Выразнай і красамоўнай крыніцай па гісторыі сялянскай абшчыны з'яўляюцца дакументы, якія зыходзілі непасрэдна ад вясковага насельніцтва – сялянскія скаргі (суплікі). Многія з іх напісаныя ад імя грамады, некаторыя ўтрымліваюць важныя звесткі пра дзейнасць гэтага сялянскага інстытута. Так, напрыклад, у фондзе «Архіў Камеральны» Галоўнага архіва старажытных грамат у Варшаве (AGAD) змяшчаецца цэлы том пад назвай «Суплікі валасцян эканамічных літоўскіх і рэестр тых жа суплік», дзе пад датай 1791 г. змешчана 51 сялянская скарга і камісарскія рэзалюцыі на іх [7]. Цікава, што абсалютная большасць гэтых скаргаў падпісана іменем грамады, нават у тых выпадках, калі некаторыя сяляне ставілі ад імя грамады і свае подпісы.

Важная інфармацыя ў некаторых выпадках утрымліваецца ў гаспадарча-ўліковых матэрыялах феадальных уладанняў. Так, у тым жа Галоўным архіве старажытных грамат у Варшаве ў сямейным архіве Панятоўскіх нам удалося выявіць зафіксаваную дакументальна існаваўшую практыку продажу ці здачы ў арэнду сялянскімі абшчынамі належачых ім зямель пастароннім людзям і нават дробнай шляхце. Апошнія плацілі з гэтых зямель падаткі непасрэдна ў сялянскую грамаду [8].

Асобныя несістэматызаваныя звесткі пра існаванне ў беларускай вёсцы сялянскай абшчыны можна знайсці таксама ў матэрыялах Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, пабаровых рэестрах, уставах і сумарыюшах, інструкцыях эканомам і рэвізорам, якія часта змяшчаліся ў інвентарах. Хаця гэтыя звесткі ў некаторых выпадках утрымліваюць і не прамыя сведчанні аб функцыяніраванні абшчыны і яе органаў, іх накапленне, сістэматызацыя і аналіз дазваляюць скласці ўражанне аб дзейнасці гэтага інстытута, які аказваў значны ўплыў на жыццё вясковага насельніцтва Беларусі ў ХVІ–ХVІІІ ст.


1. Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии. Конец ХIV в. – 1648 г. Т. I. Мн., 1988.
2. AGAD, Archiwum Radziwiłłów, dział II, supłement, 8 (21), s. 1
3. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989.
4. НГАБ. Ф. 1755, воп. 1. спр. 1, арк. 890 адв.- 89.
5. НГАБ. Ф. КМФ-5, воп. 1, спр. 1696.
6. РА БАН Літвы. Ф. 43, спр. 8782, 8793, 17486, 17601.
7. AGAD, AK, III, 166.
8. AGAD, Archiwum Rodzinne Poniatowskich, 214.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh

gmiskonst

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика