Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

Эканамічная гісторыя Беларусі другой паловы ХVІІІ ст.: стэрыятыпы айчыннай гістарыяграфіі

 

Скачать

І. Ф. Кітурка

Рэспубліка Беларусь, г. Гродна

 

У апошняе дзесяцігоддзе інтарэс да эканамічнай праблематыкі гісторыі Беларусі ў айчыннай гістарыяграфіі заўважна знізіўся. На наш погляд, гэта можа быць растлумачана трыма асноўнымі прычынамі.

Па-першае, атрыманне Беларуссю незалежнасці на пачатку 90-х гадоў ХХ ст. і станаўленне нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі запатрабавала ад айчынных даследчыкаў навуковых прац, прысвечаных галоўным чынам гісторыі беларускай дзяржаўнасці, аб’ектыўнаму асвятленню ваеннага мінулага, вяртанню з нябыту забароненых раней імёнаў і інш.

Па-другое, пашырэнне ў гэты перыяд магчымасці замежных навуковых кантактаў, знаёмства з агульнымі тэндэнцыямі развіцця сучаснай сусветнай гістарычнай навукі спрыялі з’яўленню ў айчыннай гістарыяграфіі зусім новых накірункаў даследавання – мікрагісторыі, ментальнасці, гістарычнай антрапалогіі і дэмаграфіі, паўсядзённага жыцця, гендэрных праблем і інш.

І трэцяй, бадай што самай галоўнай, прычынай было перакананне ў адносна дастатковай вывучанасці эканамічных (ці сацыяльна-эканамічных) пытанняў, у тым ліку эпохі феадалізму, у савецкай гістарыяграфіі, паколькі гэтыя праблемы з’яўляліся адным з прыярытэтных накірункаў у той час.

У сувязі з гэтым на сенняшні дзень фактычна атрымалася так, што разам са з’яўленнем новых прагрэсіўных тэндэнцый у сучаснай айчыннай гістарыяграфіі пры вывучэнні і выкладанні эканамічнай гісторыі працягваюць мець месца стэрыятыпы і ацэнкі, якія склаліся ў савецкай гістарычнай навуцы. Гэта у тым ліку тычыцца і гаспадарчага становішча на землях Беларусі ў другой палове ХVІІІ ст.

Вядома, што галоўным фактарам эканамічнага развіцця, з пункту гледжання гісторыкаў-марксістаў, з’яўляўся спосаб вытворчасці, а ўсё астатняе – сацыяльная структура, характар дзяржаўнай улады, дамінуючая ідэалогія і г. д. – не больш чым надбудова. Рухаючай сілай гісторыі марксісцкая тэорыя прызнавала класавую барацьбу за кантроль над сродкамі вытворчасці і магчымасць пераразмеркавання рэсурсаў у грамадстве.

Пры такім падыходзе ігнараваўся той факт, што ўзаемадзеянне насельніцтва, рэсурсаў і тэхналогіі ў эканоміцы вызначаецца сацыяльнымі інстытутамі, якія ўключаюць у сябе таксама каштоўнасці і погляды людзей. Гэты комплекс пераменных называюць «соцыякультурным кантэкстам» або «інстытуцыянальнай матрыцай» эканамічнай дзейнасці [1, 22].

Вельмі адмоўна гэтае ігнараванне адбілася на даследаванні эканамічнага становішча на землях Беларусі ў другой палове ХVІІІ ст. Доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы гэты час нават не выдзяляўся ў асобны перыяд, а разглядаўся як працяг агульнага эканамічнага заняпаду, выкліканага войнамі сярэдзіны ХVІІ і пачатку ХVІІІ ст. Аўтары манаграфій, артыкулаў і калектыўных гістарычных прац імкнуліся даць розныя, у тым ліку і эканамічныя, тлумачэнні непазбежнасці падзення Рэчы Паспалітай і прагрэсіўнасці ўключэння беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі.

Праўда, трэба адзначыць, што сёння беларуская гістарыяграфія адыйшла ад такой негатыўнай ацэнкі гаспадарчага развіцця Вялікага княства Літоўскага ў другой палове ХVІІІ ст., і гэты перыяд характарызуецца як час эканамічнага ўздыму і значных палітычных пераўтварэнняў. Але па-ранейшаму эканамічным працэсам, якія адбываліся ў той перыяд на землях Беларусі, не надаецца дастатковай увагі. З падручніка ў падручнік працягваюць вандраваць выказванні аб пагаршэнні становішча насельніцтва, няўхільным павышэнні павіннасцяў і падаткаў, і амаль не робіцца акцэнту на якасных зменах у гаспадарчым жыцці, якія адбываліся ў адзначаны перыяд.

