Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

Эвалюцыя этнічнай ідэнтычнасці Міхаіла Баброўскага і Ігната Даніловіча

 

Скачать

П. У. Церашковіч

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Асобы прафесараў Віленскага універсітэта М. Баброўскага і І. Даніловіча традыцыйна прыцягваюць увагу гісторыкаў. У ХХ ст. склалася ўстойлівая традыцыя вызначэння іх як пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння (працы А. Цвікевіча, У. Талочкі, А. Станкевіча, Б. Белаказовіча, А. Латышонка, В. Шведа і інш.) [4; 6; 8; 9; 10]. Разам з тым існуе думка і аб украінскім паходжанні і свядомасці М. Баброўскага і І. Даніловіча.

Комплексны аналіз біяграфічных звестак, сведчанняў даследчыкаў ХІХ ст., а таксама эпісталярнай спадчыны М. Баброўскага дазваляе значна ўдакладніць гэтае пытанне.

На карысць атаясамлення М. Баброўскага і І. Даніловіча з пачынальнікамі беларускага нацыянальнага адраджэння сведчыць шэраг заўваг, пакінутых Паўлам Баброўскім, Йозефам Бяліньскім і Міхаілам Каяловічам [2, 204–205; 11,155, 442; 3, 16–17] . Усе яны адзначалі ўтварэнне ў сярэдзіне 1810-х гг. групы выкладчыкаў Віленскага універсітэта, якія былі арыентаваныя на аднаўленне самастойнага Вялікага княства Літоўскага, адраджэнне беларускай мовы, заняліся збіраннем помнікаў старажытнага пісьменства ў пошуках «звестак для сваёй нацыянальнасці». Й. Бяліньскі ўзгадваў сярод актывістаў гэтай групы М. Баброўскага, І. Даніловіча, А. Марціноўскага, а М. Каяловіч таксама і Т. Нарбута і Ярашэвіча. У святле пададзеных звестак здаецца дастаткова відавочным, што гэта сапраўды быў пачатак беларускага нацыянальнага адраджэння. На карысць гэтай думкі сведчаць і тыя aбставіны, што абодва яны былі ўраджэнцамі этнічнага пагранічча, самасвядомасць насельніцтва якога ўвогуле была больш выразнай, чым у цэнтры этнічнага масіву.

Разам з тым існуюць матэрыялы, якія пярэчаць папярэднім разважанням. Аналіз некаторых твораў М. Баброўскага дрэнна стасуецца з уяўленнем аб ім як аб беларускім адраджэнцы. Гэта, напрыклад, каментар да артыкула харвацкага святара М. Совіча «Заўвагі да няздольнасці славянскай літаратурнай мовы ў Далмацыі» [15]. М. Совіч даводзіў, што стараславянская мова дастаткова зразумелая для пераважнай большасці носьбітаў славянскіх дыялектаў, а стварэнне новых літаратурных моваў – справа бесперспектыўная. М. Баброўскі ў тым жа духу лічыў шкодным кнігадрукаванне на дыялектах (у тым ліку і беларускім) таму, што яно стала прычынай заняпаду старажытнаславянскай мовы ў Літве. Яму падавалася, што менавіта «ўвядзенне ў школы і семінарыі гэтай першапачатковай мовы без сумневу ўваскрэша саму старажытную мову» і само славянства [15, 404, 406].

Прыкладна ў той жа час, у 1827–1829 гг. у лістах Й. Лелевелю М. Баброўскі пакідае некалькі саркастычных заўваг адносна тагачаснай этнічнай ідэнтычнасці І. Даніловіча. Так, у лісце ад 11.07.1827 г. ён узгадвае аб сустрэчы з «падлясяніным (так часта ён называў І. Даніловіча ў лістах), які, як бачна, цалкам схохліўся ці такжа сказачэў». І далей у тым жа лісце заўважае, што не злуецца на Ігната, хоць ён «паходзіць з нацыянальнасці хахлацкай» [7, LXXXLIV–LXXXLV]. У наступным лісце да Й. Лелевеля ад 20.11.1828 г. М. Баброўскі адзначае, што «падлясяк паміж казакамі цалкам сказачэў. Добра было б, калі б ён ажаніўся, але не з казачкаю» [7, LXXXVII]. А ў лісце, напісаным у лістападзе 1829 г., ён выражае надзею на акалічнасці, якія дапамогуць «перацягнуць Ігната са сталіцы хахлоў да сталіцы Ягайлаў» [7, LXXXVII].

Свядомасць кожнага чалавека падвержана зменам. Гэта ж тычыцца і этнічнай свядомасці, асабліва ў эпоху, калі нацыянальныя рухі толькі зараджаліся. М. Баброўскі, напрыклад, у сваіх лістах да І. Добраўскага, Й. Цымермана і Й. Лелевеля часцей за ўсё вызначаў сябе як русін («Ruthenus») – усяго 4 выпадкі і адзін раз – як паляк («Polonus»). Характэрна, што назва «русін» ужывалася ім як аднапарадкавая «мазуру» (так ён называў Й. Лелевеля) і «падлясяніну». Такое самавызначэнне характэрна для перыяду 1819–1828 гг. [7, XLVIII, LI, LXXXVI, XCVII].

Прычыны змены этнічных арыенціраў І. Даніловіча даволі празрыстыя – пераезд на Украіну і знаёмства з харкаўскімі рамантыкамі-ўкраінафіламі. Тым больш, пэўныя этнічныя падставы дзеля гэтага сапраўды былі. І І. Даніловіч і М. Баброўскі нарадзіліся на тэрыторыі пашырэння «падляшскай гаворкі», якая даволі істотна адрознівалася ад беларускай [4, 12]. Цікава, што пры гэтым «украінізацыя» І. Даніловіча выклікала адмоўную рэакцыю М. Баброўскага.

Што ж тычыцца М. Баброўскага, то на яго погляды вялікі ўплыў аказала пяці-гадовае вандраванне па Цэнтральнай, Паўднёвай і Заходняй Еўропе і знаёмства з І. Добраўскім. Працы апошняга хоць і адыгралі надзвычай вялікую ролю ў чэшскім адраджэнні, сам ён ставіўся да яго даволі песімістычна і нават негатыўна. Магчыма, што менавіта ён так моцна паўплываў на змену поглядаў М. Баброўскага.

Падобныя змены не ёсць нечым незвычайным для пачатковых этапаў нацыянальнага адраджэння. Дастаткова нагадаць лёс так званай «Рускай троіцы» – выдаўцоў украінскай «Русалкі Дністровоï» (1837 г.). І. Вагілевіч пазней далучыўся да польскага руху (як «Ruthenus-Polonus»), а Я. Галавацкі перасяліўся ў Расію, узначаліў Віленскую археаграфічную камісію і ператварыўся ў апалагета заходнерусізма [1, 98; 5, 217]. Частай была і адсутнасць веры ў перспектывы сваёй нацыі. Адзін з заснавальнікаў збірання эстонскага фальклору і выдання эстонскай дыдактычнай літаратуры Ф. Фельман лічыў, што самастойная эстонская нацыянальнасць наўрад ці будзе створана [13, 294]. М. Грох увогуле адзначае, што адсутнасць упэўненасці ў магчымасці сваёй групы пераўтварыцца ў нацыю – даволі пашыраная з'ява на пачатковай (так званая фаза «А») ступені фарміравання нацыі [12, 81].

Такім чынам, эвалюцыя этнічных поглядаў М. Баброўскага і І. Даніловіча ўяўляецца наступнай. У 1815 (а можа, і раней) – 1817 гг. яны выступаюць як лідэры беларускага адра- джэнскага руху. У 1817–1822 гг. М. Баброўскі паступова пераходзіць на пазіцыі агульнаславянскага рэлігійна-культурнага адраджэння. І. Даніловіч у 1827–1829 гг. атаясамліваў сябе з украінцамі. Пазней М. Баброўскі эвалюцыянаваў у бок прота-заходнерусізма, аб чым сведчаць яго надзеі і спробы выкарыстаць расійскую ўладу дзеля ўмацавання пазіцый уніяцкай царквы, а таксама стаўленне да паўстання 1830–1831 гг. [4, 68].


1. Барабаш Ю. Сиамские близнецы. Западноруссизм и малороссийство в национальном самосознании белоруса и украинца // Русь – Литва – Беларусь. Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии. М., 1997.
2. Бобровский П. О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра І. Спб., 1890.
3. Коялович М. О. Народное движение в Западной России // Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России. Вильна, 1887.
4. Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1992. № 1.
5. Субтельний О. Украіна. Історія. Київ, 1992.
6. Талочка У. Да справы нацыянальнасці праф. М. Баброўскага // Калоссе. 1935. № 4.
7. Францев А. А. Польское славяноведение конца ХVІІІ – первой четверти ХІХ в. Прага, 1906.
8. Цьвікевіч А. «Западно-Руссизм». Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. Мн., 1993.
9. Швед В. В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772–1863 гг.). Гродна, 2001.
10. Białokozowicz B. Między Wschodem a Zachodem. Z dziejόw formowania się białoruskiej świadomości narodowej. Białystok, 1998.
11. Biełinski J. Uniwersitet Wileński (1579–1831). T. 3. Krakόw, 1899–1900.
12. Hroch M. From national movement to the fully-formed nation: the nation-building process in Europe // Mapping the nation / Ed. G.Balakrishnan. Verso, 1996.
13. Raun T. The Estonians // Russification in the Baltic states and Finland. 1855–1914. Princeton University Press, 1981.
14. Stankiewič A. Mahnušeŭski. Paŭluk Bachrym. Babroŭski. (Da wytokaŭ białoruskaha adradženia). Wilna, 1937.
15. Uwagi nad nieumiejętnością języka słowianskiego literalnego w Dalmacyi. Dzielo pozgonne najszanowneijszego X. Mateusza Sowicz, zeszłego Archidyakona d’Ossero / Z włoskiego języka przeloźyl i przypisami objaśnil X. M. Bobrowski, kanonik katedr. Brzeski . T.1 // Dziennik Wilenski. 1826.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105konst   

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика