Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

П. Бадунова: палітык і жанчына

 

Скачать

В. М. Лебедзева

Рэспубліка Беларусь, г. Гомель

 

Палута Бадунова (1885–1938) падаецца нам цікавай для аналізу жаночага лідэрства па той прычыне, что рэпрэзентуе адначасова і першы прыклад і своеасаблівы максімум прысутнасці жанчыны ў палітычным жыцці Беларусі ХХ ст.

На рубяжы ХІХ–ХХ ст. сацыяльна-культурныя перадумовы для новай мадэлі жаночых паводзін толькі пачыналі нараджацца ў выглядзе даступнасці спецыяльнай адукацыі і прафесійнай дзейнасці. П. Бадунова не прамінула скарыстаць гэтыя магчымасці, хаця галоўным чыннікам яе самарэалізацыі, на наш погляд, сталі асабіста-валявыя намаганні і прыроджаныя якасці характару.

Фарміраванне яе асобы адбылося ва ўмовах цалкам традыцыйна-патрыярхальнага местачковага асяродка – яна нарадзілася ў Навабеліцы, паўаграрным прадмесці павятовага па тым часе Гомеля. У шматлікай сям’і жаночыя і мужчынскія ролі былі строга размеркаваныя: утрыманне жонкі і дзяцей поўнасцю ляжала на бацьку. Хатняй гаспадаркай і выхаваннем сямёх дзяцей займаліся маці і незамужняя сястра бацькі. Старэйшы сын Аляксандр рэпрэзентаваў грамадска прэстыжную дзейнасць праз актыўны ўдзел у кіраўніцтве мясцовым Ваенна-пажарным таварыствам і арганізацыю мясцовага спорту. Ніякіх звестак аб грамадскіх справах сясцёр Бадуновых няма. Яны атрымалі хатняе выхаванне і ў далейшым трое з пяцёх сясцёр цалкам задаволіліся ролямі маці і хатніх гаспадынь. Менавіта Палута прадэманстравала разрыў традыцыі, калі скончыла двухкласнае вучылішча ў Буйнічах пад Магілёвам і «выдержала экзамен на звание домашней учительницы русского языка и географии» [4, 3]. Гэтым крокам яна абышла нават брата, які атрымаў толькі хатнюю адукацыю. Праца ў народных школах і вучэльнях Гомельскага павета забяспечыла Палуце роўную з мужчынамі ў сям'і магчымасць самастойнага заробку і выбару жыццёвых перспектыў. Мяркуем, што пераезд у перадрэвалюцыйны Петраград на вучобу і далейшае далучэнне да палітычнай дзейнасці былі вынікам толькі ўласнага рашэння.

Унутраная гатоўнасць П. Бадуновай выйсці за межы вызначанай традыцыяй ХІХ ст. жаночай ролі не магла б, на наш погляд, знайсці настолькі радыкальнай рэалізацыі без сітуацыі грамадскага структурна-палітычнага крызісу, створанага Першай сусветнай вайной, рэвалюцыямі 1917 г., разгортваннем нацыянальна-вызваленчага руху і г. д. Менавіта на фоне вострай запатрабаванасці ў актыўным сацыяльным дзеянні асабістыя якасці П. Бадуновай (энергія мэтанакіраванасць, настойлівасць, арганізацыйныя і аратарскія здольнасці) дазволілі ёй не толькі імкліва ўвайсці на поле палітычнай дзейнасці, але і паспяхова вытрымаць канкурэнцыю з мужчынскім лідэрствам. Да лютага 1917 г., калі П. Бадунова ад імя слухачак вышэйшых жаночых курсаў становіцца дэпутатам Петрасавета, ніякіх звестак аб палітычнай чыннасці мы не маем. Аднак на працягу 1917–1919 гг. яна займае стабільнае месца ў складзе ўсіх без выключэння кіруючых органаў нацыянальнага руху: ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, Цэнтральнай і Вялікай Беларускіх рад, Рады і Народнага сакратарыята БНР, ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), Народнай рады БНР 1919 г., Паўстанцкага антыпольскага камітэта. Заўважым, што ўлік гендэрнага аспекту праявіўся толькі аднойчы, калі ў складзе Народнага сакратарыята БНР П. Бадуновай дасталася самая «жаночая» пасада – народнага сакратара па справах апекі, у кампетэнцыю якога ўваходзіла дапамога бежанцам, беспрытульным, маламаёмным і г. д. Ва ўсіх астатніх выпадках паплечнікамі-мужчынамі яна расцэньвалася як раўнапраўны партнёр.

