Н. У. Сліж
Рэспубліка Беларусь, г. Гродна
У традыцыйным грамадстве сям’я займае важнае месца і часта выконвае функцыі, на якія зараз сучаснае грамадства ўпаўнаважвае ўрад, рэлігію і школу [1, 6]. Невыпадкова вывучэнне гісторыі сям’і даўно ўжо стала актуальным у сусветнай навуцы. Да даследавання гэтага інстытута прычыніліся розныя навукі: гісторыя, сацыялогія, этнаграфія, антрапалогія, псіхалогія. Сфарміраваўся шэраг метадалагічных падыходаў, якія раскрываюць гэтую тэму ў тым ці іншым накірунку.
Дзякуючы пранікненню сям’і ў розныя грамадскія сферы, мы маем на сённяшні дзень цэлы шэраг крыніц: метрычныя кнігі, дыярыюшы, перапіску, прыватныя дакументы і інш. Вучоныя ў іх даследаваннях выкарыстоўваюць як традыцыйныя гістарычныя метады, так і інавацыйныя. Пры гэтым варта адзначыць тэндэнцыю ўжывання метадаў розных навук, што робіць даследаванне больш глыбокім і цікавым, а таксама дазваляе прыходзіць да новых вынікаў у навуковай працы. У выніку даследаванняў з’явілася вялікая колькасць прац па гісторыі сям’і ў сусветнай навуцы. Асноўныя накірункі ў вывучэнні гэтага інстытута наступныя: распрацоўка тэрміналогіі, сям’я і грамадства, сістэмы сваяцтва, структура сям’і, шлюб, шлюбныя стратэгіі, узаемаадносіны ў сям’і, дзеці ў сям’і, сям’я і хатняя гаспадарка, гендэр і сям’я [8, 12].
Для параўнання адзначым, што вывучэнне сям’і ў нас было пачата яшчэ ў ХІХ ст. А. Лявіцкі быў адным з першых даследчыкаў, хто звярнуўся да гісторыі сям’і ВКЛ [7]. Ён правёў даследаванне на падставе матэрыялаў з тэрыторыі Валыні (сучасная Украіна), якая ў той час уваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага. У працы разглядаюцца асаблівасці сямейна-шлюбных адносін у XVI ст. Аўтар адзначае, што на фарміраванне і развіццё інстытута сям’і паўплывала прававая сістэма, звычаёвае права, Люблінская унія 1569 г. Даследчыкам была прааналізавана вялікая колькасць крыніц, на падставе якіх амаль цалкам быў рэканструяваны шлюб, развод. Дадзеныя паказваюць, што сямейна-шлюбныя адносіны на Валыні мелі агульныя рысы з сямейна-шлюбнымі адносінамі ў ВКЛ, але пры гэтым захоўвалі свае асаблівасці.
І. І. Лапо прадставіў шляхецкую сям’ю ў кантэксце гісторыі шляхты. Ён вылучыў два тыпы шляхецкага шлюбу ў XVI ст.: венчаны і нявенчаны, пацвердзіўшы гэтую выснову гістарычнымі прыкладамі. У сваёй працы ён закрануў разнастайную праблематыку: пазашлюбныя дзеці, даравальныя і вяноўныя запісы, адукацыя шляхты, статус шляхцянкі. Але ўсё гэта было толькі пазначана ў працы. Кожны з вылучаных пунктаў патрабаваў далейшага і больш глыбокага даследавання. У абагульняючай манаграфіі І. І. Лапо гісторыя шляхецкай сям’і была прадстаўлена як ілюстрацыя жыцця шляхецкага саслоўя [6].
На сённяшні момант стан вывучэння інстытута сям’і ў беларускай навуцы пакідае жадаць лепшага. Можна адзначыць працы этнаграфічнага і прававога характару [2; 4; 5]. У 2002 г. Н. У. Сліж была абаронена першая кандыдацкая дысертацыя па тэме «Шляхецкая сям'я ў Вялікім княстве Літоўскім у XVI–XVII стагоддзях: уздзеянне саслоўнага падзелу грамадства на яе фарміраванне і развіццё», у якой разглядаўся працэс фарміравання інстытута шляхецкай сям’і, шляхецкі шлюб, гендэрна-ролевыя функцыі асоб у сям’і, выхаванне і адукацыя дзяцей. Аднак адзначаныя працы не закрываюць даследаванне іншых накірункаў па гісторыі сям’і: гісторыя мяшчанскай сям’і, сям’я і грамадства і інш.
Адзін з важнейшых накірункаў, якому шмат надавалі ўвагі многія замежныя даследчыкі, – гэта акрэсленне тэрміналогіі па гісторыі сям’і. Былі дадзены розныя інтэрпрэтацыі самому тэрміну «сям’я» як сацыяльнай, функцыянальнай і ідэалагічнай адзінцы грамадства [11]. У замежнай літаратуры выклікала палеміку сацыяльнае і біялагічнае сваяцтва. Вельмі марудна гісторыкі прызналі, што сваяцтва гэта не толькі біялагічны факт, але і спосаб асэнсавання сацыяльных сувязей. Гэта ментальная сістэма, спецыфічная для кожнай культуры і мае універсальнае ўжыванне ў тым, што датычыцца структуравання сацыяльных сувязей любога тыпу. Да сваяцтва даследчыкамі былі прылічаны хрэсніцтва, гільдыі і іншыя аб’яднанні. Найбольш інтэнсіўна ў апошнія гады вывучалася духоўнае сваяцтва [9]. Акрамя гэтых тэрмінаў, дыскутаваліся і іншыя: функцыі сям’і, структура сям’і і г. д.
Даследчыкі вывучалі такі накірунак, як сям’я і грамадства. Вучоныя заўважылі непасрэдную ўзаемасувязь паміж грамадскім ладам, яго складам і сям’ёй, яе структурай. Найбольш плёну гэта прынесла пры вывучэнні індустрыяльнага грамадства і ролі сям’і ў ім. Працы М. Андэрсана, Т. Харэван, Р. Зідзера вельмі добра праілюстравалі дадзены аспект [3; 8, 9–10].
Шлюб разглядаецца гісторыкамі як базавы элемент, з якога пачынаецца сям’я. Дж. Гудзі прасачыў фарміраванне і развіццё шлюбу ў Еўропе. У яго працы прадстаўлены разнастайныя аспекты дадзенай тэмы: легітымнасць шлюбу, пасаг, ступені сваяцтва і інш. Шлюбныя стратэгіі і іх уплыў на сацыяльную структуру грамадства прааналізаваў Д. Сабіян. На думку аўтара, шлюб – гэта складаная сістэма абмену. У яе ўключаны сваяцтва, фінансавыя гарантыі, апека, зямельны продаж і інш. [14].
Важным накірункам у гісторыі сям’і стала вывучэнне гісторыі дзяцінства. Класічнай працай лічыцца «Дзіцё і сямейнае жыццё пры старым ладзе» Ф. Ар’еса. У ёй разглядаецца жыццё дзіцяці ад нараджэння да сталага ўзросту. Канечне, гэта прасочваецца ў цеснай сувязі з сям’ёй [1]. Гэта тэндэнцыя прадстаўлена і ў працы Д. Жоландзь-Стрэльчык, дзе вельмі падрабязна разглядаецца гісторыя дзяцінства ў Польшчы ад сярэднявечча да Новага часу. Часткова тут закранаецца дзяцінства ў ВКЛ у перыяд, калі княства ўваходзіла ў склад канфедэратыўнай дзяржавы Рэч Паспалітая [15].
Даволі рэдкая праблема – узаемаадносіны паміж братамі і сёстрамі – была ўзнята Л. Давідаф. Аўтар адзначае, што ў большасці культур надаецца перавага нашчадкам мужчынскага полу. Нават малодшы брат мае больш прывілеяванае становішча, чым усе сёстры. Браты часта выступаюць у якасці «акна ў свет» для сваіх сясцёр. Закранаецца праблема інцэсту паміж братамі і сёстрамі, якая адносіцца да культурнай і біялагічнай катэгорый [10].
Вышэйзгаданыя накірункі паказваюць, што вывучэнне інстытута сям’і разнапланавае і закранае не толькі прыватныя сферы жыцця, але і сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя, культурныя і інш. Гэтая галіна ў заходняй гістарычнай навуцы даўно ўжо перастала быць маргінальнай і заняла сваё адпаведнае месца ў навуцы. Такі станоўчы прыклад павінен зацікавіць айчынных гісторыкаў і зрабіць гісторыю сям’і вартай увагі, як і гісторыю эканомікі, палітыкі і інш.
1. Арьес Ф. Ребенок и семейная жизнь при старом порядке. Екатеринбург, 1999.
2. Дзербіна Г. Права і сям’я эпохі Рэнесансу. Мн., 1997.
3. Зидер Р. Социальная история в Западной и Центральной Европе (конец XVIII–XX вв.). М., 1997.
4. Курыловіч Г. М. Сямейны ўклад жыцця // Беларусы. Т. 5. Сям’я. Мн., 2001.
5. Курыловіч Г. М. Сям’я // Этнаграфія Беларусі. Мн., 1989.
6. Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения унии до смерти Стефана Батория (1569–1586). Т. І. Спб., 1901.
7. Левицький О. Сім’я і побут українців у XVI ст. // На переломі. Друга половина XVI ст. Київ, 1994.
8. Муравьева М. Г. История брака и семьи: западный опыт и отечественная историография // Семья в ракурсе социального знания: Сб. науч. ст. Барнаул, 2001.
9. Юссен Б. Родство искусственное или естественное? Биологизм в культурно-исторических концепциях родства // Человек и его близкие на Западе и Востоке Европы (до начала Нового времени). М., 2000.
10. Davidoff L. Where the Stranger Begins: The Question of Siblings in Historical Analysis // Worlds Between: Historical Perspectives on Gender and Class. Cambridge, 1995.
11. Fox B. J., Luxton M. Conceptualizing «Family» // Family Patterns, Gender Relation. Toronto, 1993.
12. Gies F. аnd J. Marriage and the Family in the Middle Ages. Toronto, 1987.
13. Leslie G. R. The Family in Socail Context. New York; Oxford, 1982.
14. Sabean D. W. Social Background to Vetterleswirtschaft: Kinship in Neckarhausen // Rudolf Vierhaus et al. Frűhe Moderne? Gőttingen, 1992.
15. żołądź-Strzelczyk D. Dziecko w dawnej Polsce. Poznań, 2002.