Між тым, даследаванне эканамічнага становішча на землях Вялікага княства Літоўскага паказвае, што да сярэдзіны ХVІІІ ст. не проста завяршылася аднаўленне гаспадаркі пасля Паўночнай вайны і адбылося ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі (як тое падаецца ў гістарычнай літатратуры), а гэты перыяд адрозніваецца ад папярэдніх значнымі зменамі ў самой арганізацыі эканамічнага жыцця і нават у яго разуменні. Для земляў ВКЛ эканамічныя пераўтварэнні, якія адбываліся ў той час, насілі інавацыйны характар як для развіцця прамысловасці, так і сельскай гаспадаркі і грунтаваліся на гаспадарчым досведзе еўрапейскіх краінаў. Па сутнасці, гэта быў першы этап якаснай трансфармацыі (мадэрнізацыі) аграрнага грамадства, які садзейнічаў развіццю рынкавых адносінаў у сельскай гаспадарцы і зараджэнню ўласнай прамысловасці.

Адметнай характарыстыкай гэтага перыяду было ўсведамленне інтэлектуальнымі і палітычнымі элітамі Рэчы Паспалітай таго часу неабходнасці зменаў існуючай палітычнай і эканамічнай рэчаіснасці. Адбылася своеасаблівая «мадэрнізацыя ў розумах», для якой важнае значэнне меў асветніцкі спосаб разумення прагрэсу як аддзялення (ці супрацьпастаўлення) сучаснасці і мінулага [2, 5]. Верагодна, упершыню традыцыя, якая была да гэтага часу бясспрэчным аўтарытэтам, у другой палове XVIII ст. стала падвяргацца крытыцы, і з уласцівым для тых часоў аптымізмам пачала даказвацца магчымасць рацыянальнага ўплыву на кшталтаванне будучага грамадства.

Для тых, хто не хацеў заставацца «нявольнікам звычаю», а меў «здольнасці і патрэбы ў гаспадарчых ведах», каб «паправіць памылкі першапачатковага досведу», у другой палове XVIII ст. пачала выдавацца вялікая колькасць эканамічнай літаратуры [3–6].

У гэтых выданнях даказваліся перавагі так званага «новага гаспадарства», заснаванага на ўдасканаленні спосабаў апрацоўкі глебы, ужыванні новых прыладаў працы, увядзенні шматпольнага севазвароту і асабліва – прадастаўленні сялянам эканамічнай свабоды! У пераважнай большасці эканамічных выданняў захаванне паншчыны прызнавалася неэфектыўным, больш за тое, тупіковым шляхам, які ў новых умовах развіцця не мог забяспечыць канкурэнтназдольнасць мясцовых сельскагаспадарчых тавараў на рынках Заходняй Еўропы.

Паказальна, што ў якасці ініцыятараў, фундатараў, а часам і аўтараў перакладаў выступалі вядомыя ў ВКЛ асобы, напрыклад віленскі біскуп Ігнацій Якуб Масальскі, ксёндз і матэматык Гжэгож Княжэвіч, знакаміты рэфарматар ксёндз Павел Бжастоўскі і інш. Неабходна падкрэсліць, што ў большасці сваёй гэтыя людзі не толькі прапагандавалі новыя спосабы вядзення гаспадаркі, але і выкарыстоўвалі іх ва ўласных маёнтках.

Яшчэ адной адметнай з'явай другой паловы XVIII ст. была актыўная інтэграцыя дзяржаўных інстытутаў у эканамічнае жыцце – дзяржаўная ўлада пачала выступаць як прапагандыст гаспадарчых рэформаў. Так, рашэннем канвакацыйнага сейму 1764 г. для ВКЛ была створана Эканамічная Рада Літоўскага скарбу (Скарбавая камісія) – спецыяльны дзяржаўны орган, які адказваў за эканамічнае развіццё краіны. У яго кампетэнцыю ўваходзіў разгляд усіх магчымых прапановаў па паляпшэнні спосабаў вядзення гаспадаркі і павелічэнні прыбыткаў.

Фарміраванню новых эканамічных адносінаў садзейнічаў шэраг гаспадарчых законаў, сярод якіх можна адзначыць абмежаванне права вета па эканамічных пытаннях, дазвол мяшчанам набываць феадальныя маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страты сваіх шляхецкіх правоў. Станоўчы ўплыў на развіццё ўнутранага і знешняга гандлю ў другой палове XVIII ст. аказала будаўніцтва трактаў і водных каналаў.

Дзяржаўная ўлада выступала ў той час і як ініцыятар стварэння мануфактур, у тым ліку і ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ.

Мануфактуры, якія былі закладзены ў эканоміях ВКЛ падчас адміністрацыі А. Тызенгаўза, з'яўляліся прадпрыемствамі новага тыпу і павінны былі забяспечыць прамысловымі таварамі ў першую чаргу ўнутраны рынак. Праўда, яны былі заснаваны на фактычна дарэмнай працы каралеўскіх сялян. Але, магчыма, гэта была своеасаблівая палітыка дзяржаўнага пратэкцыянізму для прамысловасці, якая толькі нараджалася, паколькі такая палітыка выражаецца не толькі ў падтрымцы самой ідэі тэхнічнага прагрэсу, наданні розных прывілеяў і льгот, але у першую чаргу ў дзеяннях, якія забяспечвалі канкурэнтаздольнасць тавараў, што выпускаліся ў краіне. На этапе станаўлення прамысловасці гэта магло быць дасягнута ў тым ліку і за кошт таннасці рабочай сілы.

Такім чынам, відавочна, эвалюцыя эканамічных адносінаў у ВКЛ у другой палове XVIII ст. на пачатковым этапе была звязана у першую чаргу з якаснымі зменамі ў арганізацыі сельскай гаспадаркі ў ВКЛ: з выкарыстаннем новых спосабаў апрацоўкі глебы, паўторнымі ўзворваннямі, адмаўленнем ад сістэмы «параў», павелічэннем ролі жывёлагадоўлі. Гэта не пярэчыла такім самым працэсам у Заходняй Еўропе, дзе першапачатковая мадэрнізацыя ў сельскай гаспадарцы таксама звязваецца не з ужываннем тэхнікі, а з удасканаленнем земляробства і ўвядзеннем «новага гаспадарства». Але па вялікім рахунку амаль 50-гадовая гісторыя эканамічнага развіцця на землях Беларусі ў другой палове ХVІІІ ст. працягвае заставацца «белай плямай» у айчынных падручніках і вучэбных дапаможніках.


1. Камерон Р. Краткая экономическая история мира от палеолита до наших дней. М., 2001.
2. Gawlas Sl. Polska Kazimerza Wielkiego a inne monarchie Europy Środkowej – możliwości i granice modernizacji władzy // Modernizacja struktur władzy w warunkach opóznienia: Europa Środkowa i Wschodnia na przełomie średniowiecza i czasów nowożytnych. Warszawa, 1999.
3. Dzieło o rolnictwie. Przez P. Duhamel du Monceau, Towarzysza wielu Akademii yTowarzyszów Rolniczych Naywyższego we Francyi Sędziego Portowego. Po francuzki napisane. Na polski język przetłomaczone. T. 1. Wilno, 1770.
4. Nowe wiadomosci ekonomiczne i uczone albo Magazyn wszystkich nauk do szczęśliwego życia ludzkiego potrzebnych. Wydane przez Wawrzynca Mitzlera de Kolof Filozofii i Medycyny Doktora, Historii Rzeczypospolitey Pisarza, różnych Akademii cudzozemskich Towarzysza J.K.M.K. T. 1. Warszawa, 1758.
5. Kalendarz Rolniczy i Gospodarski przez P. Bradley napisany przez X. Grzegorza Kniażewicza na polski ięzyk przełożony. Wilno, 1770. O rolnictwie dla wygody gospodarzow w Pawłowie mieszkaiących. Wilno, 1770.
6. Folwark w ktorym Grunta nie zostawują się nigdy ugorem. Przełożony na polski język przez X. Grzegorza Kniażewicza Matem. JW. JX. Biskupa Wilen. W Wilnie w Drukarni J. K. M. Rżpltey Akademickiej Societatis Jesu, 1770.

 

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105konst   

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика