В. В. Кныш
Республика Беларусь, г. Минск
Другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст. – гэта час станаўлення буржуазнага грамадства ў Беларусі. Адным з паказчыкаў разгортвання гэтага працэссу з’яўляецца ўзровень пісьменнасці насельніцтва. Большасць айчынных даследчыкаў схіляюцца да меркавання, што стан пісьменнасці ў Беларусі ў разглядаемы перыяд быў на недастаткова высокім узроўні [1, 2]. І толькі М. М. Улашчык адзначаў, што ў Беларусі ён быў не ніжэйшы за іншыя регіёны Расійскай імперыі [3]. Пытанне пісьменнасці насельніцтва застаецца дыскусійным да сённяшняга дня. Для яго вырашэння цікавыя і часам нечаканыя дадзеныя можна атрымаць пры аналізе ўзроўню адукаванасці жанчын паводле матэрыялаў перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г.
Агульная колькаць жанчын Беларусі паводле перапісу складала 4 277 516, а лічба пісьменных сярод іх – 666 921 (15,59 % ад агульнай колькасці жанчын) [4–8]. Назіралася значная розніца ў параўнанні ступені пісьменнасці паміж жанчынамі і мужчынамі. Удзельная вага пісьменных мужчын складала 30,50 % ад агульнай колькасці насельніцтва, што у два разы перавышала аналагічны паказчык у жанчын (15,59 %) [4–8].
Матэрыялы дэмаграфічнага абследавання дазваляюць выявіць узровень пісьменнасці па саслоўных і ўзроставых групах. Сярод жанчын духавенства пісьменнасць дасягала найбольш высокай ступені – 75,16 %, ў замежных грамадзянак таксама назіраўся даволі высокі ўзровень – 61,54 %, у дваранак – 54,73 %, у жанчын сялянскага саслоўя быў найменьшы працэнт пісьменнасці – 9,41 %, пры гэтым у сялянскам саслоўі пісьменнасць сярод жанчын значна ніжэй за мужчын – 18,36 % [4–8].
Асобна можна вылучыць узровень пісьменнасці па паказчыку, звязанным з вызначэннем узроўню адукацыі вышэй пачатковай. Працэнт жанчын, якія атрымалі такую адукацыю ў Беларусі, быў вельмі нязначны – 3,4 % [4–8]. Найбольшае імкненне ў гэтым праявілі жанчыны духоўнага саслоўя: яны налічвалі 29,95 % сярод пісьменных жанчын з адукацыяй вышэй пачатковай, далей ідуць дваранкі – 19,49 %, але прадстаўніцы гарадскіх саслоўяў склалі вельмі нязначны працэнт – 2,06 % [4–8]. Большасць жанчын, атрымаўшых такі ўзровень адукацыі вышэй пачатковай, навучалася ў сярэдніх агульнаадукацыйных школах, а таксама ў сярэдніх спецыяльных установах. Ва універсітэтах і іншых вышэйшых навучальных установах навучалася ўсяго 0,35 % жанчын, у спецыяльных вышэйшых навучальных установах – 0,005 %.
Рэгіянальна стан пісьменнасці ў Беларусі не быў аднолькавы. У суадносінах пяці беларускіх губерняў першае месца па ўзроўню пісьменнасці сярод жанчын займала Віленская губерня (22,98 %), другое – Гродзенская (19,61 %), далей – Віцебская (19,55 %), Мінская (10,13 %) і Магілеўская губерня (8,42 %) [4–8]. Адзначаючы пісьменнасць жанчын па іх саслоўнай і рэгіянальная прыналежнасці, трэба сказаць, што самы высокі працэнт пісьменнасці назіраецца ў Віленскай губерні – 80,4 %, а сярод дваранак у Гродзенскай губерні – 73,91 % [4; 6]. Працэнт пісьменнасці жанчын саслоўя ганаровых грамадзянак, купчых і мяшчанак быў практычна аднолькавы ва ўсіх губернях і вар’іраваўся ад 33,34 % у Віцебскай да 29,04 % у Магілёўскай, толькі ў Мінскай губерні ён ніжэйшы і складаў 24,38 % [4–8]. Значна ніжэйшая лічба назіралася ў сялянскім саслоўі, дзе нават у Віленскай губерні яна складала 17,61 %, а ў Магілёўскай і Мінскай адпаведна – 2,44 і 3,24 % [4–8].
1. Снапкоўская С. В. Гісторыя адукацыі і педагагічная думка на Беларусі (60-я гады ХІХ–пачатак ХХ ст.). Мн., 2001.
2. Умрэйка С. А., Сянькевіч Г. Р., Андрэенка У. К., Сонцаў П. С. Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.
3. Улащик Н. Н. Грамотность в дореволюционной Белоруссии // История СССР. 1968. № 1.
4. Первая Всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. Выпуск ІV. Виленская губерния. Спб., 1903. Табл. ІХ.
5. Первая Всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. Выпуск V. Витебская губерния. Спб., 1904. Табл. ІХ.
6. Первая Всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. Выпуск ХІ. Гродненская губерния. Спб., 1903. Табл. ІХ.
7. Первая Всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. Выпуск ХХІІ. Минская губерния. Спб., 1905. Табл. ІХ.
8. Первая Всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. Выпуск ХХІІІ. Могилевская губерния. Спб., 1903. Табл. ІХ.