А. Г. Каханоўскі
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Разуменне сацыяльнай змены шматграннае, яно ахоплівае трансфармацыю сацыяльных структур, узнікненне і развіццё сацыяльных груп, форм іх узаемадзеяння і паводзін [4, 146]. Сацыяльныя змены, што адбываліся ў Беларусі 60-х гг. ХІХ – пачатку ХХ ст., атрымалі сістэмны характар. Яны закранулі практычна ўсе сферы чалавечага жыцця і паводзін і найперш выявіліся ў працэсах дыферэнцыяцыі і стратыфікацыі грамадства, урбанізацыі, павелічэння сацыяльнай і тэрытарыяльнай мабільнасці насельніцтва, пашырэння пісьменнасці і адукацыі, секулярызацыі, росту палітычнай актыўнасці. Прастор ім быў нададзены рэформамі 60–70-х гг. ХІХ ст. Вызваленне сялян стымулявала пераход ад сістэмы прымусовай працы да вольнай, а таксама да рыначна-капіталістычных метадаў развіцця. Рэформы праніклі ў глыбокія слаі традыцыйнай сацыяльнай рэчаіснасці, таму што гэта было падрыхтавана выяўленнем цэннаснай матывацыі [2, 140], але іх уздзеянне ў Беларусі было акрэслена, з аднаго боку, тым, што на тэрыторыі беларускіх губерняў некаторыя з урадавых праектаў рыхтаваліся і выпрабоўваліся, а з другога – уздзеянне рэформ было абмежавана кірункам нацыянальна-культурнай палітыкі, неабходнасцю змагання з польскімі ўплывамі і ўсталяваннем рэжыму абмежавальных законаў. У перыяд правядзення рэформ ніякіх істотных сацыяльных змен не назіралася, больш заўважнымі яны сталі з 1880-х гг., асабліва глыбокія пераўтварэнні адбыліся к канцу ХІХ – на пачатку ХХ ст.
Шматграннасць і комплекснасць адзначаных сацыяльных перамен патрабуе выкарыстання даследчыцкага патэнцыялу адной з сацыялагічных макратэорый: фармацыйнай, цывілізацыйнай ці мадэрнізацыйнай. Апошняя з пералічаных эфектыўна можа быць прыменена для аналізу сістэмных пераўтварэнняў у эканоміцы і грамадстве Беларусі на этапе складаных і супярэчлівых змен у 60-х гг. ХІХ – пачатку ХХ ст. Да яе толькі нядаўна сталі звяртацца айчынныя гісторыкі, хаця мадэрнізацыйная парадыгма прайшла працяглы шлях удасканалення ў сусветнай навуцы. Сутнасць мадэрнізацыі – змена традыцыйнага (аграрнага) грамадства індустрыяльным (сучасным). Мадэрнізацыя ўяўляе сабой комплексны працэс, які закранае розныя сферы жыцця – эканамічную, сацыяльную, палітыка-прававую, культурную. З мадэрнізацыяй шчыльна звязаны працэсы індустрыялізацыі, урбанізацыі, станаўлення нацыі, змен у менталітэце насельніцтва, фарміравання іерархічнай сацыяльнай структуры грамадства.
Тэхналагічна працэс мадэрнізацыі быў звязаны з пераходам і пашырэннем фабрычна-заводскай індустрыі, з’яўленнем і ўкараненнем у вытворчасці машын. Колькасць фабрык і заводаў у Беларусі за 60–90-я гг. ХІХ ст. павялічылася ў 15 разоў, а аб’ём вытворчасці на іх узрос у 37 разоў. Сродкі вытворчасці ў гэты час склалі 32 % ад усей прамысловай прадукцыі Беларусі [1, 133, 134, 186, 187]. Гэты паказчык некалькі ніжэй, чым сярэдні (40 %) па Расійскай імперыі, але трэба ўлічваць традыцыйную спецыялізацыю прамысловасці Беларусі па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай, мясной і мінеральнай сыравіны, характэрную для яе амаль да сярэдзіны ХХ ст.
Адным з магістральных працэсаў мадэрнізацыі, што падштурхоўваўся прамысловым развіццём, стала урбанізацыя. Горад павінен быў цягнуць да адпаведнай цывілізацыі навакольны сельскі асяродак. Павелічэнне ўдзельнай вагі гарадскога насельніцтва ў Беларусі адбывалася нязначнымі тэмпамі: з 10,4 % у 1863 г. да 11,0 у 1913 г. [7, 59]. Рост гарадоў Беларусі стрымлівалі асаблівасці тэрытарыяльнага размяшчэння і спецыялізацыі мясцовай прамысловасці, а таксама накірунак урадавай палітыкі (умацаванне рысы аседласці яўрэяў, штучнае абмежаванне надання афіцыйнага статуса горада населеным пунктам і інш.). У Беларусі менш адчувальна праявіўся ўплыў сялянства на сацыяльную мабільнасць гарадскіх груп жыхароў. На мяжы ХІХ–ХХ ст. істотнай была раз’яднанасць сацыяльных працэсаў у горадзе і на вёсцы Беларусі.
Пад уплывам мадэрнізацыі адбываўся працэс трансфармацыі сацыяльнай структуры і сацыяльнай стратыфікацыі беларускага грамадства, фарміраванне класаў буржуазнага грамадства, павялічваўся ўзровень тэрытарыяльнай і сацыяльнай мабільнасці насельніцтва. Спадчынны саслоўны статус паступова выцясняўся індывідуальным дасягненнем, паглыбілася і ўскладнілася сацыяльная іерархія грамадства. Аднак азначаныя працэсы не завяршыліся ў Беларусі нават падчас імклівых змен у пачатку ХХ ст. У прамысловасці Беларусі працавала ў пачатку ХХ ст. 237 тыс. рабочых, што складала толькі каля 3 % ад агульнай колькасці насельніцтва (разам з сем’ямі гэты паказчык быў у некалькі разоў вышэй). На чыгунках колькасць рабочых дасягала 25 тыс. чалавек. Разам з iншымi сферамi народнай гаспадаркi агульная колькасць пастаянных наёмных работнiкаў дасягала ў той час 460 тыс. чалавек. Рабочы клас у значнай ступені фарміраваўся не з ліку патомных рабочых, а з учарашніх сялян ці збяднелых рамеснікаў, гандляроў.
Пад цiскам нарастаючага к канцу XIX ст. беззямелля, вострай ва ўмовах Беларусi аграрнай перанаселенасцi, сялянства вымушана было адыходзiць на промыслы, шукаць дадатковыя заработкi па-за межамi сваёй гаспадаркi, вёскi i г. д. Амаль палова сялян значную частку даходаў атрымлiвала не праз сельскагаспадарчыя заняткi. Сiстэма сацыяльных каштоўнасцей беларускага сялянства да пачатку ХХ ст. захавала рэлiктавыя формы прававых норм, стэрэатыпаў, паводзiн i ўяўленняў, якiя не адпавядалi новым сацыяльна-эканамiчным умовам. У паўсядзённым жыццi сялян шэраг функцый захавала сельская грамада, ва ўсходняй частцы Беларусi – абшчына. Iгнараванне меркаванняў грамады калектыўнай думкай успрымалася надзвычай адмоўна. Сяляне iмкнулiся ўдзельнiчаць ва ўсiх мерапрыемствах грамады, паколькi яе рашэннi закраналi гаспадарчыя iнтарэсы практычна кожнай сям'i. У вёсцы спалучалiся дзве структуры – афiцыйная i нефармальная. У афiцыйнай iснавала iерархiя кiраўнiкоў: стараста, пiсар, зборшчык падаткаў i г.д. У нефармальнай структуры дзейнiчалi неафiцыйныя лiдэры, аўтарытэт якiх быў заснаваны на гаспадарчым i жыццёвым вопыце. Аднак у выніку нарастання мадэрнізацыйных працэсаў архаічны свет сялян паступова разбураецца, знікае іх вера ў нязменнасць вясковага ўкладу.
Больш рэальна змены, што адбылiся ў сацыяльнай стратыфiкацыi беларускага грамадства пад уплывам мадэрнiзацыйных працэсаў, адлюстроўваюць перамены ў структуры яго заняткаў. Паводле перапiсу 1897 г., сярод жыхароў Беларусi 8,15 % iх колькасцi складалi асобы, занятыя ў прамысловасцi (тут улiчаны i прадпрымальнiкi, i iнжынерна-тэхнiчыя работнiкi, i рабочыя); 4,9 % – у сферы гандлю; 3,5 % – прыватнай службай, чэлядзь, падзёншчыкi; 1,7 % – на транспарце i ў сувязi; 1,15 % – ранцье; 1,15 % – ваеннаслужачыя; 0,6 % – чыноўнiкi; 0,01 % – прадстаўнiкi вольных прафесiй (вучэбная выхаваўчая дзейнасць, урачэбная i санiтарная праца, работа ў сферы навукi, лiтаратуры i мастацтва, прыватная юрыдычная практыка); 0,05 % – пенсiянеры; 0,04 % – духавенства i 75,1 % – сельскагаспадарчае насельнiцтва [3, вып. IV, V, XI, XXII, XXIII, табл. XXI]. Межы многiх сацыяльна-прафесiйных груп былi дастаткова ўмоўныя, рухомыя. Адпаведна набыццю пэўнай адукацыi, змены сферы занятасцi, чалавек на працягу свайго жыцця мог змянiць некалькi страт у сацыяльна-прафесiйнай iерархii. Аднак саслоўнае паходжанне да канца XIX ст. яшчэ ўплывала на фармiраванне асобных сацыяльных груп.
Выключнае значэнне для лёсу мадэрнізацыі мелі сацыяльна-культурныя трансфармацыі: секулярызацыя адукацыі і пашырэнне пісьменнасці, з’яўленне аўтаномнай асобы, фарміраванне грамадзянскай супольнасці і інш. Паводле падлікаў М. М. Улашчыка, у 1897 г. у Беларусі ўдзельная частка пісьменных людзей сярод дарослых і дзяцей з дзесяці год складала 25,9 % [5, 109], у тым ліку сярод мужчын – 36,4, жанчын – 15,2. Доля пісьменных у гарадах складала 46 %. Для многіх прадстаўнікоў сялянскага грамадства паступова стала натуральным імкненне даць дзецям адукацыю з мэтай дасягнення сацыяльнага поспеху. У Беларусі ў 60-х гг. ХІХ – пачатку ХХ ст. узнікаюць і пашыраюцца легальныя добраахвотныя таварыствы: сельскагаспадарчыя, ашчадныя касы, кааператывы, культурна-асветніцкія, спартыўныя, пажарныя арганізацыі і многія інш. Грамадскія арганізацыі аказвалі станоўчае ўздзеянне на развіццё некаторых сфер эканомікі, пашырэнне рацыяналізацыі метадаў гаспадарання, прафесіяналізацыю розных відаў дзейнасці, распаўсюджванне навуковых ведаў і культуры. Яны садзейнічалі выхаванню грамадзянскай самадзейнасці і самаарганізацыі людзей. Аднак расійскі ўрад, які пайшоў па шляху рэформ, не змог справіцца з радыкалізацыяй грамадскай свядомасці. Пагроза рэвалюцыйнага ўздыму з’яўлялася наступствам выхаду з-пад кантролю мадэрнізацыйных працэсаў. У гэтых умовах урад пайшоў па шляху палітычных рэпрэсій супраць рабочага, сацыялістычнага і нацыянальнага рухаў, а таксама культурнай русіфікацыі. Палітыка была скіравана не на інтэграцыю, а на сегрэгацыю і дыскрымінацыю асобных груп насельніцтва Беларусі (яўрэяў, палякаў, католікаў і інш.).
Мадэрнізацыйныя працэсы ў Беларусі адбываліся нераўнамерна, з неаднолькавай ступенню пранікнення ў розныя сферы жыцця. Палітычныя рэаліі Расійскай імперыі, запозненасць заканадаўчага афармлення падзей у развіцці грамадства прывялі да таго, што сацыяльныя змены адбываліся пасля і ў некаторай адлегласці па часе ад эканамічнай і тэхналагічнай складаючых мадэрнізацыйных працэсаў. Нераўнамернасць выявілася ў рэгіянальных асаблівасцях: заходняя частка Беларусі па многіх паказчыках вылучалася як больш уцягнутая ў працэсы станаўлення індустрыяльнага грамадства. Выхадцы з гэтага рэгіёна першымі накіраваліся ў пошуках працы ў краіны Еўропы і Амерыкі, праявілі большую міграцыйную актыўнасць [6, 120]. Працэсы тэрытарыяльнай мабільнасці апярэджвалі сацыяльную, найбольш кансерватыўнай заставалася сацыяльна-псіхалагічная сфера.
1. Болбас М. Ф. Промышленность Белоруссии. 1860–1900. Мн., 1978.
2. Каспэ С. И. Империя и модернизация: общая модель и российская специфика. М., 2000.
3. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. / Под ред. Н. А. Тройницкого. Спб., 1900–1904. Вып. IV. Виленская губерния. Тетради 1–3; Спб., 1899–1903. Вып. V. Витебская губерния. Тетради 1–3; Спб., 1904. Вып. XI. Гродненская губерния; Спб., 1904. Вып. XXII. Минская губерния; Спб., 1903. Вып. XXIII. Могилевская губерния.
4. Побережников И. В. Модернизация: теоретико-методологические подходы // Экономическая история. Обозрение / Под ред. Л. И. Бородкина. Вып. 8. М., 2002.
5. Улащик Н. Н. Грамотность в дореволюционной Белоруссии // История СССР. 1968. № 1.
6. Ціхаміраў А. В. Пытанні масавай эміграцыі з Беларусі ў ЗША (80-я гады ХІХ ст. – 1914 г.) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларус. канф. гісторыкаў. Мінск, 3–5 лют. 1993 г. У 2 ч. Ч. 1. Мн., 1994.
7. Шыбека З. В. Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ – пачатак ХХ стагоддзяў). Мн., 1997.