Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

ПОЛЬШЧА І ПАЛЯКІ Ў СВЕТАЎСПРЫМАННІ БЕЛАРУСАЎ (XVI–XVII ст.)

 

Скачать

А. М. Кротаў

Рэспубліка Беларусь, г. Гомель

 

Асаблівасці беларускага стэрэатыпа Польшчы і палякаў ужо не аднойчы разглядаліся вучонымі рознай спецыялізацыі: гісторыкамі, сацыёлагамі, філолагамі і інш. Нічога дзіўнага ў гэтым няма – беларуская навука імкнецца не адставаць ад перадавога сусветнага вопыту і паступова асвойвае найбольш перспектыўныя і «модныя» кірункі, прынамсі ў галіне гуманітарных ведаў. Між тым на сённяшні дзень прыходзіцца канстатаваць існаванне пэўных фактараў, якія стрымліваюць вывучэнне асаблівасцей беларускага нацыянальнага светаўспрымання. Адчуваецца незапатрабаванасць такога роду ведаў па-за колам тых, хто мае да іх чыста прафесійны інтарэс. Асабліва ўпарта дэманструюць сваё ігнараванне апошніх навуковых здабыткаў у галіне стэрэатыпазнаўства якраз найбольш эвентуальныя іх спажыўцы – палітыкі і журналісты.

Так ужо традыцыйна склалася, што звонку беларусы ўспрымаюцца як людзі талерантныя, добразычлівыя, нават лагодныя. Дарэчы, гэта цалкам адпавядае беларускаму аўтастэрэатыпу. Магчыма, таму дагэтуль ніхто з беларускіх даследчыкаў не апрабаваў гэтую ацэнку на праўдзівасць. Прынамсі аўтастэрэатып беларуса, прадстаўлены ў кніжцы Э. Дубянецкага «Таямніцы народнай душы» [1], красамоўна паказвае, што і больш-менш сучасны погляд беларусаў на саміх сябе далёкі ад аб’ектыўнасці. У пэўнай ступені гэта і зразумела. Кожны чалавек хоча бачыць народ, да якога ён прыналежыць, лепш, чым ён таго, магчыма, заслугоўвае.

У той жа час даследчыкі не заўважаюць, а магчыма, і свядома ігнаруюць характарыстыкі, якія давалі беларусам этнографы другой паловы XIX – пачатку XX ст. Вось, напрыклад, у выданні «Жывапісны альбом. Народы Расіі» мы можам прачытаць аб беларусах наступнае: «Цяжкія нягоды, якія пераносіў у былыя гады беларускі народ, сапсавалі яго натуру, забілі, прынізілі яго. Прызвычаіўшыся на працягу доўгага часу цярпець прыгнёт з усіх бакоў, выгінацца, кленчыць, хлусіць, рабіць подласці дзеля сваёй бяспекі… беларус і да сённяшняга часу застаецца двудушным, недаверлівым, скрытным хітруном з усякім, хто колькі-небудзь падобны на пана, ці то будзе чыноўнік, пісар ці зусім чужы чалавек. Рабалепства ж яго і ўніжэнне перад усімі, хто вышэй яго, падчас пераступаюць усякую меру» [2, 51].

Вывучэнне гістарычных крыніц, перш за ўсё помнікаў вуснай народнай творчасці беларусаў, дазваляе зрабіць вывад, што такія непрывабныя характарыстыкі мелі пад сабой сур’ёзную аснову. Аказваецца, што, насуперак папулярнаму тэзісу аб існаванні ў беларусаў імунітэту супраць ксенафобіі, погляд іх на прадстаўнікоў іншых народаў не адрозніваўся ні пазітыўнасцю, ні, на горшы канец, абыякавасцю. Гэта даказвае, што беларускі стэрэатып паляка фарміраваўся па ўніверсальнай для ўсіх сацыяльных стэрэатыпаў мадэлі, на эмацыянальнай базе негатыўнага стаўлення да тых прадстаўнікоў польскага народа, з якімі воляй лёсу беларусы вымушаны былі суіснаваць на адной зямлі.

Працэс фарміравання негатыўнага стэрэатыпа Польшчы і палякаў актывізуецца ў XVI–XVII ст., г. зн. з часу, калі розніца ў палітычным, сацыяльным і эканамічным становішчы беларусаў і палякаў стала відавочнай. Аднак пачаўся гэты працэс значна раней. Цяжка спрачацца з тым фактам, што міжнацыянальныя адносіны з усімі эмацыянальна-псіхалагічнымі вынікамі пачынаюцца менавіта з таго моманту, калі ў прадстаўнікоў розных этнічных груп з’яўляецца магчымасць непасрэднага ўзаеманазірання ў паўсядзённым жыцці. Акрамя таго, у тагачасных беларускіх гістарычных рэаліях натуральны працэс стэрэатыпізацыі чужынцаў быў у значнай ступені ўскладнены паланізацыяй значнай часткі пануючага класа, цесна звязанай з працэсам польска-літоўскага дзяржаўна-палітычнага яднання. Прамым сведчаннем таго, наколькі паспяхова ішло апалячванне прывілеяванай часткі беларускага грамадства, з’яўляецца так званая «Прамова Мялешкі». Яе ананімны аўтар укладвае ў вусны яе галоўнага героя наступныя словы: «Много тутако таких ест, што хоть наша костка, однак собачим мясом обрасла и воняет… За их баламутнями нашынец выживитися не может … Знаю … што ходим как подъвареныя, бо ся их боимо, правды не мовимо, ещё з похвалебными языками потакаемо» [4, 297]. Шырокая добраахвотная паланізацыя і каталізацыя мясцовай знаці былі абумоўлены наперад усяго тым, што ў канкрэтнай гістарычнай сітуацыі XV–XVII ст. яны былі, па сутнасці, абавязковай умовай поўнага яднання пануючага класа Рэчы Паспалітай з усімі адпаведнымі прававымі вынікамі і перспектывамі. Салідарызуючыся з польскімі шляхціцамі, беларускія іх сабраты рашуча і беспаваротна рвалі з уласнай нацыянальнай традыцыяй, з яе далёка не пазітыўным поглядам на Польшчу і палякаў. Яны прыкладалі максімум намаганняў на папулярызацыю, прынамсі ў сваім асяроддзі, польскасці ва ўсіх яе праявах. У першую чаргу гэта тычыцца стварэння пазітыўнага вобраза польскай шляхты і яе дзяржавы і замацавання яго на бытавым узроўні масавай свядомасці беларусаў.

Гэта было тым больш важна, што ў XVI ст. на беларускія землі значна актыўней, чым раней, стаў пранікаць польскі этнічны элемент. Прысутнасць яго ў Беларусі робіцца фактарам, з якім нельга было не лічыцца. Тым больш што палякі, асабліва ж шляхціцы, прыбывалі сюды не беднымі родзічамі ці нахлебнікамі, а сапраўднымі «гаспадарамі жыцця», якія не збіраліся пераглядаць прынцыпы свайго сацыяльнага быцця, мяняць традыцыі і звычкі.

Разам з польскімі перасяленцамі ў Беларусь пачынаюць пранікаць і распаўсюджвацца польскія ментальныя вобразы і стэрэатыпы, у першую чаргу польскі аўтастэрэатып. Менавіта ён быў пакладзены ў аснову пазітыўнага вобраза Польшчы і палякаў, які без цяжкасцей можна выявіць на старонках беларускіх летапісаў і хронік, дзе ўвасабляліся гістарыяграфічныя і літаратурныя пажаданні мясцовых прыхільнікаў шляхецкага братэрства.

Іншая справа – простыя людзі, якія мала што зразумелі ў палітыцы і тонкасцях шляхецкай філасофіі. У іх масавай свядомасці стыхійна фарміраваўся негатыўны стэрэатып Польшчы і палякаў, які стаў арганічнай часткай беларускага народнага светаўспрымання. У гэтай сваёй якасці ён трывала замацаваўся на звычайным узроўні масавай свядомасці беларусаў і ўвайшоў у беларускі фальклор. Вобразатворчы матэрыял з лішкам давалі самі палякі, якія асядалі на беларускіх землях. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, сярод польскіх перасяленцаў пераважалі мазуры. Яшчэ да пачатку каланізацыі Беларусі яны сталі ледзьве не самым папулярным аб’ектам жартаў з боку іншых палякаў, а іх спецыфічныя племянныя рысы шырока «апяваліся» ў польскім фальклоры [5, 52–61]. Можна не сумнявацца, што ў новым для сябе этнакультурным асяроддзі яны давалі яго прадстаўнікам не менш падстаў для негатыўных водгукаў аб сабе, чым дагэтуль сваім жа суайчыннікам у самой Польшчы.

Таму ўкараненне ў беларускім фальклоры негатыўнага стэрэатыпа паляка, які, прынамсі ў асноўных рысах, супадаў з польскім стэрэатыпам мазура, стала натуральнай і лагічнай з’явай. У ім пераважалі іранічна-сатырычныя матывы і поўнасцю адсутнічалі праявы агрэсіўнай ксенафобіі і заклікі да прымусовых дзеянняў супраць палякаў, якія, напрыклад, без цяжкасцей можна знайсці ў адпаведных па часу помніках вуснай народнай творчасці ўкраінцаў [3, 20–32].


1. Дубянецкі Э. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995.
2. Живописный альбом. Народы России. Спб., 1880.
3. Исторические песни малорусского народа с объяснениями Вл. Антоновича и М. Д. Драгоманова. Т. 1. Киев, 1874.
4. Прамова Мялешкі // Старажытная беларуская літаратура. Мн., 1990.
5. Smoleński Wł. Szkice z dziejów szlachty mazoweckiej // Przegląd Historyczny, 1906. T. III. Zeszyt 1.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh

gmiskonst

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика