А. Ф. Вялікі
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Праблема абмену насельніцтвам дастаткова глыбока распрацоўваецца польскімі гісторыкамі. Значны інтарэс уяўляюць працы К. Кёрстэн, М. Мотас, Я. Чарнікевіча, А. Главацкага, зборнік дакументаў пад рэдакцыяй С. Цысельскага [1– 5]. Аднак у сваіх працах яны разглядаюць працэс вяртання палякаў на Радзіму з СССР і ў яго кантэксце – з БССР, не разглядаючы дэталёва своеасаблівасці, у якіх яно ажыццяўлялася ў Беларусі.
Найбольш грунтоўна падышоў да разгляду пытання аб перасяленні насельніцтва з БССР у Польшчу Я. Чарнікевіч. На вялікім статыстычнам матэрыяле з польскіх архіваў ён прааналізаваў сацыяльны, прафесійны, узроставы склад ад'ехаўшых, вызначыў раёны Беларусі, адкуль выехала найбольшая і найменьшая колькасць насельніцтва, паказаў дынаміку працэсу перасялення і г. д. Аднак, надаючы значную ўвагу аналізу колькасных паказчыкаў, ён зусім не разглядае і не аналізуе дзейнасць упаўнаважаных ПКНВ, прадстаўнікоў СНК БССР, складанасці і супярэчнасці гэтага працэсу, эвалюцыю адносін кіраўніцтва БССР да працэсу перасяленя і г. д.
Значным недахопам манаграфіі Я. Чарнікевіча з'яўляецца тое, што ён, аналізуючы колькасныя паказчыкі, карыстаецца толькі статыстычнымі матэрыяламі з польскіх архіваў, ігнаруючы аналагічны матэрыял, што захоўваецца ў архівах Беларусі. Ігнараванне матэрыялу беларускіх архіваў спрыяла з'яўленню ў яго працы істотнай памылкі, якую паўтарылі польскія, беларускія, расейскія, англійскія гісторыкі, калі разглядалі гэтую тэму. Так, у кнігах У. Снапкоўскага, В. Парсаданавай, Ю. Сядлецкага, Я. Мірановіча, К. Сворда прыводзяцца звесткі аб тым, што ў снежні 1944 г. не адбывалася перасялення палякаў з БССР у Польшчу і толькі на пачатку 1945 г. пачынаецца іх адпраўка на Радзіму. Паколькі ўсе яны спасылаюцца на працу Я. Чарнікевіча, у якой адсутнічаюць гэтыя звесткі, то магчыма сцвярджаць, што ён з'яўляецца аўтарам гэтай памылкі [3, 110]. Аднак «Советская Белоруссия» у сярэдзіне снежня 1944 г. паведамляла, што з Баранавіч, Гродна, Стаўбцоў, Ваўкавыска ўжо адправіліся першыя эшалоны (з перасяленцамі. – А. В.) [6, 1]. Дакументы, якія выяўлены аўтарам у НАРБ, таксама сведчаць аб тым, што за кастрычнік – снежань 1944 г. у Польшчу было адпраўлена 1375 гаспадарак агульнай колькасцю 2991 чалавек [7, 8].
Значную каштоўнасць уяўляе зборнік дакументаў пад рэдакцыяй С. Цысельскага. Яна заключаецца не толькі ў дакументах, але і ў тым, што аўтары, зрабіўшы агляд літаратуры па згаданай праблематыцы, прыйшлі да высновы аб неабходнасці асэнсавання ўжо назапашанага матэрыялу і ўдакладнення тэрмінаў «рэпатрыяцыя», «эвакуацыя» ў адносінах да перасяленцаў з РСФСР і заходніх абласцей Украіны, Літвы, Беларусі, больш глыбокага аналізу матываў, якія ўплывалі на рашэнне палякаў аб перасяленні, аб неабходнасці вывучэння структуры насельніцтва на тэрыторыях, якія змяніліся ў выніку падзей 1939–1941 гг. і пасляваеннага часу, характарыстыкі міграцыйных рухаў пасля Другой сусветнай вайны, удакладнення колькасных паказчыкаў і г. д. [5].
У кантэксце сваіх прац звярталіся да разгляду вывучаемай тэмы Ю. Сядлецкі, Я. Мірановіч, П. Эбэрхардт [10; 8; 9; 12]. Я. Мірановіч у адрозненне ад папярэднікаў засяродзіў увагу на перасяленні беларусаў з Беласточчыны ў БССР. Выкарыстаўшы значны архіўны матэрыял, ён прыводзіць дадзеныя аб колькасці беларусаў у Беластоцкім ваяводстве, іх адносінах да магчымасці пераезду ў БССР, вызначае фактары, якія ўплывалі на рашэнне беларусаў заставацца ў Польшчы альбо пераязджаць у БССР, паказвае стаўленне мясцовых уладаў да беларускага насельніцтва і ўвогуле да беларускага пытання на Беласточчыне. Неабходна заўважыць, што Я. Мірановіч не пазбягае аб'ектыўнага абмеркавання такой складанай праблемы, як тэрор польскага падполля ў дачыненні да беларусаў, якія зарэгістраваліся на выезд у БССР. Ю. Сядлецкі і П. Эбэрхардт закранулі толькі асобныя аспекты перасялення ў межах сваіх даследаванняў аб лёсах палякаў у Савецкім Саюзе і Беларусі.
Асобным радком неабходна вылучыць працу не прафесійнага гісторыка, а святара з Беласточчыны Г. Сосны [11]. Яна ўяўляе збор архіўных дакументаў (данясенні, рапарты, лісты ваяводскіх, гмінных улад), якія адлюстроўваюць пасляваенную рэчаіснасць на Беласточчыне, адносіны мясцовых уладаў да беларусаў да і пасля падпісання беларуска-польскага пагаднення аб абмене насельніцтвам. Дакументы, якія змешчаны ў зборніку, дазваляюць прасачыць эвалюцыю адносін мясцовай улады ў дачыненні да беларусаў як нацыянальнай меншасці, параўнаць лічбавыя дадзеныя аб колькасці беларусаў, прадстаўленыя гміннымі ўладамі і ўпаўнаважанымі СНК БССР па перасяленні, высветліць матывы, якія ўтрымлівалі беларусаў Беласточчыны ад перасялення ў БССР, і інш.
Нягледзячы на адносную шматлікасць прац па адзначанай тэме, польскія гісторыкі вымушаны канстатаваць, што ім «адносна меней вядома аб ходзе перасялення (палякаў. – А. В.) з Беларусі ў Польшчу» у параўнанні з вывучэннем працэсу перасялення з Літвы і Украіны [5, 30].
Такім чынам, гістарыяграфічны агляд паказвае, што двухбаковыя беларуска-польскія адносіны сярэдзіны 40-х гг., а таксама такі іх аспект, як абмен насельніцтвам, да цяперашняга часу вывучаны недастаткова, многія пытанні засталіся па-за ўвагай польскіх даследчыкаў.
1. Kersten K. Repatriacja ludnosci Polskej po drugiej wojnie swiatowej: studium historiczne. Wroclaw, 1974.
2. Motas M. Nektore kwestie dotyczace przesiedlenia ludnosci Polskej z USRR w latach 1944–1948. Warszawa, 1975.
3. Czerniakiewiсz J. Repatriaсja ludnosci polskiej z ZSRR 1944–1948. Warszawa, 1987.
4. Glowacki А. Przemieszenia obywateli polskich w Zwiazku Radzieckim w 1944 r. Lodz, 1989.
5. Przesiedlenie Ludnosci Polskiej z Kresow Wschodnich do Polski 1944–1947. Wybor, opracow. i red. documentow Ciesielski S. Warszsawa, 1999.
6. Началась эвакуация поляков из Белоруссии // Советская Белоруссия. 1944. 13 дек.
7. НАРБ. Ф. 787. Воп.1. Спр. 1. Т. 1. Л.8.
8. Mironowicz E. Białorusiny w Polsce. 1944–1949. Warszawa, 1993.
9. Mironowicz E. Polityka narodowosciowa PRL. Białystok, 2000.
10. Siedlecki J. Losy Polakow w ZSRR w latach 1939–1986. Londyn, 1988.
11. Sprawy narodowosciowe i wyznaniowe na Białostocezyzne, 1944–1948: W ocenie wladz Rzeczpospolitej Polskiej. Wybor dokumentow: Situcyjne sprawozdania woewody Bialostockiego w Białymstoku oraz Powiatowych starostow Białostockiego, Bielskpodlaskiego i Sokolskiego w latach 1944–1948 / Zebr. G. Sosna. Ryboly, 1996.
12. Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1889–1989. Мн., 1997.