А. І. Дубовік
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Гістарычны лёс Беларусі складаўся такім чынам, што ёй на працягу многіх стагоддзяў прыйшлося зведаць як перыяды сапраўднай магутнасці, росквіту беларускай дзяржаўнасці і культуры, так і працяглыя перыяды ўсеагульнага заняпаду, штучнага падаўлення нацыянальнай самабытнасці беларусаў, адмаўлення іх багатай духоўна-культурнай спадчыны. Аднак і ў самых неспрыяльных, цяжкіх для развіцця ўмовах беларускі народ усё ж ніколі поўнасцю не страчваў свайго нацыянальнага аблічча, захоўваў свае самыя адметныя рысы і якасці.
Магчыма, таму мы ў апошні час так пільна ўглядаемся не толькі ў саміх сябе, але і спрабуем вызначыць, у чым жа заключаецца характар нацыі ў цэлым, што разумеецца пад славутай спасылкай на наш беларускі менталітэт.
Увогуле, нацыянальны характар можна коратка вызначыць як своеасаблівую сукупнасць розных псіхалагічных рыс і якасцей, уласцівых большасці прадстаўнікоў пэўнай нацыянальнай супольнасці. Асаблівасці нацыянальнага характару прама ці ўскосна адлюстроўваюцца ў найбольш распаўсюджаных рысах паводзінаў, пачуццяў і перажыванняў пераважнай часткі людзей, якія адносяцца да аднаго народа. Нацыянальны характар досыць устойлівы, стабільны, хоць з цягам часу пад уплывам розных фактараў можа набываць нейкія новыя рысы.
Нацыянальны характар з'яўляецца шматфактарнай з'явай, г. зн. залежнай ад прыродна-геаграфічных, сацыяльна-палітычных, эканамічных, канфесійных, этнагенічных, ірацыянальных і іншых умоў. Ён па-рознаму можа выяўляцца ў прадстаўнікоў розных сацыяльных пластоў грамадства, полаўзроставых, прафесійна-вытворчых груп людзей.
Апошнім часам у навуковай літаратуры ўсё больш трывалыя пазіцыі заваёўвае такое паняцце, як нацыянальны менталітэт, ментальнасць. Пад гэтым разумеецца спецыфічны спосаб мыслення, светаўспрымання, уласцівы той ці іншай сацыяльна-этнічнай супольнасці. З пункту гледжання і айчынных, і зарубежных спецыялістаў, паняцце нацыянальнага характару і нацыянальнага менталітэту ў галоўным маюць адзін і той жа змест, г. зн. у цэлым супадаюць і могуць выкарыстоўвацца як сінонімы.
Дык якія ж яны, асаблівасці нацыянальнага менталітэту беларускага народа?
Першае, што кідаецца ў вочы, – гэта яго традыцыйная флуктуацыя паміж Усходам і Захадам, чаму ў немалой ступені садзейнічала перш за ўсё само геапалітычнае становішча Беларусі.
З гэтай агульнай асаблівасці вынікае і другая рыса менталітэту беларускага народа – адсутнасць у яго месіянскай свядомасці, пачуцця нацыянальнай перавагі перад іншымі народамі, нацыянальнай выключнасці. Патрыятызм, шчырая любоў беларусаў да сваёй Айчыны ніколі не перарасталі ў месіянізм і ваяўнічы нацыяналізм, чаго нельга ў поўнай меры сказаць аб польскім ці рускім менталітэце.
У параўнанні з рускім беларускі нацыянальны характар вызначаецца, на наш погляд, большым пастаянствам, устойлівасцю, пазбаўленасцю крайнасцей у выяўленні сваіх пачуццяў і эмоцый.
Існуюць слушныя меркаванні, што ў этнагенезе беларусаў немалую ролю адыграў так званы балцкі субстрат. Менавіта таму ў асобных псіхалагічных рысах (напрыклад, стрыманасць, вынослівасць і г. д.) беларусы нагадвалі балтаў, найперш літоўцаў.
Да прыняцця хрысціянства нашы продкі прытрымліваліся язычніцкіх вераванняў. Язычніцтва выхоўвала ў мясцовых жыхароў такія якасці характару, як непасрэднасць, шчырасць выражэння сваіх эмоцый, павагу да памерлых родзічаў, а таксама своеасаблівую паяднанасць з навакольным асяроддзем, усёй прыродай.
Пашырэнне хрысціянства на нашых землях прыўносіла ў псіхалогію, менталітэт жыхароў Беларусі новыя рысы. Цяпер ужо агульнапрызнана, што гвалтоўнага, рэзкага выцяснення паганскіх вераванняў і пераводу язычнікаў у хрысціянства на Беларусі не было. Хрысціянская вера паступова выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць, паважлівасць у адносінах да блізкіх, старых, знямоглых дзяцей. Можна сказаць, што хрысціянства прывяло да складвання дастаткова спакойнага, ураўнаважанага і, так бы мовіць, «акруглага» характару беларусаў.
Даследчыкі фальклору справядліва падкрэсліваюць, што беларусы стварылі мноства мяккіх і гуманных легендаў, у якіх нават сацыяльна-эканамічныя пытанні вырашаюцца ў духу хрысціянскай любові і лагоднасці.
Беларусы заўсёды адмаўлялі насілле, але, з другога боку, на думку некаторых даследчыкаў, ім нібы падабалася быць ахвярамі. На самай справе беларускаму нацыянальнаму характару практычна ва ўсе часіны (асабліва ў перыяд войнаў і ўсялякіх выпрабаванняў) былі ўласцівы мужнасць і вынослівасць, жыццястойкасць і нескаронасць. У сувязі з гэтым можна меркаваць, што пагранічныя небяспечныя сітуацыі абуджаюць у іх глыбока схаваныя інстынкты самавыжывання і іншыя лепшыя якасці продкаў.
Даволі моцнае ўздзеянне на фарміраванне нацыянальнага характару аказвае прыродна-геаграфічны фактар. Паколькі Беларусь мае пераважна раўнінны і нізінны рэльеф, то і да беларусаў можна аднесці ў поўнай меры выснову псіхолагаў аб тым, што жыхарам раўнінных тэрыторый, як правіла, уласцівы спакойны, разважлівы характар.
Пастаяннае жыццё сярод лясоў, балот і азёраў вымушала беларусаў няспынна і шмат працаваць, пераадольваць разнастайныя перашкоды і цяжкасці, каб пракарміць сябе і сваю сям'ю. Магчыма, досыць моцная біяэнергетыка нашых лясоў (найперш хваёвых) абумоўлівала знакамітую жыццястойкасць, вынослівасць, цягавітасць беларусаў.
Прывязанасць нашых продкаў да зямлі была ледзь ці не містычнай. Імкненне мець ўласны кавалачак зямлі, беражлівае, любоўнае стаўленне да яе з'яўлялася адной з найбольш выразных рысаў беларускага нацыянальнага характару. Яшчэ адна характэрная рыса беларусаў – гэта іх працавітасць, працаздольнасць. Некаторыя даследчыкі на падставе параўнальнага аналізу рабілі выснову аб тым, што беларус – гэта, па сутнасці, самы працавіты чалавек, якога бедная глеба і прырода-мачыха навучыла небываламу цярпенню, бязмежнай гатоўнасці да працы.
Неад'емнай рысай беларускага менталітэту з'яўляецца міралюбнасць, памяркоўнасць, талерантнасць да прадстаўнікоў розных нацый, канфесій, да людзей з іншым складам мыслення, светаўспрымання. Беларус – чалавек незласлівы, незлапямятны і няпомслівы. Калі ён сустракае добразычлівае стаўленне да сябе, ён заўсёды адказвае тым жа.
Большасць беларусаў ва ўсе часіны вызначала шчырая любоў да зямлі, да роднага кутка. Амаль усе, хто прыязджае на Беларусь, заўсёды падкрэсліваюць, што беларусы – народ шчыры, добразычлівы і вельмі гасцінны.
Але можна і да беларусаў прымяніць вядомае выказванне: «Недахопы чалавека – гэта працяг яго вартасцей». Напрыклад, нерашучасць і некаторая абыякавасць, інертнасць, магчыма, з'яўляюцца вынікам празмернай талерантнасці, добразычлівасці і памяркоўнасці беларускага народа. Памяркоўны, няпомслівы беларус часам даруе нават сваім ворагам. Тыповы беларус хутчэй за ўсё зверне ўвагу на свае недахопы, чым на дрэнныя рысы характару другіх людзей, што часам прыводзіць яго да крайняга, прычым найчасцей нічым не абгрунтаванага, самазневажання, самакрытычнасці.
Актыўная дзейнасць спачатку польскіх, а затым і расійскіх улад па асіміляцыі ціхмянага народа неўзабаве абярнулася для яго тым, што беларусы пачынаюць саромецца ўсяго нацыянальна-беларускага. Нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, нацыянальны нігілізм – рысы, якія таксама ўласцівы беларускаму нацыянальнаму характару.
Яшчэ адной рысай псіхалогіі беларусаў можа, напэўна, лічыцца іх кансерватыўнасць, нежаданне хуткіх і радыкальных пераўтварэнняў, змен, схільнасць жыць па традыцыі. Адсюль вынікае і ўласцівая і іншым славянскім народам прамарудлівасць у прыняцці рашэнняў і выкананні практычных спраў.
Такім чынам, у беларускім нацыянальным характары адначасова, узаемазвязана існуюць розныя, а часам і супрацьлеглыя рысы. Баларуская душа надзвычай разнастайная, загадкавая і невычарпальная, прычым у ёй заўсёды будуць існаваць і нейкія глыбінныя таямніцы, да разгадкі якіх мы павінны імкнуцца.
1. Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам. Досьледзіны беларускага светапогляду. Мн., 1993.
2. Мельнікаў А. Характар і менталітэт беларусаў // Беларуская думка. 1997. № 7.