Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

КУЛЬТУРНАЯ ПАЛІТЫКА КРАІН ЕЎРОПЫ Ў 1990 – 2003 гг. (ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ПРАБЛЕМЫ)

 

Скачать

Д. А. Крывашэй

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

У апошнія гады ўсё больш актуальным становіцца праблема распрацоўкі тыпаў і мадэляў культурнай палітыкі, правядзення гістарычнага аналізу станаўлення яе розных мадэляў. Тэарэтыкі і практыкі культурнай палітыкі па-рознаму падыходзяць да вызначэння мэтаў, механізмаў яе рэалізацыі і вынікаў.

Разгляд культурнай палітыкі як палітыкі падтрымкі культуры і мастацтва па лініі дзяржавы адносіцца да часоў Вялікай французскай рэвалюцыі і датуецца пачаткам XIX ст. Разам з гэтым фармулёўка і выклад канцэптуальных «асноваў і ньюансаў культурнай палітыкі», напрыклад у гісторыі ФРГ, датуецца 1984 г.

У 1997 г. пры Савеце Еўропы быў створаны даследчы аддзел па пытаннях культурнай палітыкі. Ён выдае і рэдагуе зборнік «Культурная палітыка ў Еўропе: асноўныя факты і тэндэнцыі», рыхтуе публікацыі, серыі кароткіх аглядаў і справаздач па асобных тэмах, прадстаўляе інфармацыю ў адказ на запыты адносна культурнай палітыкі, займаецца зборам дакументаў, стварае сетку кантактаў для тых, хто працуе ў галіне культурнай палітыкі.

Праблеме неабходнасці выбару стратэгіі культурнага развіцця з улікам новых рэалій прысвечана даследаванне Франсуа Матарассо і Чарльза Лэндры «Як утрымаць раўнавагу? Дваццаць адна стратэгічная дылема культурнай палітыкі», выдадзенае Саветам Еўропы [1]. Асноўны тэзіс даследавання – дзяржава ў сучасных умовах павінна толькі аказваць уплыў на працэсы развіцця, садзейнічаць зменам, а не здзяйсняць іх сама. Аўтары ўлічваюць шматварыянтнасць рашэння пастаўленых імі дылем.

У 2001 г. аддзяленне культурнай палітыкі і культурнага дзеяння Савета Еўропы выдала кнігу Т. Бенета «Рознасць разнастайнасці: культурная палітыка і культурная разнастайнасць» [2].

Кніга з’яўляецца, па-сутнасці, першым сістэматычным даследаваннем сувязяў паміж культурнай палітыкай і феноменам культурнай разнастайнасці, што праводзіцца ў міжнародным маштабе. Даследаванне праведзена пад эгідаю Савета Еўропы з мэтаю аналізу неадпаведнасці паміж паняццем «культурная палітыка» і рэальнасцю феномена «культурная разнастайнасць» на падставе вопыту сямі краін: Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Канады, Люксембурга, Вялікабрытаніі і Швецыі.

Пытанням пабудовы агульнаеўрапейскай адукацыйнай палітыкі на падставе шматкультурнасці, антырасізму і захавання разнастайнасці прысвечана даследаванне Сабіны Хорнберг «Еўрапейская супольнасць і шматкультурнае грамадства: запыты і сучасны стан еўрапейскай адукацыйнай палітыкі і практыкі» [7]. У якасці прыкладаў разглядаюцца сітуацыі другой паловы 80-х – першай паловы 90-х гг. мінулага стагоддзя ў Англіі і Уэлсе, ФРГ, а таксама ў двух метраполіях – Лондане і Франкфурце-на-Майне.

Вывучэнню ролі камунікацыі ў правядзенні культурнай палітыкі на падставе аналізу канкрэтных дзеянняў Міністэрства культуры Францыі пры рэалізацыі праграмы «Мастацтва пры святле сонца» прысвечана работа С. Грацыані «Дзяржаўная культурная камунікацыя» [6]. Дадзеная кніга цікавая выяўленым практычным механізмам здзяйснення мабілізацыі і ўзгодненнай работы дзяржаўных службаў, а таксама наданнем каштоўнасці некаторым мерапрыемствам мясцовых уладаў і далучэннем да іх увагі грамадскасці, што садзейнічае легітымізацыі культурнай палітыкі дзяржавы ў адпаведнасці з жадаемым іміджам.

Сярод французкіх кніг выдзяляецца кніга Рыго Ж. «Асколкі мары: Эсэ аб будучым культурных палітык» [8]. Яе аўтар у 1971–1973 гг. быў міністрам культуры Францыі, займаў шмат якія кіруючыя пасты ў сферы культуры, быў ля вытокаў культурнага мецэнацтва ў Францыі. Па меркаванні аўтара, трыццацігадовыя намаганні па дэмакратызацыі культуры былі неэфектыўнымі, гэтая дзейнасць так і засталася маргінальнаю. Чытач даведваецца аб тым, што справаздачы аб перспектывах развіцця культурнай палітыкі адкладзены «у доўгую скрыню», а важныя босы, як і раней, асаджаюць кулуары асамблеяў, дабіваючыся субсідый. Тым не менш, аўтар захапляецца энтузіязмам, які праяўляецца да культуры на месцах як ў Францыі, так і ва ўсёй Еўропе, дзе ствараюцца культурныя асамблеі, сеткі, зямляцтвы.

«Самае лепшае – гораду. Культурная палітыка ў грамадска-палітычным спектры» – такую назву мае кніга кіраўніка Камісіі па ахове помнікаў, прафесара Універсітэта Карлсруэ Олафа Швенке [9]. У двадцаці раздзелах апісаны асноўныя этапы нямецкай культурнай палітыкі пачынаючы з 1950-х гг. Адным з недахопаў нямецкай культурнай палітыкі аўтар лічыць няўстойлівасць цікаўнасці да яе з боку ўладных структур. Аўтар заклікае пашыраць паняцце «культура». Ён разглядае культуру ва ўсіх яе праявах, уключаючы камунікацыю, дэмакратызацыю, правы чалавека і г. д. Швенке лічыць, што культурная палітыка павінна ўдзяляць асноўную і вялікую ўвагу гарадам – месцу жыхарства большасці насельніцтва ў Еўропе. У якасці ўдалага прыкладу ён прыводзіць культурна-палітычную дзейнасць у Венецыі і Любеке. Дэмакратызацыя культуры, па меркаванні Швенке, будзе садзейнічаць супрацьстаянню нацыяналізму і расізму. Таму і інвестыцыі ў культурныя праекты, па сутнасці, з’яўляюцца інвестыцыямі ў падтрымку сацыяльнага міру і дабрабыту, які вылучаецца павагай і цярпімасцю да іншых культур.
Пытанні знешняй культурнай палітыкі Германіі 1949–1998 гг. разглядаюцца ў кнізе Е.-О. Чэмпеля «Мудрая ўлада: знешняя палітыка для XXI стагоддзя» [4]. Аўтар спыняецца на надзённых праблемах сучаснасці. Галоўная з іх – як будаваць палітыку ва ўмовах суцэльнай глабалізацыі, якія суадносіны традыцый і т. зв. прэвентыўнай культурнай палітыкі ва ўмовах інтэграцыі дзяржаў. Асобна разглядаецца роля мас-медыя ў здзяйсненні культурнай палітыкі.
Месца і роля горада як культурнай адзінкі разглядаецца ў працы Крысціяны Вайс «Горад ёсць сцэна: культурная палітыка сёння» [11]. У кнізе закранаюцца такія актуальныя праблемы, як існаванне розных культур у адным горадзе, узаемадзеянне гэтых культур, месца і роля творцы ў культурнай камунікацыі, пытанні захавання помнікаў гісторыі і культуры.

Праблеме ўзаемаадносін эканомікі і культуры прысвечана манаграфія англійскага даследчыка Д. Срозбі «Эканоміка і культура» [10]. Аўтар прасочвае феномен культуры ў яго эканамічным развіцці у першую чаргу ў краінах трэцяга свету. Ім даецца супастаўляльны аналіз паняцця «культура», «развіццё» і «устойлівасць», выяўлены эканамічныя аспекты культурнай спадчыны, у тым ліку спадчына як капітал.

Параўнаўчаму аналізу фінансавання культуры ў Францыі і Вялікабрытаніі прысвечана аднайменнае даследаванне Г. Дэўліна і С. Хойле [5]. Аўтары паставілі перад сабою задачу абвергнуць з дапамогаю лічбаў адвольнае стэрэатыпнае ўяўленне аб пераўзыходстве французскай мадэлі фінансавання. Імі зроблены вывад аб тым, што адрозненні ў гэтай сферы паміж абедзьвюма краінамі карэняцца ў іх гісторыі і ў розных філасофскіх падыходах да палітыкі і культуры.

Спроба прагнозу стану культуры ў ХХІ ст. даецца ў кнізе «Культура на раздарожжы. Культура і яе ўстановы ў пачатку ХХІ ст.» [3]. Яе аўтары даследуюць узаемаперасячэнні камерцыі і культуры, даюць ацэнку той ролі, якую будуць адыгрываць установы культуры, вызначаюць шляхі развіцця камерцыйных гарадскіх забаўляльных цэнтраў. Пры гэтым выказваецца заклапочанасць тым, што новая роля ўстановаў культуры можа прывесці да разбурэння традыцыйных культурных каштоўнасцей.

Праведзены аналіз дазваляе гаварыць аб наяўнасці вялікай колькасці даследаванняў як культурнай палітыкі асобных краін Еўропы, так і асобных праблем культурнай палітыкі ў еўрапейскіх краінах. Разам з гэтым амаль адсутнічаюць працы, якія прысвечаны параўнаўчаму аналізу культурных палітык. Асабліва запатрабаванымі маглі бы стаць даследаванні накірункаў і тэндэнцый змен культурнай палітыкі ў посткамуністычных краінах (у прыватнасці, у краінах былога СССР), праблемы бяспекі ў сферы культуры. Неабходна наладзіць збор і аналіз інфармацыі аб асноўных тэндэнцыях у галіне культуры, складаць прагнозы культурнага развіцця, арыентавацца на комплексны падыход да рэалізацыі культурных праграм з тым, каб захаваць бяспеку чалавека, групы, краіны, міжнароднай супольнасці, даць адэкватны адказ на выклікі і пагрозы культурнаму працэсу.


1. Balancing act: 21 strategic dilemmas in cultural policy. Strasbourg, 2000.
2. Benett T. Differing diversities: Cultural policy and cultural diversity. Strasbourg, 2001.
3. Culture at the crossroads: Culture and cultural institutions at the beginning of the 21th century. London, 2002.
4. Czempiel E.-O. Kluge Machte: Außenpolitik für das 21. Jahrhundert. München, 1999.
5. Delvin Gr., Hoyle S. Le financement de la culture en France et en Grande-Bretagne. Paris, 2001.
6. Graziani S. La communication culturelle de l’etat. Paris, 2000.
7. Hornberg Sabine. Europäische Gemeinschaft und multikulturelle Gesellschaft: Anspruch und Wirklichkeit europäischer Bildungspolitik und –praxis. Frankfurt am Main, 1999.
8. Rigaud J. Les derniers du reve: Essai sur l’avenir des politiques culturelles. Paris, 2001.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105konst   

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика