П. А. Лойка
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Менавіта XVI ст. стала часам канчатковага афармлення ў Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ), часткай якога з’яўляліся беларускія землі, трох класічных сярэднявечных саслоўяў: дваранства (шляхты), мяшчанства, сялянства. Яны складалі аснову тагачаснага грамадства, а адносіны паміж імі – грамадскую напружанасць ці спакой. Міжсаслоўныя стасункі былі шматузроўневыя і неаднамерныя. Вызначальнымі сярод іх можна вылучыць: 1) узаемапранікненне; 2) супрацоўніцтва; 3) канфліктнасць.
Да сярэдзіны XVI ст. праз фільтры заканадаўчых актаў, судовых пастаноў, аграрнай рэформы ўсталяваўся асабовы склад вышэйшага дзяржаўнага прывілеяванага саслоўя – шляхты, што рэзка была аддзелена ад сялянства і мяшчанства: «Простых людей над шляхту гаспадар не маеть повышати» [4, 75]. У выключных выпадках (у мірны час за верную службу пры двары гаспадара, у ваенны – за гераічныя ўчынкі) прадстаўнікі іншых саслоўяў зрэдку атрымлівалі шляхецтва. Рост гарадскога насельніцтва, што інтэнсіўна адбываўся ў XVI – першай палове XVII ст., быў выкліканы далёка не натуральным павелічэннем, а за кошт перасялення ў гарады вольных сялян («место Могилёв засели люди прихожие» [5, 174]) ды інтэнсіўнымі ўцёкамі ў гарады і мястэчкі прыгонных сялян. Для прыкладу, у 1577 г. уладальнік маёнтка Клепачы выявіў 6 сваіх прыгонных у г. Камянцы, да Гародні з 1631 па 1646 г. збеглі 9 сем’яў з уладання Забалоцце, што ў гэтым жа павеце [2, 39]. Гараджане, асабліва ў месцах з магдэбургскім правам, прымалі ды давалі працу перасяленцам з вёскі. У сваю чаргу, землеўладальнікі былі вельмі занепакоены згубай працоўных рук, што зафіксавала соймавая пастанова 1641 г.: «…шляхецкае саслоўе церпіць значны ўрон з-за таго, што гарады магдэбургскага права не выдаюць падданых-уцекачоў» [7, 14]. Вярхоўная ўлада нават заахвочвала папаўненне гарадскога насельніцтва за кошт прыгонных каралеўскіх эканомій. Так, да вялікага князя літоўскага ў 1526 г. паступіла паведамленне ад гарадскіх улад Гародні, што «...людзі з воласці пайшлі да места і торгам заняліся, а землі айчызны свае не трымаюць і не пашуць». Кіраўнік эканоміі «дае загад тых людзей з горада вярнуць у вёскі». Але вялікі князь вынес вердыкт пакінуць сялян пры сваіх занятках у Гародні [2, 37].
Сялянскае саслоўе ў ВКЛ, што канчаткова сфарміравалася да канца XVI ст., было найшматлікім (больш за 80 % насельніцтва [6, 164–165]) і папаўнялася збяднелай шляхтай («галотай») ды мяшчанамі.
Палярнасць становішча пана і падданага спараджала значныя канфлікты паміж сабою, але таксама спрыяла стабільнаму становішчу ў сацыяльнай дыяспары сярэднявечнай беларускай вёскі. Аналіз дакументальнага матэрыялу выяўляе як інтэграцыйныя моманты ўнутрысаслоўных стасункаў, так і дэзінтэграцыйныя. Найбольш заможныя сяляне мелі прыярытэтнае становішча. За іх аседласць ішло спаборніцтва паміж землеўладальнікамі. Ініцыятарамі ўцёкаў з адных маёнткаў у другія былі галоўным чынам заможныя землеўласнікі. Так, у 1574, 1575 і 1577 гг. з маёнтка пана Г. Ваганоўскага Берасцейскага павета ва ўладанне луцкага і берасцейскага біскупа В. Вярбіцкага, што мела назву Яноў, збеглі 8 сялянскіх сем’яў [1].
Ад узаемапаразумення пана і падданага залежала агульная сітуацыя ў маёнтку. Яна магла быць як узаемапрымальная, так і ўзаемаканфліктная. Залежала тое як ад індывідуальных рысаў землеўладальніка, так і ад агульнадзяржаўных прынцыпаў вядзення гаспадарчых спраў. Фенаменальна, але дакументальна зафіксавана, што «людзі простыя» ў судзе на сваю карысць вырашылі справу. Так, у цяжбе паміж «людам простым» і «дзяржаўцам менскім» Багданам Жаслаўскім у справе аб новых падатках – «новинах», суд пастанавіў, што князь «не маеть им новин уводити, нижли они мають службою старою служыти» [3, 36–37].
Мяшчане разам з валаснымі сялянамі сплачвалі дзяржаўныя павіннасці. Але ў XVI ст. пачаўся інтэнсіўны працэс аддзялення горада ад воласці. Мешчанін у гэты час ужо даволі значна аддалены ад зямлі. Мазырскія мяшчане заяўлялі ў 1557 г.: «З гэтага часу ў землі валасныя ды ва ўваходы іх і ў бабровыя гоны і ў звярыныя ловы – нікуды ўступацца не жадаем, няхай валашчане ўсім гэтым карыстаюцца і ўсе павіннасці з тых зямель цягнуць, а мы, як людзі гарадскія, будзем жыць у горадзе, будзем торгам, рамёствам ды ракой займацца» [2, 55–56].
Паміж мяшчанамі, сялянамі ды шляхтай назіраліся таксама пастаянныя канфліктныя сітуацыі ў справе выплаты ды выканання павіннасных збораў і адпрацовак.
1. Акты Виленской археографической комиссии (АВК). Т. 2. № 92. Вильна, 1867.
2. Копысский З. Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии (XVI–XVII вв.). Мн., 1966.
3. Литовская Метрика (1528–1547). Кн. 6. Вильнюс, 1995.
4. Первый Литовский статут. Т. 1, Ч. 2. Вильнюс, 1985.
5. Полное собрание русских летописей. Т. 32. М., 1975.
6. Спиридонов М. Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV–XVI вв.). Мн., 1993.
7. Volumina legum. T. IV. Petersburg, 1854.