В. Л. Памалейка
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
У пачатку ХХ cт. у грамадстве абвастрыліся сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя супярэчнасці. Пачасціліся забастоўкі. Актыўны ўдзел у забастоўках прымаюць і жанчыны. Так, у снежні 1903 – лютым 1904 гг. пад кіраўніцтвам Гродзенскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда баставалі работніцы сартавальнага аддзялення Гродзенскай тытунёвай фабрыкі з патрабаваннем павялічыць зарплату і аплаціць час забастоўкі. 27 студзеня (9 лют.) 1904 г. камітэт Бунда выдаў адозву «Да ўсіх гродзенскіх рабочых і работніц» з заклікам да ўсеагульнай забастоўкі салідарнасці. Аднак арганізаваць такое выступленне не ўдалося. У пачатку лютага 1904 г. рабочыя былі вымушаны прыняць умовы гаспадара: згадзіцца са звальненнем ініцыятараў забастоўкі – 36 сартавальніц і 7 работніц іншых аддзяленняў [7, 128].
У студзені 1905 г. пасля «Крывавай нядзелі» – расстрэлу ў Пецярбурзе рабочай дэманстрацыі – пачалася першая у Расейскай імперыі рэвалюцыя. Стачкамі, мітынгамі, палітычнымі выступленнямі супраць самаўладдзя, дэманстрацыямі ды іншымі антыўрадавымі акцыямі былі ахоплены болыш за 50 беларускіх гарадоў i мястэчкаў.
30 кастрычніка 1905 г. з'явіўся маніфест Мікалая II «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку». У ім «дараваліся» дэмакратычныя свабоды, абвяшчалася амністыя палітычным вязням, Дзяржаўная Дума надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі, але захоўвалася манархія. Маніфест ад 17 кастрычніка 1905 г. распаўсюджваў выбарчае права на новыя катэгорыі асоб. Пасля яго публікацыі мужчынская палова насельніцтва атрымала пэўныя грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды. Жанчыны грамадзянскага прызнання не атрымалі. Савет «Русского женского взаимно-благотворительного общества» накіраваў у кабінет міністраў хадайніцтвы аб неабходнасці распаўсюджыць закон ад 17 кастрычніка і на жанчын, аднак яны засталіся без адказу [1, 33].
Дарэчы, зыходзячы з «Часовых правілаў аб таварыствах і саюзах» (ад 4.3.1906 г.) жанчынам не дазвалялася быць членамі клубаў і грамадзянскіх сходаў [7, 112].
З 10 па 16 снежня 1908 г. у Санкт-Пецярбурзе праходзіў I Усерасійскі жаночы з′езд, які сабраў 1053 дэлегаткі ад розных жаночых арганізацый, аб′яднанняў, ад жаночых фракцый у палітычных партыях, а таксама журналістаў, палітычных і дзяржаўных дзеячаў. Абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-палітычнага статуса жанчын, іх эканамічнага і прававога становішча ў сям′і, грамадстве, гаварылі аб выніках і задачах жаночага руху, аб перспектывах сацыяльнага вызвалення жанчын. Гэта адпавядала задачам з′езда: адлюстраваць карціну дзейнасці жанчын у грамадскай, асветніцка-навуковай і эканамічнай сферах, садзейнічаць аб′яднанню жанчын у адным імкненні – для захавання сваіх правоў [5, 44].
Важнай часткаю рэвалюцыйных падзеяў стаў беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, мэтаю якога было нацыянальнае адраджэнне народа, яго мовы, культуры. Гэтым рухам арганізацыйна, ідэйна i палітычна кіравала Беларуская Сацыялістычная Грамада – першая беларуская палітычная партыя. Яе членамі былі браты Луцкевічы, А. Бурбіс, В. Ластоўскі, Казіміра Яноўская, Алаіза Пашкевіч (Цётка) і інш. За бліжэйшую мэту партыя мела знішчэнне царскага самаўладдзя i сцверджанне дэмакратычных свабод. У галіне рабочага заканадаўства прапаноўвала ўстанавіць 8-гадзінны рабочы дзень, аднолькавую аплату працы мужчын і жанчын. Партыя выступала за забарону начной працы жанчын і дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, паляпшэнне ўмоў працы... [2, 140].
Пісьменніца А. Пашкeвiч актыўную літаратурную дзейнасць спалучала з палітычнай. Яна наладзіла першую беларускую жаночую арганізацыю пры Грамадзе. Аднак арганізацыя хутка распалася, як пачалася палітычная рэакцыя [4, 21]. У маі 1905 г. пісьменніца была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве. Зімой 1905 г. актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні. У 1908–1909 гг. жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта, была членам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі універсітэта («Згуртаванасць»). У 1912 г. у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе арганізавала некалькі тайных беларускіх школ.
Падзеі 1917 г. спрыялі росту Грамады ў Беларусі i ўзнікненню яе арганізацый у Петраградзе, Маскве, Кіеве ды іншых буйных гарадах. Час вылучыў новых лідэраў, сярод якіх былі Я. Дыла, А.Чарвякоў, Ванда Лявіцкая, Людвіка Сівіцкая, Палута Бадунова...
П. А. Бадунова пасля Лютаўскай рэвалюцыі была абрана дэлегаткай у рэвалюцыйны орган улады – Петрасавет. У чэрвені 1917 г. на канферэнцыі Беларускай сацыялістычнай грамады выбрана членам ЦК, належала да левай плыні ў партыі. З гэтага часу П. Бадунова застаецца ў прафесійнай палітыцы, становіцца актыўным арганізатарам і ўдзельнікам кожнай акцыі па фарміраванні нацыянальнага руху: прымае ўдзел у з'ездзе дэлегатаў партыйных і грамадскіх арганізацый у Мінску ў ліпені 1917 г., вітае ад імя ЦК БСГ з'езд беларусаў-франтавікоў, а на Усебеларускім бежанскім з'ездзе ў Маскве абараняла праграму нацыянальнага самавызначэння. Аб складанасці палітычнага працэсу нацыянальнай кансалідацыі сведчыць наступнае апісанне атмасферы з′езда, зробленае пазней самой Бадуновай: «Пасля маіх выступленняў на з'ездзе некаторыя маскоўскія беларусы пыталіся пра мой пашпарт, дзеля таго, каб пераканацца, што я сапраўды праваслаўная, а не каталічка, падасланая езуітамі, як яны казалі. Для іх вушэй здавалася дзікім, што Беларусь – гэта не Расія, што беларусы як нацыя маюць права на свабоднае, незалежнае існаванне» [6, 274]. У жніўні 1917 г. ствараецца орган каардынацыі ўсіх нацыянальных сіл, як на тэрыторыі Беларусі, так і за ее межамі, – Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый. У яе кіраўніцтва разам з такімі вядомымі дзеячамі, як Я. Дыла, З. Жылуновіч, выбралі і Палуту Бадунову [3, 307].
Такім чынам, рэвалюцыйныя падзеі адыгралі вялізную ролю ў абуджэнні ўсіх сацыяльных пластоў беларускага народа, у тым ліку і жанчын, у фарміраванні іх свядомасці, светапогляду і палітычных пазіцый.
1. Айвазова С. Русские женщины в лабиринте равноправия: Очерки политической теории и истории. Документальные материалы. М., 1998.
2. Коршук У. К. З гісторыі Беларускай сацыялістычнай грамады // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларус. канф. гісторыкаў. Мінск, 3–5 лют. 1993 г. У 2. Ч.1. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994.
3. Лебедева В. Полута Бодунова: Женщина в политике // Женщины на краю Европы / Под ред. Е. Гаповой. Мн., 2003.
4. Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903–1928) : Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацый. Мн.,1991.
5. Женщины Страны Советов: Краткий ист. очерк. М., 1977.
6. Адраджэнне. Мн., 1922. Сш.1.
7. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3–6 / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. Мн., 1996–2003.