А. У. Шапанько
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Даследаванне ролі вышэйшага чыноўніцтва ў лёсе Беларусі з’яўляецца неабходным для адказу на пытанне, наколькі суб’ектыўны фактар – асоба таго ці іншага чыноўніка – аказвае ўплыў на прыняцце вызначальных рашэнняў у гісторыі Беларусі. Пры гэтым у цэнтры ўвагі ставіцца вывучэнне кіраўнікоў, якія не толькі ўплывалі на становішча асобных губерняў, але і вызначалі напрамак эканамічнага развіцця і грамадска-палітычнага жыцця Беларусі напрыканцы XIX – пачатку XX ст. У беларускай гістарыяграфіі гэтая праблема яшчэ не была прадметам спецыяльнага навуковага даследавання. Аднак значны ўклад у распрацоўку праблемы кіравання ў Беларусі і ў аналіз чыноўніцкага складу адміністрацыі беларускіх губерняў больш ранняга перыяду ўнеслі такія беларускія даследчыкі, як Я. Анішчанка [1] і С. Токць [7, 65–67].
У апрацоўку ўвайшлі постаці сарака трох грамадзянскіх і васьмі генерал-губернатараў пяці беларускіх губерняў і аднаго віленскага генерал-губернатарства ў перыяд ад пачатку контррэформаў, што закранулі ў асноўным мясцовыя ўстановы кіравання, і да пачатку Першай сусветнай вайны, калі ў прававым статусе генерал-губернатараў і грамадзянскіх губернатараў, што апынуліся ў рэгіёне «тэатра ваенных дзеянняў», адбыліся важныя змены.
Адной з важнейшых характарыстык асабовага складу той ці іншай групы з’яўляецца сацыяльнае паходжанне яе ўдзельнікаў. У вызначаны намі перыяд асноўнае кіраўніцтва ў расійскай дзяржаве дарэвалюцыйнага перыяду належала старажытнаму памешчыцкаму і служыламу дваранству [3, 45], якое і складала найбольш уплывовую групу насельніцтва. Менавіта таму ў беларускіх губернях, як і ў расійскай імперыі ў цэлым, абсалютная большасць з вышэйшых саноўнікаў належала да патомнага дваранства.
Аналіз зямельных уладанняў вышэйшага чыноўніцтва ў Беларусі паказвае, што сярод тых, хто меў якую-небудзь зямельную ўласнасць, пераважалі ўладальнікі з больш чым пяццю тысячамі дзесяцінамі зямлі, гэта значыць прадстаўнікі буйной землеўласніцкай арыстакратыі. Разам з тым некаторыя з губернатараў увогуле не мелі ніякай зямельнай уласнасці ці мелі яе ў адносна невялікай колькасці. У іх ліку быў мінскі губернатар Аляксей Гірс, у паслужным спісе якога значылася, што ён паходзіць з пецярбургскіх дваран і не мае ніякіх землеўладанняў [5, 56].
Узровень заробку вышэйшага чыноўніцтва залежаў ад такіх фактараў, як пасада, класны чын, а таксама стаж працы [8, 67] у інстытутах на тэрыторыі Заходняга краю. Сярод царскіх чыноўнікаў найлепш зараблялі, безумоўна, віленскія генерал-губернатары. Згодна штатнаму раскладу, у залежнасці ад памеру розных дадатковых сумаў, яны атрымлівалі ад 24 да 39 тысячаў [6, 48]. Гэта былі добра аплачваемыя функцыянеры расійскай дзяржавы. Па штату Міністэрства ўнутраных спраў памер заробку губернатараў вызначаўся ў 10 тысячаў рублеў [2, 267]. У цэлым заробкі мясцовых губернатараў былі значна меншыя, чым аклады іх старшыняў. Акрамя асноўных акладаў, генерал-губернатарам і цывільным губернатарам выдаваліся рознага роду грашовыя дадаткі. Увогуле заробкі царскіх саноўнікаў былі вельмі вялікімі і дастатковымі для задавальнення чыноўніцкіх патрэбаў.
Аналіз складу прадстаўнікоў вышэйшай улады ў краі па веравызнанні паказвае, што большасць з іх належала да праваслаўя, а некаторая іх частка былі евангелісцка-лютэранскага веравызнання. Прычым і сярод генерал-губернатараў, па няпоўных звестках, большасць таксама складалі праваслаўныя.
Акрэсленне нацыянальнасці прадстаўнікоў царскіх уладаў у беларускіх губернях з’яўляецца вельмі складаным і ў некаторых выпадках проста немагчымым, бо веравызнанне можа служыць толькі дапаможным крытэрыем пры вызначэнні нацыянальнасці. Можна меркаваць, што мясцовая адміністрацыйная эліта ў большасці была расійскай. У яе склад таксама ўваходзілі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, якія асіміляваліся, перш за ўсё астзейскія немцы евангелісцка-лютэранскага веравызнання.
Найбольшая колькасць генерал-губернатараў і губернатараў з беларускіх губерняў, па няпоўных звестках, атрымалі адукацыю ў дзвюх навучальных установах – Пажаскім Яго Імператарскай Вялікасці корпусе і Мікалаеўскай Акадэміі Генеральнага штаба. Аднак неабходна зазначыць, што вельмі нязначная іх колькасць мела спецыяльную юрыдычную падрыхтоўку. Асноўная ж маса вышэйшага чыноўніцтва валодала адукацыяй ваенных сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Асабліва гэта датычылася віленскіх генерал-губернатараў, пасада якіх была не толькі адміністрацыйнай. Працяглы час генерал-губернатары адначасова з’яўляліся яшчэ і камандуючымі войскамі Віленскай ваеннай акругі. Таму для займання гэтай пасады была абавязковай спецыяльная ваенная адукацыя. У цэлым даследуемыя чыноўнікі валодалі высокім узроўнем адукацыі.
Службовая кар’ера вышэйшай расійскай адміністрацыі вызначалася тым, што пасада генерал-губернатара звычайна была звязана з другім ці трэцім класам, а пасада грама- дзянскага губернатара – з чацвёртым класам па «Табелі аб рангах» [4, 610]. Пры гэтым усе віленскія генерал-губернатары мелі воінскія чыны, бо прызначэнне цывільных асоб на гэтую пасаду было недапушчальным.
Далейшы аналіз мабільнасці ўнутры вывучаемай групы паказаў, што абсалютная большасць трапіла на пасаду губернатара адной з беларускіх губерняў ці віленскага генерал-губернатарства з пецярбургскай цэнтралі. Гэта, як можна меркаваць, было выклікана мэтанакіраваным прызначэннем на вышэйшыя службовыя пасады «коренных русских» чыноўнікаў з унутраных губерняў.
Праведзенае даследаванне паказвае, што большасць вышэйшых саноўнікаў знаходзілася на сваіх пасадах не даўжэй за пяць гадоў, а адна трэць – не больш за два гады. Такая значная ратацыя можа сведчыць пра недахоп стабільнасці ў расійскім дзяржаўным апараце ў той час. У далейшым службовым руху, паводле няпоўных звестак, большасць службовых асобаў з мясцовай адміністрацыі перамясцілася на пасады ва ўстановы цэнтральнай адміністрацыі імперыі, як правіла ў якасці тых жа губернатараў ці ва ўстановы імперскай адміністрацыі. Цікава, што ў адміністрацыі краю амаль ніхто з іх не застаўся.
Такім чынам, вышэйшыя царскія чыноўнікі на тэрыторыі Беларусі, безумоўна, уяўлялі разнародную ўнутры супольнасць. Яны адрозніваліся паміж сабой ступенямі заможнасці, атрымлівалі адукацыю ў навучальных установах з рознымі профілямі і ўзроўнямі навучання. Аднак яны мелі і агульныя рысы. Амаль усе атрымалі адукацыю высокага ўзроўню і былі дваранскага паходжання. У вялікай ступені гэта была супольнасць, што складалася з ураджэнцаў цэнтральнарасійскіх губерняў. У іх асяроддзі можна адзначыць значную цякучасць кадраў. Большасць губернатараў складалі зусім пасрэдныя чыноўнікі, для якіх служба ў краі была кароткатэрміновым эпізодам, чарговым узроўнем іх чыноўніцкай кар’еры. Вышэйшая царская адміністрацыя на гэтай тэрыторыі была адкрытай супольнасцю. Гэта азначала, што большасць прадстаўнікоў гэтай групы набіраліся з устаноў, падпарадкаваных цэнтральнай адміністрацыі імперыі, а не з мясцовага персаналу. Усе гэтыя рысы вызначылі асаблівы характар мясцовага вышэйшага адміністрацыйнага апарату.
1. Анішчанка Я. К. Беларусь у гады Кацярыны II (1772–1796). Мн., 1998.
2. Блинов И. Губернаторы: историко-юридический очерк. Спб., 1905.
3. Ерошкин Н. П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3-е изд. М., 1983.
4. Ерошкин Н. П. Чиновничество // Большая советская энциклопедия. Т. 29. М., 1978.
5. НГАБ.Ф. 299 (Канцэлярыя мінскага губернскага праўлення). Воп. 7. Спр. 1001. Л. 56.
6. Список лиц, служащих по ведомству Министерства Внутренних Дел в губерниях, областях и градоначальствах (1902). Ч. 2. Спб., 1902.
7. Токць С. М. Асабовы склад дзяржаўнага апарату Расійскай імперыі ў Беларусі (30–60-я гады XIX ст.) // Весці АН Беларусі. Сер. грамадскіх навук. 1996. № 2. 70–73; Ён жа. Дзяржаўны апарат царызму ў Беларусі ў 30–50-я гады XIX ст. // Весці АН Беларусі. Сер. грамадскіх навук. 1996. №2.
8. Chimiak L. Gubernatorzy rosyjscy w Krółewstwie Polskim 1863–1915. Wrocław, 1999.