Больш за тое, па меры нарастання экстрэмальнасці ўмоў дзейнасці леваэсэраўскага крыла нацыянальнага руху, да кіраўніцтва якога належала П. Бадунова, яе лідэрская роля ўсё больш узрастае. З лета 1919 г., калі ў ізаляцыі ад Беларусі аказаліся галоўныя па- плечнікі Т. Грыб, Я. Мамонька, В. Ластоўскі, якраз на яе лёг увесь цяжар партыйна-палітычнай працы. П. Бадунова цалкам выявіла падрыхтаванасць да ролі палітыка. Распрацаваная ёю тактыка прымалася не толькі БПСР, але ў некаторых момантах і ўсім нацыянальным рухам. Яна выступіла здольным арганізатарам, публіцыстам, дыпламатам пры наладжванні міжнародных сувязей і заключэнні саюзаў. Стыль П. Бадуновай вызначаўся, а часам выгадна адрозніваўся ад мужчын-паплечнікаў, дзейсным характарам, наступальнасцю і энергіяй. Яна ўмела дасягнуць мэты, часам навязаць уласную пазіцыю і паплечнікам і апанентам. Прыкладам можа быць сітуацыя ў снежні 1919 г., калі П. Бадунова пераканала А. Луцкевіча ў неабходнасці склікання Рады БНР. На выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы 1920 г. пасля яе выступленняў перавагу атрымлівалі эсэры, а не бальшавікі. На яе асабістым рахунку дасягненне перамоў беларускіх эсэраў на ўзроўні ЦК РКП(б) у Маскве ў 1920 г.

Аўтарытэт П. Бадуновай у беларускім руху быў прызнаным у лагерах як па- плечнікаў, так і праціўнікаў. Бальшавіцкі ЦК прызнаваў яе за ўплывовага і «энергичного работника» [5, 3]. А. Чарвякоў быў вымушаны прызнаць, што ў выпадку смерці П. Бадуновай у маскоўскай вязніцы вакол яе створыцца «арэол пакутніцы» і прымаў энергічныя меры ў яе абарону [6, 93].

Прызнаючы лідэрскую ролю і якасці П. Бадуновай, мы не можам абысці пытання, ці праяўлялася ў яе стылі палітыка жаноцкасць? На наш погляд, адказ на гэта пытанне павінен быць толькі станоўчым. Праявай менавіта гэтага, на наш погляд, стала высокая самаахвярнасць, а часам і страта пачуцця самазахавання. Прыкладам з'яўляецца хаця б вядомы красавіцкі пераход ёю Бярэзіны ў 1919 г. па шляху ў Смаленск на перамовы з ЦК КПЛіБ, а таксама турэмныя маскоўскія галадоўкі 1921 г., якія давялі да мяжы жыцця.

Рысай П. Бадуновай з'яўлялася клапатлівасць аб сябрах і паплечніках, здольнасць да суперажывання, гатоўнасць да даверлівых сяброўскіх адносін без падтэксту, як з мужчынамі, так і жанчынамі. Гэта выявілася ў адносінах да сястры Марыі, Анёты Дуж-Душэўскай, В. Ластоўскага, К. Езавітава (у апошнім выпадку Палуце якраз напомнілі аб існаванні мяжы сяброўства паміж мужчынам і жанчынай) [1, 799]. У асяродку паплечнікаў і сяброў яна імкнулася наладзіць блізкую да сямейнай атмасферу, яе радуе, што беларускія студэнты ў Празе яе «спаткалі, як тыя дзеці матку» [2, 1493].

Рызыкнём сцвярджаць, што выбар партыйна-палітычнай пазіцыі Бадуновай быў абумоўлены, акрамя ідэйнай перакананасці, вялікім пачуццём да Тамаша Грыба, якое валодала ёю ад моманту іх знаёмства і да канца яе жыцця.
Наважымся сцвярджаць, што палітыка і каханне засталіся раўназначнымі канстантамі лёсу П. Бадуновай. Яны ж ператварыліся і ў чыннікі яе трагедыі. Спробы рацыянальнага, валявога падыходу да ўласнага пачуцця і намаганні пераключыць усю ўласную істоту на справу толькі служэння свайму народу закончыліся крахам, аб чым Палута адкрыта прызнавалася ў дзённіку: «Нема слоў для таго, каб апісать тую страшэную унутрэньняю барадзьбу, якая вядзецца ва мне дзень і ноччу, і тады, калі вяду сурьёзную справу, і тады, калі проста жыву, як звычайная кабета» [1, 799].

Жаночая нерэалізаванасць разам са стратай сяброўскіх сувязей у роўнай ступені з крахам палітычных спадзяванняў і сталі прычынай душэўнага захворвання П. Бадуновай. Гэта было зразумета ўжо тымі, хто блізка назіраў яе пасля выхаду з пражскага шпіталю. Марыя Галубянка пісала да В. Ластоўскага: «…гэта няшчасны, бедны, я б сказала зламаны, разбіты чалавек… Адным словам, не хапаець ёй галоўнага імпульсу ў жыцці – кахання, бо ці ж можа чалавек жыці без кахання… чым маладзейшы чалавек, мне здаецца, тым больш абстракцыйнае, тэарэтычнае яго каханне, чым старэйшы, тым больш рэальна-акрэсленае. І вось мне здаецца, што і П. Бадунова ў гэтакай стадыі свайго развіцця, калі мала таей абстракцыі, а хочыцца больш рэальнага, акрэсленага» [3, 61–62].
Трагедыя П. Бадуновай, жанчыны і палітыка, яшчэ патрабуе свайго аналізу.


1. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн.1. Вільня-Нью-Ёрк-Менск-Прага, 1998.
2. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. Вільня-Нью-Ёрк-Менск-Прага, 1998.
3. ДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 256.
4. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 62. Воп. 2. Спр. 102.
5. Нарб. Ф. 62. Воп. 1. Спр. 773.
6. НГАБ. Ф. 15. Воп. 1. Спр. 24.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105konst   

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика